Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс галосных пасля зацвярдзелых зычных

 

Гэты ўрок надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, жнівень 2020 года, № 8 (226).        

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: правапіс галосных пасля зацвярдзелых зычных.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                      Рабінавы, бярозавы,

                                                      Хваёвы і альховы –

                                                      Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як пішам: цэны ці цены?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэтае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! У беларускай мове пасля зацвярдзелых зычных ж, дж, р, ц, ч, ш пішуцца галосныя літары а, о, у, ы, э [1, стар. 47, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад наступныя словы: чорны, джала, рыба, цэны, адчуць, шырокі.

У словах, узятых для прыкладу, адзначаем зацвярдзелыя зычныя ж, дж, р, ц, ч, ш.

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Пасля зацвярдзелых зычных ж, дж, р, ц, ч, ш пішуцца галосныя літары а, о, у, ы, э.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Пішам: цэны.

                                   [4, стар. 125, “Беларуская мова”]

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

У, цыркуль, цырк, узяў. (Узяў у цырк цыркуль.)

Растлумачце правапіс выдзеленых літар.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                              Спеюць і чарніцы.

                                                              На палянках сонечных

                                                              У лясах сасновых

                                                              Выраслі суніцы.

Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 3, 4 – 1.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмамі на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя зацвярдзелыя зычныя ж, дж, р, ц, ч, ш, потым напішыце беларускае слова “брусніцы” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Праца са спалучэннямі слоў.

Са словам “прыгожая” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “прыгожая”?

Для даведкі: прыгожая дзяўчынка – прыгожая мова.

Назавіце слова.

                                                              Пішам з у, ы

                                                              Ручны, круціць,

                                                              Цукар, ружа,

                                                              … (Прыляціць).

                                                                          Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс выдзеленых галосных літар у словах вершаванага тэксту “ручны”, “круціць”, “цукар”, “ружа”, “прыляціць”.

Скорагаворка.

Жолуд упаў каля чаромухі (Аляксей Якімовіч).

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “не падаць духам, трымацца ўпэўнена, адчуваць сябе незалежна)”.

                                                               На падворку Ш..рык

                                                               Любуецца сабою.

                                                               Ніколі не здаецца,

                                                               … .                                                         

Устаўце прапушчаную літару.

Ці ёсць у словах фразеалагізма галосныя пасля зацвярдзелых зычных?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: еамырт тсовх юобурт [2, стар. 284, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Бульба ў пр(ы, і)ску, а над пр(ы, і)скам

                                   Бурна полымя гар(і, ы)ць

                                   З шумам-тр(э, е)скам, з нейкім піскам,

                                   Бы з ім хоча гавар(і, ы)ць.

                                   Той агеньчык разгар(а, я)ўся,

                                   Бойка полымя шугаў,

                                   З-пад карч(а, я)жкі выбіваўся,

                                   Тонкай стуж(я, а)чкай звіваўся

                                І паленцы ахінаў… [3, стар. 303 -- 304, “Паэмы Я. Коласа”].

 

Раскрыйце сэнс слоў “прысак”, “карчажка” (Гарачы попел; корч.)

Адказ на пытанне.        

 Што вы можаце сказаць пра напісанне галосных літар пасля зацвярдзелых зычных? 

Тэст.

Назавіце словы з двума зацвярдзелымі (рознымі) зычнымі перад галоснымі.

1. Гарачы.

2. Аблічча.

3. Рыцары.

4. Чыгунчык.

5. Чарэшня.

6. Джынсы.

7. Шустранькі.

Адказ: 1, 3, 5, 7. 

 

Выкарыстаная літаратура

                                                                                                            

1. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі. 

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.               

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, жнівень 2020 года, № 8 (226).