Поиск по этому блогу

Казкі "Ветлівыя словы"

                                                                                                            Аляксей Якімовіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

ВЕТЛІВЫЯ СЛОВЫ

 

 

Калі хочаце навучыцца правільна сябе весці і спадабацца вашым блізкім і сябрам,

прачытайце гэтыя цікавыя, займальныя гісторыі. Іх раскажуць вам героі гэтых гісторый – птушкі і звяры: Сінічка, Верабейка, Заяц, Барсук, Воўк. А яшчэ разам з героямі вы навучыцеся правільна вымаўляць скорагаворку, рыфмаваць некаторыя словы, каб потым скласці з іх сапраўдны верш.

А ці чулі вы аб прыгожых беларускіх словах і зваротах ветлівасці? Адкрывайце кнігу і чытайце іх.

Кніга адрасуецца дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

 

 

Можна выкарыстоўваць у дадзеным варыянце. 7

Выдадзена ў выдавецтве “Народная асвета”.

Якімовіч, А. М. Ветлівыя словы :  казкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту /Аляксей Якімовіч ; мастак Марына Навіцкая. – Мінск : Народная асвета, 2019. – 39 с. : іл. – (Бібліятэка Асветыка).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Чаму звяры сталі вітацца?

 

Некалі звяры не віталіся адзін з адным, сустрэўшыся, ніколі не казалі “добрый раніцы” ці “добры вечар”. І “добрай ночы” сябрам і блізкім не жадалі.

Аднаго разу прыйшоў Заяц да Воўка і прагаварыў:

-- Добры дзень вам. Ці рады вы нам?

Здзівіўся Воўк, вачыма залыпаў, не разумее, што з Зайцам сталася.

-- Я цяпер прывітаўся з табою. Нядаўна вывучыў усе словы ветлівасці, вітанні і зычэнні, -- пачаў тлумачыць Заяц.

Воўк з недаверам паглядзеў на Зайца.

-- Дзе ж ты іх вывучыў, у якой школе быў?

-- Слухаў, як людзі вітаюцца, і запісваў, а потым вучыў. Ты хіба ні разу не чуў, як людзі вітаюцца? – сказаў Заяц.

Воўк азірнуўся і прашаптаў:

-- З людзьмі я ніколі не сустракаюся. Уцякаю, убачыўшы людзей.

Заяц не стаў спрачацца з Воўкам, нешта сваё яму даказваць.

-- Кожны робіць так, як лічыць. У кожнага свой розум, -- прагаварыў.

-- Ты прыйшоў і прывітаўся са мною, -- прамовіў Воўк. -- А я што павінен быў сказаць?

-- Я быў бы не супраць, калі б ты сказаў так: калі вы нам рады, і мы вам да парады, -- усміхнуўся Заяц.

-- Калі вы нам рады, і мы вам да парады! – паўтарыў Воўк і звярнуўся да Зайца: -- А яшчэ як можна сказаць, прыйшоўшы да каго-небудзь у госці?

“Нарэшце мы зразумелі адзін аднаго”, -- падумаў Заяц і прагаварыў:

-- Як маецеся?

-- А мне што трэба сказаць у адказ? – хочацца ведаць Воўку.

-- Нічога сабе, жыву патроху. Як вы?

-- А ты што сказаў бы? – усклікнуў Воўк.

-- Маладзеем.

-- Ты сапраўды някепска выглядаеш. Мне здаецца, што памаладзеў, -- пахваліў Воўк суседа.

-- А яшчэ я мог бы сказаць так: “От, то бокам, то скокам”, -- выпаліў Заяц і пацікавіўся ў Воўка: -- Ці жывенькі, ці дужэнькі?

Разгубіўся Воўк, зноў вачыма залыпаў.

-- Не маўчы як вады ў рот набраўшы, падзякуй мне! – падказаў шэраму Заяц.

-- Дзякуем, -- прагаварыў Воўк і пачырванеў. Чамусьці няёмка яму стала.

“Засядзеўся я ў Воўка. Пара дамоў ісці”, -- падумаў Заяц і сказаў, надзеўшы шапку:

-- Бывайце здаровы, жывіце багата.

-- А я цяпер што павінен сказаць? – вырвалася ў Воўка.

-- Дзякуй табе, голубе, за добрае слова.

-- Дзякуй табе, голубе, за добрае слова! – прамовіў Воўк і ўсміхнуўся.

З таго дня разам з сябрамі – ляснымі жыхарамі -- ён запісвае і вучыць ветлівыя словы, вітанні і зычэнні. Спадабаліся яны яму.

Назавіце ветлівыя словы, вітанні і зычэнні з казкі.

 

Калі ласка, дай кілбаску

 

-- Хочаш пачуць скорагаворку? – аднойчы пацікавіўся ў Воўка Заяц.

Узрадаваўся Воўк. У той дзень ён сумаваў, не ведаў, чым яму заняцца.

-- Канешне, хачу!

-- Калі ласка, дай кілбаску, -- прамовіў Заяц.

А Воўк стаіць, вачыма лыпае, не зразумеў, што гэта скорагаворка.

-- У мяне няма кілбаскі! – нарэшце прагаварыў, шырока разявіўшы рот.

-- Калі ласка, дай кілбаску, -- паўтарыў Заяц.

Воўк аж пачырванеў ад злосці.

-- Здзекуешся з мяне, Зайчык?

-- Ты хацеў пачуць скоргаворку? – спакойна запытаўся Заяц. Воўка ён не баяўся, умеў пастаяць за сябе.

-- Дык гэта скорагаворка? – нарэшце дайшло да Воўка.

-- Скажы некалькі разоў хутка-хутка: калі ласка, дай кілбаску, -- прапанаваў Заяц.

-- Зараз скажу! Мне няцяжка! – зарагатаў Воўк. – Калі ласка, кай…

-- Не так, -- ледзь прыкметна ўсміхнуўся Заяц. --  Трэба казаць: калі ласка, дай кілбаску.

-- Калі ласка, дай каляску, -- на гэты раз сказаў Воўк. Глядзіць на Зайца, чакае, што той пахваліць яго.

-- Зноў не так, -- зазначыў Заяц і пакрочыў па сцяжынцы.

-- Куды ты? – наўздагон Зайцу гукнуў Воўк.

-- Дамоў. Капусту трэба паліць, -- кінуў на хаду Заяц. Ён спадзяваўся, што Воўк адстане ад яго.

Але не тут тое было.

-- Як трэба правільна сказаць?  -- дагнаўшы Зайца, закрычаў шэры.

-- Заўтра скажаш, павучышся. Сёння мне капусту трэба паліць, -- напомніў Заяц.

-- Не хачу “заўтра”. Сёння хачу навучыцца правільна вымаўляць, -- заявіў упарты Воўк. На Зайца коса пазірае.

-- Дык стой і вымаўляй, -- прапанаваў Заяц.

-- А я ўжо не помню тую скорагаворку, забыўся. Памяць у мяне кароткая! – бліснуў вачыма Воўк.

- Калі ласка, дай кілбаску, -- прамовіў Заяц і, паглядзеўшы на Воўка, падумаў: “Сёння ворага сабе нажыў”.

-- Калі ла… Калі ла… -- два разы паўтарыў Воўк і ў роспачы тупнуў лапай: зразумеў, што зноў вымавіў няправільна.

А Заяц павярнуўся і дамоў бягом. З таго часу з Воўкам ён не сустракаецца, здалёку яго абыходзіць.

Назавіце словы ветлівасці ў казцы.

 

Дзень нараджэння

 

Сёння ў Воўка дзень нараджэння. Ён наблізіўся да дзвярэй класа і цяжка ўздыхнуў. Неўзабаве яго сустрэнуць Заяц, Вожык, Мядзведзь, Ліс, Барсук…

Адчыніўшы дзверы, Воўк увайшоў у клас і сапраўды ўбачыў перад сабою Зайца, Вожыка, Мядзведзя, Ліса, Барсука.

-- Зараз за вушкі пацягаем імянінніка! – усклікнуў Заяц і, схапіўшы Воўка за правае вуха, моцна пацягнуў.

Воўк прыгнуўся і піскнуў, як перапалоханае птушанё. А за левае вуха Вожык узяўся, іголкамі балюча коле і гукае, бы заведзены будзільнік:

-- Віншуем з днём нараджэння, Воўчык, віншуем з днём нараджэння, Воўчык, віншуем з днём нараджэння, Воўчык!..

У Воўка на вачах выступілі буйныя слёзы. Яму хацелася выцерці іх рукавом, але сябры-аднакласнікі шчыльна яго абступілі, не дазволілі.

-- Я хачу павіншаваць Воўчыка з днём нараджэння! Дазвольце! -- быццам вялікі чмель, прагудзеў Мядзведзь і, адапхнуўшы Вожыка і Зайца, схапіў Воўка адразу за два вухі.

У Воўка перад вачыма паплылі рознакаляровыя кругі. “Я пакуль яшчэ шэры, але неўзабаве стану белым. Калі ж адпусціць мае вушы Мядзведзь?” – з горкасцю падумаў ён.

-- Віншую! – прагудзеў Мядзведзь і адступіў назад.

-- Хопіць віншаваць! Не трэба! Ужо павіншавалі,– ціха, як пакутнік, прамовіў Воўк.

-- Мы цябе яшчэ не павіншавалі! – разам гукнулі Барсук і Ліс і схапілі аднакласніка за вушы.

На гэты раз Воўк не вытрываў, гучна войкнуў.

-- Баліць? – зайшоўся ад рогату Барсук.

“Яшчэ як баліць”, -- хацеў сказаць Воўк, але яго апярэдзіў Ліс, выгукнуў:

-- Ад душы віншуем! Цярпі, імяніннік!

Празвінеў званок. Ліс і Барсук адскочылі ад Воўка і ўсклікнулі:

-- Да ўрока падрыхтуйся, імяніннік!

“Нарэшце яны адсталі ад мяне. Дзякуй званку”, -- падумаў Воўк і паплёўся да сваёй парты, непрыкметна выціраючы слёзы.

Ці ветліва сустрэлі аднакласнікі Воўка?

Як вы павіншавалі б свайго сябра з днём нараджэння?

Якое слова ветлівасці прагучала ў казцы?  

 

Вядзерца, вёсачка, вавёрачка

 

У нядзелю прыйшоў Верабейка ў госці да Сінічкі  і заявіў:

-- Некаторыя рэчы я магу паменшыць у некалькі разоў.

-- Няўжо? – вырвалася ў Сінічкі.

Верабейка хітра ўсміхнуўся.

-- Вельмі хутка, імгненна магу паменшыць.

Сінічка паказала на вядро, якое стаяла на лаўцы.

-- Нават маё вядро?

-- Паменшу, калі назаву яго вядзерцам.

Сінічка з захапленнем паглядзела на Верабейку.

-- А вёску ты можаш паменшыць?

-- Паменшу, калі вёсачкай назаву, -- паведаміў Верабейка.

-- Ці-ці-фі, -- моцна праспявала Сінічка, што на птушынай мове азначала: «Верабейка, ты вялікі малайчына".

Падахвочаны вясёлай песенькай сяброўкі, Верабейка прагаварыў:

-- Я нават вавёрку магу паменшыць.

-- Рыжую лясную гаспадыню?

-- Рыжую лясную гаспадыню, калі вавёрачкай яе назаву.

-- Ці-ці-фі! -- з пачуццём праспявала, падаравала Верабейку яшчэ адну песеньку Сінічка.

Назавіце словы з памяншальна-ласкальным значэннем у казцы. Ці можна іх ужываць як словы ветлівасці?

 

Прабачце мне

 

Стаіць на лузе Карова і ўсё рыкае:

-- Му-у-у… Му-у-у… Му-у-у…

Падляцеў да Каровы Верабейка і прагаварыў:

-- Прабачце мяне…

-- Шаноўны, ты сказаў няправільна, -- перапыніла Верабейку Карова.

Верабейка з недаўменнем паглядзеў на Карову.

-- Што я сказаў няправільна?

-- Прабачце мяне.

-- А як трэба казаць? – запытаўся Верабейка.

-- Трэба казаць “прабачце мне”, -- адзначыла Карова.

Натапырыўся Верабейка. Не спадабалася яму, што Карова заўвагу зрабіла.

-- Магчыма, мне падабаецца казаць “прабачце мяне”.

-- Шаноўны, трэба вучыцца гаварыць правільна, -- з дакорам паківала галавою Карова.

-- Прабачце мне. Я буду вучыцца гаварыць правільна, -- паабяцаў Карове Верабейка.

-- Ты хацеў задаць мне нейкае пытанне? – пацікавілася Карова.

-- Я даўно чую ваша рыканне. Напэўна, вы кагосьці клікаеце? – запытаўся ў Каровы Верабейка.

Карова зноў з дакорам паківала галавою.

-- Трэба казаць “клічаце”.

-- Прабачце мне, -- прашаптаў Верабейка. Няёмка яму стала.

-- Клічу сваё цялё. Кудысьці пабегла яно, -- паведаміла Карова.

-- Ваша цялё, відаць, непаслухмянае, -- выказаў здагадку Верабейка.

Карова цяжка ўздыхнула.

-- Бывае непаслухмянае. Маленькае яно, шмат чаго не разумее.

-- Давайце разам паклічам ваша цялё, -- прапанаваў Карове Верабейка.

-- А яно ўжо бяжыць да мяне, спяшаецца! – усклікнула Карова.

Верабейка ўзляцеў і ўбачыў за кусцікам маленькае непаслухмянае пярэстае цялё. Высока паднімаючы ножкі, яно бегла, спяшалася да мамы.

Назавіце словы ветлівасці ў казцы.

 

Па дарозе дамоў

 

-- Ідзе па сцяжынцы Верабейка і на ўвесь голас спявае:

-- Оў-оў-оў – крочу я дамоў!

Падляцела да яго Сінічка і запыталася:

-- Чаго так раскрычаўся, сусед?

-- Трэніруюся, -- адказаў Верабейка і зноў зацягнуў:  -- Аў-аў-аў – я крышачку паспаў!

-- Я ведаю, чаму ты трэніруешся, -- сказала Сінічка.

Верабейка спыніўся і запытаўся:

-- Чаму?

-- Каб навучыцца як след вымаўляць гук [ў].

-- Так, -- пацвердзіў Верабейка і заспяваў:  -- Еў-еў-еў – цукерачку я з’еў!

 Пачуўшы пра цукерачку, Сінічка ўсклікнула:

-- Усю цукерачку з’еў?

-- Усю, -- прызнаўся Верабейка.

-- З’еў, а мне не пакінуў? – зірнуўшы на Верабейку, заморгала вочкамі Сінічка. Вось-вось заплача, горкімі слёзкамі зальецца.

-- Пакінуў, -- усміхнуўся суседцы Верабейка. – У мяне былі дзве цукерачкі.

-- Няўжо? -- не паверыла Сінічка.

Верабейка дастаў з кішэні і працягнуў Сінічцы цукерку ў прыгожай блішчастай абгортцы.

-- Частуйся, калі ласка.

Сінічка ўзяла ў Верабейкі цукерку і ціха прамовіла:

-- Дзякуй, Верабейка.

-- Оў-оў-оў! – сяброўку я знайшоў! – весела заспяваў Верабейка.

Якія словы ветлівасці выкарысталі Верабейка і Сінічка, каб памірыцца?

 

Гуляць, спяваць, сябраваць

 

-- Ты зможаш адгадаць літару па яе прыметах? – неяк пацікавіўся ў Сінічкі Верабейка.

-- Гэтая літара злачынец? – вырвалася ў Сінічкі. Аднаго разу яна бачыла на дошцы аб’яў фотаздымкі злачынцаў. Пасля гэтага ўсю ноч не магла заснуць.

-- Літары не бываюць злачынцамі, -- супакоіў сяброўку Верабейка. – Яны жывуць дружнай сям’ёй. Алфавітам называецца іх сям’я.

-- Некаторыя гэтую сям’ю называюць азбукай, -- вырашыла ўдакладніць Сінічка.

-- Так, -- пагадзіўся Верабейка і зноў запытаўся: -- Ты зможаш адгадаць літару па яе прыметах?

-- Паспрабую, -- усміхнулася Сінічка.

-- У гэтай літары ёсць ножка і галоўка, -- пачаў Верабейка.

-- Разумная галоўка? – перапыніла суседа дапытлівая Сінічка.

-- Думаю, што разумная, -- пачулася ў адказ.

-- У гэтай літары галоўка справа ці злева? – прамовіла Сінічка.

-- Справа, -- сказаў Верабейка.

– Я здагадалася! – усклікнула Сінічка. – Гэтая літара называецца мяккі знак.

-- Малайчына! – пахваліў здагадлівую Сінічку Верабейка. – Магчыма, ты ведаеш словы – звароты ветлівасці з мяккім знакам?

-- Ведаю, -- сказала Сінічка. – Прыходзьце да нас часцей. Будзем вас чакаць.

-- А яшчэ ёсць такі зварот – будзьце ласкавы, -- заўважыў Верабейка.

-- Мне вельмі падабаюцца гэтыя звароты, -- сказала Сінічка і прыязна ўсміхнулася Верабейку.

Назавіце прывітанне, у слове якога на канцы пішацца літара мяккі знак. (Добры дзень, дзень добры.)

 

Чаму пакрыўдзіўся?

 

Прыйшоў Барсук да Лісы ў госці, чакае, калі запросіць яго сесці. А яна стаіць і ўсміхаецца яму як самаму роднаму.

“Госць лавы не праседзіць”, -- падумаў Барсук і на канапу хацеў прымасціцца, на самы краёчак.

-- Не садзіся на канапу. Канапа новая, толькі што купіла яе! – затрэслася Ліса.

“Доўга я сюды дабіраўся. Не ведае кума, што  ногі мае забалелі”, -- падумаў Барсук і вырашыў на крэсла сесці, адпачыць.

Падскочыла да яго Ліса.

-- Не садзіся на крэсла! Разваліцца!

“Не разваліцца, вытрымае мяне”, -- хацеў сказаць Барсук, ужо рот адкрыў. Але апярэдзіла яго рыжая.

-- Ведаю, што разваліцца! Вельмі цяжкі ты!

“Я няцяжкі. Ёсць цяжэйшыя, Мядзведзь, напрыклад” – падумаў Барсук і стаў набліжацца да табурэткі, якая стаяла ў куце.

-- Расклейваецца табурэтка! – гукнула Ліса і прыўзняла табурэтку. --  Для прыгажосці стаіць!

“Няўжо яна і мяне ў сваю хату для прыгажосці запрасіла?” -- падумаў Барсук і скрывіўся.

-- Што з табою, шаноўны? Можа, захварэў ты? – занепакоілася Ліса.

-- Здаровы я, -- быццам вожык, чмыхнуў Барсук і накіраваўся ў дзверы.

Устрапянулася рыжая.

-- Ужо пойдзеш?

-- Пайду, -- прамовіў Барсук. “На вуліцы каля плота лаўка стаіць. Неўзабаве сяду на лаўку і нарэшце ўздыхне з палёгкаю”, -- падумаў ён.

-- Ты ж абяцаў, што раскажаш мне, як звяры ў вашым ляску жывуць. Апошнія навіны так хацела паслухаць! -- пратарахцела Ліса.

-- Потым раскажу, -- паабяцаў Барсук і адчыніў дзверы. “Болей не ўбачыш ты мяне тут”, -- падумаў пра сябе.

-- Шаноўны, ты пакрыўдзіўся? – здзівілася Ліса.

Прамаўчаў Барсук, на двор выскачыў.

А Ліса стаіць і лапамі разводзіць, не разумее, чаму пакрыўдзіўся Барсук.

У чым праявілася няветлівасць Лісы?

 

Чаму разгубіўся Верабейка?

 

Аднаго разу пацікавіўся Верабейка ў Сарокі:

-- Праўда, што ёсць словы ветлівасці?

-- Ёсць, -- пацвердзіла Сарока.

-- Ты мне іх назаві, а я вывучу, -- папрасіў Верабейка.

-- Няма калі. Са сваякамі трэба сустрэцца, -- адказала Сарока. -- Я словы ветлівасці на лісток паперы напішу, а ты потым сам вывучыш.

Але Сарока адну літару не ведала, таму вось як запісала ветлівыя словы: добра раніцы; наведвацеся часце; бываце здаровы; усяго налепшага; да скора сустрэчы; добра ночы; скора папраўкі; даруце, калі ласка; не крыўдуце.

Сарока паляцела, а Верабейка словы ветлівасці стаў вучыць. Усе-ўсе вывучыў, да адзінага, так, як было напісана.

Выйшаў на двор, Варону сустрэў.

-- Добра раніцы, цётка Варона, -- прывітаўся.

Зірнула на яго Варона, павярнулася і ў лес паляцела.

“Чаму яна мне не адказала?” – падумаў Верабейка і далей пайшоў. Бачыць: Сінічка ляціць.

-- Куды ляціш, Сінічка? -- пацікавіўся.

-- Сябры чакаюць. У суседні лес на экскурсію хочам злятаць, -- паведаміла Сінічка.

-- Да скора сустрэчы. Усяго налепшага, -- пажадаў Верабейка.

Сінічка са здзіўленнем паглядзела на яго, пакруціла дзюбай і паляцела далей.

"Нібы на дзівака, глядзелі на мяне Варона і Сінічка", -- падумаў Верабейка і далей паскакаў. А насустрач Шпак цягнецца, кульгае.

-- Дзядзька Шпак, вам лапка баліць? -- вырашыў паспачуваць Верабейка.

-- Яшчэ як баліць! -- уздыхнуў Шпак.

-- Вы не бядуйце. Перастане.

-- У бальніцу іду, -- сказаў Шпак. -- У бальніцы мне лапку абавязкова вылечаць.

-- Скора папраўкі, -- пажадаў Верабейка.

А Шпак чамусьці злосна прагаварыў:

-- Знайшоўся суцяшальнік!

-- Не крыўдуце, -- збянтэжыўся Верабейка.

-- Смяешся? -- натапырыў пер'е Шпак.

-- Даруце, калі ласка, -- ледзь чутна прамовіў Верабейка.

Шпак штосьці буркнуў у адказ і як мага хутчэй пайшоў па сцяжынцы.

Разгубіўся Верабейка, не ведае, чаму не разумеюць птушкі ягоных слоў ветлівасці.

А ўсё таму, што Сарока адну літару не ведала.

Якую літару не ведала Сарока?

 

Згубіла

 

Аднаго разу Верабейка і Сінічка прыляцелі на сунічную палянку. Вакол суніцы чырванеюць, на сонцы пераліваюцца.

-- Сёння наямося спелых ягад! – акінуўшы позіркам палянку, адзначыў Верабейка.

Раптам каля елачкі, якая расла непадалёку, пачуўся гучны плач.

-- Хтосьці плача! – устрапянулася Сінічка. – Мабыць, у бяду трапіў.

-- Мабыць! – кіўнуў цёмна-шэрай галавой Верабейка.

Сінічка і Верабейка наблізіліся да елачкі і ўбачылі слова “ласка”. Яно сядзела пад елачкай і горка плакала.

-- Ты чаму плачаш? – пацікавіўся ў слова Верабейка.

Слова “ласка” рукавом выцерла слёзкі, якія бесперапынным ручайком цяклі па пульхненькіх шчочках.

-- Я згубіла іншае слова,  якое заўжды стаяла побач са мною. І цяпер мне горка-горка!

-- Ты, напэўна, згубіла слова “качаняты”, -- выказаў здагадку Верабейка. Чаму так? Нядаўна ён бачыў качанят. У азярцы яны купаліся.

Слова “ласка”  скрывілася. Вось-вось зноў заплача.

-- Качаняты – гэта дзеткі качкі, -- стаў тлумачыць слову Верабейка.

-- І ў качара ёсць дзеткі, качаняты, -- уступіла ў размову Сінічка.

-- Не гэтае слова стаяла побач са мною! – усклікнула слова “ласка”.

-- Можа, яно пачынаецца з гука [к]? – сказала Сінічка.

-- Сапраўды, яно пачынаецца з гука [к] і называецца “калі”! – гукнула  слова і выскачыла з-пад елачкі.

Назавіце зварот ветлівасці са словам “ласка”.

  Складзіце сказы са зваротам “калі ласка”.

 

Ружовы кактус

 

У нядзелю раніцай у кватэры Зайца зазваніў тэлефон.

Заяц падняў тэлефонную трубку і пачуў знаёмы голас Воўка:

-- Братка, я табе хачу падарыць свой ружовы кактус.

-- Проста так? – не паверыў Заяц.

-- Проста так. Ты ж даўно хацеў купіць ружовы кактус.

Заяц на хвілінку заплюшчыў вочы. Так, ён вельмі хацеў купіць ружовы кактус, але ні ў адным лясным магазіне яго не знайшоў. Няўжо збываецца мара?

-- Братка, -- зноў пачуўся голас Воўка, -- у мяне два ружовыя кактусы. Адзін падару табе, а другі ў мяне застанецца, будзе цешыць.

-- Дзякуй, сусед! – вырвалася ў Зайца.

-- Няма за што дзякаваць. Лічы, што кактус ужо на тваім стале стаіць, твой ён. Прынясу праз гадзінку. Чакай! – сказаў Воўк.

“Кактус ужо мой! Як добра, што збываецца запаветная мара! Як добра, што ёсць такія суседзі, як Воўк!” – падумаў Заяц. Ён паклаў тэлефонную трубку, выйшаў на двор і ціха заспяваў, радуючыся нечаканаму шчасцю:

А ты, коцік шэранькі,

                                                   Твой хвасточак беленькі.

                                                   Ходзіць кіска ля лаўкі,

                                                   Водзіць кошку за лапкі.

                                                                       З народнага.

На вуліцы паказаўся Ліс.

-- Добры дзень, Заяц, -- прывітаўся ён.

-- У мяне сёння сапраўды добры дзень. Воўк падарыў мне ружовы кактус, -- паведаміў Заяц. – Зайдзі праз гадзінку. Пасядзім, палюбуемся на яго.

-- Абавязкова зайду¸-- паабяцаў Ліс і пакрочыў далей. Што ж, дзень на дварэ. Кожны сваімі справамі заняты.

-- Добры дзень, Заяц! – пачулася непадалёку.

Заяц азірнуўся і ўбачыў Барсука.

-- У мяне сёння сапраўды добры дзень. Воўк падарыў мне ружовы кактус, -- паведаміў Барсуку Заяц. – Зайдзі праз гадзінку. Пасядзім, палюбуемся на яго.

-- Абавязкова зайду, -- паабяцаў Барсук і пайшоў далей.

Заяц крыху пастаяў, падзівіўся і накіраваўся ў дом. Сёння госці збяруцца ў яго. Чаем і пячэннем іх трэба пачаставаць. Ёсць пячэнне, учора ў магазіне купіў. А яшчэ мармелад. Няхай госці глядзяць на кактус і ласуюцца.

“Можа, яшчэ да Мядзведзя патэлефанаваць, запрасіць у госці? Жаданы госць лавы не праседзіць”, -- падумаў Заяц і наблізіўся да тэлефона.

У гэты момант гучна зазваніў тэлефон.

Заяц падняў тэлефонную трубку і гукнуў:

-- Ало!

-- Братка… -- данёсся з тэлефона знаёмы голас Воўка.

“Ужо ідзеш?” – хацеў гукнуць Заяц, але Воўк апярэдзіў яго:

-- Братка, я не змагу падарыць табе ружовы кактус!

“Чаму?” – хацеў запытацца Заяц, але не змог. Язык у роце быццам колам стаў.

-- Не змагу! Пару не хочацца разбіваць! Разумееш?

Заяц паклаў тэлефонную трубку, зірнуў на стол і прашаптаў:

-- Сёння да мяне прыйдуць госці, каб палюбавацца на ружовы кактус!

Назавіце ў казцы словы ветлівасці.

 

Прапанова назоўніка

 

Неяк сустрэліся назоўнікі і пачалі скардзіцца.

-- Мама папрасіла хлапчука Міхася, каб падабраў да мяне іншае слова. Дык ён напісаў “паважаная дачушка”. Цяпер на мяне звяры глядзяць і дзівяцца.  Яны не разумеюць, што са мною адбываецца, – паскардзіўся назоўнік “дачушка”.

-- А побач са мною ўчора хлопчык Міхась напісаў слова “маленькая”, -- сказаў назоўнік “настаўніца”.

-- А побач са мною, як цень, слова “тоўсты”. Таксама Міхась напісаў, -- азваўся назоўнік “муравей”. – Іншае слова паленаваўся падабраць.

-- А да мяне дзякуючы Міхасю прычапілася слова “працавіты”, -- з крыўдай прагаварыў назоўнік “сшытак”.

-- Што будзем рабіць? – падаў голас назоўнік “дачушка”.

-- Не ведаю, -- цяжка ўздыхнуў назоўнік “муравей”.

-- Я таксама не ведаю, -- прамовіў назоўнік “сшытак”.

-- Можа, да хлапчукоў і дзяўчынак звернемся? Можа, яны нам дапамогуць? – выказаў прапанову назоўнік Дзяўчынка.

Падбярыце патрэбныя словы да назоўнікаў “дачушка”, “настаўніца”, “муравей”, “сшытак”. Які з іх мае памяншальна-ласкальнае значэнне?

 

Рыбка і скарб

 

Неяк зайцы Белячок і Шарачок сядзелі на пагорачку каля возера.

-- Вось каб цяпер з вады паказалася рыбка! -- распачаў гаворку Шарачок.

-- Някепска было б, калі б вынырнула залатая рыбка! -- пагадзіўся Белячок.

Шарачок прыўстаў і паглядзеў на возера.

-- Каб паказалася з вады залатая рыбка і выштурхнула скарб!

-- Які скарб? -- запытаўся Белячок.

-- Багаты скарб! -- адказаў Шарачок.

-- Залатая рыбка толькі ў казках бывае! -- уздыхнуў Белячок. "Не збудзецца наша жаданне, не ўбачым мы сёння залатую рыбку", -- падумаў ён.

-- А ты ведаеш, што ў словах "скарб", "рыбка" пішацца літара "б"? -- перавёў гаворку на іншае Шарачок. Ён нядаўна вывучыў правіла "Правапіс звонкіх і глухіх".

-- Мне здавалася, што ў словах "скарб" і "рыбка" пішацца літара "п", -- адказаў Белячок.

-- Літара "б"! -- упэўнена прагаварыў Шарачок.

-- Чаму "б", а не "п"? -- запытаўся Белячок.

-- Ты не ведаеш? -- здзівіўся Шарачок.

-- Ведаў, але забыўся, -- прызнаўся Белячок.

-- Каб не памыліцца ў гэтым напісанні, трэба ведаць, як абазначыць на пісьме звонкія і глухія зычныя гукі, -- сказаў Шарачок.

-- Як? -- усё дапытваецца Белячок.

-- Трэба змяніць слова ці падабраць праверачнае так, каб гэты гук знаходзіўся перад галосным, -- сказаў Шарачок.

-- Цікава! -- у задуменні прагаварыў Белячок. 

-- Паспрабуй змяніць слова "рыбка", і адразу пачуеш, што пішацца пасля "ы", -- прапанаваў Шарачок.

-- Рыба, рыбачка, -- стаў змяняць слова "рыбка" Белячок і, прыжмурыўшы вочы, замурлыкаў, як кот. Не так даўно ён гэтаму навучыўся.

Да слоў “дуб”, “плуг”, “лёд”, “дождж”, “воз”, “горад”, “мароз”, “парог” падбярыце словы з памяншальна-ласкальным значэннем.

 

"Лішняе" слова

 

Сядзіць на бярозавым пяньку заяц Белячок і ўздыхае.

-- Што здарылася, сусед? -- пацікавіўся ў яго заяц Шарачок.

Белячок дастаў з кішэні ліст паперы, разгарнуў яго і паказаў Шарачку.

-- Вожык нядаўна пісьмо прыслаў, просіць, каб сярод напісаных ім слоў знайшоў "лішнія".

-- Добрай раніцы, добры дзень, дзень добры, прывітанне, добры вечар, добра паспаў, добрай ночы, -- прачытаў Шарачок і падумаў: “Цяжкае заданне даў Белячку Вожык.

-- Можа, тут няма "лішніх" слоў? Можа, дзеля смеху Вожык даў мне такое заданне?-- выказаў здагадку Белячок.

-- Ёсць тут "лішнія" словы. Ёсць! -- упэўнена прагаварыў Шарачок. -- Яны перадапошнія.

-- Чаму гэтыя словы “лішнія”? -- вырвалася ў Белячка.

-- Добрай раніцы, добры дзень, дзень добры, прывітанне, добры вечар, добрай ночы, – гэта словы ветлівасці, -- сказаў Шарачок.

-- А словы “добра паспаў” словамі ветлівасці не з’яўляюцца! -- усклікнуў Белячок.

Замяніце два словы ветлівасці “добрай ночы” адным словам. (Дабранач.)

 

Радулечка

 

-- Радулечка! – сустрэўшы Воўка, усклікнуў Заяц.

Ускіпеў Воўк. Не спадабалася яму, што Заяц Радулечкам яго назваў.

-- Новую мянушку мне прыдумаў? Цяпер кожны дзень будзеш хадзіць і абзывацца? – закрычаў.

Зайцу стала не па сабе. “Зараз Воўк за вушы мяне возьме, наплачуся я”, -- падумаў ён і сказаў:

-- Я цяпер да цябе ласкава звярнуўся. А ты!...

-- Лічыш, што не зразумеў я цябе? – насупіўся Воўк.

“Пранеслася бура, толькі самым краем мяне зачапіла”, -- падумаў Заяц і стаў тлумачыць Воўку:

-- Слова “радулечка” ласкавае.

-- Ты хочаш мне сказаць, што ёсць ласкавыя словы? – ухмыльнуўся Воўк. Не паверыў ён суседу.

-- Ёсць, -- кіўнуў галавою Заяц. – Напрыклад, саколік.

-- І мяне ты саколікам можаш назваць? – ледзь прыкметна ўсміхнуўся Воўк.

-- Магу, калі не будзеш злавацца. Не толькі саколікам, але і сонейкам альбо каласком, -- паведаміў Заяц.

Воўк стукнуў сабе лапай у грудзі.

-- А я ўжо не злуюся. Добры настрой з’явіўся ў мяне.

-- У мяне таксама з’явіўся добры настрой! – пажвавеў Заяц і назваў Воўка ласкавым словам: -- Галубчык!

-- Шчаслівай дарогі табе, Зайка, --- пажадаў Воўк.

Пакрочыў Заяц, задаволены. А Воўк паглядзеў услед Зайцу і падумаў:  “Не ведаў я, што ёсць такія словы, якія настрой падымаюць, радасцю напаўняюць”.

Назавіце словы, якія падымаюць настрой.

 

Пажаданні

 

Сядзіць Заяц на пяньку і ўсё паўтарае:

-- На ката растушкі! На ката растушкі! На ката растушкі!..

-- Добры дзень, Зайчык! – выйшаўшы з-за елачкі, прывітаўся Воўк.

Заяц прыўзняў саламяны капялюш і адказаў:

-- Добры дзень, Воўчык.

-- Нейкія словы, як заклінанне, ты ўсё паўтараеш. Можа, непрыемнасць цябе напаткала? – пачаў размову Воўк. Ён сябраваў з Зайцам, не раз і не два дапамагаў яму ў цяжкую хвіліну. Аднаго разу нават ад сабак уратаваў, калі тыя, раз’юшыўшыся, на яго напалі.

-- Цудоўны настрой у мяне. Нядаўна з катом сустрэўся. Добра пагаварылі, шмат чаго ўспомнілі. Развітваючыся, растушак яму пажадаў, -- сказаў Заяц.

-- Чаго? – разявіў рот Воўк. Першы раз пачуў ён такое слова – растушкі.

-- Пажадаў, каб рос ён, -- растлумачыў Заяц сябру.

“Зайчык, відаць, шмат пажаданняў ведае. Магчыма, кнігу пажаданняў нядаўна прачытаў”, -- падумаў Воўк і пацікавіўся:

-- А мне ты не мог бы што-небудзь добрае пажадаць?

Заяц устаў з пянька і ўважліва паглядзеў на Воўка. З такой просьбай да яго яшчэ ніхто не звяртаўся.

-- За цэлы тыдзень мне ніхто ніводнага добрага слова не сказаў, -- паскардзіўся Воўк і скрывіўся.

“Ён зараз заплача і пойдзе пакрыўджаны”, -- падумаў Заяц і прагаварыў:

-- Калі пажадаю пацягушак, то, напэўна, не спадабаецца табе.

-- Канешне, не спадабаецца! – закрычаў Воўк. – Я не хачу цэлы дзень хадзіць як сонны!

-- Вялікі расці, Воўчык, добра гадуйся, -- пажадаў Заяц.

Заўсміхаўся Воўк. Спадабалася яму гэтае пажаданне.

А Заяц далей жадае, кажа як па-пісанаму:

-- Будзь крэпенькі.

-- Дзякуй табе, Зайчык! – гукнуў Воўк і пабег, задаволены.

-- Сакалінага лёту! – на развітанне пажадаў Воўку Заяц.

Якія добрыя пажаданні вы ведаеце?

 

Словы ветлівасці

 

Выйшаў на вуліцу заяц Шарачок і бачыць: мядзведзь па вуліцы цягнецца галаву апусціўшы.

-- Што здарылася, Міхась? -- пацікавіўся Шарачок. Ён адразу здагадаўся, што ў мядзведзя непрыемнасці.

-- Звяры на палянцы цешацца, гуляюць, а мяне да сябе не бяруць. Кажуць, што перашкаджаю ім. Горка мне! -- паскардзіўся мядзведзь.

"Штосьці тут не так. У нашым ляску звяры дружныя, зычлівыя",-- падумаў Шарачок і зноў пацікавіўся:

-- Можа, ты правілаў гульні не ведаеш?

-- Слоў ветлівасці не ведаю.

Цяпер зайцу ўсё стала зразумела. Нядаўна іх звяры прыдумалі гульню, якая называецца "Словы ветлівасці". У час гульні такія словы трэба называць.

-- І заяц Белячок, і Ліс, і Воўк, і Вавёрка гуляюць, а я на вуліцы стаю, -- прамовіў мядзведзь.

-- Чаму не вывучыў словы ветлівасці? Паленаваўся, напэўна! -- паўшчуваў Шарачок.

-- Вывучыў бы, калі б былі ў мяне, -- агрызнуўся мядзведзь.

-- У мяне ёсць словы ветлівасці, на лістку запісаныя, -- паведаміў заяц.

-- Дай пачытаць! -- усклікнуў Міхась. Глядзіць на Шарачка як на добрага чараўніка.

Шарачок дастаў з кішэні аркуш паперы і разгарнуў перад мядзведзем.

-- Чытай і запамінай, Міхась.

Мядзведзь набраў у грудзі паветра, затым выдыхнуў яго і стаў чытаць:

-- Добрай раніцы! Прывітанне!

Ляцеў маленькі Верабей. Пачуў, як мядзведзь чытае. Сеў на плот, галавой ківае, словы ветлівасці запамінае.

-- Добры дзень! Дзень добры! -- прачытаў Міхась і ўсміхнуўся Шарачку. -- І так, і так можна казаць?

-- Можна, -- кіўнуў галавою Шарачок. -- Ад перастаноўкі гэтых двух слоў іх сэнс не змяняецца.

-- Добры вечар! Дабранач! Прыходзьце да нас часцей! -- прачытаў Міхась і пазяхнуў.

-- Цяжка, надакучыла чытаць? -- запытаўся Шарачок.

-- Язык можна зламаць, -- адказаў мядзведзь.

"Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- накрычаў, насварыўся на Міхася Верабей.

Міхась скоса паглядзеў на Вераб'я і прачытаў:

-- Дзякуй за ўсё! Як жывяце? Як здароўе? Як сябе адчуваеце? Усяго добрага!

-- Можа, крыху на лаўцы пасядзіш, адпачнеш? -- прапанаваў мядзведзю Шарачок.

"Пакуль я буду адпачываць, заяц Белячок, Ліс, Воўк і Вавёрка гульню закончаць", -- падумаў Міхась і, паглядзеўшы на аркуш паперы, гучна прагаварыў:

-- Бывайце здаровы! Заставайцеся здаровы! Шчасліва! Будзем вас чакаць!

-- Вось і ўсё. Закончыўся наш урок, -- паведаміў заяц.

-- Дзякуй табе, Шарачок! -- гукнуў мядзведзь і пабег на палянку.

"Джыу-джыу, джыу-джыу…" -- прашчабятаў Верабей і паляцеў услед за мядзведзем.

Якія словы ветлівасці, выкарыстаныя ў казцы, вы запомнілі?

 

Ветлівы слоўнічак

 

Словы прывітання

 

Добрай раніцы!

Добры дзень! Дзень добры!

Добры вечар!

Добрай ночы! Дабранач!

Прывітанне!

 

Словы ўдзячнасці

 

Дзякуй!

Шчыра дзякую!

Шчыра дзякую за дапамогу!

Удзячны Вам!

Прыміце маю падзяку!

 

Словы прабачэння

 

Даруйце, калі ласка!

Не крыўдуйце!

Прабачце мне!

Выбачайце!

 

Словы просьбы

 

Калі ласка!

Частуйцеся, калі ласка!

Спажывайце на здароўе!

Будзьце ласкавы!

 

Словы развітання

 

Бывайце здаровы!

Да скорай сустрэчы!

Усяго добрага!

Шчасліва!

Будзем вас чакаць!

Да спаткання!

 

Словы пажадання

 

Моцнага здароўя!

Скорай папраўкі!

Добрага настрою!

Вялікі расці! Добра гадуйся!

Будзь крэпенькі!

Сакалінага лёту!

Усяго найлепшага!

 

Словы спачування

 

Як маецеся?

Ці жывенькі, ці дужэнькі?

Трымайцеся!

 

Словы-звароты

 

Шаноўны!

Паважаны!

Мама! Матуля!

Сябар! Дружа!

 

Змест

 

Чаму звяры сталі вітацца?

Калі ласка, дай кілбаску

Дзень нараджэння

Вядзёрка, вёсачка, вавёрачка

Прабачце мне

Па дарозе дамоў

Гуляць, спяваць, сябраваць

Чаму пакрыўдзіўся?

Чаму разгубіўся Верабейка?

Згубіла

Ружовы кактус

Прапанова назоўніка

Рыбка і скарб

 “Лішняе” слова

Радулечка

Пажаданні

Словы ветлівасці

Ветлівы слоўнічак