Поиск по этому блогу

Спадніца: доўгая ці кароткая?

 

Спадніца: доўгая ці кароткая?

 

Якая спадніца вам больш падабаецца: доўгая ці кароткая?

Такое пытанне задаў нашым чытачам.

 

Ніна, 56 гадоў.

-- Сама калісьці насіла кароткую спадніцу. І гэта мне вельмі падабалася. А цяпер, у маім узросце, яе насіць не будзеш. Трэба выбіраць іншую, больш доўгую. Так што тая спадніца, якую выбіраеш, каб адзець, залежыць ад узросту.

 

Максім, 25 гадоў.

-- Прыемна паглядзець на дзяўчат, якія ходзяць у кароткіх спадніцах. Але трэба, каб яны былі не звышкароткімі. На ўсё трэба мець меру.

 

Пятрусь, 30 гадоў.

-- Хто як хоча, няхай так і ходзіць. Чалавек павінен быць вольным, як птушка ў палёце. Менавіта гэта дазваляе жыць вольна, без комплексу.

 

Галя, 19 гадоў.

-- Мне вельмі падабаюцца кароткія спадніцы. Яны ўпрыгожваюць мяне, маю фігуру. А ці падыдзе кароткая спадніца таму, у каго фігура не надта прыгожая? Такому чалавеку я параіла б: перш чым надзець яе, сем разоў падумай.

 

Марыя, 41 год.

-- Канешне, усе мы хочам жыць разняволена. Але трэба захоўваць і тыя традыцыі, якія некалі былі ў нас, у Беларусі. Раней беларускія жанчыны хадзілі ў доўгіх спадніцах. І ад гэтага яны не адчувалі сябе нейкімі закамплексаванымі. Танчылі на вячорках, спявалі песні, весяліліся як маглі. Яны былі сапраўднымі беларускамі. Думаю, што нашы беларускія мужчыны за гэта іх паважалі і цанілі, верылі, што такая не здрадзіць, не падвядзе.

 

Сяргей, 25 гадоў.

-- Чаму многія дзяўчаты носяць кароткія спадніцы? Думаю, што яны хочуць, каб мы, хлопцы, заўважылі іх, не прайшлі міма. Няхай будзе так.

 

Сцяпан, 29 гадоў.

-- Многія дзяўчаты і ў доўгіх спадніцах звяртаюць на сябе ўвагу, выдзяляюцца сярод тых, што ходзяць у нагавіцах і кароткіх спадніцах.

 

Аксана, 17 гадоў.

-- Час не стаіць на месцы. Мы павінны крочыць разам з часам, не адставаць ад яго, прыстасоўвацца да той моды, якая ёсць, якая з’яўляецца.

А як лічыце Вы, нашы шаноўныя чытачы?