Поиск по этому блогу

Сінонімы са словам дагэтуль

 

Сінонімы са словам дагэтуль

 

Помніце! Сінонімамі з’яўляюцца словы, аднолькавыя або блізкія па значэнні.

 

Звярніце ўвагу на тое, як пішацца слова: дагэтуль.

 

Да якой часціны мовы адносіцца слова дагэтуль?

Д л я  д а в е д к і: адказвае на пытанні д а к у л ь? д а  я к о г а  ч а с у?

 

Сінонімы да слова дагэтуль (адно слова тут “лішняе”).

Дасюль, да гэтага, трошкі, пагэтуль, да гэтага часу, па гэты час, па гэты дзень, па сённяшні дзень.

Якія з гэтых слоў, як вы лічыце, а) аднолькавыя па значэнні; б) блізкія па значэнні?

 

Эксперт Змітрок.

-- Сінонімы дагэтуль, дасюль, пагэтуль, як мне здаецца, аднолькавыя па значэнні. Усе яны паказваюць на пэўную адзнаку ў адлегласці, на целе, якую можна вымераць у міліметрах, сантыметрах, метрах ці кіламетрах.

 

Эксперт Насця.

-- Сінонімы да гэтага, да гэтага часу, па гэты час, так лічу, складаюць яшчэ адну групу аднолькавых па значэнні слоў. Усе яны паказваюць на тое, што дзеянне адбываецца ў нейкі канкрэтны прамежак часу, напрыклад: у дзесяць ці ў дванаццаць гадзін, у верасні ці ў жніўні, вясною ці зімою.

 

Эксперт Алеся.

-- Сінонімы па гэты дзень, па сённяшні дзень складаюць трэцюю групу аднолькавых па значэнні слоў. Яны паказваюць на тое, што дзеянне адбываецца ў нейкі пэўны, канкрэтны дзень.

 

А як лічыце Вы, нашы шаноўныя чытачы?

 

Прачытайце сказы з прыведзенымі вышэй сінонімамі. У якіх сказах яны адказваюць на пытанні а) д а к у л ь? б) д а  я к о г а  ч а с у?

1. Да  гэтага Сымон лічыў сябе шчаслівым. 2. “Будзем бегчы дасюль”, -- сказаў аднакласніку Сымон  і забіў у зямлю невялікі калочак. 3. Сымон зірнуў на раку і, дакрануўшыся да грудзей, сказаў аднакласніку: “Дагэтуль тут зойме вада”.

 

Ці з’яўляюцца сінонімамі словы дагэтуль і датуль? Як вы лічыце?

 

Выкарыстоўвайце толькі для кантролю, каб праверыць сябе

 

Д л я  д а в е д к і (словы-адказы напісаны наадварот).

Гэта еўолсырп; “лішняе” слова ікшорт (не з’яўляецца сінонімам); а – ігурд і іцэрт сказы, б – ышреп сказ; аццюялўя’з.  

                                                              Распрацаваў Аляксей Якімовіч