ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: правапіс
часціц -такі, б (бы), ж (жа).
Псіхалагічны настрой.
Цяжкі, лепшы,
Імклівы, прыветны,
Бязмежны, грашовы –
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як пішам: намаляваў-такі
ці намаляваў такі?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка
кемлівасці.
Пачнём з правіла.
Запомніце! Часціца –такі пішацца праз дэфіс у словах зноў-такі, усё-такі,
зусім-такі,
так-такі,
даволі-такі,
а таксама ў тых выпадках, калі яна стаіць пасля дзеяслова: прыйшоў-такі-сам, дадумаўся-такі,
зрабіў-такі. Ва ўсіх астатніх выпадках часціца такі пішацца асобна [4,
стар. 210, “Беларуская мова”].
Тлумачэнне.
У спалучэнні “намаляваў-такі” часціца –такі
стаіць пасля дзеяслова.
Вырашэнне
праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам:
намаляваў-такі.
Назавіце слова.
Пішам праз дэфіс:
Усё-такі сказалі,
Даволі-такі нажалі,
Зноў-такі… (напісалі).
Аляксей Якімовіч.
• Растлумачце
правапіс слоў “усё-такі”, “даволі-такі”, “зноў-такі”.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як пішам: прыйшоў
бы ці прыйшоў-бы?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Чытаем правіла.
Помніце! Часціца б (бы) пішацца асобна [1, стар. 174, “Беларуская мова”].
Вырашэнне
праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам: прыйшоў бы.
Скорагаворка.
Прыехаў бы і паглядзеў бы на ваш тавар
(Аляксей Якімовіч).
• Якая
арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова
“асобна” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Ствараем праблемную сітуацыю.
• Як пішам: але
ж ці але-ж?
Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?
Хвілінка кемлівасці.
Чытаем правіла.
Запомніце! Часціца ж (жа) пішацца асобна [1, стар. 174, “Беларуская
мова”].
Вырашэнне
праблемнай сітуацыі, вывад.
Пішам: але ж.
Працуем са спалучэннямі слоў.
• З
часціцай б прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў сказамі?
Для даведкі: прыйшла б дзяўчынка – прыйшла б вясна.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
Гісторыю, даволі-такі,
цікавую, пачуў. (Пачуў даволі-такі цікавую гісторыю.)
• Растлумачце
правапіс выдзеленага слова.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
-- Уцякайце ўсе
Жук паўзе,
З маёй дарожкі!
Наставіў рожкі.
Адказ: 1 – 2, 2 -- 4, 3 – 1, 4 – 3.
• Якія
часціцы можна паставіць пасля дзеясловаў, ужытых у тэксце?
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “напружваючы ўсю моц, сілу”.
Да нас хмарка прыляцела,
Над зямлёй нізка прысела
І адразу ж нечкана
… прагрымела.
• Раслумачце
правапіс часціцы, ужытай у вершаваным тэксце.
Словы фразеалагізма,
напісаныя наадварот: ан юсў уліс [2, стар. 199, “Фразеалагічны
слоўнік”].
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі,
запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба
Коласа.
І варона з шула
Крыллямі ўзмахнула –
Вышай, вышай, вышай!
Яна ўжо высока,
Чуць угледзіць вока,
І здаецца мышай.
Толькі ж хто ні гляне
На яе лятанне,
Кажа: “То ж – варона!”
Бач(і, ы)ць – прагар(э, е)ла,
Бо не выйшла дзела,
Не па ёй карона! [3, стар. 313, “Паэмы Я. Коласа”].
• Знайдзіце
ў вершаваным тэксце арфаграму на вывучанае правіла. Ці паўтараецца яна?
• Падбярыце
літаратурныя адпаведнікі да аўтарскіх слоў ”вышай”, “мышай”, “дзела”. (Вышэй, мышшу, справа.)
Адказы на пытанні.
• Як пішацца часціца -такі?
• Як пішуцца часціцы б (бы), ж (жа)?
Тэст.
Адзначце словы, пасля якіх правільна пастаўлены часціцы.
1. Як жа;
2) як ж;
3) тады ж;
4) зусім-такі;
5) зусім-бы;
6) вельмі ж;
7) гэтак жа.
Адказ: 1, 3, 4, 6, 7.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1.
Валочка, Г. М., Язерская С. А. Беларуская мова : Падруч. для 7-га кл.
агульнаадукац. шк. з беларус. мовай навучання. 2-е выд. – Мн. : Нар. асвета,
1998. -- 206 с.: іл.
2. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
3. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка :
паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.
4. Валочка Г. М. Беларуская
мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус.
мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко, С. А. Язерская. – Мінск : Нац.
ін-т адукацыі, 2020. -- 240 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, ліпень 2022 года, № 7.