Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс простых колькасных лічэбнікаў, якія абазначаюць цэлыя лікі

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ   

 

Тэма: правапіс простых колькасных лічэбнікаў, якія абазначаюць цэлыя лікі.

Псіхалагічны настрой.                            

                                                      Надвор’е, берагчы,

                                                      Востранькі, мядовы --

                                                      Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успамінаем! Простыя лічэбнікі аднакаранёвыя: шаснаццаць.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: два (абодва), дзве (абедзве) – двух (абодвух) бараноў, дзвюх (абедзвюх) авечак, двух (абодвух) дзяцей  ці двух (абодвух) бараноў, двух (абодвух) авечак, двух (абодвух) дзяцей?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Знаёмімся з правілам.

Запомніце! Лічэбнікі два (абодва),  дзве (абедзве)  маюць родвыя адрозненні ва ўсіх склонах: двух дзён – дзвюх начэй, абодвум хлопчыкам – абедзвюм дзяўчынкам [3, стар. 130, “Беларуская мова”]. З назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду ўжываем два, абодва.

Кіруючыся гэтым, пішам канчаткі ў лічэбніках адпаведна іх роду.

Для даведкі. Н.: (м. р. а, ж. р. е),  Р.: (м. р. –ух, ж. р. –юх), Д.: (м. р. –ум, ж. р. –юм),  Т.: (м. р. –ума, ж. р. –юма), М.: (м. р. –ух, ж. р. –юх).

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: двух (абодвух) бараноў, дзвюх (абедзвюх) авечак, двух (абодвух) дзяцей.

Назавіце слова.

                                                          Пішам без памылак:

                                                          На працягу двух дзён

                                                          І дзвюх начэй

                                                          Не заплюшчыў я … (вачэй).

                                                                              Аляксей Якімовіч.

Вызначце лічэбнікі і растлумачце іх правапіс.

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Па, далі, дзяўчынкам, цукерцы, абедзвюм. (Абедзвюм дзяўчынкам далі па цукерцы.)        

Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: два (абодва), дзве (абедзве) – двума (абодвума) баранамі, дзвюма (абедзвюма) авечкамі ці двума (абодвума) баранамі, дзвюмя (абодзвюмя) авечкамі?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Помніце! Лічэбнікі два (абодва), дзве (абедзве), тры, чатыры ў творным склоне канчаюцца на –ма [3, стар. 130, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: двума (абодвума) баранамі, дзвюма (абедзвюма) авечкамі.

Назавіце слова.

                                                          Пішам без памылак

                                                          Трыма дубкамі,

                                                          Дзвюма соснамі,

                                                          Чатырма … (сталамі).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Вызначце лічэбнікі і растлумачце іх правапіс.               

Скорагаворка.                 

Размаўлялі з абедзвюма дзяўчынкамі і абодвума хлапчукамі (Аляксей Якімовіч).

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожае спалучэнне літар ма, потым напішыце беларускае слова “малюнак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: пяць, восем, шаснаццацьпяццю, васьмю, шаснаццаццю ці пяцю, васемю, шаснаццацю?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Лічэбнікі ад пяці да дваццаці і лічэбнік трыццаць скланяюцца як назоўнікі 3-га скланення з мяккай асновай (як радасць, памяць).

У лічэбніках пяць, дзевяць -- дваццаць, трыццаць у творным склоне перад канчаткам пішацца цц.

Ва ўскосных склонах, акрамя вінавальнага, лічэбнік восем пішацца з мяккім знакам [4, стар. 181, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: пяццю, васьмю, шаснаццаццю.

Назавіце слова.

                                                          Пішам без памылак:

                                                          З дзесяццю сябрамі

                                                          І шасцю братамі

                                                          Стаялі пад … (дубамі).

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Вызначце лічэбнікі і растлумачце іх правапіс.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                 Хатачку будуюць.

                                                 Цэлы дзень працуюць.

                                                 З дзевяці гадзін яны

                                                 Два дразды ўвіхаюцца,

Адказ: 1 – 4, 2 – 2, 3 – 3, 4 – 1.

Раскрыйце сэнс слова “ўвіхацца”. (Старанна працаваць.)

Знайдзіце ў вершаваным тэксце слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “ніколі не паўтараць, не рабіць чагосьці кепскага і другіх папярэджваць, каб не рабілі чагосьці такога ці падобнага”.

                                                   Цэлы тыдзень труцень

                                                   Мёд у пчолаў краў.

                                                   Пчолы правучылі.

                                                                        … .

Назавіце ў вершаваным тэксце лічэбнік. Што вы пра яго можаце сказаць, нагадаўшы тэму ўрока?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: уматясязд ўазаказ [1, стар. 88, “Фразеалагічны слоўнік”].

Працуем са спалучэннямі слоў.             

Са словам “тры” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Праскланяйце лічэбнік тры.

Для даведкі: тры бярозкі – тры сястры-бярозкі.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                    Я пайду, адзін пайду я.

                                                    Вольны вецер хай гадуе

                                                    Мае думкі, мае мары,

                                                    Мае песні, казкі-ч(я, а)ры.

                                                    Я пайду, міну лясочкі,

                                                    Што ч(а, я)рнеюць, нібы бровы:

                                                    Там пабачу я свет новы,

                                                    Там пацешу свае вочкі,

                                                 Там другія ўчую словы… [2, стар. 339, “Паэмы Я. Коласа”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “ўчую”. (Пачую.)

Праскланяйце лічэбнік “адзін”.

Для даведкі.

Лічэбнік адзін скланяецца так, як прыметнікі з асновай на цвёрды і зацвярдзелы зычны [4, стар. 179, “Беларуская мова”].

                 [3, стар. 130, “Беларуская мова”]

Адказы на пытанні.     

 Якія колькасныя лічэбнікі маюць родавыя адрозненні і дзве склонавыя формы?

Якія лічэбнікі ў творным склоне заканчваюцца на ма?

Тэст.

Назавіце лічэбнікі, напісаныя правільна.

1) Васьмю;

2) трыццаццю;

3) трыццацю;

4) абодвума;

5) абодвумя;

6) дзвюм;

7) двум;

Адказ: 1, 2, 4, 6, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

                                                                                                            

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.  

3. Малажай, Г. М. і інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. / Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996. --  238 с., [4] л. іл.: іл.

4. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, лістапад 2021 года, № 11.