Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: правапіс канчаткаў назоўнікаў першага скланення ў множным ліку

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ   

 

Тэма: правапіс канчаткаў назоўнікаў першага скланення ў множным ліку.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                   Лета, працавіты,

                                                   Добры, вішнёвы --

                                                   Гэта словы нашай мовы.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Успомнім! Да першага скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з канчаткамі –а, -я ў назоўным склоне [6, стар. 166, “Беларуская мова”].

 Напрыклад: праца, зямля. 

Ствараем праблемную сітуацыю.                  

Як  пішам: лекцыя лекцый ці лекцыяў, вёскавёсак ці вёскаў (1)

Як  пішам: пушчапушчаў ці пушч, лазнялазняў ці лазень? (2)

Як  пішам: сястрасёстраў ці сясцёр, яблыня --  яблыняў ці яблынь? (3)

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! У родным склоне множнага ліку назоўнікі першага скланення маюць нулявы канчатак і канчаткі аў, -яў.

1. Канчаткі аў, -яў звычайна маюць назоўнікі, аснова якіх канчаецца збегам зычных.

2. Некаторыя назоўнікі могуць ужывацца з нулявым канчаткам і з канчаткам аў ці -яў.

3. Нулявы канчатак маюць усе назоўнікі, якія канчаюцца на ія, -ыя, усе назоўнікі з асновай на [к] і некаторыя назоўнікі, аснова якіх канчаецца адным зычным  [4, стар. 239, “Беларуская мова”].

(Пушчаў, лазняў. Сёстраў, сясцёр, яблынь, яблыняў. Лекцый, вёсак.)

Дапоўніце гэтыя азначэнні адпаведнымі прыкладамі з задання “Ствараем праблемную сітуацыю”.

Назавіце слова.

                                                             Маюць нулявы канчатак

                                                             Словы “ліній”, “жанчын”,

                                                             “Сябровак”, “акацый”,

                                                             “Шын”, … (“машын”).

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Растлумачце правапіс канчаткаў у словах вершаванага тэксту “ліній”, “жанчын”, “сябровак”, “акацый”, “шын”, “машын”.

Для даведкі: акацыя -- дрэва або куст сямейства мімозавых з размешчанымі папарна дробнымі лістамі і гронкамі белых або жоўтых духмяных кветак [1, стар. 15, “Слоўнік іншамоўных слоў”].

Працуем са спалучэннямі слоў.

Са словам “кузня” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Для даведкі: вясковая кузня – кузня кадраў.

Слова “кузня” пастаўце ў форме роднага склону множнага ліку. (Кузняў.)

Адзначаем! Калі назоўнікі на –ня ў родным склоне множнага ліку ўжываюцца з нулявым канчаткам, то на канцы пішацца мяккі знак [4, стар. 239, “Беларуская мова”].

Напрыклад: глыбіня – з глыбінь.

                [5, стар. 103, “Беларуская мова”]  

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Каля, сябры, чарэшань, сустрэліся. (Сябры сустрэліся каля чарэшань.)   

Растлумачце правапіс выдзеленага  слова. Ці можа яно ўжывацца ў  дзвюх формах: чарэшань і чарэшняў?

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні літар аў, яў, потым напішыце беларускае слова “лісічка” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                       Шмат дарог

                                                       Шмат сцяжынак,

                                                       Утрох.

                                                       Абышлі яны

Адказ: 1 – 2, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 3.

Знайдзіце ў вершы словы з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце іх напісанне.

Скорагаворка.

Каля горных вяршынь мала кнігарань (Аляксей Якімовіч).   

Якая арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае ”ўзбударажыць, прымусіць актыўна дзейнічаць”.

                                                     Расплакаўся Янка,

                                                     Не ўстае з падлогі.

                                                     Захацеў, напэўна,

                                                     … … … … .

Назавіце назоўнікі першага скланення ў вершаваным тэксце. Пастаўце іх у форме роднага склону множнага ліку і растлумачце правапіс канчаткаў.

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: хісу ьцяндап ан ігон [2, стар. 229, “Фразеалагічны слоўнік”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                     І снуецца думка тая,

                                                     Каб паш(і, ы)рыць свой прастор;

                                                     Думка ўсюды залятае:

                                                     За сяло, за хвалі гор

                                                     І на хмаркі кіне вока,

                                                     Што, як гусанькі, плылі,

                                                     Запытае, як далёка

                                                     Тое сонца ад з(е, я)млі [3, стар. 272, “Паэмы Я. Коласа”].

Раскрыйце сэнс слова “снуецца”. (Не адпускае, не пакідае, трывожыць.)

Растлумачце правапіс выдзеленага слова.    

Пастаўце ў форме роднага склону множнага ліку назоўнікі першага скланення, што ўжываюцца ў вершаваным тэксце. Праскланяйце іх.

Раскрыйце сэнс фразеалагізма “кіне вока”. (Паглядзіць.)

Адказы на пытанні.

 Якія канчаткі маюць назоўнікі першага скланення ў родным склоне множнага ліку?

Ці могуць некаторыя назоўнікі першага скланення множнага ліку ў родным склоне мець дзве формы?

Тэст.

Назавіце назоўнікі, якія ў родным склоне множнага ліку напісаны правільна.

1) Сосен;

2) песень;

3) бяроз;

4) бярозаў;

5) бабулек;

6) бабулькаў;

7) соснаў.

Адказ: 1, 2, 3, 5, 7.

                                                                                                            

Выкарыстаная літаратура

 

1. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

2. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.                 

4. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

5. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч. / Г. М. Валочка [і інш]. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. --  240 с.

6. Шэўчык, Н. І., Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар. асвета, 1977. --  240 с. : іл.  

 

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, май 2021 года, № 5.