Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. ПАЎТАРЭННЕ. НАПІСАННЕ СЛОЎ З РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫМІ ЗНАКАМІ

 

Творчы ўрок у 3 класе.  ПАЎТАРЭННЕ.  НАПІСАННЕ СЛОЎ З РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫМІ ЗНАКАМІ

 

Мэты: абагульніць і сістэматызаваць веды аб напісанні слоў з раздзяляльнымі знакамі; выпрацоўваць уменні і навыкі абгрунтоўваць напісанне слоў з раздзяляльнымі знакамі з дапамогай вывучанага правіла; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; паказаць, што працавітасць -- добрая рыса характару.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

Н а с т а ў н і к. Паўтарайце за мною.

Я прыйшоў на ўрок беларускай мовы.

Мне падабаюцца ўрокі беларускай мовы.

Вакол мяне мае сябры.

Мы будзем працаваць разам.        

Мы будзем працаваць старанна.

Як добра, што пачаўся ўрок!

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і  ўстаўце прапушчаныя літары. Адгадайце загадку.

                                                   Ля..іць – пішчыць,

                                                   Сядзе – маўчыць.

                                                   Хто яго заб’е,

                                                   Сваю кро.. пралье. (Камар.)    [2, с. 341, “Беларускія прыказкі…”]   

                                                                                    З народнага.                                  

Назавіце гукі ў слове "сядзе".

Назавіце словы з раздзяляльнымі знакамі.

4. Чыстапісанне.

З якіх літар пачынаюцца прапанаваныя словы?

Магілёў     мора   марскі (З літар М,  м. )

Гэтыя літары мы напішам на хвілінцы чыстапісання.

     М  м  м м

Мая сям'я жыве ў горадзе Магілёве.

Які раздзяляльны знак пішацца ў слове "сям'я"?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а ст а ў н і к. Гэтыя знакі іншы раз называюць сябе пагранічнікамі. Іх задача -- раздзяляць зычныя і галосныя гукі, каб яны як належыць гучалі  ў слове і надавалі яму пэўнае значэнне. Называюцца яны...

Так, так: апостраф і раздзяляльны мяккі знак. Паслухайце казку, якая дапаможа вам паўтарыць гэту тэму.

6. Актуалізацыя ведаў па асноўных пытаннях вывучанага.

Чытанне казкі. Займальная форма ўвядзення задання.

- Як жывецца табе, Шпачок? - сустрэўшыся ў саснячку, пацікавілася ў маленькага Шпачка Сарока-суседка.

- Някепска жывецца. Я паэтам стаў, - важна заявіў Шпачок.

Ад неспадзеўкі Сарока ледзь не папярхнулася, дзюбку раскрыла, стаіць, як укопаная.

Шпачок ускочыў на пянёк і звысоку паглядзеў на сяброўку.

- Не здзіўляйся! У мяне даўно праявіліся паэтычныя здольнасці, але я не хацеў іх паказваць, як кажуць людзі, на суд выносіць, бо саромеўся.

- І... І... І ў чым жа яны праявіліся сёння? - ледзь прамовіла Сарока.

- А сёння... Сёння я! Я!..

- Кажы хутчэй, не цягні!

- Сёння я адзін верш напісаў і адну загадку склаў, -  нарэшце паведаміў Шпачок.

- Ух ты! - вырвалася ў Сарокі.

- Верш атрымаўся невялікі. Мае паэтычныя здольнасці яшчэ развіваюцца, - удакладніў Шпачок і задраў ўгору дзюбку, гатовы заспяваць на ўвесь саснячок.

- Я не разумею, што значыць невялікі, - прызналася Сарока.

- Ён толькі з двух радкоў складаецца.

- Пакажы мне свае творы, будзь ласкавы, - з павагай прамовіла Сарока.

Шпачок дастаў з партфеліка ліст, спісаны акуратнымі літаркамі, і працягнуў яго суседцы.

- Бяры. Тут і верш, і загадка.

Вось што ўбачыла на лісце Сарока.

 

                                                                           Верш

                                                           Сёння дожджык моцна ле.

                                                           Агародзік наш пале.

                                                                         

Загадка

Па калені вады,

                                                           А не напешся.       [2, с. 361, “Беларускія прыказкі”]    

                                                                       З народнага.

Сарока прачытала і нахмурылася.

Вырашэнне займальнай сітуацыі.

Чаму нахмурылася Сарока? Якія памылкі заўважыла яна ў творах Шпачка?                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                    (У некаторых словах ён прапусціў раздзяляльныя знакі.)                                                                                                                                                                               

Выпраўце памылкі, устаўце прапушчаныя раздзяляльныя знакі, выкарыстаўшы наступную запіску-"дапамагатку".

           Раздзяляльны ь                                          Апостраф

           пішацца пасля мяккіх                                   пішацца

           зычных л, н, с, дз, ц і                                    пасля прыставак на зычны

           непрыставачнага з                                         перад

           перад е, ё, ю, я, і:                                           е, ё, ю, я і націскным і:

Аркадзьевіч, парцьера.                                 ад’езд.

                                                                        Пасля ў (нескладовага)                      

                                                                          апостраф не пішацца: салаўі [4, с. 91, “Беларуская мова”].

Адгадайце загадку Шпачка. (Снег.)                                                  

Праца з загадкамі.

Адгадайце загадкі па іх прыметах.

Загадка першая.

1. Ён круглы.

2. Яго б’юць, а яму не баліць.

3. Яго б’юць, а ён скача. (Мяч.)

Загадка другая.                              

Яны:

1) быццам гарачыя вугольчыкі;

2) вадою іх не зальеш;

3) растуць у траве;

4) смачныя і духмяныя. (Суніцы.)

Загадка трэцяя.

1. Гэты грыб можа расці на балоце і ў садзе.

2. У яго вялікі светлы капялюш.

3. Яго назва пачынаецца з літары ш. (Шампіньён.)

Запішыце словы  “б’юць”, “зальеш”, “шампіньён” і растлумачце іх напісанне. Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-"дапамагатку".                               

У слове “сад” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна яе пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Садок.)

Якое правіла вы прымянілі?

Перакладзіце на беларускую мову слова “шляпа”. (Капялюш.) Параўнайце гучанне і  напісанне.

Выберыце патрэбнае тлумачэнне.

Капялюш -- гэта...

1) адкідны галаўны ўбор, прышыты да каўняра верхняга адзення;

2) галаўны ўбор з палямі і высокім верхам [1, с. 159, “Тлумачальны слоўнік”].

Якім словам можна замяніць слова "капялюш"? (Брыль.)

Пры напісанні слова "капялюш" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Запішыце слова "капялюш" у слоўнік. Падкрэсліце літару я.

Для даведкі: 1 – капюшон, 2 – капялюш.

Вырашэнне арфаграфічнай задачы.

Адгадайце загадкі. Спішыце іх разам з адгадкамі, устаўляючы раздзяляльныя знакі. Якая загадка "лішняя"?

                                                  1. Згары падае,

                                                       А ўнізе б..е. (Маланка.) [2, с. 358]    

                                                                      З народнага.

                                                  2. Мален..кі, крывен..кі,

                                                      А ўсё поле абскача. (Серп.)

                                                                       З народнага. [2, с. 329]    

                                                  3. Канёк-гарбунок

                                                      Усю хату аб..ездзіў. (Венік.) [2, с. 328, “Беларускія прыказкі…”]    

                                                                        З народнага.

("Лішняя" загадка -- № 2.)

Самастойная праца.

Выпішыце ў левы слупок словы з мяккім знакам, які абазначае мяккасць зычных, а ў правы -- словы з раздзяляльным мяккім знакам. У чым асаблівасць вымаўлення слоў другога слупка?

Кузьма, Арсеньевіч, вішанька, бацька, кур’ер,  рэчанька, парцьера, пісьмо, апенькі, Ільінскі, вазьму, кампаньён.

Раскрыйце сэнс выдзеленага слова. Складзіце з ім сказ.

(Парцьера - занавеска з тканіны на дзвярах або вокнах.)

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                         Сеў на веласіпед

                                                         І хутка паехаў.

                                                         Нечакана капялюш

                                                         Мне на вочы … (з’ехаў).

                                                                        Аляксей Якімовіч      

Вучань сцвярджае, што ў слове “з’ехаў” трэба пісаць раздзяляльны мяккі знак. Ці правільна гэта?

Праца са словам.

Прачытайце словы ў слупках. Злучыце словы з іх перакладам.

З'ява                льётся

Льецца           бриллианты

Брыльянты    карьер

Кар'ер            объединить

Аб'яднаць     ателье

Атэлье          грильяж

Грыльяж      явление

Праца з прыказкамі.

Прачытайце. Пры спісванні замест кропак устаўце, дзе трэба, апостраф ці мяккі знак.

1. Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з..есці. 2. Шчыраму сэрцу і чужая бол..ка баліць. 3. Самі сябе б..ём, калі нячыста косім і жнём. 4. Кол..кі птушка ні лятае, усё роўна сядзе. 5. І ў вераб..я сэрца ёсць.  6. Хоць мален..кая, ды даражэн..кая.

                                                    [2, с. 15, 174, 196,  197, 269, “Беларускія прыказкі…”]     

Назавіце словы з прапушчаным мяккім знакам. Ён служыць толькі для абазначэння мяккасці зычнага ці для абазначэння раздзельнага вымаўлення зычнага з наступным галосным?

Фізкультхвілінка.

Уявіце, што на высокай яблыні вісяць спелыя яблычкі. Вам іх трэба дастаць і сарваць. Вы прыўзнімаецеся на дыбачкі і зрываеце першы яблычак, другі, трэці... Вы ўздыхаеце, задаволеныя.

Перакладчыкі.

Перакладзіце словы на беларускую мову і запішыце іх парамі. Растлумачце розніцу ў напісанні гэтых слоў у рускай і беларускай мовах. Пры неабходнасці звярніцеся да запіскі-"дапамагаткі".

Копьё -  ...                         барьер - ...                    Марья - ...              

интервью - ...                    солью (ад соль) - ...     почтальон -...

бурьян - ...                         щавель - ...                   компьютер - ... 

Выразнае чытанне.

Н а с т а ў н і к. Цяпер разаб'ёмся на два рады і прачытаем разам лічылку. Адзін рад скажа за мною: "У школу нам трэба ісці". Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): "У восем раніцы ўстаём"... і гэтак далей, да канца. Перадайце свае пачуцці, пакажыце, што ў вас добры настрой.

                                                    Ў школу нам трэба ісці.

                                                    У восем раніцы ўстаём.

                                                    Сонца свеціць за акном.

                                                    Пачынаецца пад’ём.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Які раздзяляльны знак  вы напішаце ў словах "разаб'ёмся", “пад’ём?

Працавітасць – добрая ці кепская рыса характару?

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з такім тлумачэннем?

Павільён -- артыст, які аб'яўляе нумары праграмы ў час канцэрта, а канферансье -- невялікі лёгкі будынак у садах, парках? [1, с. 228, “Тлумачальны слоўнік”].

Растлумачце напісанне слоў з раздзяляльнымі знакамі.

Самастойная праца.

Спішыце, уставіўшы прапушчаныя раздзяляльныя знакі.

Аднаго разу ў лесе заблудзіўся сабка. Ён так схуднеў, блукаючы, што нават воўк не захацеў яго з..есці. Неўзабаве сабака знайшоў патрэбную дарогу  і вярнуўся да свайго гаспадара, стаў жыць, як міл..ярдэр, прыпяваючы.

Вось так расказваюць людзі.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а вокліч пеўняў – ко-ко-ко, ко-ко-ко – потым перадасце і вы.

                                                 Сталі пеўні і гукаюць:

                                                 “Ко-ко-ко, ко-ко-ко!

                                                Каля лаўкі на падворку

                                                Разліў коцік малако!

                                                                Аляксей Якімовіч.

Цяпер прамовім разам, пакажам, як гукаюць пеўні: “Ко-ко-ко, ко-ко-ко!” 

Ці ёсць у тэксце слова, у якім вы напішаце раздзяляльны знак? Абгрунтуйце сваю думку.

А які знак вы напішаце ў слове “б’юцца”?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           На тым абшары, на ш(і, ы)рокім,

                                                           Раскошна нівы красавалі,

                                                           А ў іх мільёны красак ззялі,

                                                           Як бы на неб(і, е) тыя зоркі;

                                                           Лу(ж, ш)кі, даро(ж, ш)кі і пагоркі,

                                                           І купкі хвоек м(о, а)ладыя,

                                                           Дзе матылёчкі залатыя

                                                           На сонцы кр(і, ы)льцамі блішчалі,

                                                           Жучкі і конікі трашчалі

                                                           І ў стройны звон свой зык злівалі [3, с. 49, “Новая зямля”].      

Раскрыйце сэнс слоў "абшар" (вялікі ўчастак зямлі; шырокі прастор), "нівы" (узараныя ці засеяныя палі), зык ( тут: ад зычлівы -- які жадае дабра другому) [1, с. 12, 132, “Тлумачальны слоўнік”].       

Растлумачце напісанне раздзяляльнага мяккага знака ў слове "мільёны".

Тэсты.

Падкрэсліце словы з апострафам.

1. Пад..ём, вада..ём, пад..езд.

Падкрэсліце словы, у якіх мяккі знак служыць толькі для абазначэння мяккасці зычнага.

1. Столь. 2. Канькі. 3. Васільевіч.

Падкрэсліце словы з раздзяляльным мяккім знакам.

1. Батал..ён. 2. П..еса. 3. Сузор..е. 4. Аб..ём. 5. Іл..я.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Вось як напісаў хлопчык Міколка: зява, зезд, брылянт. Ці правільна гэта?

Якое правіла кепска засвоіў Міколка? (Правіла "Раздзяляльныя  знакі".)

Што абазначаюць раздзяляльныя знакі?

Калі пішацца апостраф, а калі -- раздзяляльны мяккі знак?   

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4.  Шэўчык, Н. І., Амяльковіч, А. А. Беларуская мова : Падручнік для 4-га класа. – Мн. : Нар. асвета, 1977. --  240 с. : іл.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.