Поиск по этому блогу

Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя


З напісанага даўней

І сур’ёзныя, і вясёлыя

Не па-людску

Не так даўно ў Слоніме хавалі жанчыну сталых гадоў, якая разам з сынам і нявесткай жыла ў трохпакаёвай кватэры. Мусіць, чымсьці не дагадзіла матуля сыночку, бо той аддзяліўся ад яе, адвёўшы сабе куток – асобны пакой.
Так сталася, што старая занемагла, захварэла. Аднаго дня яна, відаць, хацела злезці з ложка і дабрацца да суседзяў, каб у іх папрасіць дапамогі. Але бедалага не разлічыла сваіх сіл: упала на падлогу і паклечылася. На падлозе без ежы і яды яна праляжала амаль трое сутак. Ні сын, ні нявестка ёй не дапамаглі.

Здагадлівая

Прыйшоўшы з працы, жонка заяўляе мужу:
-- Заўтра мне трэба выпіць!
Муж з неразуменнем глядзіць на яе.
--Заўтра ж будні дзень, не свята Восьмага сакавіка.
Куточкі вуснаў жонкі квецяцца ўсмешкай.
-- Любы, ты памятаеш маю былую супрацоўніцу М.?
Муж моршчыць лоб і ўсклікае:
-- Дык яна ж памерла гадоў дзесяць таму назад!
-- Памерла, але мы пра яе не забыліся. Заўтра ў М. дзень нараджэння. Кампаніяй паедзем на магілу, пакладзём кветкі і памянём нябожчыцу. Так што прыйдзецца выпіць. Разумееш мяне?
Нарэшце да мужа даходзіць.
-- Вы там, за горадам, кампаніяй дзень нараджэння нябожчыцы хочаце адзначыць?
                                                                                                 Аляксей Якімовіч
                                                           Напісана ў верасні 1998 года.

Буракі

У адну дзяржаўную ўстанову заслалі іншаземнага шпіёна, які някепска валодаў нашай мовай.
Аднаго разу кіраўнік установы сабраў супрацоўнікаў і паведаміў:
-- Заўтра, таварышы, едзем на буракі!
Шпіён не ведаў, што азначае слова “буракі” і пацікавіўся ў супрацоўніка гэтай установы:
--  Што такое буракі?
-- Буракі, браток, горш, чым катарга.
Шпіён ведаў, што азначае слова “катарга”. Ён цяжка ўздыхнуў і пайшоў здавацца.

Ты мне – я табе па-беларуску

На кватэру простага чалавека зайшоў прадстаўнік апазіцыі.
-- Падпішы адозву, калі ласка.
-- А што з гэтага я буду мець?
-- Згуртуемся, прымусім улады павярнуцца тварам да народа і будзем жыць як людзі.
-- Не падпішу, бо не веру ў гэта!
На наступны дзень на працы таго ж самага простага чалавека сустракае актывіст вольнага прафсаюза.
-- Напішы, калі ласка, заяву. Будзь нашым прыхільнікам.
-- А што з гэтага я буду мець?
-- Арганізуем страйк, запатрабуем павышэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы і ўсе разам даб’ёмся гэтага.
-- Не падпішу, бо не веру, што даб’ёмся!
Неўзабаве простага чалавека выклікаў кіраўнік прадпрыемства.
-- Чыркні тут, на паперы. Мне патрэбны большыя паўнамоцтвы.
-- А што з гэтага я буду мець?
-- Табе нічога не перападзе. Можа нават рот не раскрываць.
-- Рот не прыйдзецца раскрываць?.. За гэта можна падпісацца!

Беларусы пра саміх сябе (з народнага)

Дапамога

Дачка настаўніка фізікі паведамляе бацьку:
-- Тата, да нас прыйшла жабрачка, просіць што-небудзь.
-- Няхай крыху пачакае. Зараз дам ёй некалькі задач па фізіцы.

Прывычка

Сядзяць два ваенныя адстаўнікі: адстаўнік-капітан і адстаўнік-маёр. Адстаўнік-капітан кажа:
-- Сёння цэны зноў паднімуцца.
-- Не, не паднімуцца, -- пярэчыць яму адстаўнік-маёр.
Прыбягае суседка і паведамляе:
-- Мужыкі, сёння цэны зноў падняліся!
Адстаўнік-маёр звяртаецца да адстаўніка-капітана:
-- А ты адгадаў!
-- Служу Савецкаму Саюзу!

Задаволіліся

У адным калгасе ўзбунтаваліся калгаснікі. Дзень і ноч енчаць, скардзяцца, на сваё жыццё наракаюць:
-- Нам кепска, нам цяжка, бо намі беларус-няўмека кіруе, дыхаць не дае! Не хочам, каб намі кіраваў няўмека-беларус! Няхай чорт намі пакіруе.
Пачуў д’ябал, прывёў ім чорта.
-- Так і так, -- кажа. – Вось чорт. З гэтага дня ён у вас пачне кіраваць.
Калгаснікі не вераць:
-- Падманваеш! Няхай ён свае рожкі нам пакажа.
Чорт зняў шапку і рожкі паказаў.
Заўсміхаліся калгаснікі.
-- Ён сапраўдны чорт. Няхай кіруе намі!
Праз паўгода прыходзіць д’ябал у той калгас і цікавіцца:
-- Чым займаецеся, мужычкі?
-- Смалу ў пекла на тачках возім.
-- Мабыць, цяжка вам прыходзіцца, -- паспачуваў д’ябал.
-- Ну, не сказаць, каб зусім цяжка. Калі выходзім з пекла на гэты свет, то ён нам раем здаецца.
                                                           Сабраў Аляксей Якімовіч у сакавіку 1998 года.

Ціснуць

Стаіць беларус перад газетным стэндам, чытае аб’яву пра павышэнне цэнаў і жаліцца сам сабе:
-- Ой ціснуць! Ой ціснуць!
Да яго падыходзіць міліцыянер і пытаецца:
-- Хто цісне?
-- Боты.
-- Дык ты ж босы!
-- Таму і босы, што ціснуць.

Патрыёт

У газеце паведамілі, што ствараецца новы Саюз, у якім будуць новыя грошы, новыя банкі. Будучы ўкладчык піша пісьмо ў рэдакцыю газеты: “Паважаная рэдакцыя! Я патрыёт! Я абедзвюмя рукамі галасую за Саюз, але адзін Саюз у нас быў і разваліўся, а мае грошы прапалі. Дзе гарантыя, што не разваліцца і гэты Саюз, і не прападуць новыя грошы?”
Неўзабаве з рэдакцыі ён атрымлівае адказ: “Паважаны чытач! Як патрыёт Саюза, вы будзеце шкадаваць не страчаныя грошы, а Саюз, які разваліўся”.

На возе

Бацька з сынам едуць на возе.
-- Сынок, не рабі так, а то будзем біцца.
-- Тпру-у…
-- Чаму каня спыніў, сынок?
-- Што ж, калі біцца, дык біцца…

Вялікая краіна

-- Якая самая вялікая краіна ў свеце? – пытаюцца ў беларуса.
-- Наша, -- адказвае беларус. – Расія вунь якая вялікая, а ўся памясцілася ў назве нашых  вуліцаў.

Жаніх

Сямнаццацігадовая беларуска падводзіць маці да акна і паказвае на лысага мужчыну гадоў пяцідзесяці.
-- Мама, вунь мой жаніх пайшоў!
-- Дачушка, ён жа стары! – жахнулася маці.
-- Не стары. Ён на пяць гадоў за цябе маладзейшы!
                                                         Сабраў Аляксей  Якімовіч у сакавіку 1998 года.

Тую

Адзін з аддзелаў міліцыі вырашыў актыўна ўключыцца ў месячнік па азеляненню горада. Купілі саджанцы дрэў туі, каб пасадзіць іх каля гарвыканкама. Сам начальнік міліцыі прыйшоў у гарвыканкам, каб паведаміць аб гэтым старшыні. А старшыня якраз праводзіў паседжанне.
-- Сёння мы пасадзім тую, -- з парога заявіў начальнік міліцыі, зірнуўшы на прыгажуню – галоўнага бухгалтара.
Бухгалтар, ускочыўшы, паказала пальцам на намесніцу.
-- Пасадзіце тую! Я толькі брала. А яна брала і старшыні давала.
                                                                            Ліпень 1998 года.

З напісанага даўней

Рэферэндум
(сатырычнае разважанне)

У адным ляску, які славіўся талерантнымі Курамі, царавала Ліса. Яна была і прыгожая, і гаваркая, але да яе аднойчы прыйшла бяда. Настаў такі дзень, што нават талерантныя Куры перасталі нясціся. Раней Ліса яйкі суседзям прадавала і новыя футры сабе купляла: і рыжыя, і чорна-бурыя, і з пазалотай. А цяпер што рабіць? У адным і тым жа футры цэлы год хадзіць? Неяк нязвыкла.
Ліса тэрмінова выклікала Воўка – шэфа бяспекі над курамі. Яна яму яшчэ раней падаравала гранатамёт, каб усе бачылі, што ў яе не абы які шэф, а з гранатамётам.
Сядзіць Ліса за шырокім паліраваным сталом. На ім тэлефонаў процьма: і вялікіх, і маленькіх, і з правадамі, і без правадоў. Праўда, тэлефоны каторы дзень не звоняць, маўчаць. А ўсё з-за таго, што пасланцы з іншых ляскоў ад Лісы паўцякалі, калі праведалі, што Куры ў яе перасталі нясціся. Ды пра гэта яшчэ па ўсім лясным абшары раструбілі. Вось і перасталі тэлефанаваць да Лісы і з блізкага, і з далёкага залесся.
Стаіць Воўк перад Лісой, у струнку выцягнуўся, баіцца сапнуць, бо ведае: думу думае Ліса.
Нарэшце прыгажуня плечукамі сцепанула і на Воўка спадылба зірнула.
-- Значыць, куры перасталі нясціся? Значыць, узбунтаваліся, забаставалі? Ты куды глядзеў, чаму дапусціў? Гранатамёт надакучыла насіць?
Воўк мацней прыціснуў да грудзей агнястрэльную зброю. З гранатамётам, які на ўсіх страх наганяе, яму не хацелася разлучацца.
-- Ваша светласць, таварыш Ліса, Куры галодныя. Таму і перасталі нясціся.
Ліса і сама пра гэта ўжо ведала, але ёй вельмі хацелася пачуць пра забастоўку. Калі б Куры раптам захваляваліся, забаставалі, то яна ўвяла б у ляску надзвычайнае становішча і Тхароў на іх напусціла б. Тхарам толькі каманду дай!
Зусім сумна і крыўдна стала Лісе. Ледзь не заплакала яна.
-- А чаму нашы Куры на сметніках не грабуцца, смачныя зярняткі там не шукаюць?
-- Даўно павыграбалі яны зярняткі на сметніках, -- уздыхнуў Воўк.
У Лісы вочы заблішчалі, як у самай галоднай Курыцы.
-- Нам патрэбен рэферэндум!
-- Па рэфераэндумах Заяц спецыяліст, -- нагадаў Воўк.
-- Зайца сюды! – тупнула лапай Ліса.
Прыбег Заяц, спецыяліст па рэферэндумах.
-- П’еш? – воклічам сустрэла яго Ліса.
Заяц стаіць, галаву апусціў.
-- Ні гарэлку, ні віно ў рот не бяру.
-- Падыдзі да люстэрка і паглядзі, якія вочы ў цябе! Зусім акасеў! – скрывілася Ліса.
-- Я касы ад нараджэння, -- стаў тлумачыць Заяц. – Я…
-- Куры не бунтуюць? – перапыніла яго Ліса. – Мо ўжо расквахталіся?
Заяц, як і Воўк, выцягнуўся стрункаю.
Не хочуць, ваша светласць, таварыш Ліса. Ходзяць сонныя.
-- Неўзабаве мы правядзём рэферэндум аб аб’яднанні нашага ляска і суседняй пушчы ў адну лясную гаспадарку, -- выказала сваю запаветную думку Ліса.
Заяц быў сапраўдны служака. Ён адразу скеміў, што да чаго, але разумеў, чым гэта можа закончыцца.
-- Ваша светласць, таварыш Ліса, на гэты рэферэндум нашы Куры не пойдуць. Рэферэндумаў і розных аб’яднанняў яны ўжо наеліся, зерня хочуць.
-- Паабяцаем, што адразу пасля рэферэндуму зерня з суседняй пушчы ім падвязуць, -- ухмыльнулася Ліса.
Заяц разумеў, што з царыцай няможна спрачацца, але яго быццам сам нячысцік за язык пацягнуў.
-- У суседняй пушчы Куры таксама галодныя, ледзь дыхаюць.
-- У суседняй пушчы гуманітарную дапамогу чакаюць, -- прамовіла Ліса і паглядзела на Воўка. – Што скажа шэф?
Воўк кашлянуў і бадзёра адказаў:
-- Па маіх звестках, яны яе вось-вось з праставатых ляскоў атрымаюць.
Зайца абдало халодным потам.
-- Атрымаюць – і адразу ж з’ядуць, як не раз і не два з’ядалі. Нашым Курам яна не дастанецца.
“Ну й халера з імі! Абы тым хапіла. Наядуцца – і яек нанясуць. А я, стаўшы царыцай аб’яднання, распараджуся, куды і каму іх адправіць”, -- разважыла Ліса, але не сказала аб гэтым недарэку Зайцу. А той, ці то ад страху, ці то ад упартасці, бубніць:
-- Не пойдуць. Не прымусім.
-- Прымусім! Тхары прывядуць альбо мёртвых, альбо жывых, -- прыўзняўшы гранатамёт, выказаўся Воўк.
Заяц-служака вырашыў не здавацца, да канца стаяць.
-- Певень з суседняй пушчы не захоча з намі аб’ядноўвацца.
Ліса пастукала кіпцюрыкамі па стале і зірнула на Воўка.
-- Гэты Певень ужо стары і хворы. Памяняем яго на памяркоўнага, калі раптам заўпарціцца. Нашы Тхары там ужо працуюць, -- адказаў Воўк.
-- Мне афармляць дакументы на правядзенне рэферэндуму? – мусіў здацца Заяц.
-- Канешне, афармляй, -- лагодна ўсміхнулася Ліса.
Заяц развітаўся і, спатыкаючыся, выйшаў з кабінета.  Ліса ўстала з-за стала і паківала галавою.
-- Заяц, як мне здаецца, ператаміўся на рэферэндумах. На сметнік яму пара.
-- Адправім. Дам каманду Тхарам, -- запэўніў Воўк.
                                                         “Газета Слонімская” ад 6 – 12 траўня 1999 года,
                                                         № 19 (100).