Поиск по этому блогу

Быў выпадак. "Ваўкі"

 

Быў выпадак

 

Ваўкі

 

Сам я жыву ў горадзе Слоніме. Непадалёку ад Слоніма знаходзіцца вёска Чамяры. Там маю дачу і часта працую, парадкуючы агарод. Туды звычайна дабіраюся на веласіпедзе.

Аднаго разу выехаў з дому раніцай, калі яшчэ не было шасці гадзін. Каля Чамяроўскага магазіна звярнуў з шашы направа і пад’ехаў да рэчачкі Валобрынкі. Паабапал яе разрасліся кусты, пустазелле, узвышаліся гонкія альшыны.

Па драўляным мастку пераехаў праз Валобрынку, а потым перабраўся праз чыгунку, якая са Слоніма вяла на Гродна.

Вось і вёска. Мінуў крайнюю хату і па ўтаптанай вулачцы выехаў на луг. Тут злез на веласіпеда і паўз агародаў пайшоў па ўтравелай сцяжынцы. На другім баку луга таксама былі агароды, дачныя ўчасткі, а крыху далей, за старымі могілкамі, цягнуўся лес.

Ярка свяціла сонца, срэбранымі кропелькамі блішчала на траве раса, спявалі, пераклікаючыся, птушкі. На душы было прыемна.

Неспадзявана на супрацьлеглым баку луга я ўбачыў двух вялікіх калматых сабак. Да іх было метраў сто пяцьдзесят, не болей. Яны хутка беглі адзін каля аднаго ад вёскі ў напрамку лесу. Адзін з іх трымаўся крыху ўперадзе.

“Дык гэта ж ваўкі!” – тахнула ў галаву. Я спыніўся і застыў у нерухомасці. Мае вочы сачылі за драпежнікамі. А яны, на шчасце, як мне здалося, нават не зірнулі ў мой бок. Беглі з такой жа хуткасцю, як і раней, пакуль не схаваліся за пагорачкам, там, дзе пачынаўся лес.

Я пастаяў яшчэ крыху і накіраваўся на дачу.

Ці спалохаўся?

Мабыць, не паспеў спалохацца. Вельмі ж нечакана і хутка гэта адбылося.

Адкуль беглі ваўкі? Магчыма, ляжалі ў пустазеллі каля Валобрынкі. Магчыма, беглі з іншага лесу, які падступаў да Чамяроў з другога боку.

                                                                                               Аляксей Якімовіч