Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ПРЫМЕТНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ. ЗАЛЕЖНАСЦЬ ФОРМЫ ПРЫМЕТНІКА АД ФОРМЫ НАЗОЎНІКА

 

Творчы ўрок у 4 класе. ПРЫМЕТНІК ЯК ЧАСЦІНА МОВЫ. ЗАЛЕЖНАСЦЬ ФОРМЫ ПРЫМЕТНІКА АД ФОРМЫ НАЗОЎНІКА

 

Мэты: актуалізаваць веды вучняў аб прыметніку як часціне мовы, паказаць залежнасць формы прыметніка ад формы назоўніка; выпрацоўваць уменні і навыкі вызначаць граматычныя прыметы прыметніка, канструяваць сказы з прыметнікамі; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць у іх цікавасць да беларускай мовы, прывіваць любоў да птушак.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Якую прыказку вы возьмеце з сабою на ўрок?

Святочнаму дню – святочная праца.

Хочаш быць шчаслівы – не будзь лянівы.

Ад пустога звону карысці нікому [2, с. 72, 112, 137, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”] 

Чаму вы выбралі менавіта гэту прыказку?

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Дапішыце прыметнікі да назоўнікаў “кнігі”, “сталы”, дзеці, вочы. (Цікавыя кнігі, новыя сталы, вясёлыя дзеці, шэрыя вочы.)

4. Чыстапісанне.

Разгледзьце заканамернасць напісання літар, якія з'яўляюцца канчаткамі назоўнікаў кнігі, сталы, дзеці, вочы.

                     іы  ііы  ііыы  іііыы  іііыыы...

Што вы заўважылі?

(У кожным новым спалучэнні літар па чарзе дабаўляецца яшчэ адна.)

Запішыце радок літар, захоўваючы гэту заканамернасць.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Цяжка знайсці тэкст, у якім не было б прыметнікаў -- слоў, што дапамагаюць нам уявіць, які па сваіх якасцях той прадмет, што названы назоўнікам: напрыклад, не проста пакой, а прыгожы, светлы, прасторны.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Граматычная праца.

Назавіце словы, якія абазначаюць прымету прадметаў.

Холад, халодны, халодная, халоднае, халаднець.

На якія пытанні адказваюць гэтыя словы? Якой часцінай мовы яны з'яўляюцца?

Вучні выводзяць правіла аб прыметніку як часціне мовы.

Падрыхтуйцеся да падарожжа ў казку, дзе вы сустрэнецеся з любімымі героямі.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Нездарма кажуць: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца. Так здарылася і з цацачным мядзведзікам Круглячком.

Аднаго разу ён непрыкметна выйшаў з магазіна "Цацкі" і па лясной дарозе накіраваўся на сунічную палянку, у госці да Сарокі.

У лесе вольна, прасторна. Ідзе Круглячок, песеньку спявае, якую сам жа, на хаду, прыдумаў:

                                               Конь ў кладоўцы -- гэта ён.

                                               А вялікі, быццам Слон.

                                               А Вавёрачка -- яна.

                                               Ў госці ходзіць да Слана.

                                               Кола круціцца -- яно.

                                               Вось такое ў нас кіно.

                                               Няхай слухаюць яны.

                                               Ў мяне праўда без маны.

Круглячок скончыў спяваць, азірнуўся. Вакол усё незнаёмае, чужое, страшнае: і дрэвы ўсе вялікія, і кусты ўсе густыя, і сцежка вузенькая, і лясны ручай, здаецца, не журчыць, а гудзіць сярдзіта, быццам загадчык магазіна "Цацкі".

"Заблудзіўся я, з дарогі збіўся", -- здагадаўся Круглячок і  закрычаў што ёсць сілы:

-- Ау-у-у!..

На яліне Варона сядзела, драмала.

-- Таўсцячок, чаго раскрычаўся на ўвесь лес? -- прабурчала яна.

-- Да Сарокі ў госці іду, але заблудзіўся. Цётачка, не падкажаце, як трапіць да яе  на сунічную палянку?-- нясмела запытаўся Круглячок.

Варона падскочыла і пагайдалася на галінцы.

-- Падкажу, калі выканаеш маё маленькае заданне.

Круглячок апусціў галаву.

-- Я на знаёмую дарогу хутчэй хачу выйсці.

-- Адмаўляешся, значыць? Ну, тады ў вёску палячу, там чым-небудзь пацешуся.

" Цётка Варона зараз паляціць,  і я застануся адзін у густым лесе", -- падумаў Круглячок і ўсклікнуў:

-- Я выканаю ваша заданне!

-- Слухай. Я буду расказваць верш, а ты яго запамінай. Потым назавеш прыметнік, які ў ім ужываецца. Затым вызначыш, з якой часцінай мовы ён звязаны. Я люблю прыметнік. Гэтае слова такое гучнае, што на ўвесь лес вымаўляецца.

Круглячок наставіў вушкі.

-- Я слухаю вас.

Варона шырока раскрыла дзюбу і пракрычала:

                                   Прыбяжы ў густы лясок,

                                   Прынясі мне піражок.

-- Дапамажыце Круглячку, назавіце прыметнік у вершы Вароны.

-- Да якога слова ў тэксце ён адносіцца?

-- Якой часцінай мовы з'яўляецца гэтае слова?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Форма прыметніка (род, лік і склон) залежыць ад формы назоўніка, бо ў сказе прыметнікі звязаны з назоўнікамі,

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                     Радуюць людзей

                                                     Спелыя зярняты.

                                                     Сёлета на полі

                                                     Ураджай … (багаты).

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Знайдзіце ў вершы слова, якое адказвае на пытанне якія?

Выпішыце з тэксту словазлучэнні “прыметнік + назоўнік”.

Праца з загадкамі.

Прачытайце і адгадайце народныя загадкі.

1. Сядзяць паненкі, на іх чырвоныя сукенкі, хто ідзе – кожны ім паклоніцца. (Суніцы.) 2. Хоць малая, ды дужая: з сабой хату носіць. (Чарапаха.) 3. У чырвоных ботах па балоце ходзіць, жабак спрытна ловіць (Бусел.)   [2, с. 351, 353, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Назавіце прыметнікі, якія дапамаглі вам адгадаць загадкі. Да якіх назоўнікаў яны адносяцца?

Праца з практыкаваннем.

Дапішыце да назоўнікаў у адзіночным ліку прыметнікі.

Стог, ложак, заяц, сонца, вёска, груша, бервяно.

Дапішыце да назоўнікаў у множным ліку прыметнікі.

Сталы, туфлі, відэльцы, дамы, сосны, медалі, песні.

Якое з гэтых слоў адпавядае наступнаму тлумачэнню значэння?

1. Круглы доўгі кусок драўніны, адрэзаны ад ствала вялікага дрэва. (Бервяно.)

Як вы разумееце сэнс выразу “абчасаць бервяно”?

Як кажуць аб бяздушным, абыякавым чалавеку? (Як бервяно.)

Як будзе гучаць слова “бервяно” ў памяншальным значэнні? (Бярвенца.)

У якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна пры напісанні слова “бервяно”? Чаму?

Якую галосную пішам у слове “бервяно”  ў першым ненаціскным складзе? Чаму?

Самастойная праца.

Спішыце. Словы ў дужках змяняйце па сэнсе.

Над лесам нечкана з’явілася (чорны) хмара. Яна плыла, здавалася, над самымі дрэвамі.

Над галавою трэснула і (звонкі) пошчакам разляцелася па (сасновы) лесе. (Халодны) бліскавіца змяёю прабегла па небе. (Імклівыя) вецер праляцеў па вершалінах. Яны закачаліся, загудзелі. Зноў бліснула (вогненны) маланка, трэснуў гром. Затым стала ціха-ціха (Аляксей Якімовіч.) [6, с. 34, “Нязваныя госці”].  

Для даведкі: звонкім; сасновым; халодная; імклівы; вогненная.

Падбярыце сінонім да слова “пошчак”. (Гул.)

Праца са словам.

Назавіце слова, у якім тры галосныя і тры зычныя літары.

Ветразь, сонца, акенца, асілак, зямля, паветра. (Асілак.)

Раскрыйце значэнне слова «асілак».

Які з наступных прадметаў можна назваць асілкам?

Пад'ёмны кран, шматтонны самазвал, звычайны воз.

Якую жывёлу можна назваць асілкам?

Буры мядзведзь, магутны зубр, шэры заяц.

Якой часцінай мовы з'яўляецца слова «асілак»?

Пастаўце назоўнік «асілак» у множным ліку.

Перакладзіце слова «асілак» на рускую мову. Параўнайце гучанне і напісанне.

Складзіце і запішыце сказ са словам «асілак», ужыўшы ў ім прыметнікі.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. Слова “выдатнік” з’яўляецца прыметнікам. (Вучні прысядаюць.)

2. Слова “працаваць” з’яўляецца прыметнікам. (Вучні прысядаюць.)

3. Слова “выдатны” з’яўляецца прыметнікам. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Хвілінка адкрыцця.

Прачытайце. Адзін з назоўнікаў кожнага словазлучэння замяніце прыметнікам такім чынам, каб пры гэтым не змяніўся сэнс словазлучэння. Запішыце.

Узор. Пярсцёнак з золата -- залаты пярсцёнак.

Стол з дрэва, хта з цэглы, падаконнік з пластмасы, пірог з пшаніцы, кофта з шэрсці, варэнне з вішняў, абутак са скуры, каша з бульбы, умацаванне з каменю, караблік з паперы, рыдлёўка са сталі, збан з гліны, ручнік з ільну,  ручка з металу.

Самастойная праца.

Складзіце вусна сказы са словамі “разумны”, “ветлівы”, “зычлівы”, “вытрыманы”, “важны”.

Як вы разумееце сэнс словазлучэнняважная дэлегацыя”?

Ці з'яўляюцца роднаснымі (аднакаранёвымі) словы “дэлегат”, “дэлегацыя”?

Якое з гэтых слоў адпавядае наступнаму тлумачэнню значэння:

1) прадстаўнік якой-небудзь арганізацыі, дзяржавы, выбраны або прызначаны для ўдзелу ў з'ездзе, перагаворах (дэлегат);

2) група дэлегатаў ад якой-небудзь арганізацыі, калектыву, дзяржавы (дэлегацыя).

Як вы разумееце сэнс выразу “паслаць дэлегацыю”?

Разбярыце па саставе слова “дэлегацыя”.

Пры напісанні слова “дэлегацыя” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Дэлегацыя -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце арфаграмы.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а слова – чух-чух-чух, чух-чух-чух  – потым прамовіце і вы.

“Чух-чух-чух, чух-чух-чух”, --

                                            Вымаўляе паравоз.

                                            Смачныя ласункі

                                            Дзецям ён прывёз.

                                                         Аляксей Якімовіч.

Ці ёсць у гэтым вершы прыметнік? Як вы яго вызначылі? Ад якога назоўніка залежыць яго форма?

Граматычна-лексічная праца.

Прачытайце верш.

                                                     Мароз, як кат бязжаласны,

                                                              ў лёд рэчкі акаваў,

                                                     Стральбой сваёй бязрадаснай

                                                              па сценах біць пачаў.

 

                                                      Стральбой сваёй праклятаю

                                                              ў лёт слабых птушак б'е,

                                                      Пры хаце і за хатаю

                                                              спакою не дае.

                                                                               Янка Купала

Выпішыце з тэксту прыметнікі і назоўнікі, з якімі звязаны прыметнікі. Які настрой яны дапамагаюць стварыць у паэтычных радках? Падбярыце да іх антонімы.

Даведайцеся, якія птушкі не адлятаюць у вырай, а зімуюць на Беларусі. Ці патрэбна ім дапамога?

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “бязжаласны” (Бязлітасны.)

Самастойная праца.

Спішыце. Падкрэсліце прыметнікі і назоўнікі, ад якіх залежаць прыметнікі.

Каля пад’езда пяціпавярховіка стаіць бяроза. Яе вершалінка, тоненькая, як дубчык, выгінаецца пад моцным ветрам і, здаецца, вось-вось з трэскам паломіцца і ўпадзе.

Камель бярозы цёмны, у самым нізе, каля зямлі, амаль без светлых крапінак, а ўверсе белы з чорнымі паяскамі каля галінак.

Некаторыя лісцікі на бярозе ўжо пажаўцелі. На зямлю, як самалёцікі, дружна злятае жоўтае насенне (Аляксей Якімовіч.) [5, с. 6, “Белакрылая птушка”].

Якую ролю ў тэксце выконваюць прыметнікі?

Гульня "Склады-жартаўнікі".

Правільна запішыце сказ, склады ў якім пераблыталіся. Выпішыце словазлучэнне назоўнік + прыметнік. Вызначце іх склон.

На кімрошы зелу  туцьрас кіквет. (На шырокім лузе растуць кветкі.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Выпішыце прыметнікі з назоўнікамі.

 

Медведи

 

Кого ты представляешь себе, когда думаешь о медведях? Может быть, ты видишь свирепого бурого медведя, а может, белого? Многие медведи живут в лесах, а белый – среди снегов и льдов в Арктике. У всех у них большое туловище, длинные острые когти и тяжёлая голова с большими зубами (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 16) [4, с. 16, «Животные»].

Слоўнік: представлять – уяўляць; свирепый – люты; Арктика – Арктыка; туловище – тулава; коготь – кіпцюр.

Гульня "Сказы-жартаўнікі".

Выпраўце памылкі ў сказах з парушанымі сэнсавымі сувязямі. Ці ёсць у гэтых сказах прыметнікі? Вызначце іх лік. Якія назоўнікі дапамаглі вам гэта зрабіць?

У лесе ўжо паспелі чырвоныя чарніцы. Слон падняў мячом футбольны хобат.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   На горцы ціхай, невысокай,

                                   Каля засценка недалёка,

                                   У бок дарогі, ў глыбі сада

                                   Стаяла панская пасада.

                                   Прасторны, роўны двор, в(е, я)сёлы

                                   За(у, ў )сёды повен быў жывёлы:

                                   Ха(дз,д)ілі куры з певунамі

                                   Ў кампанні важнай з індыкамі...  [3, с. 58, “Новая зямля”].

Назавіце прыметнікі ў тэксце. Ад якіх назоўнікаў залежыць іх форма?

Растлумачце значэнні слоў “пасада” (тут у значэнні сядзібамесца пражывання), “пявун” (певень), “засценка” ( даўней: невялікае паселішча; хутар) [1, с. 129, “Тлумачальны слоўнік”].  

Тэсты.

 Абазначце прыметнікі.

1. Зялёны.

2. Луг.

3. Вялікі.

Абазначце словазлучэнні, у якіх прыметнікі звязаны з назоўнікамі.

1. Дробныя ягады.

2. Пабегчы далей.

3. Новы дзень.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое прыметнік?

З якой часцінай мовы звязаны прыметнікі ў сказе?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

5. Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.

    6. Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 22 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.