Поиск по этому блогу

Гісторыі з жыцця

Разам з вучнямі і калегамі Жыровіцкай сярэдняй школы





ПРАЎДЗІВЫЯ ГІСТОРЫІ З ЖЫЦЦЯ


Пушкін

У крымінальным свеце яго называлі Пушкін, бо ён захапляўся вершамі, як і вядомы рускі паэт..
Ён лічыў сябе воўкам і паэтам. Свае вершы звычайна пісаў крывёю сваіх ахвяр.
З ахвярамі асабліва не цырымоніўся: вялікім шырокім нажом мясніка мог адсекчы галаву, рукі, ногі, потым зноў прыкласці іх да пакалечанага тулава і доўга сядзець, узіраючыся на нерухомае цела, якое зусім нядаўна было чалавекам, дыхала, баялася, жыло...
Ён сядзеў, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і бачыў перад сабою маці, заўсёды злосную, нецвярозую, чуў яе адчайны крык:
– Пакараю!.. Я цябе пакараю!..
Яна карала яго часта і жорстка: ставіла ў кут на вуголлі, без літасці секла дубцом, у халоднае надвор’е голага выганяла на двор...
Пасля гэтага ён заўсёды помсціў: лавіў паблізу ката і сякерай рассякаў яго на часткі. Енк няшчаснай жывёліны суцяшаў яго, супакойваў, прыглушаў уласны боль. Праўда, аднаго разу яму не пашанцавала: нейкая рыжая кошачка, калі ён схапіў яе, каб разарваць, неспадзявана ўстрапянулася і вострымі кіпцюрыкамі паласнула па твары, на ўсё жыццё пакінуўшы на правай шчацэ доўгі выгінасты шрам. З таго дня ён асабліва неўзлюбіў усё рыжае і вельмі цешыўся, калі ў рукі трапляла рыжая ахвяра.
Маці, маці... Яна па-свойму імкнулася зрабіць з яго чалавека, адукаванага, багатага, а ён стаў пярэваратнем-воўкам, пра што напісаў крывёю ў вершы “Воўк”:
Ноччу цёмнай, ціхай
                                                      Я за вуглом стаю.
                                                      Чакаю, прытаіўшыся,
                                                      Ахвяру там сваю...
                                                      Ужо ідзе, спяшаецца,
                                                      Усё бліжэй праз змрок...
                                                      А я стаю, прыгнуўшыся.
                                                      Не чалавек я – воўк.
Гэтую ахвяру ён таксама дачакаўся, стоячы ў цемры за рогам шэрага пяціпавярховіка. Знянацку стукнуў па галаве, аглушыў, узваліў на плечы і прынёс у закінуты падвал...
... Важны, надзьмуты, ён сядзеў за скасабочаным сталом, засланым тоўстай чорнай тканінай. На стале гарэла свечка, час ад часу патрэсквала незадаволена, сярдзіта, ляжаў вялікі нож мясніка, стаяла неглыбокая бляшанка, уся, як рабаціннем, пакрытая іржавымі плямкамі.
Ён сядзеў і чакаў, пакуль апрытомнее ахвяра – дзяўчына гадоў шаснаццаці, рыжаватая, з пульхнымі дзіцячымі губамі, падобная на пластмасавую ляльку, якую некалі, малым хлопчыкам, ён бачыў у магазіне “Цацкі”, куды выпадкова зайшоў з нецвярозай маці. Як жывая, лялька расплюшчвала вочы і войкала. Купіла яе прыгожая маладая жанчына з залатымі пярсцёнкамі на руках. Не стрываўшы, ён паказаў жанчыне язык. Тая са страхам зірнула на яго і таропка пакрочыла з магазіна. У той дзень ён зразумеў, што не толькі на катоў можна наганяць страх...
...Дзяўчына-лялька заварушылася, застагнала, расплюшчыла вялікія рыжаватыя вочы і спалохана ўсклікнула.
Ён ухмыльнуўся.
На двары, завываючы, пранёсся вецер, праз шчыліну падслепаватага акенца ўварваўся ў халоднае памяшканне і наляцеў на свечку. Агеньчык свечкі калыхнуўся некалькі разоў, але не патух.
Ён таксама калыхнуўся за сталом, падаўшыся ўперад.
– Хто вы? – падала галасок дзяўчына.
– Пушкін! – глуха адказаў ён і кончыкамі пальцаў пакратаў на шчацэ шрам-драпіну.
– Не, вы не Пушкін, вы, я думаю, маньяк, – на адным дыханні прагаварыла дзяўчына-лялька.
Яму здалося, што ў яе вачах бліснулі пякучыя агеньчыкі. Ён насцярожыўся, паглядзеў на яе ўважліва, вывучаючы, як спрактыкаваны паляўнічы сабака на дзічыну.
– Пушкін, лічыш, быў лепшы?..
– Вы са мною будзеце?.. – голас у дзяўчыны перарваўся, у горле штосьці гучна булькнула.
– Буду, усё буду рабіць, даражэнькая, - паведаміў ён, супакоіўшыся. – А перш чарніла набяру.
– Якога чарніла? – усклікнула дзяўчына і доўгімі худымі пальчыкамі схапілася за блішчастую сумачку, што ляжала побач.
У левую руку ён узяў бляшанку, у правую – нож, устаў з-за стала, наблізіўся да дзяўчыны і тыцнуў ёй вастрыём у голае плячо.
Дзяўчына ойкнула, як лялька з магазіна “Цацкі”, на белым целе плечука выступіла і хуткім струменьчыкам пацякла кроў. Ён шчыльна прыціснуў да плечука бляшанку, ягоныя пальцы праз імгненне сталі мокрымі, ліпкімі. Дзяўчына з болем і недаўменнем глядзела кудысьці ўдалеч.
Набраўшы ў бляшанку свежай крыві, ён зноў сеў за стол, дастаў з кішэні скамечаны аркуш паперы і шарыкавую ручку. Крывёю рыжанькай, як чарнілам, яму захацелася напісаць верш, але ў гэты вечар лірычныя думкі чамусьці не лезлі ў галаву. Галава балела, лоб аж гарэў. Ён здагадаўся, што паднялася тэмпература. Яна ў яго заўжды паднімалася, калі ішоў высочваць ахвяру, мабыць, ад унутранага напружання, ад чакання сваёй удачы...
... Падціснуўшы ногі, дзяўчына-лялька сядзела каля шурпатай сцяны, кофтачкай затуліўшы рану на плечуку.
“Чарніла малавата ў мяне. Таму й не пішацца верш, – “ падумаў і зверавата зыркнуў на незнаёмку.
-    Да мяне! Мухай!
Дзяўчына ўсхапілася, падбегла да яго і, спрытна падскочыўшы, нагой што ёсць сілы стукнула яму па прадаўгаватай, як гарбуз, галаве.
Разам з крэслам ён упаў на брудны цэмент, раскінуў рукі і прашаптаў, бы ў трызненні:
– Тая самая кошачка...
– Я табе не кошачка, я каратыстка, а ты... Ты не Пушкін, ты проста брыда! – з пагардай прамовіла яна і, дастаўшы з сумачкі сотавы тэлефон, набрала лічбу “8-02”.


ЗГРАЯ

                                               Хоць і зорачка – ды не вячэрняя,   
                             І каханачка – ды няверная.
                                               Пакахала – як яхант даравала:
                                               Яхант-камень – сэрцу ён на
                                                                                    гараванейка,
                                                Прападаю праз каханейка.
                                                                                   М.Багдановіч.
   У зале было шумна і душна. Музыка грымела, неслася, падахвочвала танцаваць, разнявольвацца. Вакол мільгалі, вірыліся хлопцы, дзяўчаты, адводзячы душу ў імкліва-экзатычным танцы.
   Ёй падабалася гэтая атмасфера – атмасфера дыскатэкі, дзе ўсе маладыя, свае, дзе можна не саромецца, у віхуры танцпляцоўкі забыўшыся пра клопаты і праблемы будзённага жыцця.
   Кружылася галава: і ад музыкі, і ад танцаў, і ад дотыку хлапечых рук, і ад нядаўна выпітага віна. Бутэльку віна яна выпіла з Сяргеем перад тым, як прыйсці на дыскатэку.
   Сяргей прывёў яе на стадыён, які знаходзіўся паблізу ад будынка дыскатэкі, пасадзіў на лаўку, адкрыў бутэльку чырвонага, як сок каліны, віна, наліў у высокі пластмасавы кілішак і запрасіў нясмела, сарамліва:
   – Валя, выпі крыху, прыгубі...
   Ужо другі тыдзень яна сустракаецца з Сяргеем, пазнаёміўшыся з ім на гарадскім пляжы, калі з сяброўкай ад няма чаго рабіць гуляла ў карты. Ён неяк непрыкметна падсеў да іх, папрасіўся разам пагуляць. Невысокі, каржакаваты, шыракаплечы, як малады дубок, гэты хлапец адразу спадабаўся ёй, прыцягнуў да сябе. Праўда, вочы ў яго былі жулікаватыя, прама не глядзелі, па баках бегалі.
   – Валя, выпі, ну... Віно ж не гарэлка... Дзявочы напітак, можна сказаць... Валь...
   Яна ведала смак віна. Здаралася, крыху выпівала і дома на святы, і з сяброўкай. Дык чаму ж не выпіць цяпер разам з сябрам? Сяргею, здаецца, можна даверыцца...
   Нагадалася, як учора сяброўка папярэдзіла:
   – Валька, ты яго добра ведаеш? Глядзі!..  
   – Гляджу, гляджу, – таропка прагаварыла яна, жывучы сустрэчай з каханым.
   І вось ён нясмела, але настойліва падлівае ёй у кілішак чырвонае, агністае віно.
   Выпіўшы тры кілішкі, яна цвёрда сказала:
   – До!
   Гэта азначала: досыць. Сяргей сам дапіў віно, проста з бутэлькі, з горлачка, і, абняўшы яе за плечы, павёў на дыскатэку.
   Грыміць музыка, кружыцца галава, а Сяргей горача шэпча, нашэптвае ў самае вуха:
   – Валя, пойдзем... Будзь маёй... Валь...
   Ягоныя вусны пяшчотна лашчаць вуха, потныя далоні сціскаюць разгарачанае цела.
   – Валь, ну чаго ж ты баішся?.. Ты заўсёды будзеш маёй, я цябе не пакіну, Валь...
   Ён просіць, ён хоча. І яна не супраць. Але ж усё так нечакана...
   – Сяргей, мы з табою зусім нядаўна пазнаёміліся. Рана нам!..
   Сяргей ціснецца бліжэй, абдымае.
   – Валь, мы з табою цэлы век знаёмыя...
   Сапраўды, здаецца, што даўным-даўно яна пазнаёмілася з Сяргеем. З самага маленства ведае яго.
   Як прыемна кружыцца галава!.. Як соладка на душы!..
   – Валь!..
   – Ну, а дзе?.. Куды?..
   – Там, на стадыёне, дзе лаўка, дзе віно пілі...
   ... Яны ідуць удваіх па алеі, абсаджанай кустамі. Кусты густыя, высокія, здзічэлыя. Вось і лаўка. Два пластмасавыя кілішкі стаяць, сіратліва бялеюць на ёй.
   Вакол ціха, толькі стракозы звіняць у пакрытай расой траве ды птушкі час ад часу спрасонку спалоханы голас падаюць.
   Як шчымліва на душы і як часта б'ецца сэрцайка! Здаецца, вось-вось вылеціць з грудзей, вогненнай птушачкай удалеч паляціць.
   – Сяргей, я на лаўку прысяду. Я...
   Яна так і недаказала да канца. Тры цёмныя постаці, бы здані, паўсталі з-за кустоў.
   – Сяргей, а гэта хто?
   – Сябры мае.
   – Яны навошта?
   – Хочуць дапамагчы мне.
   Першы груба схапіў яе за плячо, сціснуў, бы абцугамі.
   – За выпітае, шалава, заплаці!
   – За якое выпітае? – яшчэ не дайшло да яе.
   – А за віно імпартнае. Мы ўсе разам склаліся, купілі. – Чужыя нахабныя рукі расшпілілі тонкую кофтачку на грудзях, з мясам вырваўшы верхні гузік. Яна затрапяталася, ірванулася, каб пабегчы, але адразу некалькі пар чужых учэпістых рук абнялі яе, не пусцілі...
   Яна не адчувала страху і болю, галаву свідравала адна трывожная думка: "Каб толькі не забілі!.. Каб толькі не забілі!.. Яны ж не людзі, зграя..."
   Задаволіўшыся, зграя пакінула яе на траве. Адзін са зграі, ці не самы галоўны ў ёй, Сяргей, адыходзячы, папярэдзіў:
   – Заявіш у мянтоўку – дастанем!.. Так што разумна паводзь сябе, шалава.
   Яна ляжала на траве. Лятучыя мышы, бясшумна махаючы крыламі, праносіліся над ёю. Цемра ахутвала яе, і неба акрывала. А на дыскатэцы танцавала, вірылася зграя, здабычу выглядала...