Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс спалучэнняў іё (ыё), ія (ыя), іе (ые)

 


ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: правапіс спалучэнняў іё (ыё), ія (ыя), іе (ые).

Псіхалагічны настрой.                             

                                                          Шпакі, буслы,

                                                          Гракі, совы --

                                                          Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

 Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.

• Як пішам: сацыёлаг ці сацыолаг?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! У сярэдзіне некаторых іншамоўных слоў пішуцца спалучэнні галосных іё (ыё), ія (ыя), іе (ые).

Спалучэнні іё (ыё) пішуцца толькі пад націскам.

Спалучэнні  ія (ыя), іе (ые) пішуцца нязменна незалежна ад націску [4, стар. 122, “Беларуская мова”].

Напрыклад: біёлаг, рацыён.

У прыведзеных для прыкладу словах адзначаем спалучэнні галосных літар іё (ыё), і ставім націскі.

Вывад.

Спалучэнні галосных літар іё, (ыё) у іншамоўных словах пішуцца пад націскам.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: сацыёлаг.                                        

Праца са сказам.       

• Складзіце скорагаворку са слоў.

Бастыён, трапіў, на, скарпіён. (Скарпіён трапіў на бастыён.)

• Растлумачце правапіс выдзеленых літар. Пры неабходнасці звярніцеся да тлумачальнага слоўніка іншамоўных слоў.

Праца з вершам.        

• Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                          Не пускае яго слава.

                                                          Усё чакаю, што прыедзе

                                                          Ён па боксу чэмпіён.

                                                          Даўні сябар мой Сямён.

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 1, 4 – 3.

• Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: афіцыянт ці афіцыант?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Возьмем словы фіялкабіяграфіяматэрыялкліентарыентацыя.

У прыведзеных для прыкладу словах адзначаем спалучэнні галосных літар ія (ыя), іе (ые) і ставім націскі.

Вывад.

 Спалучэнні галосных літар ія (ыя), іе (ые) ў іншамоўных словах пішуцца нязменна незалежна ад націску [4, стар. 122, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: афіцыянт.

            [5, “Беларуская мова”]

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар іё (ыё), ія (ыя), іе (ые), потым напішыце беларускае слова “фіялка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Праца са спалучэннямі слоў.

• Са словам “дыялог” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

• Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

• Што вам вядома пра напісанне слова “дыялог”?

Для даведкі: весці дыялог – гарачы дыялог.

Назавіце слова.

                                                           Ія (ыя), іе (ые)

                                                          Пішам ў словах “авіяцыя”,

                                                          “Гігіена”, “арыенцір”,

                                                          … (“Дэманстрацыя”).

• Растлумачце правапіс спалучэнняў галосных літар у словах вершаванага тэксту “авіяцыя”, “гігіена”, “арыенцір”, “дэманстрацыя”.

Скорагаворка.

Біёлаг палюбіў біятлон (Аляксей Якімовіч).

• Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмам.

 Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “балбатаць, малоць языком”.

                                                            Гранд..зныя планы

                                                            Наш Алесік строіць.

                                                            Толькі кажуць пра яго:

                                                            -- Ён … .

• Устаўце прапушчаныя літары.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: кызя ьцілозам [2, стар. 170, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                          Мой родны кут, як ты мне мілы!..

                                          Забыць ц(я, е)бе не маю сілы!

                                          Не раз, утомлены дарогай,

                                          Жыццём в(е, я)сны мае убогай,

                                          К табе я ў думках зал(е, я)таю

                                          І там душою спачываю. [3, стар. 3, “Паэмы Я. Коласа”].

• Якім словам іншамоўнага паходжання са спалучэннем галосных літар можна назваць таго чалавека, які так, як Якуб Колас, любіць сваю зямлю, свой родны кут? (Патрыёт.)

Адказы на пытанні.

•  Якія спалучэнні галосных пішуцца толькі пад націскам?

• Якія спалучэнні галосных пішуцца незалежна ад націску?

Тэст.

• Назавіце словы са спалучэннямі галосных ія (ыя), іе (ые) .

1. Д..та.

2. Б..логія.

3. Б..граф.

4. Ф..летавы.

5. К..ск.

6. П..ніна.

7. Д..лект.

Адказ:1, 2, 4, 6, 7. 

Для даведкі.

Арыентацыя – вызначэнне свайго месцазнаходжання, арыенціроўка; уменне разбірацца ў якіх-небудзь пытаннях, у навакольнай абстаноўцы; накіраванасць дзейнасці, якая вызначаецца інтарэсамі каго-небудзь, чаго-небудзь.

Рацыён – норма харчовага забеспячэння для людзей і корму для жывёл на пэўны тэрмін [1, стар. 36, 273, “Слоўнік іншамоўных слоў”].

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. БулыкаАМ. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

2. ГаўрошНВ і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

5. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. Ч. 2. --  144 с.

Гэты ўрок надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, ліпень 2020 года, № 7 (225).