Аляксей Якімовіч
Быў на возе, пад возам, упапярок, уздоўж
Мастацкая
гіпотэза
На беларускую вёсачку Яловікі раніцай напалі ворагі.
Малады хлопец Янка якраз на полі працаваў. Ворагі схапілі яго, рукі, ногі
звязалі, кінулі ўздоўж воза на салому і павезлі ў сваю краіну.
Едуць, хваляцца. Адзін, рыжаваты, худаваты, кажа:
-- Вось якога малайца мы ў палон узялі!
Другі, чарнявенькі, яму падтаквае:
-- Так, так, так!
-- Багатаму пану яго прададзім, някепскія грошы заробім.
Зажывем прыпяваючы.
-- Так, так, так!
“Узялі… Быццам якую-небудзь рэч са стала ці з
падаконніка. Не лічаць мяне за чалавека”, -- з горкасцю падумаў Янка.
-- Но, но! – паганяюць каня ворагі. Хутчэй дамоў ім
хочацца дабрацца, каб маладога беларуса багатаму пану прадаць.
Воз трасецца, падскоквае на калдобінах. Цяжка Янку ляжаць
на мулкай саломе. Спіна моцна забалела. Не вытрываў, стаў варочацца.
Баляць ногі, рукі,
У
грудзях пячэ.
Нібы колкім градам,
Бязлітасна сячэ.
-- Ляжы! – нагою таўхануў Янку чарнявенькі.
-- Не ляжыцца яму! Можа, пераеў? – зарагатаў рыжаваты.
Рады, што ўдалося палоннага захапіць.
-- Упапярок хачу легчы, -- прагаварыў Янка.
-- Спіну адмуляў? – зноў зарагатаў рыжаваты.
-- Дазволім? – звярнуўся да рыжаватага чарнявенькі.
Рыжаваты махнуў рукою.
-- Няхай!
Янка павярнуўся і лёг упапярок воза, спінаю прытуліўшыся да
драбіны.
Ніколі не падумаў бы, што ў нейкіх чужынцаў прыйдзецца
прасіць, каб дазволілі павярнуцца. Яны яго гаспадары. Так цяпер выходзіць.
Успомніліся родныя Яловікі, свае, зычлівыя людзі, лес, у
якім збіраў і ягады, і грыбы. Кожная сцяжынка там яму знаёмая. Куды ні пайдзі,
а да роднай хаты цябе выведзе.
На ўзлеску злавілі яго ворагі. З самай раніцы гной віламі
на полі растрасаў, а потым вырашыў праверыць, як суніцы цвітуць на палянцы, ці
вядроныя будуць.
Наляцелі, схапілі!.. Калі б былі вілы ў руках, не даўся б
ім. Стаяць на полі, уваткнутыя ў зямлю. Бацька, канешне, забярэ іх. Возьме і
заплача.
Ззаду бацька, маці,
Ззаду родны край.
Душу напаўняюць
Трывога і адчай.
Надвячоркам ворагі спыніліся каля невялікага балотца,
парослага кустамі лазы.
Рыжабароды і чарнявенькі за высокім кустом распалілі
цяпельца. “Вырашылі падмацавацца”, -- здагадаўся Янка. Яму зусім не хацелася
есці, прапаў апетыт.
Над галавою зазвінелі, задзынькалі камары. “Зараз
наляцяць на мяне, папатнуць”, -- падумаў Янка і паварушыў рукамі.
Здаецца, вяроўчына, не такая пругкая, як была раней.
Крыху расслабілася яна. Трэба паспрабаваць развязацца, здаецца, ёсць у яго
шанц, не ўсё яшчэ страчана.
Янка з усёй сілы напяўся, стараючыся развесці звязаныя
рукі. Адзін раз, другі, трэці… Камары на шчоках сядзяць, джаляць… Няхай!..
Вяроўчына ўсё-ткі спаўзла з рук, вызваліла іх. Янка
нагнуўся, упіўся зубамі ў вузел вяроўчыны, якая была на нагах. Праз хвіліну
развязаў зубамі і рукамі.
-- На возе бохан хлеба ляжыць. Прынясі! – данёсся голас
чарнявенькага.
-- Зараз! – азваўся рыжаваты. – Заадно праверу, ці не
развязаўся той.
Праверыць, заўважыць, падніме трывогу…
Янка намацаў рукамі бохан хлеба, узяў яго і злез з воза.
Ступіў крок, другі… Ногі зацяклі, не слухаюцца.
Што ж рабіць? Няўжо злыдні зноў накінуцца на яго, як
ваўкі?..
Не! Толькі не гэта!
Янка нагнуўся і залез пад воз, схаваўшыся там.
З-за куста лазы выйшаў рыжаваты. Ён наблізіўся да воза і
закрычаў:
-- Няма!
-- Нашага хлеба няма? Палонны з’еў? – гукнуў чарнявенькі.
“Хлеб не ваш, а наш. Вы яго ў нас сілком забралі, можна
сказаць, з рота вырвалі”, -- прабегла ў Янкі ў галаве.
-- Палоннага няма! Уцёк!
Тут як тут чарнявенькі. Топчацца каля воза.
-- І праўда, няма! Развязаўся і ўцёк.
-- Ён не паспеў далёка ўцячы! – прагаварыў рыжаваты.
-- Не паспеў!.. Зловім, быць таго не можа! – усклікнуў
чарнявенькі.
Ворагі ірвануліся і пабеглі. Янка крыху пачакаў і таксама
пабег, прыгнуўшыся. Толькі праз некалькі дзён худы, знясілены ён прыйшоў у
Яловікі. Бацька абняў яго, прытуліў да сябе і прамовіў:
-- Дзе ж ты так доўга быў, сынок?
-- Быў на возе, пад возам, упапярок, уздоўж, -- адказаў
Янка.
Цяпер пра таго, хто
шмат зведаў, перажыў, быў у цяжкім становішчы, так і кажуць: “Быў на возе, пад возам, упапярок, уздоўж”.
Надрукавана ў кнізе “Нязваныя госці”.
Выдадзена ў
выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.