Мае вершы, змешчаныя ў кнізе “Загадкавы храм”
Кніга выдадзена ў выдавецтве
“Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Загадкавы храм : дэтэктыўная
аповесць, вершы, прыпеўкі / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 127
с.
Аляксей Якімовіч
Беларусы
Завуць нас беларусамі,
Адметны наш народ.
Мы на зямлі бацькоўскай
Жывём не першы год.
У нас свае імёны:
Алесь, Кастусь, Сымон,
Змітрок, Міхась, Мікола,
Пятрусь, Піліп, Антон.
Парася і Аксеня,
Палуся і Настуся,
Хрысціна
і Маруся,
Гэля і Таклюся.
І вёскі назву мелі:
Баравікі, Дуброва,
Ліпляны, Лістапады,
Людчыцы, Клянова.
Там ягады збіралі:
Брусніцы і чарніцы,
Ажыны, журавіны,
Дурніцы і суніцы.
Майстроў было нямала:
Каваль каня каваў,
Кравец адзенне шыў,
А дойлід
будаваў.
Купалле святкавалі,
Калядачкі зімой,
Гуканнем заклікалі
Цяпло ўсёй грамадой.
Пралескі нас здзіўлялі,
Нас чараваў чабор.
Грыбны лес называлі
Прыгожым словам бор.
Ігралі на цымбалах,
На
гуслях, на дудзе
І дудачка, бывала,
Нас цешыла ў бядзе.
Гучыць
па-беларуску,
Гучаць будзе заўжды.
Ніводзін дождж не змые
Пявучыя сляды.
Мы хочам быць адметнымі,
Са светлай галавой,
Ў краіне беларускай
Жыць дружнаю сям'ёй.
Няхай пачуе кожны:
-- Шаноўны! Калі ласка!
Квітней,
наша Радзіма!
Будзь добрай, наша казка!
2021
Вершы пра каханне
Аляксей Якімовіч
Чакала
-- Ў панядзелак я чакала,
А ты, мілы, не з'явіўся.
Можа, ў бочку з агуркамі
Ўпаў спрасонку й пасаліўся?
-- Да цябе, мая Настуся,
Ногі кіравалі.
Ды сабакі наляцелі,
Ўсе штаны парвалі.
Разбрахаліся
сабакі,
Выюць, падвываюць,
На спатканне хлопцаў
Яны не пускаюць.
-- У аўторак я чакала,
Прасядзеў у хаце.
Можа, дзверы зачыніла
На
засаўку маці?
-- Цяжкім выдаўся аўторак,
Для мяне ён стаў як гром,
Бо дарогу мне
жанчына
Перайшла з пустым вядром.
Разбрахаліся сабакі,
Выюць, падвываюць,
А дзяўчаты ў хатах
Слёзкі выціраюць.
-- Ў сераду не прыйшоў.
Доўга я чакала.
Можа, спаць ты заваліўся,
Наеўшыся сала?
-- На двор выйшаў ў сераду –
Наляцелі камары.
Усе шчокі пакусалі.
Пякуць моцна пухіры.
Разбрахаліся сабакі,
Выюць, падвываюць.
Сядзяць хлопцы за сталамі,
Ў даміно гуляюць.
--
У чацвер цябе чакала,
Ты не паказаўся.
Мо зусім ўжо аслабеў,
Сілы набіраўся?
-- Чорны кот, мая Настуся,
Мне дарогу перабег.
Гэта кепская прымета
Адабрала радасць,
смех.
Разбрахаліся сабакі,
Выюць, падвываюць
І калматыя хвасты,
Як трубу, трымаюць.
-- Ў пятніцу выглядала,
Зноў ты, мілы, не прыйшоў.
Можа, хтосьці пракапаў
Каля вашай хаты роў?
-- Ў пятніцу, красуня,
Дожджык вельмі марасіў.
Нарабіў табе
бяды ён:
На двор мяне не пусціў.
Разбрахаліся сабакі,
Выюць, падвываюць.
Хлопцы пахаваліся,
Дзяўчат не кахаюць.
-- І ў суботу я чакала
Цябе мілы, дарагі.
Не з'явіўся, як звычайна.
Ўстаў не з той нагі?
-- Адгадала, Насця.
Не было настрою.
Таму не сустрэўся
Ў той вечар з табою.
Мы убачымся ў нядзелю,
Абяцаю, што
прыйду.
Ты павер: на гэты раз
Я цябе не падвяду.
-- Не прыходзь, мілы, ніколі.
Так кажу табе без зла.
Душу ты сваю ачысці:
Яна мохам зарасла.
Ціха-ціха ў вёсцы:
Сабак навязалі.
Пасмялелі хлопцы,
Як не тыя, сталі.
2021
Аляксей Якімовіч
Ты не злуйся…
Ты не злуйся на мяне,
Насця
дарагая.
Злосць маланкай паліць,
Жыць перашкаджае.
Пасаджу я для цябе
Малады садочак.
Хай праменьчыкі ляцяць
З тваіх шэрых вочак.
Пабудую для цябе
Альтанку распісную,
Абніму за плечы,
Ў губкі пацалую.
Будзем дзетак гадаваць
Мы разам з табою.
Будзем жыць, як у раі,
Дружнаю сям'ёю.
Да цябе не падпушчу
Нядобрае ліха.
Няхай людзі паглядзяць,
Пазайздросцяць крыху.
Каля нашай хаты
Градку ускапаем.
Кветкі там
пасадзім,
Мая залатая.
Бацькоў нашых родных
Мы запросім ў госці.
Хай яны пабачаць,
Што жывём без злосці.
Ёсць у нас зямелька,
Ёсць у нас куточак.
Мне павер, Настуся:
Расцвіце садочак.
--------------------------------
Добра жыць на той зямлі,
Дзе радасць акрыляе.
Няхай нашай Беларусі
Бог дапамагае.
2021
Аляксей Якімовіч
Выйшла замуж…
Выйшла замуж першы раз
За хлопца Сцяпана.
Прымушаў мяне Сцяпан,
Каб ўставала рана.
Ўставаць рана не хачу,
Бо люблю паспаці.
Паляжаць як след у ложку
Дазваляла маці.
Я пакінула Сцяпана,
Выйшла за Івана.
Неўзабаве зразумела:
Ёсць ў яго загана:
Словам ласкавым не цешыць,
Маўчыць, быццам рыба.
Надакучыла, панове,
Мне яго сяліба.
Я пакінула Івана,
Стала жыць з Кузьмой.
І Кузьма не спадабаўся,
Зразумела, што не мой.
Разышліся мы з Кузьмой,
Як у моры караблі.
Праз
паўгода мне сяброўкі
Аляксандра прывялі.
Не
заўважыла адразу,
Што храпе, як ляжа спаць.
Адзін месяц я трывала,
Потым стала праганяць.
Ён
пакінуў маю хату,
Пабег як апараны.
Я
ж услед яму гукнула:
--
Нейкі недавараны!
Валянціна запрасіла.
Валянцін скрывіўся.
Мне
суседачка ўдзяўбла:
--
Ён не пахмяліўся!
Думала, пашанцавала:
Прыбіўся Міхась.
І
яго я неўзлюбіла:
Насіў ў хату гразь.
Гадкі прабягаюць,
Адна сяджу ў хаце,
Як
былінка ў полі.
Няма
каго шукаці.
2021
Залатая кветка
Аляксей
Якімовіч
Пасадзіў
ля хаты
Кветку залатую.
Думаю:
пацеху
Сабе падарую.
Свежаю вадзіцай
Кветку паліваю,
На яе дзіўлюся,
Ціха напяваю:
-- Расці, расці, кветка,
І дажджом, і ў сушу.
Прыгажосць тваю я
Ніколі не парушу.
У
чужыя рукі
Цябе не аддам,
За любыя грошы
Цябе не прадам.
Цікалі хвілінкі,
Дзянькі прабягалі.
Разам з кветкай залатой
Мы іх сустракалі.
Цёплым летнім ранкам
Ўбачыў я дзяўчыну:
Маладую,
стройную,
Дзіўную рабіну.
«Не чакаў спаткання», --
Сэрца прашаптала.
Да красуні я звярнуўся,
Хоць горача стала:
-- Ты прыйшла здалёку?
Мабыць, сірацінка.
Скажы, не таіся,
Мілая дзяўчынка.
--
Я твая пацеха,
Кветка залатая.
Мяне ажывіла
Расіца начная, --
На мяне зірнуўшы,
Дзяўчына сказала.
Мне тады здалося:
Песню
праспявала.
Песню пра каханне
Шчырае, зямное.
Дайшло, зразумеў я,
Што цяпер нас двое.
Са мной жыве ў хаце
Кветка залатая.
З сонейкам устаўшы,
Мне дапамагае.
Драўляная хатка
Стала як
вяночак.
Пасадзілі з кветкай
Ля яе садочак.
У садочку гэтым
Птушачкі пяюць
І дзетачкі нашы
Смяюцца, бягуць.
Залатую кветку
Моцна я кахаю,
Ад розных напасцяў
Заўжды аберагаю.
Цвіці, цвіці, кветка,
Стварай ў хаце рай.
Мяне, залатая,
Ты не засмучай.
-----------------------
Пасадзіў ля хаты
Кветку залатую --
Атрымаў пацеху:
Жонку маладую.
2021
Анёл
Аляксей
Якімовіч
Ёсць анёлы ў Пана Бога,
Яму дапамагаюць:
Як праменьчыкі, яны
Шлях наш асвятляюць.
І мяне знайшоў анёл
Ў вобразе дзявочым.
І здалося: пасля сну
Я расплюшчыў вочы.
Гляджу моўчкі на цябе,
Як
кнігу, адкрываю.
Вельмі хочацца сказаць:
-- Пачакай! Кахаю!
Я такое не скажу:
Параніць баюся.
Ведай, добры мой анёл:
На цябе малюся.
Усхапілася, пайшла,
А я ўяўляю,
Што з табой, анёлам,
За вёсачкай гуляю.
Сярод пасмачак травы,
Конікі стракочуць.
Мабыць, казачку вясны
Расказаць тут хочуць.
Крынічка булькоча,
Салавей спявае.
Прырода нас песціць,
Шчасце нам стварае.
Я побач з анёлам,
З дзяўчынай святой.
Хай свецяцца вочы
Яе дабрынёй.
2021
Заблудзілася
Аляксей Якімовіч
У маліннік я зайшла
--
Заблудзілася.
Галава дзявочая
Закружылася.
А маліннічак калючы.
Ён кусаецца.
На хвіліначку здалося:
Насміхаецца.
Стала клікаць як мага
Хлопца Яначку:
-- Прыйдзі, выратуй
Сваю Ганначку!
У малінніку густым
Тоўсты чмель сядзеў.
Голас мой пачуўшы,
Злосна загудзеў.
Спалатнела я
І сагнулася,
Ад чмяля таго
Адвярнулася.
Прыбег Яначка
І
чмяля прагнаў.
Мяне, Ганначку,
За руку узяў.
У маліннік той
Цяпер не хаджу.
Уздыхаючы,
На яго гляджу.
2021
Вершы роздуму
Аляксей Якімовіч
Адзін і другі
Адзін
паскудзіць на зямлі,
Каменне раскідае.
Другі ідзе за ім услед,
Нагнуўшыся, збірае.
Адзін дабро не
помніць.
Такую памяць мае.
Другі табе аддзячыць,
Уздыме, паспрыяе.
Адзін махлюе, хлусіць,
Менціць языком.
Другі сябруе з праўдай,
Змагаецца са злом.
Адзін дзетак не любіць,
Сабакам сена косіць.
Другі малых гадуе,
Прысмакі ім прыносіць.
Адзін сапраўдны злыдзень.
Ён часта вар'яцее.
Другі вясеннім
сонцам
Сяброў, знаёмых грэе.
Адзін ляжыць бы камень,
Яму заўсёды цяжка.
Другі ўстае да сонца,
Працуе як мурашка.
Адзін сварлівы, едкі,
Сячэ як
крапівою.
Другі кране усмешкай,
Сустрэўшыся з табою.
Адзін слова не цэніць,
Яго ён не трымае.
Другі спачатку думае,
А потым абяцае.
Яшчэ хачу адзначыць,
Бо на душы баліць:
Адзін ў карэце едзе,
Ў другога гразь ляціць.
2021
Ляцяць коні…
Аляксей Якімовіч
Ляцяць коні
вараныя,
Іскры высякаюць.
Беларускія жаўнеры
Край абараняюць:
І гаючую крынічку,
І задумлівы лясок,
І зялёную травінку,
І жытнёвы
каласок.
Не ўздыхай, маці-матуля,
Горкіх слёз не пралівай.
Ты пабачыш: абароніць
Мужны сын любімы край:
Сваю хату на узгорку
З
саламянаю страхой,
Дзе сталеў, дзе гадаваўся
Разам з братам і сястрой,
Вярбу гнуткую ля рэчкі,
Што ўзнялася над вадой,
Дзе з каханаю сустрэўся
Дзіўнай, цёплаю парой.
Шабля вострая на сонцы,
Як маланачка, блішчыць.
Твой
сыночак, як уліты,
Ў баявым сядле сядзіць.
Ратнай справе ён вучыўся
З маладых гадоў.
Пераймаў гэта майстэрства
У сівых дзядоў.
Сёння бой будзе гарачы.
Зямля ўжо дрыжыць.
Будуць біцца беларусы.
Цяжка іх спыніць.
За вясну, што нас чаруе,
За зіму, што нас гартуе,
І за лета, што нас грэе,
І за восень, што частуе.
Ляцяць коні вараныя,
Вецер падганяе.
Войска беларускае
Край
абараняе.
2021
Ці чалавек ты?
Аляксей Якімовіч
Заходзіць
сонца за гару.
Там неба аб'ядналася з зямлёю.
І мне здалося ў гэты міг:
Яны жывуць адной сям''ёю.
Жывуць даўно, сябруюць
Магутныя тры сілы.
Неба, сонца і зямля –
Планеты нашай крылы.
У госці мне да іх
Хацелася б прыйсці.
Сказаўшы «добры вечар»,
Гаворку завясці.
Свет развіваецца,
Як той рысак, гарцуе.
Камп'тэр ў кожны дом
Прарваўся і пануе.
А ці змяніўся чалавек?
Ці падабрэў душою?
Як неба, сонца і зямля,
Жыве адной сям'ёю?
«Узброіўся, ваюе чалавек», --
Азваўся з поля колас.
Пашкадаваў мяне,
Падаў свой голас.
З табою згодзен, каласок!
Паблізу чую выбухі, грымоты
І бачу: на горла наступаюць
Прапыленыя боты.
Вайна, здаецца мне,
Ніколі не сціхае,
У вушы мае б'е,
Ляціць, страляе.
Дык што ж
выходзіць?
Жывём мы без маралі?
Ў глыбокім сне здранцвеўшы,
Наказы Боскія праспалі?
-- Напомні пра наказы, каласок, --
Прашу і заміраю.
Гляджу, як немаўля,
Адказу мудрага чакаю.
-- Любі бліжняга свайго,
Не крадзі, не забівай.
Хто не ўмее, навучы
таго,
Крыўды шчыра выбачай.
Не выбачае чалавек,
Крадзе і спакушае,
Любоў, надзею, веру
Ў куточак заганяе.
Сонца, неба і зямля,
Напэўна, гэта бачаць.
Даюць прытулак чалавеку,
Але ніяк не перайначаць.
----------------------------------
Мінаюць дні і ночы,
Бяжыць за векам век.
Я задаю сабе пытанне:
--
Ці чалавек ты, чалавек?
2021
Камень за пазухай
Аляксей
Якімовіч
Камень за пазухай
Ён штодня трымае.
Глядзіць, зубы сцяўшы,
Ворагаў шукае.
Як грыбы увосень,
Ворагі растуць.
Ён
вельмі баіцца,
Што яго з'ядуць.
Сусед даўні Яська
З ім не прывітаўся.
Нос ўгару трымае,
Моцненька зазнаўся.
А Васіль заўсёды
Глядзіць, як варона.
За пазухай камень –
Гэта абарона.
Да
Яські ён ззаду,
Як кот, падкрадзецца,
Стукне і аглушыць.
Хай не зазнаецца.
Васільку на галаве
Заўтра наб'е гуз.
Падумаюць людзі:
Вырас там гарбуз.
Грэе грудзі камень,
Хоць цяжка насіць,
І нейкая
стрэмка
Унутры сядзіць.
Сядзіць, нутро коле,
Спакой адбірае,
Іншы раз на жонку
Крычаць прымушае.
Не маўчыць кабетка,
Любіць
агрызнуцца.
З ёю так пажыўшы,
Можна паслізнуцца
І грымнуцца вобзем,
Упасці, нібы гляк.
Жонка чужаніца,
Жонка не сваяк.
-- Прымяню я камень
І супраць яе, –
Шэпчуць губы ў злосці. --
Хай не прыстае.
2021
Гэты
верш прысвячаю майму земляку Міхалу Валовічу, які 18 чэрвеня 1806 года
нарадзіўся ў маёнтку Парэчча цяперашняга Слонімскага раёна. Бясплатна аддаўшы
зямлю сваім сялянам, ён стаў актыўным удзельнікам паўстання 1830 – 1831 гадоў. Паўстанцы
выступілі супраць расійскага панавання, змагаліся за вольную Беларусь. За
заслугі ў паўстанні быў узнагароджаны залатым кавалерскім Крыжом.
Аляксей Якімовіч
Не любілі
Не любілі беларусаў.
Мужыкамі называлі.
Край мой мілы, старадаўні
На кавалкі разрывалі.
Беларусы тут спрадвеку
Нацярпеліся нямала.
Зараз разам прачытаем
Пра Валовіча Міхала.
Ля Парэчча, на Радзіме,
Дзе лясы-бары шумяць,
Ты, Міхал,
прыняў рашэнне
З царом рускім ваяваць.
Адгукнуліся сяляне,
За табой яны пайшлі:
З двухгаловым пад
прыгнётам
Добрай долі не знайшлі.
Цар наслаў да нас салдатаў.
Закруціўся страшны вір.
Губы крывіць, бровы хмурыць
Мураўёў – іх камандзір.
Гараць гумны і хаціны,
А на полі, ля ракі,
Дзе нядаўна жыта спела,
І гарматы, і штыкі.
Ля Шундроў цябе схапілі.
(Адбіваўся
ты як мог)
І прывезлі у Гародню,
Пасадзілі у астрог.
За акенцам
салавей
Трэлі рассыпае.
Можа, ён цябе, Міхал,
Крыху падтрымае.
Падтрымаў бы салавейка,
Ды паслухаць не далі.
Адчынілі ў цемры дзверы
І да ката прывялі.
-- Прызнавай віну, Міхал,
Ад Радзімы адрачыся,
Нашу
ручку пацалуй,
У ножкі нізка пакланіся.
Падабрэем і даруем.
На пярыну ляжаш
спаць.
Прабягуць гады, як у казцы.
Унукаў будзеш гадаваць.
-- Мае людзі, што
са мною
Разам сталі ваяваць,
У вязніцы-камяніцы
Пасівелыя сядзяць.
Адпусціце іх дамоў.
Няхай сеюць, няхай жнуць.
-- Проста так не адпускаем.
У Сібір яны пайдуць.
За акенцам салавей
Трэлі
рассыпае.
Можа, ён цябе, Міхал,
Крыху падтрымае.
Боль суняў бы
салавейка,
Ды паслухаць не далі.
Беларускага героя
На расправу павялі.
Ты, Міхал, ужо на плошчы.
Маўчыць плошча, анямела.
-- Малады зусім, юнак, --
Падаў голас хтось нясмела.
Барабаны загрымелі,
І каманда прагучала…
Беларусы
тут спрадвеку
Нацярпеліся нямала.
Паглядзі на нас, Міхал,
Годзе ў яме
табе спаць.
Твайго слова мы чакаем.
Што хацеў бы нам сказаць?
-- Грамадзяне Беларусі!
Аб’яднацца вам пара.
Не пускайце ў сваю хату
Двухгаловага цара.
На світанні салавей
Трэлі рассыпае.
Няхай ён цяпер, Міхал,
Нас
тут падтрымае.
Не любілі беларусаў.
Бульбашамі называлі.
Ваявалі мы нямала,
І Радзіму адстаялі.
2019
У маленькім гарадку
Аляксей
Якімовіч
Сядзіць злы чыноўнік.
На твары – нахабства.
У
маленькім гарадку
Ён уводзіць рабства?
Рабства – перажытак,
Рабства – злая сіла.
Старажытны Рым
Рабства разваліла.
Прапала магутнасць,
Адгрымела
слава.
Не даводзяць да дабра
Гульня і забава.
Сядзіць злы чыноўнік,
У вакно пазірае.
У палацы мармуровым
Жоначка чакае.
А мне
хочацца спытацца
(Але ж не пачуюць):
-- У маленькім гарадку
Дзе бамжы начуюць?
Ёсць вясковыя бамжы,
Ёсць і гарадскія.
Без канца ідуць бамжы:
Хворыя, благія.
У вочы людзям не глядзяць,
Шкло са сметнікаў нясуць,
На прыёмным пункце
Капеечкі вазьмуць.
У магазіне купяць
Бутэлечку віна,
За кустамі вып’юць
З горлачка да дна.
Цяжка жыць становіцца.
Не спіцца начамі:
У
маленькім гарадку
Можам стаць бамжамі.
Сядзіць злы чыноўнік,
Мех у руках трымае.
У маленькім гарадку
Нямала атрымае?
Усеўшыся, падумай:
Мех той
заслужыў?
У маленькім гарадку
Што для нас зрабіў?
-- Сёння зноў сынок пайшоў
Работу шукаці, --
Стаўшы прад іконай,
Богу кажа маці.
Сядзіць злы чыноўнік,
Рукі настаўляе:
Мову беларуса
Упёрся, не пускае.
Мову
старажытную
Неўзлюбіў, не любіць.
У маленькім гарадку
Шмат ён напаскудзіць?
Сядзіць злы чыноўнік.
Нахабства на твары.
Кіраваць не можаш –
Таргуй на базары.
2019
Месячык дзівосны…
Аляксей
Якімовіч
Месячык дзівосны
Усю ноч свяціў.
Хто ж яго на небе
Ноччу запаліў?
Мабыць, пастараўся
Пан сусвету Бог,
Каб да роднай
хаты
Я дабрацца змог.
Каб зайшоў у хату,
У цемры не блукаў,
Месячык дзівосны
Шлях мой асвятляў.
Хмаркі наплывалі,
А
ён свяціў, ззяў.
Мне нават здалося:
Часам уздыхаў.
«Месяц нас шкадуе, --
Падумаў так тады. –
Ён кожнаму спрыяе,
Адводзіць ад бяды».
Перад парогам хаты
Я месяц прывітаў:
Як добраму знаёмаму,
Рукою памахаў.
Я з ім жыву у згодзе,
Сябрую з ім заўжды.
Прыходзь начамі, месяц,
У вёскі, ў гарады.
Здаецца, ты не грэеш,
А на душы цяплее,
Калі
у змроку ночы
Дарога пасвятлее.
2021
Хацеў узяць
Аляксей
Якімовіч
Туман шэры над балотам
Разаслаўся і вісіць.
Я хацеў яго
рукою,
Нібы коўдру, узяць, схапіць.
Не узяў, не удалося.
У кусты уцёк, паплыў.
Толькі пальцы, як здалося,
Напаследак памачыў.
На кустах, як слёзы Бога,
Кроплі
цяжкія вісяць.
Сонца выйдзе, і на неба,
Як іскрынкі, паляцяць.
Ля сцяжынкі утравелай,
Дзе шырокая рака,
Птушка гучна закрычала,
Прывітала дзівака.
2021
Цуд
Аляксей Якімовіч
Тры анёлы завіталі
Да мяне у госці,
Падарылі мне букет
Вялікай прыгажосці.
Светлыя прамені
Ён узяў ад сонца,
А ад хмар нябесных –
Бела
валаконца.
Ад лесу – зеляніны,
Ад возера – блакіту,
Пах духмяны --
Ад спелага жыта.
На стале стаіць букет,
Зорачкаю ззяе,
Ў цяжкую хвілінку
Настрой паднімае.
-- Дзякуй вам, анёлы, --
Вусны
вымаўляюць.
Слаўна жыць на свеце,
Калі табе спрыяюць.
----------------------------
Верце, людзі: цуд існуе,
Цуд бывае, ёсць.
Хай
у хату ён прыходзіць,
Як жаданы госць.
2021
У лясочку зязюля кукуе
Аляксей Якімовіч
Стаю у лясочку,
Зязюля
кукуе,
А мой мілы Янка
З ворагам ваюе.
Уварваўся
вораг,
Каб нас пакараць,
Каб жанок і дзетак
У палон забраць.
Ляцяць ўзмыленыя коні,
Вецер даганяе.
Шляхта беларуская
Край абараняе.
Ляцяць коні,
Сцяг ляціць узняты.
За спіною у жаўнераў
Лес, палеткі, хаты.
Стаю у лясочку,
Суніцы чырванеюць,
На пагорку утравелым
На сонейку спеюць.
Я застыла і стаю,
Ягад не збіраю,
Цэлы тыдзень у лясочку
Мілага чакаю.
Тут сустрэлася калісьці,
Тут я з ім гуляла,
Беленькімі
ручкамі
Яго абнімала.
На ствалах бярозавых
Слёзкі
выступаюць.
Дзеткі зажурыліся,
Татку выглядаюць.
Ляцяць
ўзмыленыя коні,
Хмары выплываюць.
Нацягнулі хлопцы лукі,
Стрэлы
выпускаюць.
Ляцяць коні, джаляць стрэлы.
Вораг адступае.
Шляхта
беларуская
Край абараняе.
Стаю у лясочку,
Зязюля кукуе.
Я гукнула: «Яначка!..»
Мо мілы пачуе.
Мо пачуе, мо прыскача
На кані гарачым.
Можа, заўтра разам
Сонейка убачым?
Станем на пагорку,
Яго прывітаем.
Кукуй, наша зязяюлька!
Родненькіх
чакаем.
Ляцяць ўзмыленыя коні,
Вецер не дагоніць.
Шляхта
беларуская
Край свой абароніць.
І сустрэне мілая
Каханага
Янку.
Неўзабаве пойдзе з ім
Разам на гулянку.
Скрыпачка
зайграе,
Бубен азавецца.
Аж за вёску музыка
З песняй панясецца.
З песняй беларускай,
Што народ стварае,
Што і ў радасці, і ў
горы,
Як сям'ю, яднае.
Ляцяць ўзмыленыя коні,
Шляхта наступае.
А ў бярозавым лясочку
Ганначка ўздыхае.
2021
У хаце
Аляксей Якімовіч
Цяжка дзеду пасля працы.
Ступіў
ў хаце на парог
І ўздыхнуў, каб чула баба:
-- Натаміўся! Ох! Ох! Ох!
-- Спіна моцна
забалела? –
Бабуля пытаецца.
Каб падняць дзеду настрой,
Прыязна усміхаецца.
Зноў дзядуля уздыхнуў:
-- І спіна, і ногі!
Я на лузе шчыраваў,
Касіў
да знямогі.
-- Аслабеў зусім, дзядок!
Прапала твая сіла.
Калі б я цяпер ўзялася,
Цябе пакаціла б, --
Касынку завязаўшы,
Кабета сказала.
Здагадаліся,
напэўна,
Што пажартавала.
-- Ты мяне цяпер пакоціш? –
Дзед наструніўся, як
леў.
Бровы хмурыць, вусны сцяў.
Жарту ён не зразумеў.
-- На канапу ляж, старэнькі,
Натру табе спінку, --
Прамовіла баба,
Паправіўшы касынку.
Дзед
скінуў кашульку,
На канапу лёг,
Прамовіўшы з палёгкай:
-- Натры, мая кветка!.. Ох!
Ляжыць на канапе,
Крэхча і ўздыхае,
А баба настойкай
Спіну
націрае.
Цікае гадзіннік
На сцяне у хаце.
На вуснах у дзеда
Усмешка, як ў дзіцяці.
Вось такая праўда,
Вось такая сіла.
Вось так наша баба
Дзеда пакаціла.
2021
На дварэ даўно сцямнела…
Аляксей
Якімовіч
На дварэ даўно сцямнела,
Ўгары зорачка гуляе.
А
маленькі верабейка
Спіць, адпачывае.
Яму добра у шпакоўні.
Тут ён пасяліўся.
Тут ён крылы распраміў,
Тут спяваць вучыўся.
Тут бялявая дзяўчынка
Яго прывітала:
Усміхнулася яму,
Рукою памахала.
Цяпер часта прыбягае,
Прыносіць зярняткі.
Ён заўжды яе чакае,
Пазірае з хаткі.
Цёмна ноччу на дварэ.
Вецярок спявае.
Ён малога верабейку,
Як дзіця,
люляе.
2021
Прыпеўкі
Аляксей Якімовіч
Магазін у нас адкрылі.
Людзі з сумкамі бягуць,
Бо ў аб’яве прачыталі,
Што паветра прадаюць.
Паглядзіце на мяне:
Я не худаваты:
Ў краму з сетачкай хаджу,
Купляю нітраты.
Развяліся караеды,
З
кляшчамі гуляюць.
Днём і ноччу цешацца:
Лес грыбны знішчаюць.
З
нашым мэрам размаўляла.
Ён вельмі здзівіўся,
Калі я яму сказала:
-- Ты не
пахмяліўся.
Сакратарша у прыёмнай
Пасівела з гора,
Бо дырэктар падмануў:
Паехаў на мора.
Спахмурнеў просты народ,
Ходзіць невясёлы.
Напісалі у газеце:
-- Ваш дырэктар голы.
Мы у кусціках сядзім,
Паднімаем чарку
За таго, хто растаўсцеў,
З’еўшы нашу скварку.
Кандыдат да нас прыехаў,
Вельмі абнадзеіў.
Ён сказаў: -- Праз дзесяць год
Ўсе памаладзеем!
Учора мне пашанцавала,
Учора я вагу зганяў:
Ад
Даі на ровары
Разам з унукам уцякаў.
Пакідае людзей май –
Пуста ў
агародзе.
Няма ладу ў грамадзе –
Няма і ў прыродзе.
2020
Ідзе міленькі у хату
І сяброў вядзе з сабой.
Калі крыху падап’е,
Не сябруе з галавой.
У маліны я пайшла.
Лесуна сустрэла.
Прапаноўваў пагуляць.
Я не захацела.
У маліны я пайшла.
З Лесуном спаткалася.
Калі мілай называў,
Прыязна усміхалася.
Калі мілы падап’е,
Рогі настаўляе.
Добры татачка ў мяне:
Хуценька збівае.
Не прыйшоў мілы дамоў,
Хоць
у сем чакала.
Каля нашай крамы
Бутэлька затрымала.
Я купіла міламу белага сабачку.
Мілы з ім гуляе.
Звечара на ложку спіць,
Мяне не пускае.
Ты не
слухай нашых хлопцаў,
Не гары, як печка.
Калі будзеш верыць ім,
Скажуць, што авечка.
Пчолы дзынькаюць, звіняць,
Зацвітае грэчка.
Калі хлопцам ты паверыш,
Скажуць,
што авечка.
Мілы мой не стаў галіцца,
Ходзіць з рыжай барадой.
Я на днях яму сказала:
-- Не сябруеш з галавой!
Ляжыць мілы на канапе,
Цэлы дзень, здаецца, спіць.
Стукну лыжкай па бутэльцы.
Яна зможа разбудзіць.
Не капае мілы градкі,
Да дзяўчат
лезе смалой.
Яны сёння мне сказалі,
Што сябруе з галавой.
2021