Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Сабакі"

 

Быў выпадак

 

Сабакі

 

Мой дачны ўчастак знаходзіцца каля вёскі Чамяры Слонімскага раёна.

Цёплай летняй раніцай прыехаў на дачу. Побач на травяністым лужку пасвілася каза, прывязаная да доўгай вяроўчыны. Яна належала аднаму з гаспадароў суседняга дачнага ўчастка.

Не адкладваючы на потым, я пачаў працаваць на агародзе. У хаце, каля хаты, калі не прыедзь, заўсёды знаходзіцца нейкая праца. Сумаваць не прыходзіцца.

Нечакана пачуўся сабачы брэх. Было такое адчуванне, што на травяністым лужку сабралася шмат сабак.

Я кінуў працу і адправіўся на лужок, каб праверыць, чаму там так узбурыліся сабакі.

Неўзабаве ўбачыў, што на лужку, адразу ж за вёскай, сабралася вялікая сабачая зграя. У ёй было каля дзесяці сабак рознай масці і рознага памеру: і вялікія, і крыху меншыя. “Вясковыя гаспадары не трымаюць іх на прывязі. Всоь і бадзяюцца яны дзе прыйдзецца”, -- пранеслася ў маёй галаве.

Крыху пабрахаўшы, сабакі накіраваліся на лужок, туды, дзе пасвілася каза. Адчуўшы небяспеку, яна захвалявалася, перастала скубці траву.

Я моўчкі пазіраў. Не верылася, што гэта бадзячая зграя можа напасці на адзінокую жывёліну.

А сабакі ўжо непадалёку ад казы. Насоўваюцца на яе нядобрай хмарай.

Я выбег на лужок і стаў крычаць, праганяць іх. Сабакі, як гаворыцца, нават вухам не павялі. А вакол ні душы. Толькі я, раз’юшаныя сабакі і няшчасная каза.

“Трэба ўзяць які-небудзь доўгі кій. Магчыма, прыйдзецца не толькі казу абараняць, але і самому абараняцца,” – падумаў я і пабег на свой дачны ўчастак.

На лужок вярнуўся праз некалькі хвілін з доўгай тоўстай лясінай. Сабачая зграя ўжо каля самай казы. Я наблізіўся да іх і зноў закрычаў, замахаўшы лясінай.

Не дапамагло. Сабакі з енкам, дружна накінуліся на казу, пакацілі яе і сталі грызці.  

Як і раней, я крычаў, махаў лясінай. Сабачая зграя, злосна шчэрачыся, стала разыходзіцца, накіравалася ў вёску. Пысы ў некаторых сабак былі акрываўленыя.

Каза нерухома ляжала на лужку.

Ці не ўпершыню я зразумеў, якой небяспечнай можа быць бадзячая сабачая зграя.

                                                                              Аляксей Якімовіч.