Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. КАНЧАТКІ НАЗОЎНІКАЎ У РОДНЫМ СКЛОНЕ АДЗІНОЧНАГА ЛІКУ

 

Творчы ўрок у 4 класе. КАНЧАТКІ НАЗОЎНІКАЎ У РОДНЫМ СКЛОНЕ АДЗІНОЧНАГА ЛІКУ

 

Мэты: засяродзіць увагу вучняў на асаблівасцях правапісу канчаткаў назоўнікаў у родным склоне, вучыць вылучаць гэтыя канчаткі назоўнікаў, праводзіць іх аналіз; выпрацоўваць уменні і навыкі абгрунтоўваць іх правапіс на аснове вывучанага правіла; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць павагу да ветэранаў вайны, вучыць шанаваць народныя традыцыі.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Птушкі, жывёлы,

                                                          Загады, дамовы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Паглядзіце на запіс на дошцы. Злучыце стрэлкамі склоны і пытанні да іх.

Н.            аб кім? аб чым?

Р.             каго? што?

Д.             хто? што?

В.             каму? чаму?

Т.             каго? чаго?

М.            кім? чым?

• Калі мы змяняем слова па пытаннях, што змяняецца ў ім? (Канчатак.)

• Вусна праскланяйце слова “алень”.

4. Чыстапісанне.

Зараз я прачытаю вам сказы. Калі вы згодны са сцвярджэннем, напішыце вялікую літару У, калі не згодны – малую.

Словы “хаджу”, “іду” блізкія па значэнні.

Словы “мару”, працую” блізкія па значэнні.

Словы “зрушыць”, “усхваляваць” блізкія па значэнні.

Словы “бегчы”, цягнуцца” блізкія па значэнні.

Пішу, мару, хаджу, іду, бягу.

• Праверце, ці такі ланцужок атрымаўся ў вас:

Уу    Уу

• Пішыце далей на гэтым радку, чаргуючы літары.

 Уу    Уу    Уу  Уу 

• На наступным радку злучыце гэтую літару з літарамі к, ф. Паўтарайце да канца радка.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Ёсць фразеалагічны выраз камар носа не падточыць. Ён азначае "не падкапаешся, не прыдзярэшся, не знойдзеш няправільнасці". Думаецца, што на сённяшнім уроку, вывучаючы тэму "Канчаткі назоўнікаў у родным склоне адзіночнага ліку", вы папрацуеце так, што камар носа не падточыць. А дапаможа вам у гэтым казка. Паслухайце яе.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў. Стварэнне праблемнай сітуацыі.

Аднаго разу Шпачок прыбег да сяброўкі Сарокі і пахваліўся:

-- А я ўмею ставіць назоўнікі ў родным склоне!

-- Сам навучыўся? -- пацікавілася Сарока.

-- Не, Варона мне дапамагла, падказала. Яна для мяне нават запіску-"дапамагатку" падрыхтавала. Аддала і на таполю паляцела, села, -- радуючыся, у рыфму загаварыў Шпачок.

 

-- Пакажы, калі ласка, -- папрасіла Сарока. Яна не давярала Вароне, бо ведала, што тая з халадком адносіцца да вучобы.

-- Глядзі, мне не шкада. У запісцы-"дапамагатцы" ўсё-ўсё напісана: і на якія пытанні адказваюць назоўнікі ў родным склоне, і з якімі прыназоўнікамі ўжываюцца,  -- сказаў Шпачок і паклаў на стол аркуш паперы.

Вось якую запіску-"дапамагатку" ўбачыла Сарока:

                                                         Запіска-"дапамагатка"

                              каго? чаго?                  Р.                   дзе? куды? адкуль?

                                                ужываюцца прыназоўнікі

                                              ад, без, да, для, каля, у, з-за

Нахмурылася Сарока.

-- Тут ёсць памылка? -- захваляваўся Шпачок.

-- Ёсць, -- адказала Сарока.

-- А я  практыкаванне выканаў, назоўнікі у родным склоне паставіў так, як запіска-"дапамагатка" мне падказала, -- разгубіўся Шпачок.

-- Пакажы, калі ласка.

Шпачок моўчкі паклаў на стол яшчэ адзін аркуш паперы.

Вось як выканаў ён практыкаванне.

Аловак ад брата, галінка ад бярозы, кніга ад паэта, рукавіцы ад бабулі.

-- Не так! -- прамовіла Сарока.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку адпаведнае правіла  і скажыце, якую памылку зрабіла Варона, складаючы запіску-"дапамагатку"? Выпраўце гэту памылку і запішыце запіску-"дапамагатку" правільна. (Трэба напісаць “пры назоўніках у родным склоне адзіночнага ліку могуць ужывацца прыназоўнікі”.)

• Карыстаючыся вучэбным дапаможнікам, сфармуліруйце правіла "Канчаткі назоўнікаў у родным склоне адзіночнага ліку".

• Выпраўце памылкі ў практыкаванні Шпачка. Абгрунтуйце сваё рашэнне.

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце. Назоўнікі ў дужках пастаўце ў патрэбным склоне. Абазначце іх канчаткі. Вызначце склон. Падкрэсліце прыназоўнікі.

Ля (палянка) важаняткі

                                                   Для (чмель) будуюць хаткі.

                                                   З-за (сасна) чмель пазірае.

                                                   Ён з важаняткамі гуляе.

                                                                     Аляксей Якімовіч.

• Якім прыназоўнікам можна замяніць прыназоўнік ля? (Каля.)

• Што вы маглі б сказаць пра важаняткаў і чмяля?

Самастойная праца.

Прачытайце. Выпішыце з тэксту назоўнікі ў родным склоне адзіночнага ліку разам са словамі, ад якіх яны залежаць. Вусна пастаўце склонавае пытанне ад гэтых слоў да назоўнікаў. Абазначце канчаткі назоўнікаў.

Узор: дзень адпачынк[у].

У нашай вёсцы стаіць помнік героям мінулай вайны. Каля гэтага помніка гарыць вечны агонь. Дзявятага мая да  помніка прыходзяць вучні. Яны прыносяць нашым героям прыгожыя букеты.

• Што вы ведаеце пра герояў мінулай вайны?

• За што яны змагаліся?

• Дайце назву тэксту.

Праца з загадкай.

Адгадайце загадку.

                                                       Чорненькія ягадкі

                                                       Ў лесе, ля крыніцы.

                                                       Здаўна называем іх

                                                       Ласкава: … (чарніцы).

• Назавіце ў тэксце назоўнік ў родным склоне адзіночнага ліку? (Крыніцы.)

• Пастаўце назоўнікі ягадка, чарніца ў родным склоне.

• Ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы “ягады” і “ягадны”, “чарніцы” і “чарнічны”?

• Складзіце і запішыце словазлучэнні са словамі “чарнічны” і “чарніцы”.

• Пры напісанні слова “чарніцы” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна?

• Перакладзіце на рускую мову слова "чарніцы". (Черника.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Выразнае чытанне.

Прапаную вашай увазе невялікі верш.

                                                           На палянцы шэры заяц

                                                           Танцаваць вучыўся.

                                                           Барсучок побач стаяў,

                                                                       На яго дзівіўся.

                                                                                 Аляксей Якімовіч.

• Ці падабаюцца вам героі верша? Ці выклікае ў вас усмешку гэты верш? Калі выклікае, то чаму?

• Ці ёсць у вершаваным тэксце назоўнікі ў родным склоне адзіночнага ліку?

• Падбярыце аднакаранёвыя назоўнікі да дзеяслова танцаваць.

• Пастаўце ў родным склоне назоўнікі палянка, заяц, барсучок, танцор, танец. Абазначце ў гэтых словах канчатак.

А цяпер разаб'ёмся на два рады. Адзін рад скажа за мною: "На палянцы шэры заяц". Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): "Танцаваць вучыўся". І гэтак далей, да канца. Бачыце, як цікава вы будзеце расказваць адзін аднаму, што адбылося.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылку і запішыце сказ правільна.

У магазіне стаялі вялікія катлеты чырвоных руж. (Букеты.)

• Ці ёсць у сказе назоўнік у родным склоне адзіночнага ліку?

• У слове  “руж” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Ружачак.)

• Якое правіла вы прымянілі?

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                    На высокіх кусціках

                                                    Каля нашай рэчкі

                                                    На сонейку ззяюць

                                                    Чырвоныя … (парэчкі).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць у вершаваным тэксце назоўнік у родным склоне адзіночнага ліку? Абгрунтуйце свой адказ. Калі ёсць, то абазначце яго канчатак.

Праца са словам.

Дзяжурнага папрасілі напісаць словы ў родным склоне адзіночнага ліку, якія маюць тры склады. Ён напісаў: вёсачкі, агеньчыка, радзімы, палахліўцаў.

Ці правільна выканаў заданне дзяжурны? (Словы «агеньчыка» і «палахлівец» лішнія.)

Праца з вершам.

Паслухайце верш.

                                                      Быў у палахліўца,

                                                      Уцёк ад зласліўца.

                                                      Хвалько раскрычаўся,

                                                      Сілач не паддаўся.

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Выпішыце з вершаванага тэксту назоўнікі ў родным склоне адзіночнага ліку разам са словамі, да якіх яны адносяцца.

• Раскрыйце значэнне слоў «хвалько», «палахлівец», «зласлівец», «сілач».

• Які сінонім можна падабраць да слова «палахлівец»? (Баязлівец.)

• Складзіце і запішыце сказ са словам «палахлівец».

• Пастаўце назоўнікі палахлівец, баязлівец, хвалько, сілач у родным склоне.

• Вывучыце дзве прыказкі пра тое, што заяц палахлівец.

Зайцу і жабін крок страшны.

Як кот шкадлівы, як заяц палахлівы.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "сям’я" пасля м пішам раздзяляльны мяккі знак. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "з’явіўся” пасля з пішам раздзяляльны мяккі знак. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "надвор’е” пасля р пішам апостраф. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць назоўнік у родным склоне і слова з разыходжаннем  напісання і вымаўлення.

Узор. Кастусёва ручка ляжала каля сш(шш)ытка. (Пішам сш -- вымаўляем шш.)

Утварэнне словазлучэнняў у спалучэнні са слоўнікавай працай.

З наступных слоў утварыце словазлучэнні, паставіўшы назоўнікі ў дужках  у родным склоне. Перад назоўнікамі ў родным склоне запішыце неабходныя прыназоўнікі: ад, з, каля, без, да, для, з-за.

Ад'ехаць (вёска), падарунак (брат), наблізіцца (дуб), зацікавіцца (праца), выйсці  (крама), загараць (рэчка), малако (унучка), выглянуць (акно), расказаць (легенда), выехаць (гара), адпачываць (возера).

• Растлумачце значэнне слова “легенда”. (Вуснае апвяданнне (не пацверджанае гістарычнымі дакументамі) аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку.)  [1, с. 186, “Тлумачальны слоўнік”].

• Ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы “легенда” і “легендарны”?

• Складзіце і запішыце словазлучэнні са словамі “легенда” і “легендарны”.

• Пры напісанні слова “легенда” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна?

• Перакладзіце на рускую мову слова "легенда". Параўнайце гучанне і напісанне.

• Разбярыце па саставе слова "легенда".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Легенда -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце каранёвае е.

Праца з прыказкамі.

Складзіце са слоў прыказкі, растлумачце іх сэнс. У дужках пастаўце пытанні да назоўнікаў у родным склоне,  абазначце  іх канчаткі.

Узор. Язык і (да чаго? куды?) да Кіева давядзе.

1. З, слова, не, песні, выкінеш. 2. Слова, вернеш, да, не, выказанага, губы. 3. Пустога, налье, з, не, збана, ніхто. 4. Навукі, ад, рукі, дужэюць  [3, с.160, 166, 189, “Беларускія прыказкі” Ф. Янкоўскага].

• У слове “дужэюць” пішам ц. А як чытаем? (Гук [ц] вымаўляецца тут мякка.)

Праца з загадкамі.

Прачытайце і адгадайце загадкі. Выпішыце назоўнікі ў родным склоне са словамі, ад якіх яны залежаць. Пастаўце пытанні да гэтых назоўнікаў.

Узор. Стаю (каля чаго? дзе?) каля ракі.

Беленькія курачкі

                                                       З печы глядзяць (Зубы.)

                                                                            З народнага.

                                                       Без матора гудзіць,

                                                       Без пілота ляціць,

                                                       Не аса, а джаліць. (Пчала.)

                                                                             З народнага.

                                                       Лёгка з зямлі паднімеш,

                                                       А далей сваёй рукі не кінеш. (Пяро.)

                                                                             З народнага [2, с. 317, 340, 343, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

                                                         Зімою з вады

                                                         Нарадзіўся,

                                                         Вясною ў ваду

                                                         Ператварыўся.

                                                         Мы па ім каталіся,

                                                         А потым купаліся (Лёд.)

                                                                           Аляксей Якімовіч.

                                                         З-за вугла ён вылятае,

                                                         Пыл угору паднімае. (Вецер.)

                                                                           Аляксей Якімовіч.

                                                         Ад берага адплывае,

                                                         Ваду носам разразае. (Карабель.)

                                                                           Аляксей Якімовіч.

                                                       Ёсць у шпака,

                                                       Ёсць ў салаўя,

                                                       Ды няма у мураўя. (Хвост.)

                                                                             Аляксей Якімовіч.

Перакладчыкі.

Раскрываючы дужкі, напішыце па-беларуску.

1. Возле (дом) росла кудрявая рябинка. 2. Возле (автомобиль) стояли знакомые Алексею ребята. 3. Ветки (груша) тянулись вверх. 4. Возле (вишня) дружно гудели пчёлы. 5. Артисты улыбнулись зрителям и поклонились до (земля). 6. Вдоль (дорога) росли белые берёзы. 7. Около (речка) распустились красивые цветы.

Слоўнік: кудрявый -- кучаравы,; знакомый – знаёмы; зрители – гледачы.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – піць-пібіць, піць-пібіць  – потым прамовіце і вы.

Каля куста перапёлка

                                                   У траве крычыць:

                                                   -- Піць-пібіць, піць-пібіць…”

                                                                      Аляксей Якімовіч.

• Вы лічыце, што ў гэтым вершаваным тэксце ёсць назоўнік у родным склоне адзіночнага ліку. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

• Цяпер прамовім разам, пакажам, як крычыць перапёлка: “Піць-пібіць, піць-пібіць…“ 

Праца з тэкстам.

Выпішыце з тэксту назоўнікі, як патрабуе ўзор.

Узор. Косы – каса – касы.

Сталом -- стол – стала.

Пень – пня.

Каля хаты на лаўцы сядзеў Зайчык. Ішла Ліса, пагладзіла яго па галаве і дала цукерку.

Да Зайчыка тут жа падбег Барсучок.

-- Табе цётка Ліса цукерку дала? – запытаўся.

-- Яна мяне часта цукеркамі частуе, -- пахваліўся Зайчык. – Яна добрая. Іншы раз і мне што-небудзь добрае хочацца ёй зрабіць. Ды не ведаю, што.

-- Вады з калодзежа ёй прынёс бы, -- параіў Барсучок і аблізнуўся, паглядзеўшы на цукерку.

-- У яе вада ў хаце з крана цячэ. – Зайчык разламаў цукерку на дзве роўныя палавінкі і адну палавінку працягнуў Брсучку. – Бяры, мне не шкада (Аляксей Якімовіч) [6, “Каб мама ўсміхалася”, с. 84 -- 85].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           На гэты ( д, дз)ень і сама хата

                                                           Была пр(і, ы)брана зухавата:

                                                           Памыты лавы, стол, падлога.

                                                           А каля покуця святога

                                                           ( Д, дз)ве сцены клёнамі прыбраны:

                                                           Абрусам белым стол засланы. [4, “Новая зямля”, с. 98]. 

• Растлумачце сэнс выразу “прыбрана зухавата”. Якім выразам яго можна замяніць? (Прыбрана прыгожа, адметна.) Які з гэтых выразаў больш дакладна перадае святочную атмасферу?

 Хату заўсёды прыбіраюць, але зухавата, адметна прыбіраюць калі? Вядома, на свята. Што на свята памылі ў хаце? Вы, напэўна, не ведаеце, што такое “покуць”? Калі вы мяне папросіце, я вам скажу. А як вы мяне папросіце?

Покуць -- гэта месца ў куце хаты насупраць увахода. Хто ўваходзіць у хату, бачыць у покуці на сцяне абразы. Над абразамі вісіць вышываны ручнік. Людзі моляцца перад абразамі. У покуці, на лаве, пад абразамі сядзіць гаспадар.

Ёсць такія святы, калі сцены ўбіраюць галінкамі дрэў. Абрусам у святы засцілаюць стол, за якім ядуць святочны абед ці вячэру. Цікава? (З кнігі “Сцяжынка”, стар. 64) [5, с. 64, “Сцяжынка”]. 

• У якім склоне стаіць  назоўнік покуця? (Слова “покуць” -- жаночага роду, але ў Якуба Коласа яно стаіць у мужчынскім родзе.)

Тэст.

Знайдзіце і адзначце знакам "+" словазлучэнні з назоўнікамі ў родным склоне.

1. Чырвоны ад марозу.

 2. Прыйсці да суседа.

3. Схавацца ў гушчары.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Што  вы ведаеце пра склонавыя канчаткі назоўнікаў у родным склоне адзіночнага ліку?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы  / склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. – 556 с.

4.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5. Марціновіч Л. С., Юрэвіч Т. У., Іўліева Л. У. Сцяжынка  / Л. С. Марціновіч, Т. У Юрэвіч, Л. У. Іўліева. -- Мінск, Нар. асвета, 1994. – 319 с.

6. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. 

 

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 22 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.