Аляксей Якімовіч
ЗАЛАТЫ ЛАНЦУЖОК (ЧАМУ?..)
Казкі
з цікавымі
адказамі, скорагаворкамі,
займальнымі
вершамі
і залатымі
ланцужкамі для мамы
Вядомы
беларускі пісьменнік Аляксей Якімовіч прапануе Вам свае новыя казкі. Яны
цікавыя і пазнавальныя, добра запамінаюцца. Іх героі Мядзведзь, Воўк, Заяц,
Арол і іншыя звяры і птушкі.
Сваім
зместам казкі адказваюць на пытанне “чаму?”, вучаць дзяцей правільна разбірацца
ў няпростых жыццёвых сітуацыях.
Пасля
кожнай казкі змешчаны скорагаворка, займальны верш і незвычайны залаты ланцужок
з беларускіх слоў для мамы. Яны не толькі папаўняюць слоўнікавы запас малых
чытачоў, але і вучаць іх складаць вершы, разважаць і правільна вымаўляць гукі і
словы.
У раздзеле “Змест” пасля
назвы кожнай казкі ў дужках наадварот запісаныя словы – адказы да задання
“Залаты ланцужок для мамы”.
Для
малодшага школьнага ўзросту.
Можна выкарыстоўваць у
дадзеным варыянце.
Чаму Гром грукоча?
Па
небе павольна плылі Хмаркі. Ветрык іх падганяў, адпачываць не даваў.
--
Доўга мы так будзем плысці? – не сцярпела Першая Хмарка, падобная да тоўстага Мядзведзіка.
--
Пакуль у іншую краіну не прыплывём, -- сказала Другая Хмарка, падобная да незвычайнага трохколавага аўтамабіля.
Трэцяя
Хмарка, якая нагадвала лёгкую пярынку, пазяхнула.
--
Надакучыла!..
--
Давайце пагуляем, -- прапанавала Хмарка, падобная да тоўстага
Мядзведзіка.
--
Ты ўжо прыдумала цікавую гульню? – запыталася Хмарка, падобная да трохколавага аўтамабіля.
--
Прыдумала! Мы будзем гукаць і штурхацца, -- паведаміла Першая Хмарка.
--
Я вельмі люблю гукаць! – прызналася Другая Хмарка.
--
Давайце разам гукнём! – прапанавала Трэцяя Хмарка.
Пагадзіліся
сяброўкі з Хмаркай, якая нагадвала лёгкую пярынку. Набралі ў грудзі паветра і
разам гукнулі:
--
А-а-а!..
А
потым пачалі штурхацца. Разгаманіліся, раскрычаліся, дзеда Грома разбудзілі.
Узлаваўся дзед Гром і загрукатаў на ўсю ваколіцу.
Хмаркі
спалохаліся і заплакалі.
З
таго часу так і павялося. Грукоча, злуецца дзед Гром, калі вельмі разгуляюцца
свавольніцы Хмаркі.
Назавіце слова
Дружненька, без сваркі
Плывуць па небе … (ікрамх).
Скорагаворка
Гром
грукоча, разгуляўся.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
п
* * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акныряп.
Чаму Вецер і Венік не
сябруюць?
Стаяла
восень. На вуліцы каля калодзежа сустрэліся Вецер і Венік.
--
Добры дзень, браток. Як зваць цябе? – запытаўся ў Веніка Вецер.
--
Венік, -- назваў сябе Венік.
--
Чым займаешся ты? – усклікнуў Вецер. Ён так і не зразумеў, хто перад ім стаіць.
--
Працую, -- коратка адказаў Венік. Ён не любіў хваліцца, доўга расказваць пра
сябе.
Вецер
кашлянуў, прачышчаючы горла, бо крыху прастудзіўся, цэлымі днямі гойсаючы
туды-сюды.
--
Многія працуюць, не сядзяць цэлымі днямі ў хаце. Рыдлёўка, напрыклад, агарод
капае, Гаспадару дапамагае.
--
А я Гаспадыні дапамагаю, падлогу ў хаце чыста падмятаю, -- паведаміў Венік.
--
Толькі ў хаце? – усё-ўсё хоча ведаць Вецер.
--
На вуліцы таксама падмятаю, -- сказаў Венік.
Вецер
зірнуў на жоўтае лісце, якое ляжала каля калодзежа.
--
Цяпер лісце хочаш падмясці?
--
Здагадлівы ты, -- адказаў Венік.
--
А я Вецер. Я таксама падмятаю. Глядзі, калі не верыш! – гукнуў Вецер і дзьмухнуў.
Няўклюдна
перакідаючыся, па вуліцы паляцела жоўтае лісце.
--
Хопіць, хопіць! – закрычаў Венік. – Увесь наш падворак лісцем зараз закідаеш!
--
Дык будзеш са мною сябраваць? – пацікавіўся Вецер.
--
Буду, -- пагадзіўся Венік. Ён даўно хацеў займець надзейнага сябра.
--
Калі прыйдзецца цяжка, кліч на дапамогу. Адразу прылячу, -- паабяцаў Вецер і
схаваўся за калодзежам.
А
Венік каля калодзежа лісце стаў падмятаць. Падмятае, песеньку напявае:
Да калодзежа прыйшоў,
Сябра тут сабе знайшоў.
Будзем разам мы гуляць,
Песні весела спяваць.
Усё
лісце старанна ў горбачку змёў. Адвярнуўся на хвілінку, а Вецер выглянуў з-за
калодзежа і дзьмухнуў што ёсць сілы.
Ва
ўсе бакі лісце разляцелася.
Ледзь
не заплакаў Венік, крыўдна яму стала.
--
Зноў мне прыйдзецца падмятаць! – прагаварыў.
--
Ха-ха-ха… -- зарагатаў за калодзежам Вецер.
--
Вылазь з-за калодзежа, шкоднік! – звярнуўся да Ветра Венік. Ён здагадаўся, хто
так пастараўся.
--
Я не шкоднік! – вылецеўшы з-за калодзежа, крыкнуў Вецер. -- Я проста
пажартаваў.
--
А я такіх жартаў не разумею, -- адказаў Венік.
З
таго часу ён не сябруе з Ветрам, здалёку яго абыходзіць.
Назавіце слова
Да яго штодня ты ходзіш.
А завецца ён … (жездолак).
Скорагаворка
Вецер
раздзьмуў шчокі і дзьмухнуў.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
д
* * * * * * а
Наадварот
напісанае слова: агомапад.
Чаму мароз у Зайцаў садок не
прабраўся?
Ранняй
вясной сабраліся звяры на паляне і пачалі скардзіцца.
--
За зіму ў мяне амаль увесь маліннік вымерз, --
паведаміў Мядзведзь. – Не будзе малінавага варэння, не навару.
--
А ў мяне сліўка змёрзла! Два гады пладамі частавала. Такія смачныя сліўкі на ёй
раслі! – завыў Воўк.
--
У мяне вішанька змёрзла, прапала. Тою вясною стаяла кучаравая. А гэтаю ніводзін
лісточак на ёй не з’явіўся, -- паведаміў Барсук. – Зіма вінаватая.
--
Сапраўды, сёлета лютая выдалася зіма. Я ў бярлозе ляжаў і чуў, як дрэвы па
начах ад марозу трашчалі, скардзіліся, -- падаў
голас Мядзведзь.
--
Даўно такой зімы ў нас не было, -- пагадзіўся
Воўк. – Аднаго разу ў студзені вечарам ад Зайца дамоў ішоў. Дык ледзь вушы сабе
не адмарозіў.
--
Я ж казаў табе тады: ”Пераначуй у мяне, ёсць дзе. А ты дамоў пацягнуўся, --
напомніў Воўку Заяц.
Мядзведзь
торкнуў Зайцу лапаю ў грудзі. Бедны Заяц аж пахіснуўся.
--
У мяне маліннік вымерз, у Воўка сліўка змёрзла, у Барсука – вішанька. А ты,
Заяц, чамусьці маўчыш. Няўжо зіма ў твой садок не прабралася?
--
У маім садку ўсе дрэвы і кусты цэлыя, -- пахваліўся Заяц.
Як
на дзівака, паглядзелі звяры на Зайца. Ім здалося, што махлюе ён.
--
Цэлыя, прымета мне дапамагла, -- гучна заявіў Заяц.
--
Якая прымета? – пацікавіўся Мядзведзь.
--
Надзвычай ураджайны год – чакай халодную зіму. Не ведаеце, што ёсць такая
прымета? – зірнуўшы на звяроў-суседзяў, прагаварыў Заяц.
Мядзведзь
пачухаў лапай каля вуха і зазначыў:
--
Той год сапраўды быў ураджайны!
--
Заяц, ты загадзя падрыхтаваўся да зімы? – усклікнуў Воўк.
--
Не паленаваўся, восенню ўсе дрэвы і кусты ўцяпліў. І Барсуку казаў, каб не
сядзеў склаўшы лапы. А ён не паслухаўся мяне! -- прамовіў Заяц.
--
Не паверыў я табе, -- сказаў Барсук. Усё-ткі знайшоў ён апраўданне.
Назавіце слова
-- У мяне ёсць балалайка, --
Пахваліўся Воўку … (акйаЗ).
Скорагаворка
У
мядзведзя маліннік вымерз.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
в
* * * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акьнашів.
Чаму рыбы маўчаць?
“Маўчыць
як рыба”, -- часта кажуць пра таго, хто не хоча гаварыць.
А
раней рыбы не маўчалі, размаўлялі з суседзямі. Ды вось што здарылася.
Аднаго
разу звяры прапанавалі рыбам вывучыць табліцу множання.
--
У нас ёсць табліца множання. Вам яе трэба вывучыць, -- як да самага
аўтарытэтнага, ад імя звяроў звярнуўся да Сома Заяц.
--
Ваша табліца множання вялікая? – адразу ж пацікавіўся ў Зайца Сом.
--
Даволі вялікая. І на “два”, і на “тры”, і на “чатыры”, і на “пяць”, і на
“шэсць”, і на “сем”… -- пачаў называць Заяц.
--
Хопіць, хопіць! -- перапыніў Зайца Сом. – Навошта нам ваша табліца множання?
Растлумач!
--
З дапамогай табліцы множання можна хутка палічыць, колькі на кусце арэхаў, --
стаў тлумачыць Заяц.
--
Мы не рвём арэхі з кустоў! -- гучна зарагатаў
Сом. Па рэчцы ажно хвалі пайшлі. Прывязаныя каля берага лодкі загайдаліся,
ледзь не перакуліліся.
--
З дапамогай табліцы множання можна хутка палічыць, колькі грыбоў вырасла на
палянцы, -- нясмела прагаварыў Заяц.
--
Ты калі-небудзь бачыў, каб мы на палянцы калі-небудзь збіралі грыбы? – гучней
зарагатаў Сом. Развесяліўся ён.
--
У вашай рэчцы расце аер, -- па-іншаму пачаў Заяц.
Сом
павёў доўгімі вусамі.
--
Расце, зелянее каля берага!
--
З дапамогай табліцы множання можна хутка палічыць, колькі аерын у рэчцы, --
прамовіў Заяц і з палёгкаю ўздыхнуў. Яму здалося, што ўгаварыў, пераканаў
упартага Сома.
--
З дапамогай табліцы множання можна хутка палічыць, колькі малькоў у нашай
рэчцы? – пацікавіўся Сом.
--
Малькі – гэта маленькія рыбкі? – вырашыў удакладніць Заяц.
--
Малькі – гэта нашы маленькія рыбкі, -- з гонарам адказаў Сом.
--
З дапамогай табліцы множання іх можна хутка палічыць, -- заверыў суседа Заяц. –
Будзеце яе вучыць?
--
Ты пастой на беразе, а я рыб збяру, параюся з імі, -- паведаміў Сом і адплыў ад
берага.
Неўзабаве
сабраў ён рыб, якія жылі ў рэчцы.
--
Нешта здарылася, шаноўны? Вораг на нас хоча напасці? – запытаўся ў Сома Шчупак.
“Табліца
множання горшая, чым вораг. Ад ворага можна абараніцца, а ад табліцы множання
не абаронішся. Яе дзень і ноч трэба вучыць”, -- падумаў Сом і паведаміў рыбам:
--
Заяц прапануе нам табліцу множання вывучыць, каб змаглі мы ўсё-ўсё на свеце
хутка палічыць.
--
А яна вялікая? – падаў голас Карась.
--
Заяц казаў, што вялікая, -- спахмурнеў Сом.
--
Няхай сам яе вучыць! – азваўся паласаты
Акунь.
--
Ён яе ўжо вывучыў. Цяпер хоча, каб мы вывучылі, -- напомніў рыбам Сом.
--
Не будзем вучыць, не жадаем! – заявіў Шчупак.
Сом
у адчаі пляснуў хвастом.
--
Што сёння Зайцу скажам?
--
Зайцу нічога не будзем казаць. З гэтага дня ўсе мы будзем маўчаць, --
прагаварыла Плотка.
Сом
уздыхнуў з палёгкаю.
--
Хто “за”?
--
Усе “за”! – дружна адказалі рыбы і замаўчалі.
Назавіце слова
-- Лёд зімою быў як шыба, --
Так сказала раку … (абыр).
Скорагаворка
Рыбы
дружна рагаталі.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
с
* * * * * і
Наадварот
напісанае слова: іздесус.
Чаму Пеўнік Парсючка баіцца?
Цёплым
вясновым днём на падворку з’явілася жоўценькае куранятка. Гаспадыня купіла яго
на базары і прывезла дамоў.
--
Ты хто? – наблізіўшыся да кураняці, запыталася буравата-шэрая Качка.
Куранятка
сцялося і прагаварыла, стараючыся не паказаць страху:
--
Я Пеўнік.
Качка
пакруціла шырокай, як долата, дзюбай. Ёй здалося, што хлусіць куранятка.
--
Ад Гаспадыні чула, што ты кураня.
“Дык
чаго пытаешся, калі чула?” – падумаў Пеўнік, але не сказаў пра гэта.
--
Кураняты бываюць Курачкамі і Пеўнікамі. У мяне грабеньчык высокі, як у Пеўніка.
І крыльцы дужыя, -- растлумачыў Пеўнік і ўзмахнуў маленькімі крыльцамі. Яму
вельмі хацелася цяпер паляцець куды-небудзь.
--
А ён разумны! -- падаў голас з яблыні Шпак. – Я неўзабаве навучу яго прыгожа
спяваць.
Пеўнік
зірнуў на Шпака і падзякаваў:
--
Дзякуй вам, шаноўны. Вы адгадалі маё жаданне. Мне сапраўды вельмі хочацца
навучыцца прыгожа спяваць.
--
А я!.. – падскочыла перад Пеўнікам Качка. – Я навучу цябе чытаць. Шмат цікавых
кніжак ты прачытаеш.
На
рынку Пеўнік бачыў, як Гандляр прадаваў кнігі. І дарослыя, і малыя да яго
падыходзілі, куплялі іх.
--
Ты хочаш навучыцца чытаць? – пацікавілася Качка.
--
Хачу, -- кіўнуў галавою Пеўнік. “А на гэтым падворку някепска. Тут сабраліся
цікавыя жыхары”, -- падумаў ён. Яму ўжо
расхацелася куды-небудзь ляцець.
Пачуўшы
размову, да Пеўніка падышоў белы Гусак. Ён ганарліва выгнуў шыю і заявіў:
--
А я навучу цябе лічыць. Згодзен?
--
Мне доўга прыйдзецца лічыць? – запытаўся Пеўнік. Яму здалося, што Гусак
прымусіць яго дзень і ноч лічыць без адпачынку.
--
Толькі да дзесяці. Далей я і сам не ўмею, -- паведаміў Гусак і гучна загагатаў.
Смешным здаўся яму маленькі Пеўнік.
--
Калі толькі да дзесяці, то згодзен, -- павесялеў новы жыхар падворка.
--
Падыдзі да мяне, Пеўнік, -- паклікаў Парсючок. Ён ляжаў каля плота і грэўся ў
цёплым, нагрэтым сонцам пяску.
Пеўнік
наблізіўся да Парсючка і прамовіў:
--
Вы таксама мяне хочаце навучыць чытаць і лічыць?
Парсючок
устаў, дугою выгнуў спінку і зарохкаў.
--
Я цябе навучу качацца. У лужыне!
--
Дзе? – усклікнуў Пеўнік. Ён баяўся вады, стараўся блізка не падыходзіць да яе.
--
У лужыне! – гучней зарохкаў Парсючок.
Пеўнік
азірнуўся.
--
Дзе ваша лужына?
--
У агародчыку. Пасля дажджу ў разоры засталася, яшчэ не высахла, -- пахваліўся
Парсючок і, адчыніўшы весніцы, загадаў Пеўніку: – Ідзі за мною і не адставай,
малы.
Цяжка
ўздыхнуўшы, Пеўнік накіраваўся за Парсючком. А той разагнаўся, плюхнуўся ў лужыну і перакаціўся. Брудныя пырскі паляцелі на
Пеўніка. Ён павярнуўся і як мага пабег на падворак. З таго дня ўцякае ад
Парсючка, баіцца, што ў лужыну той яго штурхне.
Назавіце слова
Ёсць у качкі дзіцянятка:
Жоўценькае … (актяначак).
Скорагаворка
Парсючок
пасябраваў з пеўнікам.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
г
* * * * * * * я
Наадварот
напісанае слова: яныдапсаг.
Чаму пакрыўдзіўся Сівы конь?
Стаяла
гарачае лета. Сівы конь і Гнеды конь везлі на вазах груз.
--
Цяжка табе, Гнеды? – пацікавіўся Сівы конь.
--
Няцяжка, -- адказаў Гнеды. – Мой груз сёння лёгкі.
--
Мой груз таксама лёгкі. Пашанцавала нам сёння, -- сказаў Сівы і хутчэй пайшоў
па дарозе.
Паабапал
дарогі густою сцяною стаяў лес. Высока ўгору цягнуліся вершалінамі магутныя
сосны. Прыемна пахла смалою.
-- Мы ідзём, ідзём, ідзём,
На вазах свой груз вязём.
Нам няцяжка працаваць,
Сонца раніцай страчаць, --
заспяваў Сівы конь.
-- Мы ідзём, ідзём, ідзём,
На вазах свой груз вязём, --
падхапіў Гнеды
конь.
За
павароткай дарогі паказалася горачка.
--
Бачыш горачку? – звярнуўся Сівы конь да Гнедага.
--
Канешне, бачу! – незадаволена страсянуў галавою Гнеды. “Мой сябар як на малога глядзіць на мяне. Гэтую горачку
я сто разоў бачыў, а ён усё напамінае мне пра яе”, -- падумаў пра сябе.
--
Нам трэба пастарацца, каб выцягнуць вазы, на горачку
падняцца, -- прагаварыў Сівы. Ён вырашыў падбадзёрыць свайго сябра,
ахвоты яму паддаць.
Гнеды
адчуў, як у галаве нехта нябачны застукаў, нібы малаточкам: “Чаму ты ўсё
слухаешся гэтага Сівага? Наперакор яму зрабі, каб болей не вучыў”.
--
Паднімемся на горачку, а там і да канюшні недалёка. Смачны авёс чакае нас у
канюшні, – прагаварыў Сівы конь.
Нябачны
спадарожнік зноў застукаў у галаве Гнедага, нібы малаточкам: “А цяпер ён табе
пра авёс напомніў, быццам сам не ведаеш, што ў канюшні ёсць авёс!”
--
Уволю наямося аўса і цэлую ноч будзем адпачываць. Цягні пад горачку, браток! –
прамовіў Сівы. Ён хацеў гучна заіржаць, прывітаць сябра Гнедага.
--
Не павязу пад горачку! – нечакана заявіў Гнеды.
--
Чаму? – не зразумеў Сівы конь.
--
Бо не хачу! – буркнуў Гнеды і спыніўся.
Сівы
таксама спыніўся.
--
Але ж іншай дарогі тут няма! Што будзеш рабіць? – усклікнуў ён.
Гнеды
тупнуў капытам па ўтрамбаванай зямлі.
--
Буду стаяць!
--
Але ж нас чакае авёс!
--
Сам еш той авёс, -- выказаўся Гнеды.
Пакрыўдзіўся
Сівы конь.
--
Сам дык сам! – прамовіў і пацягнуў воз пад горачку.
“Правільна
ты зрабіў, што не паслухаўся яго”, -- малаточкам прастукаў у галаве нябачны
спадарожнік Гнедага.
--
Сам ведаю, што правільна зрабіў! – агрызнуўся Гнеды і нізка апусціў галаву.
А
Сівы конь тым часам зацягнуў воз на горачку, прыехаў у канюшню, распрогся і
ўволю наеўся аўса.
Назавіце слова
Пахваліўся Свеце Лёнік:
-- У мяне ёсць сівы … (кінок).
Скорагаворка
Конь
распрогся і наеўся аўса.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
г
* * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акчарог.
Чаму птушкі спяваюць?
Некалі
птушкі не спявалі. Сумна было ў лесе. Аднаго дня сабраліся звяры і птушкі.
Сталі думаць, як зрабіць, каб было весялей, утульней.
--
Кажыце, прапаноўвайце! – звярнуўся да звяроў і птушак Мядзведзь. Яму даручылі
весці звярыны і птушыны сход.
Маўчаць
звяры і птушкі, не ведаюць, што прапанаваць. Нарэшце Воўк падаў голас:
--
Калі б мы заспявалі, то ў лесе адразу
стала б весялей!
--
Усе разам? – залыпаў вачыма Мядзведзь.
--
Можна і разам, можна і па аднаму, -- сказаў Воўк.
--
А ты ўмееш спяваць? – пацікавіўся ў Воўка Заяц.
--
Умею, -- пахваліўся Воўк. – Заспяваць?
--
Заспявай, калі ласка, -- з палёгкаю ўздыхнуў Мядзведзь. Яму здалося, што з
гэтай хвіліны зменіцца іх жыццё, стане весялейшае.
Воўк
кашлянуў, прачышчаючы горла, выцягнуў шыю і завыў на ўсё наваколле.
Птушкі
ўстрапянуліся, у розныя бакі ледзь не разляцеліся, у Зайца мароз па скуры
прабег.
--
Хопіць, хопіць! – замахаў лапамі Мядзведзь.
--
Непрыгожа спяваю? Не падабаецца вам мая песня? -- панурыўся Воўк. Ён так хацеў
парадаваць звяроў і птушак, ад душы стараўся!
--
Страшная яна! – зазначыў Ліс.
--
Мы, звяры, не ўмеем спяваць. Я, напрыклад, умею толькі прарэзліва пішчаць.
Паказаць? – падахвоціўся Заяц.
--
Не трэба пішчаць, не трэба! – закрычаў Мядзведзь і лапамі вушы хацеў затуліць.
Яму здалося, што Заяц не паслухаецца яго і запішчыць прарэзліва.
--
А я ўмею толькі брахаць, -- заявіў Ліс.
“Дома
брашы”, -- падумаў Мядзведзь і перавёў позірк на птушак.
–
Шаноўныя, магчыма, вы ўмееце спяваць? Паспрабуйце!
--
Не атрымаецца ў нас, -- азваўся зеленавата-жоўты Чыж.
--
А ты паспрабуй! Сам Мядзведзь просіць! – усклікнуў Заяц.
--
Мы ўважліва цябе будзем слухаць, -- падтрымаў Зайца Ліс.
--
Калі так, то паспрабую, -- сказаў Чыж і, махнуўшы кароткай вострай дзюбай,
зашчабятаў: “Цыві-ціві-цыві-ціві-кее, цыві-ціві-цыві-ціві-кее…”.
--
Атрымалася! У цябе атрымалася! – не вытрываў Мядзведзь. Ён увесь аж заззяў, быў
на сёмым небе ад радасці.
--
Вельмі добра атрымалася! – гукнуў Заяц і заскакаў, як на вяселлі.
--
Малайчына! – пахваліў Чыжа Ліс.
“Трэба
і мне паспрабаваць, праверыць сваю сілу”, -- падумаў прыгожы стракаты Шчыгол і
засвістаў, затрашчаў:
--
Шчыг-літ, шчыг-літ, шчыг-літ…
--
Фі-цю-фі-цы, фі-цю-фі-цы, фі-цю-фі-цы… – падхапіла зеленавата-шэрая Чачавіца.
Наструнілася, вочы заплюшчыла, стараецца, выводзіць.
--
Малайцы! Малайцы! Малайцы!.. – падзівіўшыся на
птушак, тры разы крыкнулі звяры.
З
таго часу так і павялося. Птушкі стараюцца, спяваюць на ўсе лады, а звяры іх
слухаюць і хваляць.
Назавіце слова
-- Мы забілі Шпакам гол! –
Затрашчаў малы (логычШ).
Скорагаворка
Мядзведзь
падарыў мядзведзіцы малюнак.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
н
* * * * * * *е
Наадварот
напісанае слова: еллокаван.
Чаму Варона каркае?
Прыйшла
Вясна. Вырашыла яна звяроў і птушак падарункамі ўзнагародзіць.
--
Звяры і птушкі, – на ўвесь лес гукнула, -- на самай вялікай лясной паляне
збірайцеся! Падарункі буду раздаваць!
Сабраліся
звяры і птушкі на самай вялікай лясной паляне.
--
Якія падарункі вы хочаце атрымаць ад мяне? – пацікавілася ў звяроў і птушак
Вясна.
--
Вясна-красна, падары мне, калі ласка, шэрае футра, -- папрасіў Заяц. – Не хачу
летам у белым, у зімовым хадзіць.
Не
пашкадавала Вясна, падарыла Зайцу прыгожае шэрае футра.
--
Вясна-красна, я толькі з бярлогі вылез, ніяк не магу прачнуцца, з заплюшчанымі
вачыма хаджу, -- паскардзіўся Мядзведзь. – Разбудзі мяне, калі ласка. На белы
свет хачу як след паглядзець.
Паклікала
Вясна сваіх ганцоў – Праменьчыкаў светлых. Нібыта добрыя лекары, дакрануліся
яны да Мядзведзя і разбудзілі яго. Расплюшчыў ён вочы, як след паглядзеў на
белы свет і прыязна ўсміхнуўся.
Выканала
Вясна ўсе жаданні звяроў і да птушак звярнулася:
--
А вы якія падарункі хочаце атрымаць?
--
Вясна-красна, узнагародзь нас прыгожымі песнямі, -- папрасіла Вясну Варона.
--
Так, так, -- падтрымалі Варону іншыя птушкі. – Гэтай узнагароды мы даўно
чакаем.
Выканала
Вясна жаданне птушак, узнагародзіла іх прыгожымі песнямі. Спяваюць птушкі,
цешацца, заліваюцца. Кожная з іх сваё майстэрства стараецца паказаць.
А
Варона лятае ўслед за сяброўкамі і сябрамі і адзначае:
--
Там Зуёк малы спявае!
--
Трыэ…трыэ, трыэ… трыэ… – пошчакам разносіцца песня буравата-шэрага Зуйка
малога.
--
Кі-піт, кі-піт, кік-кік-кік… – гучна даносіцца з правага боку.
--
А гэта Кулік-сарока заходзіцца! – павярнуўшыся направа, усклікае Варона.
І
так кожны дзень. Неяк падляцеў да Вароны Салавей.
--
Паспявай сваю песню на радасць мне і маім суседзям, -- папрасіў ён.
--
Якую песню? – разгубілася Варона.
--
Сваю, -- паўтарыў Салавей.
--
Не помню, якой песняй узнагародзіла мяне красуня Вясна, -- сказала Варона і ў
адчаі гучна каркнула.
--
Чужыя песні слухаеш, а пра сваю забылася! – папракнуў Салавей.
--
Сапраўды, забылася! – ціха прамовіла Варона і зноў на ўвесь лес каркнула.
З
таго дня яна, бывае, цэлымі днямі каркае, Вясну-красну кліча, новую песню ад яе
хоча атрымаць.
Назавіце слова
Цяплей сонца засвяціла
І мядзведзя
… (аліздубзар).
Скорагаворка
Варона
развучылася каркаць.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
п
* * * * * * * к
Наадварот
напісанае слова: канурадап.
Чаму Заяц песні спяваў?
Крочыць
Заяц па лясной сцяжынцы і весела спявае:
Пайшоў каток у лясок,
Знайшоў каток паясок.
А кошачка адняла
І дзіцяці аддала.
Пайшоў каток на таржок,
Знайшоў каток піражок:
Ці самому з’есці,
Ці дзіцяці несці?
І сам трошкі ўкусіў,
І дзіцяці прынасіў.
(З народнага.)
Убачыў
Зайца Воўк і пацікавіўся:
--
Чаму ты такі радасны? Хіба сёння дзень нараджэння ў цябе?
--
Добры настрой у мяне, – пахваліўся Заяц.
--
У гасцях быў? – усклікнуў Воўк.
--
Не, на агародзе працаваў, градкі паліваў, -- паведаміў Заяц.
--
Хто ж табе там так настрой падняў? – хочацца ведаць Воўку.
Усміхнуўся
Заяц.
--
Сам сабе яго падняў.
--
Хіба ты чароўныя словы ведаеш? – здзівіўся Воўк.
--
Ведаю!
--
Назаві іх, калі ласка, -- закруціў хвастом Воўк. Вельмі хочацца яму сабе як
мага хутчэй настрой падняць, стаць такім жа шчаслівым,
вясёлым.
--
Калі праца – асалода, жыццё – хараство, -- назваў чароўныя словы Заяц і,
спяваючы, пакрочыў далей.
Назавіце слова
Хто стараецца, працуе,
Той ніколі не … (еумус).
Скорагаворка
Заяц
з зайцам працаваў.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
с
* * * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акныжяцс.
Чаму Дрэва з Хмаркай сябруе?
На
палянцы расло высокае Дрэва. Аднаго разу да Дрэва падышоў нядобры Чараўнік,
уважліва паглядзеў на яго і запытаўся:
--
З кім сябруеш, Дрэва?
Дрэва
хіснулася і адказала:
--
З Хмаркай!
--
Знайшла сабе сяброўку! – гучна зарагатаў нядобры Чараўнік. – Яна высока жыве,
падарожнічае, усё бачыць, а ты цэлы год і днём, і ноччу тут, у лесе, стаіш.
--
Хмарка прылятае да мяне і вадзіцай поіць, -- запярэчыла Вершаліна.
Нахмурыўся
нядобры Чараўнік.
--
Да пары да часу поіць вадзіцай. Можа здарыцца так, што наляціць на цябе моцны
вецер і зломіць, кіне далёка ў гушчар. Прападзеш там.
Вершаліна
зноў хіснулася і адказала:
--
Я не пабаюся моцнага ветру. Карані ўтрымаюць.
--
Неразумная! – буркнуў Чараўнік.
--
Бывай! Бывай! – развітваючыся з нядобрым Чараўніком, захісталася Дрэва.
Нядобры
Чараўнік вылаяўся і пайшоў.
З
таго часу ходзіць ён па лесе незадаволены, злосна бурчыць, а Дрэва стаіць і за
навакольным жыццём назірае: як сонейка ўстае, свеціць, як птушкі прачынаюцца,
спяваюць, як лясныя звяры ў гушчарах сваіх дзяцей песцяць, гадуюць.
Назавіце слова
На пагорачку – асіна,
У асіны -- … (анілашрев).
Скорагаворка
Чараўнік
качку зачараваў.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
п
* * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акнялап.
Чаму палагоднеў Вецер?
Скончылася дажджлівая восень.
Прыйшоў першы зімовы дзень. У паветры закружыліся белыя Сняжынкі, лёгкія, як
пушынкі.
З-за лесу вылецеў імклівы
Вецер.
-- Куды вы ўсе так спяшаецеся?
– пацікавіўся ён у Сняжынак.
-- На зямлю! -- прагаварылі
Сняжынкі. Ім сапраўды хацелася як мага хутчэй трапіць на зямлю.
-- Не пушчу вас на зямлю! –
завыў, застагнаў Вецер і закружыў Сняжынкі, быццам у карагодзе.
-- Чаму? Чаму? – перапалоханыя,
закрычалі Сняжынкі. “Няўжо мы ўсю зіму ў паветры будзем лятаць, адна адну
даганяючы?” – падумалі яны.
-- Вы халодныя і там, на зямлі,
людзям не патрэбныя! – зайшоўся ад смеху Вецер. Пачуўшы яго гучны смех, нават
дрэвы закалыхаліся, зарыпелі.
-- Мы прыгожыя, да дзіўных зорачак падобныя. Мы патрэбныя людзям.
Людзі чакаюць нас, каб палюбавацца, -- адказалі Сняжынкі.
З новай сілай завыў Вецер.
-- Хоць вы і прыгожыя, але не
пераканалі мяне, што патрэбныя людзям!
-- Мы прыляцім на зямлю і
цёплай коўдрай укрыем палі і агароды! – усклікнулі Сняжынкі.
-- Усё роўна не пераканалі! –
буркнуў сярдзіты Вецер.
-- Мы станем снежнай дарогай.
Па гэтай дарозе людзі на санях паедуць, паімчацца, -- паведамілі Ветру
Сняжынкі.
Палагоднеў Вецер, крыху
суцішыўся.
-- Яшчэ
нешта хочаце сказаць мне? – пацікавіўся ў Сняжынак.
-- Мы неўзабаве станем
прыгожымі снегавікамі. Зірні ўніз, на зямлю. Там дзеці стаяць, ужо чакаюць нас,
-- сказалі Сняжынкі.
Вецер паглядзеў уніз. І праўда,
стаяць каля вёсачкі дзеці, рукамі махаюць, Сняжынкі падклікаюць.
-- Мы пераканалі цябе? –
пацікавіліся ў Ветра Сняжынкі.
-- Цяпер пераканалі, -- адказаў
Вецер і паляцеў за лес.
Назавіце слова
Падаюць сняжынкі –
Белыя … (ікнышуп).
Скорагаворка
Людзі любуюцца сняжынкамі.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
з
* * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акчароз.
Чаму
Карась не захацеў жыць на беразе?
Жылі-былі ў возеры рыбы.
-- І дзень, і ноч у вадзе, у возеры жывём. І зімою, і
летам ад берага да берага плаваем, – аднаго дня паскардзіўся паласатаму Акуню
Карась.
Акунь паглядзеў на Карася як на дзівака і пацікавіўся:
-- А табе дзе хацелася б жыць?
-- На беразе, -- адказаў Карась і ўдакладніў праз
хвілінку: -- На лузе. Там шмат кветак.
-- Там сапраўды прыгожа, -- пагадзіўся Акунь.
-- Вас нешта цікавіць, сябры? – данеслася ад аеру, які густа разросся каля берага.
Карась і Акунь падплылі да аеру і ўбачылі Шчупака. Ён
грэўся на сонцы, якое з вышыні старанна свяціла на возера.
-- Ты не скажаш, чаму мы, рыбы, увесь час жывём у возеры?
– прамовіў Карась.
Шчупак пацягнуўся, соладка пазяхнуў і неспадзявана
прапанаваў Карасю:
-- Выскачы на бераг, і даведаешся.
-- Ты жартуеш? -- заморгаў вачыма Карась.
Шчупак строга паглядзеў на Карася.
-- На хвілінку выскачы, калі хочаш даведацца.
“Было не было”, -- падумаў Карась і, напружыўшыся,
адштурхнуўся хвастом і выскачыў на бераг. Гарачыя промні асляпілі яго,
перахапіла дыханне.
Да Карася наблізіўся зялёны Конік і застракатаў:
-- Рыба сама з возера вылазіць! Разам з намі на беразе
хоча жыць!
-- Не хачу жыць на беразе, хачу жыць у возеры, --
прашаптаў Карась і, выгнуўшыся дугою, падскочыў і пляснуўся ў ваду.
Назавіце
слова
Каля берага цяпер
Расце купінай … (реа).
Скорагаворка
Карась залез у аер.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
в
* * * * а
Наадварот
напісанае слова: арезов.
Чаму
Заяц Воўку не паверыў?
Прыйшоў Воўк у суседні лясок і пачаў хваліцца:
-- Добра мне жывецца ў маім ляску. Усе суседзі, як адзін,
мяне паважаюць, здалёку перада мною шапку знімаюць.
-- Відаць, заслужыў ты такую вялікую павагу, -- падаў
голас Заяц.
Воўк колам выгнуў грудзі і прайшоўся перад звярамі.
-- Канешне, заслужыў. Кожны дзень ім дапамагаю, не
адмаўляюся, калі папросяць. Учора Мядзведзю малінаў дапамог нарваць. Цэлы кубак
высыпаў у яго вядзерца.
-- Такую ласку Мядзведзь надоўга запоўніць! – выказалася
Ліса і з захапленнем паглядзела на Воўка.
А Воўк цвіце, быццам кветка на лузе вясною.
-- Доўга дзякаваў мне Мядзведзь. Я ж яму, сябры, не
толькі дапамог, але і настрой падняў. Спачатку ў Мядзведзя быў кепскі настрой.
Маліннік у яго крапівою зарос. Мядзведзь баяўся лезці ў крапіву. А я палез і не
апёкся.
-- Зусім не апёкся? – здзівіўся Заяц. Крапіва, ведаў ён,
кожнага стараецца апячы, не падпускае да сябе.
-- Зусім! Вось так! – ухмыльнуўся Воўк.
-- А яшчэ каму ты дапамог? – хочацца ведаць Зайцу.
-- Сёння Вожык яблыка на спінцы нёс, -- пачаў расказваць
Воўк. – А яно на сцяжынку ўпала, звалілася. Дык я яго падняў і зноў Вожыку на
спінку паклаў! Цікава?
--- Вельмі цікава! – пагадзіўся Заяц. – Не з’еў, а паклаў!
-- Не з’еў, а паклаў! – паўтарыў Воўк, задаволены сабою.
-- Яблыка, відаць, было кіслае! – прагаварыў Заяц і
каўтнуў слінкі. Ён вельмі любіў кіслыя яблыкі.
-- Хвіліначку! Тэлефануюць да мяне! – усклікнуў Воўк і,
выхапіўшы з кішэні мабільны тэлефон, паднёс яго да вуха.
-- Воўчык! – данеслася з тэлефоннай трубкі.
-- Слухаю цябе, мама, -- адказаў Воўк.
-- Дзе ты, Воўчык? – запыталася мама Ваўчыха.
-- У суседнім ляску гуляю.
-- Бяжы дамоў, Воўчык! Вады з крынічкі трэба прынесці.
Воўк нахмурыўся, стаў злосны, недаступны.
-- Няма калі мне, мама.
-- Ты і ўчора казаў, што няма калі табе, -- выгаварыла
Ваўчыха.
-- Да пабачэння, мама! – прагаварыў Воўк і, выключыўшы
мабільны тэлефон, звярнуўся да звяроў: -- Значыць, Вожыку дапамог…
-- Не дапамог ты Вожыку, хлусіў нам, -- закруціў галавою
Заяц.
-- Не верыш? – вырвалася ў Воўка.
-- Не веру, -- сказаў Заяц. -- Не дапаможа суседзям той,
хто сваёй маме не дапамагае.
Назавіце
слова
Каля поля паясок –
Наш зялёненькі (косял).
Скорагаворка
Ваўчыха схлусіла.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
к
* * * * а
Наадварот
напісанае слова: актевк.
Чаму
засмуцілася Лазінка?
На беразе Ручая расла высокая Лазінка. Чорны Жучок да
Лазінкі прыходзіў, у густой траве, як у парку, гуляў, Камарык прылятаў, сваю
песню Лазінцы спяваў, зялёны Конік каля лазінкі скакаў, незвычайным танцам яе
цешыў.
-- Надакучыў мне гэты Ручай. Дзень і ноч па каменьчыках
бяжыць, булькоча, паспаць не дае, -- аднаго разу паскардзілася Лазінка.
Непадалёку Нядобрая Сіла прабягала.
-- Пакліч Спякоту, папрасі яе, каб прагнала Ручай, -- пачуўшы,
параіла яна Лазінцы.
-- Паслухаецца
мяне Спякота? – запыталася Лазінка.
-- Думаю, што паслухаецца. Да ўсіх, хто яе кліча, яна
прыходзіць, -- адказала Нядобрая Сіла і ўхмыльнулася.
Лазінка закалыхалася і закрычала:
-- Прыйдзі хутчэй сюды, Спякота! Пражані Ручай! Дзень і
ноч ён булькоча, спаць мне не дае.
Тут як тут Спякота. Гарачым Сонцам асляпіла Ручай. Знік
ён, у зямлю пайшоў, схаваўся.
Высахла густая трава, завялі лісцікі на Лазінцы,
пажаўцелі.
Цяжка стала жыць тут і чорнаму Жучку, і Камарыку, і
зялёнаму Коніку. Неўзабаве ў іншае месца яны перабраліся.
Дрымотная цішыня паўстала навокал.
“Прападу я без вадзіцы. Трэба клікаць Ручай. Магчыма,
паслухаецца ён мяне, магчыма, вернецца”, -- падумала Лазінка.
Назавіце
слова
Раздзьмуўся Камарык,
Стаў ён, быццам … (кыраш).
Скорагаворка
Конік і слонік гулялі каля ракі.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
л
* * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акнізал.
Чаму
звяры і птушкі любяць свой лясок?
-- Ці не магла б ты растлумачыць мне, чаму нашы суседзі
-- звяры і птушкі -- так любяць наш лясок? – сустрэўшы на палянцы Вавёрку,
запытаўся Заяц. Ён кожны дзень задаваў пытанні, усім на свеце цікавіўся.
“Зараз ён папросіць мяне, каб растлумачыў, чаму я люблю
скакаць па дрэвах,” – падумала Вавёрка і адказала:
-- Няма калі мне з табою размаўляць. У грыбы пабягу!
-- А я ў суседні лясок пабягу. Там, кажуць, шмат заячай
капусты нарасло, -- паведаміў Заяц.
Як на дзівака, паглядзела Вавёрка на Зайца.
-- Суседні лясок густы, заблудзішся там. У нашым ляску
капусту збірай.
-- У нашым ляску капуста нясмачная, -- прамовіў Заяц і
паскакаў.
Вось і суседні лясок. Сапраўды, ён густы, змрочны. Не
падманула Вавёрка.
Не па сабе стала
Зайцу. На хвілінку яму здалося, што холадам, быццам узімку, дыхнуў на яго
лясок.
Заяц спыніўся каля высокай разлапістай яліны і цяжка ўздыхнуў. “Можа, дамоў вярнуцца?” –
прабегла ў галаве.
-- Добры дзень, Заяц, -- прывітаўся тоўсты чорны Чмель.
Ён сядзеў непадалёку на высокай расліне, упрыгожанай белымі кветкамі і, не
адрываючыся, глядзеў на Зайца.
“Ён мяне зараз загіпнатызуе, прымусіць, каб служыў яму.
Не буду на яго глядзець, не буду з ім размаўляць”, -- вырашыў Заяц і
накіраваўся ў глыбіню ляска.
У глыбіні ляска тоўстыя яліны стаяць адна каля адной,
доўгімі густымі галінамі сонца затуляюць. Цёмна ў ляску, быццам надвячоркам. А
смачнай заячай капусты анідзе не відаць.
“Заблудзіўся я. Напэўна, ні сёння, ні заўтра не выберуся
з гэтага гушчару”, -- падумаў Заяц і панёсся, абмінаючы кусты.
Паблізу трывожна крыкнула, азвалася нейкая птушка і
залапатала крыламі. Мабыць, Зайца вырашыла напалохаць.
Заяц выбег на вузкую сцяжынку і з горкасцю падумаў:
“Невядома, куды вядзе гэтая сцяжынка. Не паслухаўся разумную Вавёрку,
заблудзіўся ў чужым ляску”.
“Вух-вух!”, -- пагрозліва прагрымеў удалечыні гром. Рэха
з ляскатам пакацілася па ляску. Наляцеў вецер. Быццам хвалі на моры,
закалыхаліся, захісталіся магутныя вершаліны
дрэў.
-- Цяпер я ведаю, чаму
нашы звяры і птушкі так любяць наш лясок, -- сцяўшыся ў камячок,
прамовіў Заяц.
-- Заблудзіўся, Зайчык? – пачулася непадалёку.
Заяц азірнуўся і ўбачыў на галінцы знаёмага чорнага
Чмяля.
-- Я ў суседнім ляску жыву! – усклікнуў Заяц. Цяпер ён не
баяўся, што Чмель яго загіпнатызуе.
-- Пад гару бяжы па сцяжынцы і неўзабаве трапіш у свой
лясок. Я таксама дамоў палячу. Небяспечна ў навальніцу тут заставацца, --
паведаміў Чмель і паляцеў, узмахнуўшы крыльцамі.
-- Дзякуй табе, Чмель! – гукнуў Заяц і пабег па сцяжынцы
пад гару.
Цяжка бегчы пад гару, але Заяц не спыняецца. Час ад часу
вухкае, грыміць сярдзіты гром, Зайца падганяе.
Назавіце
слова
Праляцела бліскавіца.
Пачалася … (аціньлаван).
Скорагаворка
Над сцяжынкай ляцеў Чмель.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
п
* * * * * е
Наадварот
напісанае слова: еннатып.
Чаму
бярозку трэба паліваць вадою?
За добрую вучобу Зайцу ў школе падарылі маленькую
бярозку. Ён прынёс яе дамоў і пасадзіў каля хаты.
Убачыла бярозку Вавёрка і са здзіўленнем усклікнула:
-- За ноч каля Зайцавай хаты бярозка вырасла! Ды такая
прыгожанькая!
-- За адну ноч бярозка не вырасце. Такіх цудаў у нас не
бывае. Я яе ўчора пасадзіў, -- растлумачыў суседцы Заяц.
-- Які ты малайчына! – усміхнулася Вавёрка. Яна любіла
бярозкі, кожны дзень па галінках бярозак скакала, вышыні не баялася.
-- Як ты думаеш, бярозка прымецца, вырасце? –
пераступіўшы з нагі на нагу, прагаварыў Заяц.
-- Абавязкова вырасце! – запэўніла суседа Вавёрка і
дадала, палюбаваўшыся на бярозку: -- Вадою яе кожны дзень палівай.
Заяц зірнуў на возера, якое было непадалёку, і
пацікавіўся:
-- Чаму бярозку трэба паліваць вадою?
-- Потым растлумачу. Сёння няма калі мне, -- адказала
Вавёрка і панеслася далей.
Прайшло некалькі дзён. На бярозцы з’явіліся маленькія
клейкія лісточкі.
-- Мая бярозка прынялася! – з захапленнем прамовіў Заяц.
Ды нядоўга ён радаваўся. На другі дзень лісцікі ў бярозкі
завялі, апусціліся.
-- Мая бярозка захварэла! Што мне рабіць? – у роспачы
ўсклікнуў Заяц.
-- Вадою яе палі, -- параіў Зайцу маленькі Рыжы Мураш.
“Вавёрка таксама мне казала, каб бярозку вадою паліваў.
Кепска слухаў яе. У адно вуха ўлятала, а з другога вылятала”, -- з дакорам
падумаў пра сябе Заяц і, узяўшы вядзерца, прынёс з азярца вады і старанна паліў
бярозку.
Зазелянела дрэўца, акрыяла, ажыло.
-- Цяпер я ведаю, чаму бярозку трэба паліваць вадою, --
падзівіўшыся на бярозку, сказаў Заяц.
Назавіце
слова
Каля самай вёскі
Выраслі (ікзоряб).
Скорагаворка
Вавёрка скокнула з вышыні.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
л
* * * * * * і
Наадварот
напісанае слова: ікчотсіл.
Чаму зайцы сталі есці моркву?
Быў
час, калі зайцы моркву не елі. Лічылі, што нясмачная, горкая яна.
Неяк
Арол сабраў на паляне каля зайцавай хаткі птушак
і запытаўся:
--
Хто тут самы лепшы барабаншчык?
Выскачыў
з хаткі Заяц.
--
А мне можна адказаць? – пацікавіўся. Ён любіў адказваць на пытанні, нават у
розных конкурсах удзельнічаў.
--
Калі ласка, -- дазволіў Арол.
--
Я самы лепшы барабаншчык! – крыкнуў Заяц. Быў у яго барабан, ляжаў у хаце.
--
А хто самы лепшы спявак?
--
Я, -- адказаў Заяц. Некалькі разоў з сябрамі ён спяваў у хоры.
--
А хто самы лепшы танцор?
--
Я! – гукнуў, не стрымаўся Заяц.
Арол
прайшоўся па паляне і сказаў:
--
Самы лепшы барабаншчык, спявак і танцор сёння ад мяне падарунак атрымае…
--
Чарвячка? – усклікнуў Заяц. Чарвякоў ён баяўся, здалёку абыходзіў.
--
Для цябе ў мяне морква ёсць, -- прамовіў Арол і працягнуў Зайцу вялікую
чырвоную моркву.
Разгубіўся
Заяц, вачыма моргае.
--
Бяры мой падарунак! – строга сказаў Арол.
Што
заставалася рабіць Зайцу? Узяў ён моркву, у лапах пакруціў.
--
Пачастуйся! -- басам прагудзеў Арол.
Заяц
заплюшчыў вочы, укусіў моркву і ўсміхнуўся. Спадабалася яна яму.
З
таго дня ўсе зайцы сталі есці моркву.
Назавіце слова
Каля рэчкі, там, дзе бор,
Вецер скача, як … (роцнат).
Скорагаворка
Спявак
атрымаў падарунак.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
б
* * * * * н
Наадварот
напісанае слова: набараб.
Чаму паскардзілася Гумка?
Цёплым
асеннім днём на дварэ сустрэліся Гумка і Аловак.
--
Як зваць цябе, шаноўная? – звярнуўся да
квадратнай незнаёмкі Аловак.
--
Гумка, -- адказала Гумка і з цікавасцю паглядзела на высокага, завостранага на
канцы незнаёмца.
--
А мяне зваць Аловак, -- назваў сябе Аловак і праз хвілінку дадаў: -- Што ты
ўмееш рабіць, дазволь пацікавіцца?
--
Выціраць, -- коратка адказала Гумка. Ёй здавалася, што яе праца нікому не патрэбная.
--
Т-ты н-не м-магла б м-мне п-падрабязней р-растлумачыць? – прамовіў Аловак. Ад
хвалявання, як вы ўжо заўважылі, ён стаў заікацца, бо ні разу не чуў, каб займаліся такой працай.
--
Калі ласка, -- сказала Гумка. – Я розныя плямы на паперы выціраю. Хачу,
каб было прыгажэй.
--
А літары можаш выцерці? – усміхнуўся Аловак. Ён
кожны дзень сядзеў за сталом, выводзіў на паперы літары, стараўся, каб
прыгажэйшыя выходзілі. Ды ўжо надакучыла яму старанна пісаць, стаміўся.
--
Літары на паперы напісаныя? – запыталася Гумка.
--
На паперы.
--
Калі на паперы, то вытру, спраўлюся, -- запэўніла Гумка.
“Яна
мне вельмі патрэбная. Цяпер я буду пісаць не старанна, а хутка. Калі кепска
напішу літару, то вытра яе Гумка”, -- падумаў Аловак і прапанаваў Гумцы:
--
Давай разам сябраваць.
--
Давай, -- пагадзілася Гумка. – Я даўно шукаю сабе надзейнага сябра.
--
Я самы надзейны. Я не падвяду цябе, -- паабяцаў Аловак.
З
таго дня пасябравалі Гумка і Аловак, разам пачалі праводзіць час не толькі
дома, але і ў школе.
Аднаго
разу Аловак вырашыў напісаць сказ “На дварэ свеціць сонца”. Зірнуўшы ў акно, ён
хуценька вывеў “На дварэ”.
--
Шаноўны, ты непрыгожа напісаў літару “э”, -- заўважыла Гумка.
--
Чаму непрыгожа? – буркнуў Аловак. Не хацелася яму зноў пісаць гэтую ж самую
літару. Непрыкметна лянота напала на яго.
--
Яна няроўная, крывая.
--
Не падабаецца табе?
--
Зусім не падабаецца, -- уздыхнула Гумка.
--
Дык вытры, зноў яе напішу, -- мусіў пагадзіцца з сяброўкай Аловак. Ведаў, што
не адстане яна ад яго.
--
Прападу я з табою! – раптам паскардзілася Гумка.
--
Лічыш, што я ненадзейны сябар? – абурыўся Аловак.
--
Вельмі ж неакуратна пішаш. А я тру, тру і… -- прагаварыла
Гумка і замаўчала. Слёзы выступілі на яе вачах.
--
Табе ўжо надакучыла выціраць? – выгукнуў Аловак.
--
Без адпачынку працую, кожны дзень. Хутка сатруся! – прамовіла Гумка.
Аловак
зірнуў на Гумку і нахмурыўся. Сапраўды, квадратная Гумка паменшала, стала
круглая, на шчоках глянец прапаў.
--
Сатруся! – паўтарыла Гумка.
--
Прабач, сяброўка! -- сказаў Аловак. – Цяпер я
буду пісаць акуратна, прыгожа. Сядзі каля мяне і любуйся, толькі не пакідай.
Назавіце слова
-- Мая хатка – сумка, --
Так сказала … (акмуг).
Скорагаворка
У
Веры каляровыя алоўкі.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
л
* * * * а
Наадварот
напісанае слова: аратіл.
Чаму Заяц сам сабе не паверыў?
Цёплым
летнім дзяньком Заяц назбіраў поўную шклянку духмяных суніцаў. Дома іх на стол
паставіў і на двор выйшаў, на лавачку сеў. Бачыць: Ліса ідзе.
--
Добры дзень, Заяц, -- прывіталася яна.
--
Добры дзень, -- адказаў Заяц і пахваліўся: -- Сёння рана-раненька ў бярозавы
гаёк я збегаў.
--
Напэўна, суніцы збіраў? -- здагадалася Ліса.
Заяц
закінуў лапу за лапу і кіўнуў галавою.
--
Шмат назбіраў? -- хочацца ведаць Лісе.
--
Поўную шклянку, -- усміхнуўся Заяц. “Няхай пазайздросціць мне Ліса”, -- сам
сабе думае.
--
Праспала я, праспала! – ціха прамовіла Ліса і пакрочыла далей.
--
Пазайздросціла! – зноў усміхнуўся Заяц.
--
Добры дзень, Заяц! – гучна прывітаўся Мядзведзь. Ён толькі што выйшаў з хаты і
пацягваўся пасля сну.
--
Добры дзень, сусед, -- адказаў Заяц.
--
Сядзіш? – распачаў размову Мядзведзь.
--
Адпачываю. Сёння рана-раненька ў бярозавым гайку суніцы збіраў, -- паведаміў
Заяц. А сам скоса на суседа пазірае, новага пытання ад яго чакае.
Пачуўшы
пра суніцы, адразу пра сон забыўся Мядзведзь.
--
Шмат назбіраў?
“Скажу,
што дзве шклянкі. Няхай ведае Мядзведзь, што я не лыкам шыты”, -- вырашыў Заяц
і прагаварыў:
--
Дзве поўныя шклянкі.
--
Аж дзве шклянкі! – усклікнуў Мядзведзь і з павагаю паглядзеў на Зайца.
А
Заяц аж цвіце ад радасці і, як на драджах, расце.
Паклыпаў
Мядзведзь па вуліцы, а з-за павароткі Вожык паказаўся.
--
Чуў ад Лісы, што ў бярозавым гайку шмат суніцаў ты назбіраў, -- спыніўшыся каля
Зайца, пачаў Вожык.
“Скажу
яму, што поўнае вядро ўдалося назбіраць, здзіўлю яго”, -- падумаў Заяц і
заявіў:
--
Поўнае вядро назбіраў!
--
Поўнае вядро! – усклікнуў Вожык і пакаціўся далей, каб пра Зайца і суніцы
знаёмым расказаць.
Заяц
яшчэ больш падрос.
-- У гайку сёння гуляў,
Шмат суніцаў назбіраў, --
з вялікай радасці
заспяваў ён.
--
Увага! Увага! – раптам данеслася з рэпрадуктара, які вісеў непадалёку на слупе.
Заяц
устрапянуўся, прыслухоўваючыся. Зараз важную навіну паведаміць яму рэпрадуктар.
--
Слухайце ўсе! Слухайце ўсе! Сёння Заяц у бярозавым гайку назбіраў вядро
суніцаў, -- паведаміў рэпрадуктар.
Заяц
устаў з лаўкі і рот разявіў.
--
Слухайце ўсе! Слухайце ўсе! Сёння Заяц у бярозавым гайку назбіраў вядро
суніцаў, -- паўтарыў рэпрадуктар.
“Няўжо я сапраўды поўнае вядро суніцаў
назбіраў? Здаецца, адну шклянку дамоў прынёс. Але ж рэпрадуктар на ўвесь лясок
абвясціў. Мабыць, усё-ткі назбіраў поўнае вядро. Варэнне трэба варыць”, --
разважыў Заяц і накіраваўся ў хату.
Назавіце слова
Па суніцы пойдзем зноў,
Назбіраем – і … (ўомад).
Скорагаворка
Вавёрка
і Вожык вараць варэнне.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
с
* * * * ы
Наадварот
напісанае слова: ыцінус.
Чаму абурыўся Барсук?
Апаўдні
на спартыўнай пляцоўцы сустрэліся Мядзведзь, Ліс і Воўк.
--
Давайце пагуляем у футбол, -- прапанаваў Мядзведзь. Ён загадзя ўзяў з сабою
вялікі паласаты мяч.
--
Я не супраць, -- адказаў Ліс.
--
Месца ў варотах займі, калі ласка. Будзеш варатаром, -- звярнуўся да Мядзведзя
Воўк.
--
Мне падабаецца быць варатаром, -- усміхнуўся Мядзведзь. Ён нацягнуў на лапы
пальчаткі, стаў у варотах і шпурнуў на пляцоўку мяч.
Ліс
і Воўк кінуліся да мяча, пачалі піхацца. Кожны сабе мяч хоча забраць, каб па
варотах з усёй сілы стукнуць і гол Мядзведзю забіць.
--
Так, спартсмены, так! Змагайцеся, не паддавайцеся! – закрычаў Барсук. Ён з
самай раніцы сядзеў на лаўцы, на сонейку драмаў.
Топчуцца,
пнуцца Ліс і Воўк, падахвочаныя Барсуком. На спартыўнай пляцоўцы аж пыл
падняўся.
А
Мядзведзь стаіць і вачыма моргае. Разгубіўся, не ведае, што яму рабіць.
Нарэшце
Воўк схапіў мяч, паставіў яго і па варотах стукнуў што ёсць сілы.
--
Гол! – закрычаў Барсук.
Не,
не прапусціў Мядзведзь мяч, хоць і густы пыл стаяў навокал. Злавіў яго і на
пляцоўку кінуў.
Як
дзве імклівыя стралы, падляцелі да яго Воўк і Ліс, зноў піхаюцца, топчуцца,
крычаць.
А
Барсук задаволены, рагоча:
--
Так, спартсмены, так! Змагайцеся, не паддавайцеся!
--
Што тут адбываецца? – пачуўся голас Зайца. Ён непадалёку на агародзе працаваў.
Пачуўшы крыкі, прыбег на спартыўную пляцоўку.
Мядзведзь
торкнуў лапай, паказаўшы на Ліса і Воўка.
--
Мяч адзін у аднаго стараюцца забраць. Кожны па варотах хоча стукнуць.
--
Без чаргі? – здзівіўся Заяц.
--
Без чаргі. Зараз паб’юцца яны. Не ведаю, як іх памірыць, -- паскардзіўся Зайцу
Мядзведзь.
--
Я зараз паміру іх, -- заявіў Заяц.
--
Не маеш права! -- абурыўся Барсук. – Ты
не суддзя.
--
Маю права, хоць і не суддзя, -- прагаварыў Заяц. Не спалохаўся ён Барсука.
--
Мае права. Мне надакучыла глядзець на бойку. Я ў футбол прыйшоў гуляць, --
падтрымаў Зайца Мядзведзь.
Што
заставалася рабіць Барсуку? Замаўчаў ён, як вады ў рот набраў.
--
Шаноўныя, падыдзіце да мяне, не бойцеся, -- паклікаў Ліса і Воўка Заяц.
Ліс
і Воўк наблізіліся да Зайца, з-пад ілба на яго пазіраюць, думаюць, што пачне
дакараць.
А
Заяц усміхнуўся і запытаўся ў сябрукоў:
--
Хочаце гуляць так, каб нікому з вас не было крыўдна?
Сябрукі
пераглянуліся і разам адказалі:
--
Канешне, хочам! Але не ведаем, як гэта зрабіць.
--
Вельмі проста можна зрабіць. Цяпер мяч па чарзе будзеце біць, -- сказаў Заяц.
Ліс
кіўнуў галавою, паказаўшы на Воўка.
--
Ён ужо стукнуў па варотах. Прыйшла мая чарга.
--
Я не супраць, пачакаю, -- прамовіў Воўк.
--
Разумныя вы! Хутка мяне зразумелі! – пахваліў Ліса і Воўка Заяц.
--
Усё-ткі памірыў ён іх, -- буркнуў Барсук і пацягнуўся дамоў скрывіўшыся.
Назавіце слова
-- Я люблю гуляць у футбол, --
Пахваліўся нам (лора).
Скорагаворка
Хведар
і Фама гулялі ў футбол.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
в
* * * * * р
Наадварот
напісанае слова: ратарав.
Чаму Ліс і Барсук не
сябруюць?
Аднаго
разу сустрэліся Ліс і Барсук.
--
Давай разам жыць, -- прапанаваў суседу Ліс.
--
У маёй нары? – запытаўся Барсук. Не па сабе яму стала, як пачуў гэткае.
--
Твая нара малая і старая. Новую выкапаем, а потым разам будзем паляваць, ежу
сабе здабываць, -- усміхнуўся Ліс.
Задумаўся
Барсук, не ведае, што сказаць.
--
А Ліс далей сваю гаворку вядзе:
--
Разам будзе весялей.
--
Мне і так весела, -- запярэчыў Барсук. – У нашым ляску шмат звяроў. З любым
магу пагаварыць.
Засмяяўся
Ліс.
--
А ў дажджлівае надвор’е часта сустракаешся з імі? Сядзіш у нары і носа на двор
не высоўваеш. У дажджлівае надвор’е хіба не сумна аднаму?
“Сапраўды,
у дажджлівае надвор’е адзін у нары сяджу, сумна ў дажджлівае надвор’е”, --
падумаў Барсук і пагадзіўся:
--
Дзе нару будзем капаць?
--
Пад вывернутай ялінай. Хутчэй нясі рыдлёўку, --
сказаў Ліс.
Прынёс
Барсук рыдлёўку. А Ліс на пянёк сеў і прагаварыў:
--
Ты капай, а я, каб табе было весялей, у такт лапамі буду махаць.
Хоць
і не спадабалася Барсуку такая прапанова, але і на гэты раз пагадзіўся, старанна
нару пад вывернутаю ялінаю пачаў капаць.
Капае,
зямлю кідае, а Ліс у такт лапамі махае і прымаўляе:
--
Так, так, так… Так, так, так…
Стаміўся
Барсук, папрасіў Ліса:
--
Цяпер ты пакапай. Я крыху адпачну. Лапы
забалелі.
--
А мае лапы, думаеш, не забалелі, думаеш, лёгка мне імі ўвесь час махаць? –
заявіў Ліс.
Выкапаў
Барсук прасторную нару, сваё дабро са старой нары туды перацягнуў. Спадзяваўся,
што нарэшце адпачне. Але не тут тое было.
--
На паляванне ідзі, -- загадаў яму Ліс.
--
А ты што будзеш рабіць? – пацікавіўся Барсук.
--
На сонцы перагрэўся седзячы, трэба паляжаць, --
ухмыльнуўся Ліс.
“Хоць
гэтая нара і прасторная, але не ўжывуся тут з Лісам”, -- разважыў Барсук і
пацягнуўся ў старую нару.
З
таго дня ён не сябруе з Лісам. Убачыўшы яго, здалёку абыходзіць.
Назавіце слова
Прыляцелі камары,
Выгналі лісу з … (ыран).
Скорагаворка
У
Барсука рыдлёўка.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
с
* * * а
Наадварот
напісанае слова: ацнос.
Чаму яблынька ўздыхала?
На
лясной паляне звяры пасадзілі яблыньку. Праз нейкі час вырасла яблынька,
папрыгажэла, вялікія чырвоныя яблыкі з’явіліся на ёй.
Неяк
прыбег да звяроў-суседзяў Заяц і паведаміў:
--
Наша яблынька стаіць і ўвесь час уздыхае!
--
Не можа быць! – не паверыў Зайцу Барсук.
--
Здалося табе, шаноўны, -- падтрымаў Барсука Воўк.
--
Схадзіце на паляну і паслухайце, калі не верыце, -- пакрыўдзіўся Заяц.
Прыйшлі
звяры на паляну.
--
Ох! – гучна ўздыхнула яблынька.
Устрапянуўся
Воўк. Не па сабе яму стала.
--
І праўда, уздыхае! Што здарылася з ёю?
--
Напэўна, нехта яе галінку паламаў, – выказаў здагадку Барсук.
Звяры
абышлі вакол яблыні, падзівіліся. Цэлыя галінкі, пад цяжарам яблыкаў да самай
зямлі нагнуліся.
--
Яблынька хоча піць! Давайце пальём яе, -- прапанаваў Воўк.
Не
пагадзіўся з Воўкам Барсук.
--
Не трэба паліваць. Учора цэлы дзень дождж ішоў, напаіў яблыньку.
--
Ох! – зноў цяжка ўздыхнула яблынька.
Панурыўся
Воўк, у Барсука буйныя слёзы на вачах выступілі.
--
Я ведаю, чаму наша яблынька ўздыхае! – раптам усклікнуў Заяц.
--
Чаму? – разам вырвалася ў Воўка і Барсука.
--
Яна гнецца пад цяжарам яблыкаў, вось-вось затрашчыць, паломіцца, -- сказаў
Заяц.
--
І праўда, гнецца. А мы не здагадаліся! – вінавата прагаварыў Воўк.
--
Сябры, давайце падапрэм нашу яблыньку, дапаможам ёй, -- прапанаваў Барсук.
--
Так, так, -- падтрымаў Барсука Заяц.
Звяры
знайшлі непадалёку сухія сукаватыя ляшчыны і падпёрлі імі галінкі яблынькі.
Заўсміхалася
яблынька, перастала ўздыхаць.
Назавіце слова
Сабраць хочаш ураджай –
Сад старанна (йавілап).
Скорагаворка
На
яблыньцы яблыкі з’явіліся.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
я
* * * * і
Наадварот
напісанае слова: ікылбя.
Чаму сябруюць Агонь і Жалеза?
На
паляне ляжаў вялікі кавалак Жалеза. Многія падыходзілі да яго, стараліся
сагнуць, але нікому не ўдалося гэта зрабіць. Вельмі цвёрдае было Жалеза.
Ішоў
час. Жалеза пакрылася іржаўчынай, зарасло крапівою.
"Нікому
я не патрэбнае. Прападу ў гэтай высокай і густой крапіве!" -- падумала
Жалеза і цяжка ўздыхнула.
Аднаго
дня да Жалеза наблізіўся Агонь.
--
Ты хто такі? -- запыталася ў Агню Жалеза. Да гэтага яно ніколі яго не бачыла.
--
Я Агонь. Ты хочаш са мною сябраваць? -- прамовіў Агонь і сваім гарачым языком
дакрануўся да Жалеза.
--
Хачу! Даўно шукаю сабе сябра! -- усклікнула Жалеза і пачырванела, стала мяккае,
гнуткае.
--
А з цябе прыгожую рэч можна зрабіць! -- падзівіўшыся на Жалеза, з захапленнем
прагаварыў Агонь.
--
Выходзіць, я патрэбнае? -- не паверыла Жалеза.
--
Вельмі патрэбнае! -- сказаў Агонь і паклікаў Чалавека.
Чалавек
узяў Жалеза і зрабіў з яго прыгожую рэч.
З
таго часу сябруюць Агонь і Жалеза.
Назавіце слова
Не ляжыць каваль на печы:
Куе ў кузні людзям (ычэр).
Скорагаворка
Жалеза
нагрэлася і пачырванела.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
ч
* * * * * к
Наадварот
напісанае слова: кевалач.
Чаму Казе не спадабалася на
лузе?
Каля
вялікага куста лазы, падобнага да пышнага букета,
пасвілася белабокая Каза. Вакол матылькі ляталі, птушкі шчабяталі, цешыліся.
--
Зараз зялёненькіх лісточкаў пакаштую. Напэўна, смачныя яны, -- наблізіўшыся да
куста, прамовіла Каза.
--
Не аб'ядай лісточкаў. Без лісточкаў куст засохне, прападзе, -- падляцеў да Казы
Верабейка. Ён сядзеў непадалёку.
Каза
крутнула галавою, рожкамі Верабейку хацела кальнуць, але перадумала, вырашыла
не звязвацца з ім.
--
Няхай засыхае, няхай прападае! Не буду бедаваць.
--
Усім навакольным жыхарам куст прытулак дае. У самую спякоту адпачываем тут, сіл
набіраемся, -- стараецца пераканаць Казу Верабейка.
Пачуў
гэтую гаворку цёмна-зялёны Жук.
--
Каля карэньчыкаў лазы крынічка цячэ, свежай вадзіцай усіх нас поіць. Калі
засохне лаза, прападзе крынічка, -- сказаў, узабраўшыся на былінку.
--
Скіну з былінкі, калі будзеш надакучаць! -- напалохала Каза цёмна-зялёнага Жука.
Зялёны Конік лугавы ў гэты час да Казы
падскакаў.
--
Сакавітую траўку скубі, Козачка. Хіба не хапае табе яе?
--
Не хапае! -- заявіла Каза і пачала аб'ядаць лісточкі на кусце лазы.
--
Упартая! -- гледзячы на Казу, з дакорам прагаварыў шэры Верабейка.
--
Упартая і неразумная, -- зазначыў цёмна-зялёны Жук.
--
Хутка яна пашкадуе, што не паслухалася нас, -- сказаў Конік лугавы.
Усе
лісточкі, да адзінага, Каза аб'ела на
кусце і на траўку лягла. Адпачыць ёй захацелася.
А
сонца высока паднялося, пякучыя промні на Казу пасылае. Горача стала Казе.
Ускочыла яна і азірнулася.
--
Цянёк шукаеш, хочаш схавацца ў цяньку? -- запытаўся шэры Верабейка.
Каза
заморгала вачыма, не ведае, што сказаць Верабейку.
--
Быў тут цянёк, ды з'ела ты яго! -- выказаўся Верабейка.
Каза
сцёбнула хвосцікам па баку і пабегла дамоў.
Назавіце слова
Каля нас цячэ крынічка,
Поіць смачнаю … (йакчіздав).
Скорагаворка
Кастусь
пасвіў казу.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
к
* * * * * * а
Наадварот
напісанае слова: акчінырк.
Чаму цікавая гісторыя стала
нецікавай?
Аднаго
разу Рыжы Мураш прачытаў у кнізе, як кропелька вады ўлетку падарожнічала.
Спачатку яна разам з сяброўкамі ў дажджавой хмарцы жыла. Потым у возера ўпала,
крыху пагуляла там і зноў да хмаркі, нібыта імклівая птушка, паляцела.
"Цікавая
гісторыя", -- загарнуўшы кнігу, падумаў Рыжы Мураш і вырашыў пра гэтую
гісторыю суседзям расказаць. Няхай ведаюць суседзі, што ён не толькі працуе,
але і кнігі чытае ў вольны час.
Выйшаў
Рыжы Мураш на двор.
--
Добры дзень, сусед, -- прывітаўся з Рыжым Мурашом Мядзведзь.
Рыжы Мураш падышоў да Мядзведзя і пачаў
расказваць яму пра кропельку.
--
Цікавая гісторыя! -- выслухаўшы рыжага Мураша, зазначыў Мядзведзь.
Затым
Рыжы Мураш Зайца ўбачыў. І яму пра кропельку расказаў. Уважліва выслухаў яго
Заяц і прамовіў:
--
Цікавая гісторыя!
На
другі дзень Рыжы Мураш зноў запыніў Мядзведзя і Зайца, каб пра кропельку ім
расказаць. А яны чамусьці скрывіліся, не захацелі яго слухаць.
--
Вам нецікавая гэтая гісторыя? -- запытаўся ў суседзяў Рыжы Мураш.
--
Нецікавая! -- пераглянуўшыся, прагаварылі Мядзведзь і Заяц і таропка пакрочылі.
Стаіць
Рыжы Мураш, лапкамі разводзіць, не можа зразумець, чаму цікавая гісторыя раптам
стала нецікавай.
Назавіце слова
На гару прыйшлі суседзі:
Два ваўкі і два … (іздевздям).
Скорагаворка
Сустрэліся
кропля і кропелька.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
с
* * * * * * і
Наадварот
напісанае слова: ікўорбяс.
Чаму пакрыўдзіўся Воўк?
Пакрыўдзіла
Сарока Воўка.
Вось
як гэта здарылася. Воўк ішоў па лесе, а Сарока сядзела на маладзенькай асінцы.
--
Воўк! -- падала голас з вышыні.
Воўк
задраў галаву і ўважліва паглядзеў на Сароку.
"Напэўна,
яна нешта цікавае хоча мне сказаць", -- падумаў.
--
Чаму ў цябе сёння абодва боты на лапах левыя? -- сказала белабокая.
Воўк
паглядзеў на боты. На правай лапе правы бот, а на левай -- левы, як і павінна
быць.
--
Левыя! Левыя! -- застракатала Сарока.
--
Памылілася ты, шаноўная! -- усклікнуў Воўк. Ён спадзяваўся, што Сарока
папросіць у яго прабачэння.
Але
яна не папрасіла прабачэння.
--
Абодва боты левыя, левыя! -- прастракатала і паляцела, веерам распусціўшы
хвост.
Моцна
пакрыўдзіўся Воўк. У яго нават буйныя слёзы на вачах выступілі.
--
З добрым настроем цябе, Воўк! -- убачыўшы Воўка, прывітаўся Барсук.
--
Быў бы добры настрой, калі б Сарока яго не сапсавала. Сказала, што ў мяне на
лапах абодва боты левыя! -- прамовіў Воўк і скрыва паглядзеў на Барсука.
"Вельмі
злосны ён цяпер. Ад яго далей трэба трымацца, як ад бяды", -- падумаў
Барсук і пашыбаваў у гушчар.
--
Добры дзень, Воўк! -- убачыўшы Воўка, прывітаўся Ліс.
--
Кепскі сёння ў мяне дзень. Сарока пакрыўдзіла, сказала, што на абодвух лапах
боты левыя, -- буркнуў Воўк і так няласкава зірнуў на Ліса, што той аж сцяўся.
"З
ім цяпер не паразмаўляеш, вельмі нярвовы
ён", -- падумаў Ліс і пабег па сцяжынцы.
--
Добрага настрою жадаю табе, Воўк! -- убачыўшы Воўка, прывітаўся Заяц.
--
Сабе яго вазьмі! -- агрызнуўся Воўк.
Заяц
апусціў вушы і паскакаў на ўзлесак.
А
Воўк і сёння ходзіць злосны, без настрою. Вось да чаго давяла яго белабокая
Сарока.
Назавіце слова
На агародзе крот
Знайшоў левы … (тоб).
Скорагаворка
На
абодвух лапах боты левыя.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
н
* * * * * й
Наадварот
напісанае слова: йортсан.
Чаму Воўк зімою вые?
У
халодны зімовы дзень па лясной сцяжынцы бег Заяц. З-за зялёнай елачкі нечакана
выскачыў Воўк і крыкнуў што ёсць сілы:
--
Го-ой!
Ён
вырашыў напалохаць Зайца, бо не ведаў, чым яму заняцца.
Заяц
узяўся лапамі за грудзі і прамовіў:
--
Але ж і напалохаў ты мяне!
--
Го-ой! -- узняўшы лапы, галёкнуў Воўк. Рагоча, радуецца.
"Зараз
і я з цябе пасмяюся", -- падумаў Заяц і прапанаваў Воўку:
--
Яшчэ раз крыкні, шэры.
--
Навошта? -- вылупіў вочы Воўк.
--
Крыкні. Ці ў цябе язык на марозе заледзянеў?
--
Мой язык ні на якім марозе не заледзянее! -- зарагатаў Воўк і, набраўшы поўныя
грудзі паветра, крыкнуў: -- Го-ой!
--
Ой!.. Ой!.. -- пераклікаючыся, далёка панеслася па лесе рэха.
--
Чуеш? -- прашаптаў Заяц.
--
Анічога не чую, -- насцярожыўся Воўк.
--
Рэха па лесе панеслася і крычыць: "Ой!.. Ой!..".
--
Чыё рэха?
--
Тваё, канешне. Ты ж крыкнуў "го-ой!" Уцякае яно ад цябе.
Воўк
пачухаў лапай каля вуха.
--
Чаму яно ад мяне ўцякае? Не ведаеш, Заяц?
--
Напэўна, надакучыў ты яму. Не хоча быць з табою.
--
Значыць, яно маё! -- шчоўкнуў зубамі Воўк.
--
Тваё. Вунь туды пабегла! -- торкнуў лапаю Заяц, паказаўшы на вершаліну магутнага дуба, які ўзвышаўся над лесам.
--
Маё ад мяне не ўцячэ! -- крыкнуў Воўк і панёсся праз лес, па самы жывот
правальваючыся ў глыбокім снезе.
"Смяецца
той, хто смяецца апошні", -- вострым яловым суком напісаў на снезе Заяц і
пакрочыў па сцяжынцы, напяваючы:
А я Воўка не баюся,
Ад яго абаранюся.
Так
і не знайшоўшы сваё рэха, вярнуўся на лясную сцяжынку Воўк.
--
Прачытай, што на снезе напісана! -- гукнула з высокай сасны Варона.
--
Смяецца той, хто смяецца апошні, -- прачытаў Воўк.
--
Падабаецца табе? -- зноў гукнула Варона.
"Заяц
напісаў, пасмяяўся з мяне", -- здагадаўся Воўк і са злосці завыў на ўвесь
лес:
--
У-у-у… У-у-у…
З
таго часу так і павялося. Успомніўшы пра Зайца, на ўвесь лес зімою вые Воўк.
А
Заяц сядзіць пад густой ялінкай і ціха напявае, сам сябе падбадзёрвае:
А я Воўка не баюся,
Ад яго абаранюся.
Назавіце слова
Прыйшоў Заяц у лясок,
А ў ляску ляжыць … (кожянс).
Скорагаворка
Воўк
пасябраваў з варонай.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
е
* * * * а
Наадварот
напісанае слова: акчале.
Чаму Хмарка ўзлавалася?
Гулялі
ў бярозавым ляску Рыжы Мураш і Чорны Мураш.
--
А я ўмею лічбы памяншаць у некалькі разоў, -- пахваліўся Рыжы Мураш.
--
Якія лічбы? -- пацікавіўся Чорны Мураш.
--
І лічбу "2", і
лічбу "4", і лічбу "6", і лічбу "8", і лічбу
"10"…
"Пакуль
мой сябар усе лічбы пералічыць, то сцямнее, на дварэ застанёмся начаваць",
-- падумаў Чорны Мураш і сказаў: -- Дакажы!
--
Слухай! -- упэўнена прагаварыў Рыжы Мураш. -- Чатыры памножыць на два будзе
два. Восем памножыць на два будзе
чатыры.
Ляцела
ў небе Хмарка. Пачуўшы размову мурашоў, надзьмулася, стала як вялікі паветраны
шар і загрымела на ўсю ваколіцу.
--
Хмарка ўзлавалася! Трэба ўцякаць! -- сцяўся Рыжы Мураш.
--
Трэба, -- пагадзіўся Чорны Мураш.
Мурашы
забеглі ў хату і зачыніліся.
--
Чаму Хмарка ўзлавалася? Як ты думаеш? -- звярнуўся Рыжы Мураш да Чорнага
Мураша.
--
Не спадабалася ёй, як ты лічбы памяншаеш, -- сказаў Чорны Мураш.
--
Я добра не падумаў і памыліўся, -- заморгаў вочкамі Рыжы Мураш. -- Каб
паменшыць лік у некалькі разоў, трэба не памножыць, а падзяліць. Так?
--
Так, -- прагаварыў Чорны Мураш.
Назавіце слова
Плыве ў небе шпарка
Беленькая … (акрамх).
Скорагаворка
Мураш
лічбы памяншаў.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
л
* * * к
Наадварот
напісанае слова: косял.
Чаму Воўк перастаў сумаваць?
У прыгожым цяністым ляску
жыў-быў Воўк, які заўсёды адказваў “не”, калі да яго звярталіся з нейкай
прапановай.
Аднаго разу Заяц да Воўка
прыйшоў, прапанаваў:
-- Давай пагуляем у футбол. На
Сонечнай палянцы сёння ўсе звяры збяруцца.
Воўк шырока адкрыў рот,
пазяхнуў і адказаў:
-- Не.
-- Не пойдзеш, значыць? –
цікавіцца Заяц. Вельмі хочацца яму Воўка на Сонечную палянку выцягнуць.
-- Не! --- як добра завучанае
правіла, паўтарыў Воўк.
Апаўдні Ліс да Воўка прыбег. На
дзень нараджэння яму тата і мама кнігу падарылі.
-- А ў мяне ёсць цікавая кніга
з малюнкамі! – пахваліўся Ліс. – Можа, пачытаем разам?
Зірнуў Воўк на Ліса і
скрывіўся.
-- Не!
“Сёння вельмі злосны ён, не ў
настроі”, -- падумаў Ліс і накіраваўся дамоў.
А Воўк сядзіць і спявае,
падвываючы:
Цяжка
мне жывецца:
Кожны дзень сумую.
І цяпер спяваю
Пра бяду такую.
-- Захварэў наш Воўк. Цэлымі
днямі сядзіць і вые, страх на нас наганяе, -- сказаў сябрам-суседзям Барсук.
-- Яго трэба не лячыць, а
вучыць, -- сказаў Мядзведзь і пайшоў да Воўка.
Убачыў яго Воўк і закрычаў, як
падстрэлены:
-- Не! Не!
Мядзведзь пераступіў з лапы на
лапу і звярнуўся да Воўка:
-- Ці ведаеш, шаноўны, што ёсць
слова “так”?
Воўк вытрашчыў вочы, паўзіраўся
на Мядзведзя і ўсклікнуў:
-- Цяпер ведаю!
З таго дня Воўк перастаў
сумаваць. Цяпер ён з суседзямі і ў футбол гуляе, і цікавыя кнігі чытае.
Назавіце слова
Летам Воўк не
сумаваў:
Кнігі з братам ён … (ўатыч).
Скорагаворка
Воўк вытрашчыў вочы.
Залаты ланцужок для мамы
• Запішыце ў прапанаваныя клетачкі слова з казкі, каб атрымаўся з яго
літар залаты ланцужок для мамы.
м
* * * * * і
Наадварот
напісанае слова: ікнюлам.
Змест
Чаму
Гром грукоча? (Наадварот напісанае слова: акныряп.)
Чаму
Вецер і Венік не сябруюць? (Наадварот напісанае слова: агомапад.)
Чаму
мароз у Зайцаў садок не прабраўся? (Наадварот напісанае слова: акьнашів.)
Чаму
рыбы маўчаць? (Наадварот напісанае слова: іздесус.)
Чаму
Пеўнік Парсючка баіцца? (Наадварот напісанае слова: яныдапсаг.)
Чаму
пакрыўдзіўся Сівы конь? (Наадварот напісанае слова: акчарог.)
Чаму
птушкі спяваюць? (Наадварот напісанае слова: еллокаван.)
Чаму
Варона каркае? (Наадварот напісанае слова: канурадап.)
Чаму
Заяц песні спяваў? (Наадварот напісанае слова: акныжяцс.)
Чаму
Дрэва з Хмаркай сябруе? (Наадварот напісанае слова: акнялап.)
Чаму
палагоднеў Вецер? (Наадварот напісанае слова: акчароз.)
Чаму
Карась не захацеў жыць на беразе? (Наадварот напісанае слова: арезов.)
Чаму
Заяц Воўку не паверыў? (Наадварот напісанае слова: актевк.)
Чаму
засмуцілася Лазінка? (Наадварот напісанае слова: акнізал.)
Чаму
звяры і птушкі любяць свой лясок? (Наадварот напісанае слова: еннатып.)
Чаму
бярозку трэба паліваць вадою? (Наадварот напісанае слова: ікчотсіл.)
Чаму
Зайцы сталі есці моркву? (Наадварот напісанае слова: набараб.)
Чаму
паскардзілася Гумка? (Наадварот напісанае слова: аратіл.)
Чаму
Заяц сам сабе не паверыў? (Наадварот напісанае слова: ыцінус.)
Чаму
абурыўся Барсук? (Наадварот напісанае слова: ратарав.)
Чаму
Ліс і Барсук не сябруюць? (Наадварот напісанае слова: ацнос.)
Чаму
яблынька ўздыхала? (Наадварот напісанае слова: ікылбя.)
Чаму
сябруюць Агонь і Жалеза? (Наадварот напісанае слова: кевалач.)
Чаму
Казе не спадабалася на лузе? (Наадварот напісанае слова: акчінырк.)
Чаму
цікавая гісторыя стала нецікавай? (Наадварот напісанае слова: ікўорбяс.)
Чаму
пакрыўдзіўся Воўк? (Наадварот напісанае слова: йортсан.)
Чаму
Воўк зімою вые? (Наадварот напісанае слова: йортсан.)
Чаму
Хмарка ўзлавалася? (Наадварот напісанае слова: косял.)
Чаму
Воўк перастаў сумаваць? (Наадварот напісанае слова: ікнюлам.)