Поиск по этому блогу

Ці зрушым махавік?


Ці зрушым махавік?

У “Настаўніцкай газеце” ад 12 кастрычніка гэтага года прачытаў інтэрв’ю начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення народнай адукацыі А. С. Саўчыка пад сімвалічнай назвай “ Як зрушылі махавік”. Некаторыя лічбы з гэтага інтэрв’ю, прама скажу, наводзяць на невясёлы роздум. Так, як сведчыць спадар Саўчык, у гэтым годзе ў Лідзе адкрыта 48 беларускіх класаў, у Навагрудку – 19, у Смаргоні – 22, у Ваўкавыску – 29, 37 – у Ашмянах, 46 – у Воранаўскім раёне.
А колькі ж такіх класаў адкрыта ў Слоніме, які па колькасці насельніцтва лічыцца адным з самых вялікіх гарадоў Панямоння? Ды ўсяго 14. З вялікай цяжкасцю ў нашым горадзе прабівае парасткі новае, у тым ліку і нацыянальнае Адраджэнне. На яго наша кіраўніцтва глядзіць так, як чорт глядзеў бы на крыж.
Нядаўна сесія гарсавета пад радасныя воклічы праваліла прапанову мясцовага літаратурнага аб’яднання аб вяртанні даўніх гістарычных назваў некаторым вуліцам Слоніма. Найбольш рэакцыйныя дэпутаты прыйшлі да абсалютна бязглуздай думкі, што, напрыклад, такія вуліцы, як Камуністычная і Патрыса Лумумбы, -- гэта слаўная гісторыя нашага народа. Як гаворыцца, барані нас Бог ад такой гісторыі.
Гэта гісторыя Камуністычнай партыі, на рахунку якой адзіны здабытак: масавыя жудасныя злачынствы супраць уласнага народа. Многія людзі пакуль не ўсведамляюць, што нясе з сабою нацыянальнае Адраджэнне, ды добра разумее гэта сучасны чыноўніцка-адміністрацыйны апарат, прадстаўнікі якога як мага мацней крычаць: “Што дасць людзям, калі зменім назвы вуліц?” Шмат дасць. А найперш тое, што на хвалі нацыянальнага Адраджэння (так ужо было не ў адной краіне свету) да кіраўніцтва прыйдуць новыя людзі, якія, канешне, запатрабуюць ад сённяшніх кіраўнікоў, каб яны далі справаздачу за здзейсненае, як сёння яе даюць многія лідэры камуністычнага руху у краінах Усходняй Еўропы.
Сённяшні чыноўнік, выступаючы супраць нацыянальнага Адраджэння, ратуе ўласную шкуру, усімі сіламі трымаецца за ўладу. Вось таму ён баіцца і беларускай мовы, і беларускіх назваў вуліц, і бел-чырвона-белага сцяга, і рыцара з мячом на гербе Пагоня. Нездарма прадстаўнікі ўсіх рэпрэсіўных рэжымаў у першую чаргу стараюцца знішчыць нацыянальнае. Яны добра ведаюць, што нацыянальная ідэя аб’ядноўвае людзей, а кожнае аб’яднанне -- гэта ўжо пэўная сіла, з якой нельга не лічыцца.
Здзіўляе, што многія беларусы не задумваюцца над тым, што ў нас на месцы былых савецкіх рэспублік пачынае будавацца новы лад, што цяпер, вобразна кажучы, даспадобы нам гэта ці не даспадобы, а кожны цягне коўдру на сябе, каб знайсці ратунак у эканамічным хаосе. І нам прыйдзецца ратавацца, і нам прыйдзецца цягнуць коўдру на сябе, хаця б сваю, не чужую. Нам таксама прыйдзецца, рана ці позна, адкрываць шлях у Еўропу.
Цяпер некаторыя кажуць: Гарбачоў разваліў Саюз. Не, шаноўныя. Нават самаму вялікаму ў свеце авантурысту не ўдасца разваліць тое, што стаіць трывала, як, напрыклад, піраміды Егіпта.
Што ўяўляў сабою былы Саюз, што ўяўляла сабою былая царская імперыя, на руінах якой і быў пабудаваны камуністычны Саюз? Не памылюся, калі скажу, што гэта была не дзяржава аднадумцаў, а проста тэрыторыя, якая дзялілася на асобныя княствы, дзе да рэвалюцыі беспакарана панавалі царскія губернатары, а ў наш, савецкі час, -- сакратары ЦК, абкамаў, райкамаў, старшыні калгасаў, дырэктары фабрык, заводаў і таму падобныя. Кожны з іх імкнуўся стаць паўнацэнным гаспадаром сваёй тэрыторыі. І станавіліся, і камандавалі як хацелі, прытрымліваючыся правіла: закон, што дышла, а людзі – быдла. А прэзідэнт былога Саюза, адпусціўшы лейцы, як калісьці і цар Мікалай Другі, змучаны бесперспетыўнай вайной з Германіяй, падштурхнуў іх яшчэ да большай адасобленасці, яшчэ да большай беззаконнасці, а ў час развалу Саюза да страшнага раскрадання, падобнага на грабеж лютых захопнікаў, у выніку чаго штучна створанае і сілай страху ўтрымліваемае імперскае аб’яднанне рухнула, абвалілася.
У свеце прынята як? Тая партыя, якая не апраўдала надзеі людзей, адыходзіць ад кіраўніцтва разам са сваім няўдалым лідарам. Ёй няможна давяраць, каб зноў не наступіць на адныя і тыя ж граблі.
Беларусы заўжды былі руплівымі гаспадарамі. Дык не будзем скнарыцца і наракаць на свой лёс. Сёння ўсё залежыць толькі ад нас. За свае правы людзі змагаюцца ва ўсім свеце. Давайце ж і мы, беларусы, у супольнасці з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей, якія жывуць сярод нас, будзем змагацца за росквіт Рэспублікі Беларусь, каб нарэшце зрушыць заіржавелы махавік не толькі ў культуры, але і ў новым палітычным жыцці, і ў эканоміцы, так як і культура, і эканоміка, і грамадска-палітычны лад узаемазвязаныя, непадзельныя. Няхай словы “Жыве Беларусь!” стануць роднымі, блізкімі для ўсіх нас.
                                                       Аляксей Якімовіч, газета “Наша слова” ад
                                                       3 студзеня 1992 года, № 1 (57).