Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ЗНАЧЭННЕ СЛОВА

 

Творчы ўрок у 3 класе. ЗНАЧЭННЕ СЛОВА

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб слове і яго значэнні; фарміраваць уменні і навыкі  вызначаць значэнне слова; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; вучыць іх беражліва адносіцца да слова, спрыяць развіццю моўнай культуры.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Халодны, сцюдзёны,

                                                          Шчаслівы, бураковы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя арфаграмы. Растлумачце іх напісанне. Адгадайце загадку.

Без крыла.. – ляціць,

                                                      Без голасу – свішча. (Куля.) [2, с. 366, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                       З народнага.

4. Чыстапісанне.

                      к  кл  км  кш  ке  кн  кк  ок  ск

                   кніга куля  кола доўгае старажытнае драўлянае кап’ё

• Назавіце словы, якія абазначаюць прадметы і прыметы прадметаў.

• Да якога са слоў  можна аднесці словы-прыметы? (Кап’ё.) Чаму вы так вырашылі?

• Раскрыйце сэнс слова "кап’ё”. (Старажытная колючая зброя: доўгае дрэўка з металічным наканечнікам.) [1, с. 157, “Тлумачальны слоўнік”].

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к.   У слова вялікая сіла. Словам трэба ўмець карыстацца, бо словам можна і параніць, і вылечыць чалавечыя душы.

Сённяшняя тэма "Значэнне слова" дапаможа вам бліжэй пазнаёміцца са словам, зразумець яго,  пасябраваць з ім і папоўніць свой слоўнікавы запас.

А цяпер паслухаем казку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу, сустрэўшыся з Сарокай, Шпачок сказаў:

- Я чуў ад Дзятла, што ўсе словы падобны на будаўнічы матэрыял. Як гэта зразумець?

Сарока паказала на  шматпавярховы  дом, які ўзвышаўся непадалёку.

- З якога будаўнічага матэрыялу пабудаваны той дом?

- З цаглінак.

- Там шмат цаглінак?

- Шмат. Да ночы не палічыш.

- Словы таксама падобны на цаглінкі. Іх таксама вельмі шмат у мове.

Шпачок акінуў поглядам шматпавярховік.

- З цаглінак можна пабудаваць прыгожы дом. А са слоў што пабудуеш?

- Прыгожыя сказы, з дапамогай якіх кожны з нас можа перадаць свае думкі, пачуцці.

- Не толькі перадаць, але і запытацца, як я ў цябе цяпер пытаўся! - падхапіў Шпачок.

Хвілінка творчасці.

З дадзеных слоў пабудуйце верш з чатырох радкоў.

Словы першых двух радкоў: я, люблю, прыволле; палёў, шырокіх.          

Словы двух наступных радкоў: мора, зялёнае; каласоў, буйных.

Люблю я прыволле

                                                  Шырокіх палёў,

                                                  Зялёнае мора

                                                  Ржаных каласоў.

                                                             Якуб Колас [3, с. 76, “З майго летапісу”].

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “ржаных”. (Жытніх, аржаных.)

• Ці ўдалося паэту з дапамогай слова паказаць хараство прыроды?

• З чым ён параўноўвае поле?

• Уявіце, што ў полі вы чуеце птушыныя галасы, спевы, пра якія можна сказаць так: льюцца срэбрам. А як пра гэта можна сказаць адным словам? (Звіняць.)

• Звіняць – значыць гучаць. Як гучаць? Выберыце патрэбнае (моцна, гучна, ціха.)

• Што яшчэ, акрамя птушыных галасоў,  можа звінець? Выберыце патрэбнае: каса ў час касьбы, лірычная песня, голас, трава.

• Пры напісанні слова “звінець” у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Звінець – слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце літары  і, ц.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў сустрэнемся з героямі нашай казкі.

Шпачок і Сарока прыселі ў траве, атуленай клёнамі.

- Я зразумеў, што кожнае слова мае сваё значэнне, - падаў голас Шпачок. – А што гэта такое?

- Тое, што слова абазначае, называючы што-небудзь. Напрыклад, духмяны.

- Духмяны – значыць пахучы. Пахучы хлеб! – усклікнуў Шпачок. – Сарока-белабока, я здагадаўся! Каб раскрыць значэнне слова, можна падабраць блізкія па значэнні словы. Не ўсе ведаюць, што такое яліна. А калі скажаш елка, то адразу зразумеюць.

Лексічная праца.

Падбярыце блізкія па значэнні словы да слоў “аранжавы”, “ліловы”.

Для даведкі: аранжавы – жаўтаваты, колеру апельсіна. Аранжавыя промні. Ліловы – светла-фіялетавы, колеру бэзу альбо фіялкі. Ліловыя званочкі.

Гукавая гульня «Назавіце слова».

                                                     Свеціць сонца,

                                                     Дрэмле сенажаць.

                                                     Галасы птушыныя

                                                     У кустах … (звіняць).

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Раскрыйце сэнс слова “сенажаць”. (Луг, дзе косяць траву на сена.) [1, с. 108, “Тлумачальны слоўнік”].

Праца са скорагаворкай.

Прачытайце скорагаворку.

Дудар доўга граў на дудзе.                      

• Растлумачце значэнне слова "дудар". (Той, хто іграе на дудзе – народным музычным духавым інструменце, які складаецца з драўлянай трубкі і скуранога мяшка.) [1, с. 108, “Тлумачальны слоўнік”].

Праца са словам.

Выкарыстоўваючы прыметы, напішыце назвы птушак.

Вялікая пералётная птушка з доўгай дзюбай, белым апярэннем і жаўтавата-чырвонымі нагамі, якая жыве пераважна паблізу чалавека. (Бусел.)

Лясная птушка з доўгай моцнай дзюбай, якой гэтая птушка здабывае ежу ў кары дрэў. (Дзяцел.)

Невялікая птушка з карычнявата-шэрым апярэннем, якая жыве пераважна паблізу чалавека. (Верабей.)

Стройная птушка. Агульны колер шэры. Голас – звонкае “курлы”. На пералётах чароды – у выглядзе вугла або кліна. (Журавель.)

• Прачытайце ўрывак з верша Якуба Коласа “Адлёт жураўлёў”.

                                                 У бязмежным небе

                                                 Роўненькім шнурочкам

                                                 Жураўлі на вырай

                                                 Мкнуцца над лясочкам.

 

                                                 Меншыцца шнурочак,

                                                 У паднеб’і тае,

                                                 Вось ледзь-ледзь чарнее,

                                                 Міг – і прападае.

 

                                                 І стаіш ты, смутны,

                                                 Доўга пазіраеш,

                                                 Як бы нешта страціў,

                                                 А што – сам не знаеш        [4, с. 6,  “Раніца ў нядзельку”].

• Растлумачце сэнс слова “мкнуцца”. (Тут: імкнуцца, ляцяць.)

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага выразаў “на вырай (у вырай), “у паднеб’і” (у паднябессі).

• Чаму птушкі адлятаюць у вырай? Як жывецца птушкам у зімовы час?

• Раскрыйце значэнні слоў "паветка (павець)" (страха на слупах, пад якой трымаюць розныя сельскагаспадарчыя прылады, дровы і інш.), "шэрань" (іней, намаразь) [1, с. 228, “Тлумачальны слоўнік”].

Фізкультхвілінка.

Настаўнік прапаноўвае дзецям уявіць, што пальцы іх рук – жураўлі, якія ляцяць у вырай.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў адправімся на сустрэчу з Сарокай і Шпачком.

Сарока прысела ў густой зялёнай траве і задрамала. Але Шпачок не даў ёй паспаць.

- Сарока-белабока, я цяпер падумаў, што значэнне слова можа раскрыць і загадка. Так?

- Так. Загадкі – гэта таксама тлумачэнні слоў, толькі вобразныя, - адказала Сарока і адразу ж загадала Шпачку загадку:

-- Хто ў лесе спіць пад снегам аж да вясны?

(Загадку спачатку адгадваюць вучні.)

 - Мядзведзь! – прамовіў Шпачок  і Сароцы задаў загадку:  -- Якая беленькая муха можа апусціцца на вуха і імгненна растаць?

(Загадку спачатку адгадваюць вучні)

- Сняжынка, - сказала Сарока і зноў задрамала.

Але Шпачок  яе разбудзіў.

Сарока-белабока, акрамя цябе і падручніка беларускай мовы, хто яшчэ зможа растлумачыць значэнне слова?

- Тлумачальны слоўнік. У ім шмат слоў сабрана.

- Ён, напэўна, тоўсты?

- Вельмі тоўсты! – прагаварыла Сарока.

Праца з тлумачальным слоўнікам і адгадванне загадак.

З дапамогай тлумачальнага слоўніка растлумачце значэнне слова “метаграма”. (Гэта род загадкі. Каб яе адгадаць, адну літару трэба замяніць другой. Атрымаецца  новае слова).

Адгадайце метаграму.

                                          З к – у дзяўчынак яна бывае,

                                          З р – раніцай звычайна прападае. (Каса -- раса.)

                                                                               Аляксей Якімовіч.

• Чым адрозніваюцца словы “каса” і “раса”? (Літарамі к, р, а яшчэ сваім значэннем).

• З дапамогай тлумачальнага слоўніка растлумачце значэнне слова лагагрыф. ( Род загадкі, для рашэння якой трэба адшукаць загаданае слова і ўтварыць ад яго новыя словы шляхам перастаноўкі або выкідвання асобных складоў ці літар) [1, с. 182, “Тлумачальны слоўнік”].

• Адгадайце лагагрыф.

                                            Яна ў думках можа жыць,

                                            А ў веласіпедзе павінна быць.

                                            Пра яе ты хутка прачытаеш,

                                            Калі склады у слове памяняеш. (Мара -- рама.)

                                                                                  Аляксей Якімовіч.

• Ці можа адна літара змяніць значэнне слова? Прааналізуйце дадзеныя загадкі і дайце адказ.

Праца са словам.

Прачытайце словы ў слупках. Злучыце словы з іх перакладам.

надвор'е       метель

завіруха        молния

маланка       погода

хмары          радуга

дождж         тучи

вясёлка        дождь

паветра       воздух

• Адгадайце загадкі.

                                                  Без матора гудзіць,

                                                  Без пілота ляціць,

                                                  Не аса,

                                                  А джаліць. (Пчала.)

                                                               З народнага.

                                                  Без сякеры і цвікоў

                                                  Збудаваны круглы дом (Гняздо.)

                                                                        З народнага.

                                                    Вадкае, а не вада,

                                                    Белае, а не снег. (Малако.)

                                                                        З народнага.

                                                    Дыхае, расце,

                                                    А хадзіць не можа. (Расліна.)

                                                                       З народнага.

                                                    З людзьмі сябруе,

                                                    Хату вартуе,

                                                    Жыве пад ганкам,

                                                    Хвост абаранкам. (Сабака.)

                                                                       З народнага.

                                                    Калматы, вусаты,

                                                    Есці пачынае --

                                                    Песенькі спявае. (Кот.)

                                                                         З народнага  [2, с. 340 – 342, “Беларускія прыказкі…”].

• Складзіце сказы са словамі “пчала”, “гняздо”, “малако”, “расліна”, “сабака”, “кот”.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а стук кропляў – кап, кап – потым перадасце і вы.

                                                      “Кап, кап, кап,

                                                      Кап, кап, кап”… --

                                                      Кроплі звонка вымаўляюць,

                                                      Пра вясну паведамляюць.

                                                                               Аляксей Якімовіч.

• Пакажам, як стукаюць кроплі, прамовім разам: “Кап, кап”.   

• Якім блізкім па значэнні словам можна замяніць слова “паведамляюць”?  (Кажуць.)

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце.

                                                               Каля самае дарогі      

                                                               Прадуктовы магазін.

                                                               Бачыў я нядаўна,

                                                               Як туды зайшоў бландзін.

                                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія валасы ў бландзіна: чорныя ці светлыя? (Светлыя.)

Хвілінка адкрыцця.

Ці аказвае ўплыў на значэнне слова націск? Дакажыце гэта на прыкладзе слоў "кара", "капаць", "мука", "каса", "раса", "казак".

Гутарка.

Паслухайце смяшынку.

-- Калі я вырасту вялікі, то на ракетцы палячу ў космас, -- пахваліўся сябру Міколка (Аляксей Якімовіч).

• Што ў вас выклікала ўсмешку?

• Як называюць лапатачку з ручкай і абадком для гульні ў тэніс, бадмінтон? (Ракетка.)

• Раскрыйце сэнс слова “ракета”, выбраўшы патрэбнае тлумачэнне. (1) Снарад для асвятлення ці сігналізацыі. 2) Лятальны апарат, які прыводзіцца ў рух струменем выцякаючага газу [1, с. 280, “Тлумачальны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Услон заняў  сваё ўжо места,

                                   На ім стаяла дзе(ж, ш)ка цеста,

                                   І апалонік то і дзела

                                   Па дзе(ж,ш)цы боўтаў жвава, смела               [4, с. 101, “Раніца ў нядзельку”]. 

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “места”. (Месца.)

• Растлумачце  значэнні слоў "услон", "дзежка" (дзяжа -- драўляная пасудзіна, у якой рашчыняюць хлеб), "апалонік" (вялікая лыжка для налівання стравы) [1, с. 34, 103, “Тлумачальны слоўнік”].

Тэст.

Падкрэсліце словы, якія маюць аднолькавае значэнне.

1. Маланка. 2. Навальніца. 3. Бліскавіца.

1. Ліпавы. 2. Ліпкі. 3. Клейкі.

2. Загарэцца. 2. Закружыцца. 3. Успыхнуць.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Што такое значэнне слова? Як яго можна растлумачыць?

• Назавіце восьмы месяц каляндарнага года. (Жнівень). Ці раскрываецца ў яго гучанні  значэнне?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Колас, Я. З майго летапісу : выбр. вершы / Якуб Колас. — Мінск : Беларусь, 1967. — 308 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.