Поиск по этому блогу

Экспертыза "Прывязаная бабуля"

 

Прывязаная бабуля

 

Расказвае Аляксей.

Глядзеў тэлеперадачу з суседняй краіны.

Бабулю з кавідам паклалі ў бальніцу. Праз нейкі час яе ўнук (назавём яго Сяргей) вырашыў пацікавіцца, як адчувае сябе яго блізкі чалавек. На яго тэлефонныя званкі яна не адказвала, медыцынскія работнікі таксама з ім стараліся не ўступаць у кантакт. Адчуўшы нядобрае, Сяргей купіў спецадзенне (маску, плашч) і пад выглядам урача прабраўся ў тую палату, дзе ляжала яго бабуля. Брудная, непамытая, яна была прывязаная да ложка. Ложак стаў непрывабным туалетам. Было відаць, што ніхто з медыцынскага персаналу да яе даўно не падыходзіў. Сяргей сфатаграфаваў даведзены да поўнай антысанітарыі ложак з бабуляй і паслаў у інтэрнэт. Думаеце, такім чынам дапамог ёй? Не, нашкодзіў і сабе. Праз нейкі час яго, электразваршчыка са стажам, звольнілі з працы, сказаўшы: “Ты нам не патрэбен”.

Ніхто з удзельнікаў тэлеперадачы, пачуўшы гэта, не абурыўся. Удзельнікі выслухалі тэлевядучага і сталі абмяркоўваць іншыя праблемы. Гэта іх амаль не закранула.

 

Як Вы, нашы эксперты, ацэньваеце гэту сітуацыю?

Што зрабілі б у дадзеным выпадку?

 

Эксперт Вадзім.

-- Сяргей, канешне, здзейсніў учынак, за што і пацярпеў. Думаю, ён знойдзе працу, сваё месца ў жыцці. Не ўсе ж вакол яго халодныя, бяздушныя, ледзяныя.

 

Эксперт Ніна.

-- А я магу зразумець медыцынскіх работнікаў. Хворых шмат, безліч, а іх мала, не хапае. Яны фізічна не могуць дагледзець хворых. Таму і прывязалі бабулю.

 

Эксперт Пятрусь.

-- А я лічу, што да ложка трэба было прывязаць не бабулю, а нейкага важнага чыноўніка. Калі ён ішоў на працу, то абяцаў стварыць для людзей рай. Дык чаму яго не стварыў? Няхай паляжаў бы ў брудзе некалькі дзён і падумаў бы. 

 

Эксперт Святлана.

-- Гэты выпадак прымушае задумацца: а для чаго мы працуем, жывём? Каб потым, у нейкі судны дзень, нас прывязалі да ложка?

 

Эксперт Даніла.

-- Мы асуджаем зверствы захопнікаў у гады вайны, а іншы раз не бачым таго (ці не хочам бачыць), што робіцца пад носам. Падобныя адносіны да старога, нямоглага чалавека – сапраўднае зверства, злачынства.

 

А як да гэтай сітуацыі адносіцеся Вы, нашы чытачы?