Матэрыял
для самаадукацыі. Граматычныя заданні да майго верша «На мурожным беражку…»
(Дадзены
ў скарачэнні.)
Аляксей Якімовіч
На мурожным беражку…
На
мурожным беражку
Полымя шугае.
Адзінокі вугалёк
Воддаль патухае.
Нахіліліся над ім
Гануля з Алесем.
Дзьмуць, укленчыўшы,
У зялёным лесе.
Вугалёк, вугалёк,
Хутчэй разгарайся.
Да Алеся і Ганулі,
Шчасце,
набліжайся.
Усміхнуўшыся, Алесь
Ганне кажа ціха:
-- Няхай гэты вугалёк
Праганяе ліха.
Загарэліся агнём
У дзяўчыны шчочкі.
Апусціліся уніз
Шэранькія вочкі.
На бярозе у гушчары
Зязюля кукуе.
Пагубіла
сваіх дзетак.
Хтосьці іх гадуе.
Паглядзела на Алеся
Ганначка-дзяўчына.
Ўжо не шчочкі, а душа
Гарыць як каліна.
Усміхаецца Алесь
Як зорку схапіўшы.
А ці будзе ён такі ж,
З Гануляй пажыўшы?
Можа, стане нецярпімы,
Можа, скупаваты.
Можа, сварку прынясе
У Ганначкіну хату?
2020
год.
Гэты верш цалкам надрукаваны ў маёй кнізе «Карп у футры», выдадзенай выдавецтвам
«Беларусь» у 2021 годзе.
• У слове "уніз" напісанне зычнай літары не
адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да
слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Нізенька.)
• Якое слова ў вершы вам найбольш падабаецца? Чаму?
• Словы
"дзівосныя" і "зязюля" падзяліце спачатку на склады, потым
для пераносу. Растлумачце, у чым розніца.
• Знайдзіце ў вершы словы, у якіх назіраецца
характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- цеканне (на месцы мяккага [т'] мяккі
[ц'].)
• Знайдзіце ў вершы слова, у якім назіраецца
характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- яканне (вымаўленне [я] у
ненаціскных складах).
• Выпішыце словазлучэнні з займеннікамі.
• Дакажыце, што слова мары
-- назоўнік, дзівосныя -- прыметнік.
Узор
разважання. Слова
"праца" -- назоўнік, таму што абазначае прадмет і адказвае на пытанне
што? Скланяецца. Канчатак -а ўказвае, што гэта назоўнік жаночага
роду, ужыты ў форме адзіночнага ліку, назоўнага склону.
Слова "працавіты" --
прыметнік, таму што абазначае прымету прадмета і адказвае на пытанне які? Скланяецца. Канчатак -ы
ўказвае на сувязь з назоўнікам мужчынскага роду, які ўжыты ў форме
адзіночнага ліку, назоўнага склону.
• Раскрыйце сэнс выразу "полымя шугае".
• Растлумачце ўмовы пастаноўкі
косак у вершы.
• З якой
часціны мовы пачынаецца гэты тэкст?
• Назавіце дзеясловы. Як вы распазналі іх сярод іншых
часцін мовы?
• У спалучэнні не шчочкі пішам не. А як вымаўляем? ([Н′а] свой.)
Для даведкі: слова не перад
націскным складам вымаўляецца як ня.
Назавіце злучальныя і
падпарадкавальныя злучнікі ў тэксце. Што яны звязваюць? Злучальныя злучнікі
падкрэсліце адной рыскай, падпарадкавальныя -- дзвюма.
• Дакажыце, што ў тэксце ёсць дзеепрыслоўі.
• Назавіце часціцы ў тэксце. Як вы лічыце, у сказе яны служаць
для перадачы дадатковых адценняў значэння ці для ўтварэння формаў слоў?
• Якая форма слова ўтвараецца з дапамогай часціц "няхай",
"хай", "давай", "давайце"? (Загадны
лад дзеяслова.)
• Знайдзіце ў тэксце слова з эмацыянальна-ацэначным
суфіксам.
• Падкрэсліце ў кожным сказе дзейнік і выказнік; у
дужках укажыце пытанні, на якія яны адказваюць, і часціну мовы, якой яны
выражаны.
• Растлумачце значэнне слоў “укленчыўшы”, “мурог”. (Стаўшы на калені, мяккая, прыемная трава.)
•
Назавіце ў тэксце лексічныя паўторы.
Чаму яны ўжываюцца?
• Назавіце цвёрдыя і мяккія гукі-браты. Якія з іх
найчасцей ужываюцца ў тэксце?
Напрыклад:
([с], [с'], [н].)
• Назавіце словы з гэтымі гукамі. Да якой часціны
мовы яны належаць?
• Знайдзіце ў вершы словы, у
якіх назіраецца характэрная асаблівасць беларускай фанетыкі -- ужываецца
заўсёды цвёрды гук ... ([ж]).