Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. Род і лік назоўнікаў

 

Творчы ўрок у 3 класе. Род і лік назоўнікаў

Мэты: пашырыць веды аб назоўніку як часціне мовы, паказаць, на якія тры групы падзяляюцца назоўнікі ў залежнасці ад роду; актуалізаваць веды вучняў аб змяненні назоўнікаў па ліках; выпрацоўваць арфаграфічныя і каліграфічныя навыкі пісьма, развіваць творчыя здольнасці вучняў; фарміраваць уменні і навыкі вызначаць род і лік назоўнікаў; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; ствараць пазітыўны настрой.

                                                                Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Лялькі, гульні,

                                                          Сустрэчы, перамовы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце словы, устаўце прапушчаныя літары. У кожным радку знайдзіце "чужое" слова.

 Варэнне, вар..ць, варона, перавар..ць.

Зранку, п..ранены, ранак, ранішні.

Школа, шкло, школьнік, школьны.

Вішня, вішнёвы, вішні.

Выпішыце толькі назоўнікі. Які з назоўнікаў абазначае некалькі прадметаў?

4. Чыстапісанне.

Складзіце з гэтых літар адно слова.

                     о  ў  з н  а  н  к  і        (Назоўнік.)

Запішыце літары ў правільным парадку ў авалах і без іх:

                     н  а  з  о  ў  н  і  к    назоўнік    н  а  з  о  ў  н  і к

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к.  На ўрок да нас завітаў госць. Я чую яго голас. Ён здалёку паведамляе, што дае назвы прадметам.

Вы здагадаліся, хто дае назвы прадметам? Але, назоўнік. Ён прыйшоў у клас разам з казачнымі героямі, каб пазнаёміць вас са сваім родам і сваім лікам. Слухайце казку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі.

У адным ляску стаяў вялікі і прывабны магазін "Цацкі", дзе лясныя жыхары куплялі падарункі сваім маленькім дзеткам. Яны прыходзілі ў прасторную залу і доўга хадзілі там, пазіраючы на паліцы. На паліцах стаялі самыя розныя цацкі, вабячы сваёй прыгажосцю.

Але ў магазіне, акрамя залы, была і невялікая кладоўка, у якой на палічцы, зробленай са звычайнай дошкі, таксама стаялі цацкі: Мядзведзік, Вавёрачка, Слон, Конь і перакошанае Кола, якое круцілася, калі праз разбітую шыбіну акенца ў кладоўку залятаў халодны вецер.

Гэтыя цацкі ніхто не купляў, бо, як сказаў вусаты загадчык магазіна, усе яны мелі дэфекты. Мядзведзік быў тоўсты-тоўсты, як надзьмуты паветраны шарык. Яго за гэта празвалі Круглячком. Конь быў вялікі, нібы слон, а Слон маленькі. Ягоны хвосцік нагадваў мышыны. З Вавёрачкі фарба аблезла, і яна стала паласатай, як тыгр. Вавёрачка сябравала са Сланом, часта прыходзіла да яго ў госці.

Аднаго дня Конь, якому вельмі надакучыла цесная і цёмная кладоўка, прапанаваў сябрам па няшчасці хоць не  надоўга пакінуць яе і адправіцца на прагулку ў лес. 

Праз разбітае акенца цацкі вылезлі на двор і неўзабаве апынуліся на невялікай сунічнай палянцы. Пры дарозе, на пяньку, Конь заўважыў ліст паперы, на якім было напісана:

ён: вецер

яна: цацка

яно: акенца

- Гэта нейкае зашыфраванае пісьмо! - усклікнула Вавёрачка і з надзеяй паглядзела на Каня. - Ты зможаш яго прачытаць?

- Не ведаю! - разгубіўся Конь.

- А я ведаю! - саскочыўшы з бярозкі, нечакана паведаміла белабокая Сарока. - Растлумачыць вам, што гэта азначае?

- Калі ласка! - дружна закрычалі цацкі.

- На лістку напісаны тры групы слоў -- тры роды назоўнікаў.

- Якія роды? - запытаўся Конь.

- Вось ты, Конь, якога роду?

- Я без роду, без племені.

- Такога не можа быць, - прамовіла  Сарока і расказала цацкам пра род назоўнікаў.

Узнаўленне вядомага ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Ці згодны вы з Сарокай?

Якога роду бываюць назоўнікі?

Растлумачце, што абазначае "зашыфраванае" пісьмо.

З раду прыведзеных слоў запішыце тыя, якія адносяцца да назоўнікаў мужчынскага, жаночага і ніякага роду.

Узор. Ён мой, м. р.: падарунак, яна мая, ж. р.: хустка, яно маё, н. р.: акно.

Морква, шэранькае, званочак, дзьмухавец, пушысты,  сонца, сонечны, лісточак, фіялка, чыстая, воблака, падарожжа, кажух, тоўсты, ружа, фарба, белая, надвор'е, рама, далонь.

Ці правільна вызначыў свой род Конь?

Перакладзіце на рускую мову слова "далонь". (Ладонь.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Вызначце род слова "далонь". (Ж р. .)

Растлумачце значэнне выразу "як на далоні".

Ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы "далонь" і "далоневы"?

Пры напісанні слова "далонь" у якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна?

Праца з малюнкам.

На малюнку злева паказаны адзін арэх, а справа -- некалькі арэхаў.

У час арфаграфічнай размінкі вы заўважылі, што назоўнікі могуць абазначаць адзін прадмет або некалькі прадметаў. Назавіце намаляваныя прадметы. Скажыце, ці змяняецца лік назоўніка, калі вы называеце адзін прадмет і некалькі прадметаў.  

У якіх ліках ужываюцца назоўнікі? Прывядзіце прыклады.

Якая частка слова змяняецца пры змяненні назоўнікаў па ліках? (Канчатак). Пакажыце гэта на прыкладзе назоўніка "арэх".

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! З дапамогай канчаткаў назоўнікі могуць абазначаць адзін або некалькі прадметаў. Калі назоўнікі змяняюцца па ліках (адзіночным і множным), змяняюцца і іх канчаткі.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

Каласок коцік знайшоў.

                                              Мышцы шэранькай аддаў.

                                              Прыбег дужы пацучок.

                                              Каласок той … (адабраў).

                                                             Аляксей Якімовіч.

Вызначце род і лік назоўнікаў. Назавіце антонімы ў тэксце калыханкі. (Аддаў -- адабраў.)

Як вы ацэньваеце ўчынак пацучка?

Праца з загадкай.

Адгадайце народную загадку.

Ішлі, ішлі,

                                                         Дзве дарогі знайшлі –

                                                         І ў абедзве пайшлі. (Нагавіцы.) [2, с. 319, “Беларускія прыказкі”].

Падбярыце сінонім да слова “нагавіцы”. (Штаны.)

У якім ліку ўжываецца слова-адгадка "нагавіцы"?

Ці можа назоўнік "нагавіцы" ўжывацца ў адзіночным ліку?

Вывад: назоўнік "нагавіцы" ўжываецца толькі ў множным ліку.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! У беларускай мове ёсць назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку. Напрыклад:  малако. Іх не паставіш у множным ліку.

Ёсць назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Напрыклад: санкі.

Самастойная праца.

Выпішыце ў адзін слупок назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў  адзіночным ліку, а ў другі -- назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Скажыце, што абазначаюць гэтыя назоўнікі: рэчыва, прадукты харчавання, якасці і ўласцівасці, парныя прадметы, спартыўныя гульні, геаграфічныя назвы.

Азія, акуляры, рэдзька, Баранавічы, ветлівасць, парэчкі, волава, воля, вугаль, Карпаты, кісель, крупы, лейцы, камень, масла, дровы, Мінск, нажніцы, Нёман, рэкорд, пласкагубцы, радасць, сала, смех, футбол, шахматы, цыркуль.

Вызначце сэнс словам "волава". (Мяккі, коўкі серабрыста-белы метал.)

Перакладзіце на рускую мову слова "крупы". (Крупа.) [1, с. 76,  “Тлумачальны слоўнік”].

Праца з загадкай.

Адгадайце загадку па прыметах:

1) ён лічыцца царом дрэў;

2) ён моцны і ў сто гадоў;

3) на ім растуць жалуды.

Што гэта? (Дуб.)

У якім ліку ўжываецца назоўнік "жалуды"?

Вызначце род назоўніка "жалуды". 

Узор. Сцяжынкі (мн. лік) -- (яна мая) сцяжынка (адз. лік, ж. р.)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Каб вызначыць род назоўніка, які мае форму множнага ліку, трэба паставіць яго ў форме адзіночнага ліку.

Праца са словам.

Адгадайце загадку па прыметах:

1) з яе п’юць ваду;

2) яна мае роднаснае слова – шкло.

Што гэта? (Шклянка.)

З чаго зроблена шклянка? (Са шкла.)

Якой часцінай мовы з'яўляецца слова "шкло"? (Назоўнікам.)

Вызначце род назоўніка "шкло".

Прыдумайце параўнанні з назоўнікам "шкло". (Гладкі, як шкло; востры, як шкло; ломкі, як шкло.)

Перакладзіце на рускую мову назоўнік "шкло". Параўнайце напісанне і гучанне.

Складзіце і запішыце сказ са словам "шкло".

Фізкультхвілінка.

            Н а с т а ў н і к. Уявіце, што ваша рука -- дрэўца, пальчыкі -- галінкі. Пакажыце з дапамогай пальчыкаў, як галінкі калышуцца пад ветрам. Вецер дзьме то мацней, то памалей, пакуль зусім не заціхае.

Складанне словазлучэнняў у спалучэнні са слоўнікавай працай.

Складзіце словазлучэнні са словамі, кіруючыся наступнымі звесткамі: неба (яно), сабака (ён), сонца (яно), яблык (ён), гусь (яна), медаль (ён), лісяня (яно), шынель (ён), пыл (ён), боль (ён), калектыў (ён), хваля (яна), пенал (ён), таполя (яна).

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Род некаторых назоўнікаў у рускай і беларускай мовах не супадае!

Выберыце патрэбнае тлумачэнне значэння слова "пенал".

Пенал -- гэта:

1) майстэртва пісаць роўным прыгожым почыркам (каліграфія);

2) група людзей, аб'яднаных агульнай працай, агульнымі інтарэсамі (калектыў).

3) каробачка для ручак, алоўкаў, гумак, пер'яў.

Складзіце і запішыце словазлучэнне са словам  "пенал".

Перакладзіце на рускую мову слова "пенал".  Параўнайце гучанне і напісанне.

Пры напісанні слова "пенал"  у якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна?

Ведайце! Пенал -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце літару е.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а ст а ў н і к. Зноў сустрэнемся з казачнымі героямі. Паслухаем іх.

- Запомнілі, якога роду і ліку бываюць назоўнікі? - запыталася ў цацак Сарока.

- Запомнілі! - за ўсіх адказаў Конь.

- А чаго ж вы па лесе гуляеце? Ваша месца, па-мойму, у магазіне.

Конь пачырванеў і ціха прагаварыў:

- Гаспадар магазіна трымае нас у цёмнай каморцы, бо мы непрыгожыя.

- Усе мы з дэфектамі, - дадаў Мядзведзік.

- Мы нікому не патрэбныя, - падаў голас Слон.

- Нам ніхто не рады, - усхліпнула Вавёрачка.

- Пра нас даўно забыліся, - уздыхнула Кола.

- Такога не можа быць! - затрывожылася, засакатала Сарока. - Мне вы вельмі патрэбныя!

- Навошта? - разам усклікнулі цацкі.

- У якасці слухачоў! Я з самага ранку лятаю, удзячнага слухача шукаю, адну цікавую гісторыю хачу расказаць. Ды чамусьці сёння ніхто мяне не слухае, усе занятыя, кудысьці спяшаюцца.

- Нам раскажы цікавую гісторыю! - тупнуў капытцам па зямлі конь.

-  Калі ласка! Мы любім слухаць цікавыя гісторыі! - падтрымалі Каня іншыя цацкі.

Сарока кашлянула, прачысціла горлачка і стала расказваць:

- Аднаго разу я з сябрам Шпачком сустрэлася. Шпачок, скажу вам па сакрэту, часта забываецца. Неяк у дождж без парасона вылецеў. А ў гэты дзень я паказала на грыб рыжык і пытаюся ў яго:

- Як называецца гэты грыб?

- Ён правільна назваў яго? - не вытрымаў Конь.

- Не. Галавою пакруціў, уздыхнуў цяжка-цяжка і папрасіў: “Падкажы так, каб здагадаўся”.

- Ёсць розныя грыбы. І мухаморы, і сыраежкі, -- пачала пералічваць я.

А Шпачок падскочыў і ўсклікнуў:

- Гэта мухаежка!

Цацкі  засмяяліся. І Конь, і Вавёрка, і Мядзведзік, і Слон, і скрыўленае Кола.

Конкурс "Хто назаве болей".

Запомнілі, якія назоўнікі ўжыла Сарока ў апавяданні "Мухаежка?" Назавіце іх і вызначце род і лік.

Гульня "Сказы-жартаўнікі".

Выпраўце памылкі ў сказах з парушанымі сэнсавымі сувязямі. Вызначце род і лік назоўнікаў.

Міхаська мые рукамі мыла. Падлога ляжыць на дыване.

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Вызначце род і лік назоўнікаў.

Возле нашей деревни протекает река. Она неширокая, но очень быстрая. Зимой река замерзает. Лёд блестит, переливается на солнце. Летом на её берегах приятно отдыхать и детям, и взрослым.

Слоўнік: приятно -- прыемна.

Самастойная праца.

Прачытайце верш. Выпішыце спачатку назоўнікі адзіночнага ліку і ўтварыце ад іх назоўнікі множнага ліку. Потым выпішыце назоўнікі множнага ліку і ўтварыце ад іх назоўнікі адзіночнага ліку. Вызначыце іх род.

                                                 Дарыць бор сасновы

                                                 Падарунак новы:

                                                 Сталі паяўляцца

                                                 Па лясах грыбы.

                                                 Ды ці знойдзеш словы

                                                 Апісаць іх сховы –

                                                 Хвайнякі, палянкі,

                                                 Беразняк, дубы,

                                                 Апісаць дарожкі,

                                                 Дзе хадзілі ножкі

                                                 Грыбнікоў заўзятых,

                                                 Ну, як наш Міхась?

                                                                 Якуб Колас             [4, с. 9, “Раніца ў нядзельку”. “Грыбы”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “паяўляцца”. (З’яўляцца.)

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а гук малатка -- тук-тук-тукпотым перадасце і вы.

Малаточак: тук-тук-тук…

                                             Цвік старанна забівае.

                                             З самай раніцы працуе.

                                             Сёння мне дапамагае.

                                                         Аляксей Якімовіч. 

Пакажам, як працуе малаток, прамовім разам: “Тук-тук-тук”.                                                  

Вызначце род і лік назоўнікаў з верша.

Самастойная праца.

Спішыце , раскрываючы дужкі. Дапішыце назвы прадметаў па ўзору.

Людзі (хто?): Міхаська, ...

Дрэвы (што?): алешына, ...

З'явы прыроды (што?): сонца, ...

Вызначце род і лік гэтых назоўнікаў.

Праца з практыкаваннем.

Спішыце, раскрываючы дужкі. Як вы будзеце разважаць, вызначаючы род і лік назоўнікаў?

Летні вечар.  Вялікі вогненны шар сонца хаваецца (на) небасхіле. Заціхаюць птушыныя галасы. Шэры туман сцелецца (на) балоце (каля) невялікай рачулкі.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Наш дзядзька, мілы наш Антоні,

                                   Ў дзіцячым часта быў палоне;

                                   Вось так гуртом яго а(б, п)сядуць

                                   І час работы яго крадуць;

                                   Насі "катла", кажы ім ка(с, з)кі,

                                   І(д, дз)і на поплаў з імі ў краскі,

                                   Давай а(т, д)казы на пытанні,

                                   Тлумач ты ім усё дазвання...                      [3, с. 48, “Новая зямля”].

Растлумачце значэнне выразу "насіць катла". (Гуляць з малым, носячы яго за плячыма.)

Назавіце назоўнікі і вызначце іх род і лік.

Растлумачце значэнні слоў "гуртом" (групай, кампаніяй), "поплаў" (луг, звычайна заліўны) [1, с. 256,  “Тлумачальны слоўнік”], "краскі" (кветкі), "дазвання" ( усё-ўсё).

Тэсты.

У кожным радзе падкрэсліце "лішняе" слова:

1) стол; 2) возера; 3) дзядзька;

1) здароўе; 2) птушаня; 3) дзень;

1) двор; 2) кніга; 3) радасць.

Падкрэсліце назоўнік, які мае форму толькі адзіночнага ліку:

1) мядзведзь;

2) гарох;

3) плуг.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Назавіце  роды назоўнікаў. Як іх можна вызначыць?

Ці заўсёды супадае род назоўнікаў у рускай і беларускай мовах? Прывядзіце прыклады.

Раскажыце аб асаблівасцях змяненняў назоўнікаў па ліках.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 19 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.