Вясна ў Беларусі
• Як Вы адносіцеся да вясны ў Беларусі?
Такое пытанне задаў нашым чытачам.
Галіна, 60 гадоў.
-- Помню тую вясну, якая была гадоў
трыццаць таму. Тады яна мне больш падабалася. Ці не кожны дзень свяціла сонца,
раставаў снег, імклівыя ручайкі цяклі ў рэкі, у азёры. Яны выходзілі з берагоў,
затаплялі навакольныя лугі. Вясна дыхала цяплом. Адчувалася сапраўднае
абуджэнне прыроды.
Марыя, 63 гады.
-- Вясна ў Беларусі своеасаблівая. Яна
прыносіць нам і цяпло, і нечаканыя замаразкі. У такой сітуацыі няпроста тым,
хто вырошчвае агародніну. Але мы неяк прыстасаваліся. Будуем парнікі, цяпліцы.
Той, хто стараецца, мае на стале і раннюю радыску, і цыбульку, і агурочкі, і
памідорчыкі.
Ваня, 14 гадоў.
Нашу беларускую вясну чакаю з
нецярпеннем. У гэты час пачынаюцца школьныя канікулы. А потым заканчваецца
вучоба ў школе. Можна адпачыць: пакатацца на веласіпедзе, пагуляць з сябрамі на
дварэ, на свежым паветры.
Андрэй, 24 гады.
-- Хацелася б, каб у нас вясною часцей
свяціла сонца, каб радавала сапраўдным цяплом. А хмарныя дзянькі, якіх у нас
вясною нямала, не радуюць, засмучаюць. Таму
скажу так: “Будзь лагоднай, вясна!”
Ніна, 19 гадоў.
-- Вясною расцвітаюць кветкі. Вельмі
шмат іх у нашых агародчыках. Многія з іх адтуль трапляюць на базар, каб парадаваць
кагосьці. Я асабліва люблю той час, калі расцвітаюць бэз, чаромха. Вялізныя
букеты кветак можна ўбачыць на дрэвах. Гэта непаўторнае хараство.
Юля, 22 гады.
-- Вясною да нас прылятаюць птушкі.
Вясёлым шчэбетам яны запаўняюць нашы сады і лясы. Іншы раз стаю, назіраю за
імі, слухаю іх песні. Паднімаецца настрой, самой хочацца заспяваць.
Віця, 30 гадоў.
-- Наша вясна поіць нас смачным
бярозавым сокам. Таму хачу сказаць: “Дзякуй табе, вясна!”
Пятро, 42 гады.
-- Наша вясна – часцінка нашага жыцця.
Таму яе трэба любіць, цаніць, як і само жыццё. Вясна – наш незвычайны
падарунак.
• А як лічыце
Вы, нашы чытачы?