Тэст (беларуская мова як адлюстраванне нацыянальнага
бачання свету)
Казка
Гаі, пушчы, дубровы --
Гэта словы нашай
мовы.
Прапала мова. Цёмнай ноччу згінула.
Не занепакоіліся людзі, не сталі шукаць яе. Праўда, стары
скрыпач Янка ў міліцыю хацеў звярнуцца, ды адгаварылі яго суседзі.
Неяк пайшоў стары Янка ў лес па грыбы і ў густым бярозавым
гаёчку ўбачыў мову. Яна сядзела на парослым зялёным мохам пагорачку і пазірала
на неба. Там павольна плылі ўдалеч хмаркі, падобныя да незвычайных белых
баранчыкаў.
Янка нясмела кашлянуў. Мова ўстрапянулася і пусцілася
наўцёкі, спалохалася, як лясная казулька, якая баіцца чалавека.
Бяжыць, бяжыць, бяжыць,
Не ведае, дзе дзецца,
Убачыўшы людзей,
Быліначкай трасецца.
Не вытрываў Янка і гукнуў:
Ты, мова, не бяжы,
Былінкай не трасіся.
Убачыўшы мяне,
Лагодна
усміхніся.
Пачула мова, спынілася і з аглядкай наблізілася да Янкі.
“Створанаму людзьмі, хочацца вярнуцца да людзей”, --
падумаў Янка і распачаў гаворку:
-- Тут, у цяністым лясным гушчары, табе добра, мова?
-- Някепска, здаецца. Прыслухайся і шмат пачуеш ты, --
адказала мова.
Прыслухаўся Янка.
Паміж дрэў свежы ветрык прабег, з зялёнымі лісточкамі
пагуляў, Янкаў твар палашчыў.
“Цый-лі, цый-лі, цый-лі…” – данеслася да старога скрыпача
звонкае шчабятанне чыжа з хрыплым заканчэннем: -- Цыві-ціві-цыві-ціві-кее…”
“Фіць-пілі-фіць, фіць-пілі-фіць, фіць-пілі-фіць…” –
паклікаў вострадзюбага чыжа прыгожы, стракаты шчыгол і, не дачакаўшыся,
засвістаў, затрашчаў: -- Шчыгліт- шчыгліт- шчыгліт…”
А шэра-карычневая канаплянка падала голас, як пры
небяспецы: “Рррыў- рррыў-рррыў…”
Разгладзіліся маршчыны на шчаках у Янкі, блакітнымі, як
кветкі васількі, вачыма, ён глянуў на мову:
-- Сапраўды, някепска тут. Але хочацца пачуць ад цябе:
чаму ты ад людзей уцякла?
Уздыхнула мова.
-- Смяяліся з мяне людзі.
-- Якія людзі?
-- І чужыя, і свае.
-- Спалохалася іх, у лесе вырашыла схавацца?
-- Потым пачалі біць мяне. Некаторыя нават нагамі
тапталі, -- паскардзілася мова.
На вочы Янкі навярнуліся горкія слёзы, затапілі вочы, як
вада ўвесну затапляе шырокі заліўны луг, вырваўшыся са свайго імклівага
рэчышча.
-- Ты стаяў бы і цярпеў бы? – звярнулася да Янкі мова.
-- Мабыць, пабег бы куды-небудзь, -- выказаўся Янка і
нечакана прапанаваў: -- Давай разам песню заспяваем, мова!
-- Якую? – зацікавілася мова.
-- Нашу, пра рэчаньку, -- прамовіў Янка і зацягнуў:
Ой, рэчанька, рэчанька,
Чаму ж ты няпоўная?
Люлі, люлі, люлі,
Чаму ж ты няпоўная?
Ажывілася мова і падхапіла:
Чаму ж ты няпоўная,
З беражком няроўная?
Люлі, люлі, люлі,
З беражком няроўная.
А як жа мне поўнай быць,
З беражкамі роўнай плыць?
Люлі, люлі,
люлі,
З беражкамі роўнай плыць?
Паляцела, панеслася, гаючай беларускай крынічкай палілася
па лесе песня пра беларускую рэчаньку.
-- Ты вернешся да людзей?
-- скончыўшы спяваць, запытаўся ў мовы Янка.
-- Вярнуся, калі людзі вернуцца да мяне, -- сказала мова.
А
• Назавіце тэкст, у якім роднае слова:
а) ласкавае і пяшчотнае,
б) звонкае і пералівістае,
в) шырокае і плаўнае,
в) суровае і грознае.
Люлі-люлі, люляшу,
Я дзіцятка калышу,
Нітачку звіваю,
Песеньку спяваю.
Што
выведу нітку --
Камару на світку,
Астануцца кончыкі
Камару на
штончыкі.
Народная калыханка.
[2, стар. 9, “Беларуская дзіцячая літаратура”]
Для
даведкі. Світка -- паўпаліто,
пашытае з вытканага вясковай кабетай сукна.
На гары
У бары
Дружна скачуць
Камары.
Пазяхае бор,
Бубніць:
-- Галава
З-за
вас баліць.
Аляксей Якімовіч.
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, --
Яны ж мне каменні давалі;
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.
Яна усё вышай і вышай расце
І шмат каго дужа
лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?
Максім Багдановіч.
[1, стар. 29 -- 30, “Маладзік”]
Упалі з грудзей пана
Бога,
Парваўшыся, пацеркі зор.
Яны раскаціліся ў небе,
Усыпалі сіні прастор.
Максім Багдановіч.
[1, стар. 58,
“Маладзік”]
Б
• Для беларускай мовы характэрна:
1) ужыванне ў (нескладовага);
2) ужыванне дз;
3) напісанне е ў першым складзе перад націскам;
4) мілагучнасць
спалучэнняў галосных і зычных;
5) оканне.
Адказ.
Б-1, 2, 4.
Каб падрыхтавацца
да тэмы “Беларуская мова як адлюстраванне нацыянальнага бачання свету”, вам
трэба навучыцца даваць адказы на змешчаныя ніжэй пытанні і заданне.
• У чым выяўляецца
самабытнасць, непаўторнасць беларускага народа?
• Патлумачце значэнне слоў
"мова" (сродак зносін людзей -- сістэма гукавых і
граматычных сродкаў), "маўленне".
• Якую ролю, акрамя зносін
паміж людзьмі, выконвае беларуская мова?
• Як трэба ставіцца да мовы
сваіх дзядоў і прадзедаў, да мовы таго народа, на зямлі якога жывеш ты і жывуць
твае бацькі?
Выкарыстаная літаратура
1. Багдановіч М.
Маладзік. Лірыка. Складальнік А. Лойка. -- Мінск, “Беларусь”, 1968. – 292 с.
2. Беларуская дзіцячая літаратура:
Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. /Склад. М.Б. Яфімава, В. М. Ляшук. -- Мінск : Выш. шк., 1996. – 655 с.