Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Малпы"

 

Быў выпадак

 

Малпы

 

Разнастайны і незвычайны жывёльны свет.

Так, вельмі цікава паводзяць сябе многія малпы ў паўсядзённым жыцці і розных крытычных сітуацыях.

Капуцыны, напрыклад, здабываючы ежу, выкарыстоўваюць такія прылады працы, як кіі ці каменні. Назіраючы за іх жыццём, можна заўважыць, што з дапамогай спецыяльна падабранага кія яны са шчыліны выганяюць яшчарак, каб потым напасці на іх. Круглым каменем капуцыны разбіваюць цвёрдыя арэхі, паклаўшы іх на плоскі камень. Вучоныя мяркуюць: гэтаму яны навучыліся тры тысячы гадоў таму, што і дапамагло ім выжыць у самых неспрыяльных умовах. 

Жоўтыя павіяны ніколі не пакідаюць сваіх суродзічаў у бядзе. Быў такі выпадак. На аднаго жоўтага павіяна напаў леапард. Той вырваўся ад пятністага драпежніка і схаваўся на высокім дрэве. Леапард усё-такі знайшоў яго там, залез на дрэва. Тады на дапамогу няшчаснаму прыбеглі іншыя члены яго сям’і. Яны ўскарабкаліся на дрэва, сталі крычаць, адганяючы леапарда. У гэты час паранены жоўты павіян саскочыў на зямлю. Леапард пабаяўся там нападаць на яго, адступіў.

А макакам часта хітрыка дапамагае здабываць ежу. Яны не заўсёды могуць знайсці на дрэве смачныя плады. Таму, набраўшыся цярпення, чакаюць, калі іх знойдзе вавёрка. І, дачакаўшыся, адганяюць яе. Калі ж яна не адступаецца, скідаюць плады на зямлю, дзе і ядуць іх разам з суродзічамі.

На востраве Мадагаскар жывуць лямуры. Яны з дапамогай лекаў праганяюць кляшчоў, якіх нямала ў джунглях. Лямуры злізваюць з дрэў мураўіную кіслату і, размяшаўшы яе са слінай, націраюць поўсць. Такі пах адпалохвае не толькі кляшчоў, але і іншых насякомых.

                                                                                  Аляксей Якімовіч