Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Дапамога"

 

Быў выпадак

 

Дапамога

 

Незвычайныя здарэнні іншы раз адбываюцца ў жыцці.

Да аквалангістаў, якія вывучалі дно акіяна, нечакана падплыла кітовая акула. На яе целе, каля галавы, вісеў тоўсты трос з вяроўчыны (мабыць, ён быў ад рыбалоўнага трала). Аквалангісты зразумелі, што кітовая акула (яна звычайна харчуецца планктонам – дробнымі расліннымі і жывёльнымі арганізмамі, якія жывуць у тоўшчы вады і перамяшчаюцца разам з цячэннем) прыплыла, каб людзі дапамаглі ёй.

Даследчыкі аіяна пашкадавалі жывёліну: нажамі, добра пастараўшыся, перарэзалі трос і скінулі яго. На целе акулы застаўся глыбокі след ад троса.

Канешне, неўзабаве ён зажыве, і кітовая акула зноў адчуе сябе сапраўднай гаспадыняй акіяна.

А гэта ўжо здарылася на сушы, на зямлі.

Сярод белага дня з лесу выйшаў воўк і наблізіўся да жанчыны, якая знаходзілася каля сваёй хаты. У яго былі параненыя лапа і галава. Мабыць, так моцна ён пацярпеў у час сутычкі з супляменнікам. Не пашанцавала яму.

Жанчына не спалохалася: пакарміла галоднага і параненага драпежніка. Потым ён яшчэ некалькі разоў выходзіў з лесу, каб пачаставацца і набрацца сілы.

Нешта падобнае адбылося і ў бульдазерыста, які працаваў у лесе. Да яго аднаго разу наблізілася ліса.

На працягу некалькіх тыдняў бульдазерыст не толькі карміў лісу, але і размаўляў з ёю. Яна заўжды ўважліва выслухоўвала яго.

                                                                                   Аляксей Якімовіч