Поиск по этому блогу

Сквапны зборшчык падаткаў


Па старонках старых газет

Сквапны зборшчык падаткаў

Зборшчык грошай за ўезд у горад Слонім выходзіць аж за горад, дзе сустракае падводы да распраўляецца з безабароннымі сялянамі як сам хоча. Бо хадзіць па базары кепска, а за горадам збярэ яшчэ цэлы абоз фурманак ды рабуе тых, у каго няма грошай, каб заплаціць “падатак”. Забірае, што ўгледзіць на возе, або трымае доўгі час за горадам.
У чацвер, 26 жніўня, гэты зборшчык Рыгор Калеснікаў запыніў селяніна з вёскі Сяргеевічы Чамяроўскай гміны Пётру Стулевіча, у якога не было чым заплаціць за ўезд. Запыніў і пачаў гнаць каня на ўзбочыну. Малады конь, напалохаўшыся, ускочыў у роў, што пры шашы, і ледзь не скалечыў двухгадовае дзіця, якое сядзела на возе. Тады заступіліся іншыя людзі і выратавалі Стулевіча ад самаволі зборшчыка, які стукнуў Стулевічу кіём па руцэ. Пакрыўджаны Стулевіч звярнуўся да паліцыянта (№ 700), каб той пры сведках склаў пратакол пра пабой, але паліцыянт адмовіўся і паслаў у паліцэйскі камісарыят, які месціцца на Уланскай вуліцы, сказаўшы, што там складуць пратакол. Але адтуль Стулевіча пагналі, прамовіўшы: “Ідзі вон да д’ябла”.  
Стулевіч пайшоў да старосты. Туды яго дапусцілі з цяжкасцю. Начальнік спраў доўга не прапускаў да старосты. Урэшце пра гэты выпадак паведамілі старосце, і той аддаў загад, каб па заяве Стулевіча напісалі пратакол, што і было зроблена.
З цяжкасцю Стулевіч дабіўся, каб прынялі скаргу, выкліканую самавольствам зборшчыка Калеснікава. Вось так павінны дабівацца свайго ўсе пакрыўджаныя! Мы не можам маўчаць, калі здзекуюцца над намі. Заўсёды трэба дабівацца, каб скарга была прынята.
                                                                                                                      Б.
                                                                      “Народная справа”, (Вільня). № 17,
                                                                      15 верасня 1926 г.