Поиск по этому блогу

Быў выпадак. Галубы

 

Быў выпадак

 

Галубы

 

Ёсць тры віды галубоў: голуб шызы, вяхір і клінтух. Голуба шызага называюць свойскім. Для свайго жылля ён выбірае населеныя пункты. А вяхір і клінтух здаўна сяліліся ў лясах. Цяпер, кажуць, з лясоў сталі перабірацца бліжэй да людзей: у вёску, у горад.

Раскажу пра два выпадкі, звязаныя з іх паводзінамі.

Аднаго разу, зірнуўшы праз акно на дарогу, якая праходзіць у нашым мікрараёне, убачыў голуба з белай плямай на шыі. Ён (выкарыстаў момант, калі не было машын) павольна рухаўся праз дарогу ў напрамку тратуара. Яго крылы апусціліся да самай зямлі. Час ад часу ён узмахваў імі. “Паранены! – падумаў я. – Хоча ўзляцець, а не выходзіць, не паднімаюць яго пашкоджаныя крылы”.

Так і не дабраўшыся да тратуара, голуб павярнуўся і зноў, трапечучы абяссіленымі, як мне здавалася, крыламі накіраваўся на сярэдзіну дарогі. Там стаў таптацца, цяжка прысядаючы. У гэты час з-за вугла дома выскачыў кот. Як страла, ён ляцеў да голуба. Зусім блізка падпусціў яго голуб да сябе і, узмахнуўшы крыламі, паляцеў. Кот спыніўся і гучна мяўкнуў, аблізнуўшыся.

Голуб падмануў не толькі мяне, але і ката. Ён падцкоўваўся, дражніўся з ім, прытварыўшыся параненым.

Пра другі выпадак расказала знаёмая.

Каля прыпаркаванай паблізу дома легкавушкі прагульваўся кот. Неўзабаве прыляцеў голуб з белай плямай на шыі і прымасціўся непадалёку на дрэве. Кот насцярожыўся, прысеў і стаў пазіраць на яго. А бесклапотны, так падумала мая знаёмая, голуб раптам апусціўся на зямлю і павольна пачаў набліжацца да аўтамабіля. Седзячы за колам, кот з нецярпеннем глядзеў на яго, а затым амаль што не паўзком стаў набліжацца да птушкі Неўзабаве перабраўся да другога кола і прытаіўся там. Голуб усё бліжэй да яго. Некалькі метраў раздзяляе іх. Кот імкліва выскачыў з-за кола. Голуб узняўся і паляцеў. Пакружыўся, пакружыўся і зноў прымасціўся на дрэве. Так паўтарылася некалькі разоў.

Лічу, што гэта былі не свойскія шызыя голубы, а лясныя вяхіры. На шыі і крылах у іх выдзяляюцца белыя плямы.

“Гхуу-гху-ху… гхуу-гху—ху…”—вельмі часта гучна буркочуць яны.

Не чулі?

Голуб з коцікам,

                                                           Як з мышкаю, гуляе.

                                                           Дарма кіпцікі

                                                           Коцік настаўляе.