Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Суседзі і коні"

 

Быў выпадак

 

Суседзі і коні

 

У вёсцы па суседству жылі Міхась і Сымон. У Міхася быў сівы конь, а ў Сымона – гнеды. Яны вельмі любілі сваіх коней і часта спрачаліся, даказваючы, што яго конь лепшы. Спрэчка звычайна заканчвалася такімі словамі: “Я свайго Сівага на твайго Гнедага нізашто не памяняў бы. А я свайго Гнедага на твайго Сівага нізашто не памяняў бы”.

              Неяк Міхась і Сымон запраглі ў вазы сваіх коней і паехалі на сенажаць. Воддаль адзін ад аднаго, за кустамі, распраглі іх, каб адпачылі, падсілкаваліся, а самі пачалі грабці скошанае сена. Непадалёку былі маладыя хлопцы. Яны вырашылі пажартаваць з непрымірымых суседзяў: Сівага запраглі ў Сымонаў воз, а Гнедага – у Міхасёў. Так зрабіўшы, паклікалі дзядзькоў.

              Міхась неўзабаве падышоў да свайго воза і ледзь не ўпаў, убачыўшы ў аглоблях Гнедага. Стаіць і ўсё войкае: “Вой! Вой!” Немаведама што яму здалося. А хлопцы рагочуць, пацяшаюцца: “Дзядзька Міхась, вы даўно свайго Сівага на Сымонавага Гнедага памянялі?”

              А за кустамі Сымон войкае, да сябе ніяк не дойдзе. І з яго хлопцы смяюцца, пацяшаюцца: “Дзядзька Сымон, вы даўно свайго Гнедага на на Міхасёвага Сівага памянялі?”

             Вось як іншы раз бывае!

                                                                                                       Аляксей Якімовіч.