Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Спосабы выражэння выказніка: простага дзеяслоўнага і састаўнога дзеяслоўнага


Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Спосабы выражэння выказніка: простага дзеяслоўнага і састаўнога дзеяслоўнага

Што трэба ведаць пра выказнік?

Выказнік -- гэта галоўны член сказа, якія абазначаюць тое, што гаворыцца аб прадмеце маўлення (дзейніку). Ён адказвае на пытанні ш т о  р о б і ц ь  п р а д м е т? ш т о  з  і м  а д б ы в а е ц ц а?  ш т о  ё н  т а к о е?  х т о  ё н  т а к і? і іншыя
Распачаўся новы летні дзень. Дзень (ш т о  з р а б і ў?) распачаўся. Выказнік – распачаўся.
Як распазнаць просты дзеяслоўны і састаўны дзеяслоўны выказнікі?
                                                                                                                        
Выказнік, выражаны адным дзеясловам у форме якога-небудзь ладу (абвеснага, умоўнага ці загаднага), называецца простым дзеяслоўным выказнікам.
Летняй раніцай на світанні ў кустах гнуткага лазняку гучна спявае салавей.
Састаўным дзеяслоўным выказнікам называецца выказнік, які складаецца з дапаможнага дзеяслова (ён выражае граматычнае значэнне выказніка) і неазначальнай формы дзеяслова (яна выражае асноўнае лексічнае значэнне выказніка).
Летняй раніцай на світанні ў кустах гнуткага лазняку неўзабаве пачне спяваць салавей.
Проба сіл.
Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары. Падкрэсліце выказнікі. Якія з іх з'яўляюцца а) простымі дзеяслоўнымі, б) састаўнымі дзеяслоўнымі? Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.
1. Зямля заўжды карміла людзей. 2. Жыта скончылі сеяць да па..дня (Кузьма Чорны). 3. Што н..се нам вясна маладая? (Якуб Колас). 4. Трывалы падмурак рабіце для хаты. 5. Чыя тут песня ў душу льецца? (Якуб Колас). 6. Сілком адабра..ь можна, а даць -- не (Прыказка).
Раскрыйце сэнс слова "падмурак". (Аснова (з каменю, бетону), якая служыць апорай для будынкаў, машын.)
Падбярыце сінонімы да слова "падмурак". (Апора, аснова.)
Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка "падмурак". Выдзеліце ў іх корань. (Мур, мураваць.)
Падбярыце рускі адпаведнік да слова "падмурак". (Фундамент.) Параўнайце гучанне і напісанне.
Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "падмурак". (Трывалы падмурак.)
                    [1, стар. 230, “Тлумачальны слоўнік”]   
Праца з вершаваным тэкстам.
Прачытайце. Вызначце выказнікі. Якія яны: простыя ці састаўныя дзеяслоўныя?  У якіх словах выражаецца граматычнае значэнне састаўнога дзеяслоўнага выказніка, а ў якіх -- лексічнае? Параўнайце гэта з простым дзеяслоўным выказнікам.
          На дварэ даўно сцямнела.
                                                        Людзі ў вёсках леглі спаць.
                                                        Толькі моладзь не хацела
                                                        Слаўны вечар пакідаць.
                                                                             Якуб Колас.
Назавіце дзеяслоў прошлага часу з прыстаўкай. (Сцямнела.)
Ці супадае вымаўленне слова "моладзь" з напісаннем? Чаму?
Назавіце дзейнікі ў сказах.
Праца з карткамі.
Вызначце простыя дзеяслоўныя выказнікі. Чым яны выражаны?
1. У вёсцы людзі ўжо ўсталі. 2. Тую пустыню адолець толькі моцнаму духам і фізічна. 3. А вавёрка скок на сасну. 4. Вялікі жоўты шар сонца павольна апускаўся за лес. 5. Баяцца воўка – у лес не хадзіць (Прыказка). 6. Заўжды прытрымлівайся свайго, жыві сваім розумам.
Для даведкі (запісана на картцы). Просты дзеяслоўны выказнік можа быць выражаны:
1) дзеясловам у любой форме абвеснага, умоўнага ці загаднага ладу: Каля дагледжанай сялянскай хаты завіхаліся гаспадар і гаспадыня.
2) інфінітывам: На зямлі  працаваць -- дабро нажываць.
3) аддзеяслоўным выклічнікам тыпу зірк, гоп, блісь, шусь, тыц, скок, хап, шмыг: Маланка блісь над садам.
4) устойлівым спалучэннем слоў, перыфразам: Хуценька спявае, словы падганяе.
Карысна ведаць.
У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.
Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.
Оружіе -- зброя.
Выкарыстаўшы слова "зброя", пабудуйце і запішыце сказ з састаўным дзеяслоўным выказнікам. Зрабіце яго сінтаксічны разбор. (На месцы баёў мае аднавяскоўцы  сталі збіраць зброю.)
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “выказнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
У гасцях у тлумачальнага слоўніка.
Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "апартаменты". (Вялікае раскошнае памяшканне, пакоі.)
Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.
Выкарыстаўшы слова "апартаменты", пабудуйце і запішыце сказ з простым дзеяслоўным выказнікам. (Мае знаёмыя жылі ў сапраўдных апартаментах.)
                   [1, стар. 35, 103, “Тлумачальны слоўнік”]  
Акцэнталагічная хвілінка.
Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.
Апартаменты, сакаўны, дакараць, грэбаваць, навальніца, маснічына.
Адказ. Апартаменты, сакаўны, дакараць, грэбаваць, навальніца, маснічына.
Раскрыйце лексічнае значэнне слова "грэбаваць". (Пагарджаць, выказваць непавагу, непрыхільнасць да каго-небудзь ці чаго-небудзь.)
                  [1, стар. 92, “Тлумачальны слоўнік”]  
Праца са словам.
Пастаўце дзеясловы ў неазначальнай форме (яны звычайна спалучаюцца са словамі "можна", "нельга") і запішыце ў два слупкі.
Узор: можна          нельга
           смяяцца      насміхацца
Гартаю, чытаю, курыш, здзекуешся, пытаюцца, абгаворыш, думае, сваволіш, зварыць, разаб'ю, поле, зневажаем.
З трыма дзеясловамі-выказнікамі складзіце і запішыце сказы.
Перакладчыкі.
Перакладзіце афарызмы на беларускую мову і запішыце. Назавіце простыя і састаўныя дзеяслоўныя выказнікі. Абазначце іх канчаткі.
Мы должны здраво обдумывать, что несёт нам грядущий день (Цыцэрон).
Дни убегают, и нам их невозможно сдержать ((Авідзій).
Разуму не приходится выбирать, если выбор стоит между истиной и выдумкой (Цыцэрон).
Истину можно гнать, но нельзя задушить (Цыцэрон).
Словы для даведкі: здраво -- разумна, разважна,  грядущий -- будучы, наступны,  истина -- ісціна.
Праца са сказам.
Запішыце сказ. Вызначце спосаб выражэння граматычнага значэння ў састаўным дзеяслоўным выказніку. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне:
1) граматычнае значэнне выражана дапаможным дзеясловам;
2) у ролі дапаможнага дзеяслова ужываецца кароткі прыметнік.
Міхась вырашыў сказаць бацьку ўсю праўду.
Мытны кантроль.
Адзначце сказы, у якіх ёсць састаўны дзеяслоўны выказнік.
1. Дождж працягваў ісці, увесь час падганяючы хлопцаў.
2. Сонца перастала свяціць.
3. Не абняць, не папрасіць хоць каго-небудзь.
4. Неўзабаве стала цяплець.
5. Дзяўчынкі стараліся дапамагчы сваёй сяброўцы.
Адказ. Сказы з састаўным дзеяслоўным выказнікам: 1, 2, 4, 5.
5. Мытны кантроль.
Начная раса, як вядома, на густой траве пакідае прыкметны след.
Пакіньце і вы свой след на сённяшнім уроку, пастарайцеся правільна адказаць на пытанні да тэмы "Спосабы выражэння выказніка: простага дзеяслоўнага і састаўнога дзеяслоўнага".
Што называецца простым дзеяслоўным выказнікам?
Што называецца састаўным дзеяслоўным выказнікам?
Што абазначаюць дапаможныя дзеясловы ў састаўным дзеяслоўным выказніку?

Выкарыстаная літаратура

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.