Поиск по этому блогу

Як узнік фразеалагізм “Без аглядкі”

 

 

                                                                                                         Аляксей Якімовіч

Як узнік фразеалагізм “Без аглядкі”

                                                               (мастацкая гіпотэза)

 

На дварэ стаяў чэрвень. Дужэла, красавала летняя прырода.

-- У лесе чарніцы паспелі. Чуў? – прыйшоўшы да трынаццацігадовага Янкі, паведаміў яго адналетак Сцяпан.

-- Можа, яшчэ зялёныя? – засумняваўся Янка.

-- Паспелі! Мая суседка Зося паўнюсенькае вядро нядаўна прынесла, -- стаў пераконваць Сцяпан. Ён не хлусіў. Прынесла Зося цэлае вядро чорных ягадаў. Загарэліся ў яго вочы, калі ўбачыў.

                                          Ягады паспелі.

                                          Людзі ў лес бягуць.

                                          Шчаслівыя, з чарніцамі

                                          Дамоў потым ідуць.

-- Хочаш запрасіць мяне ў ягады? – здагадаўся Янка.

-- Ага. На Замошша пойдзем. Аднаму не хочацца ісці. Сумнавата!

-- Напэўна, страшна аднаму! – усміхнуўся Янка. Ён добра ведаў, што Сцяпан вечарам з хаты стараўся не выходзіць, баяўся цемры, адзіноты.

-- Не страшна! Напрыканцы вясны я зайца на Замошшы спалохаў, -- пахваліўся Сцяпан.

-- Прыйшоў і знарок спалохаў? – зноў усміхнуўся Янка.

-- Зайшоў на ўскраек, а ён пад елачкай ляжаў, заснуў. Амаль да самай елачкі я падышоў. А ён як ускочыць, як пабяжыць!..

-- Пабег і ні разу не аглянуўся?

Сцяпан шырока расплюшчыў вочы і выпаліў:

-- Без аглядкі пабег! Аж вушы затрэсліся ў яго!.. Пойдзем у ягады?

-- Пойдзем! Калі не назбіраем, то зайцоў напалохаем, -- засмяяўся Янка.

Сцяпан казаў праўду. Ва ўрочышчы Замошша чарніцы ўжо паспелі. Невысокія зялёныя кусцікі аж гнуліся ад іх цяжару.

Хлапчукі сталі збіраць іх у гліняныя збаны, якія ўзялі з сабою.

                                          Цішыня у лесе.

                                          Ягады чарнеюць.

                                          Сонейкам нагрэтыя,

                                          Хутка яны спеюць.                     

На невысокую хваінку села зеленавата-жоўтая, з чорнай “шапачкай” на галаве невялікая птушка. Крыху падзівілася на хлапчукоў і зашчабятала: “Цыві-ціві-цыві-ціві-кее…”

-- Чыж, -- заўважыўшы вясёлую птушку, адзначыў Янка.

-- Нас сустракае, вітае, -- прагаварыў Сцяпан і дадаў праз хвілінку: -- Прыляцеў! На людзей яму хочацца паглядзець. Цікаўны!

-- Калі б не хацелася паглядзець, то не прыляцеў бы, -- пагадзіўся Янка. Ён верыў, што птушкам іншы раз хочацца пабыць сярод людзей, хочацца здзівіць прыгожай песняй, як гарманіст іншы раз здзіўляе людзей, выцінаючы на гармоні.

Чыж падскочыў на галінцы і заспяваў яшчэ званчэй: “Цыві-ціві-цыві-ціві-кее…” 

Сцяпан наблізіўся да высокіх ядлоўцавых кустоў, якія раслі ў нізінцы. Ягады там былі вялікія, вядроныя.

“Пашанцавала нам сёння. Не з пустымі збанамі вернемся дамоў”, -- прабегла ў яго галаве.

Неспадзявана кусты ядлоўцу хіснуліся, як жывыя, і з–пад іх выскачыў пакрыты цёмнай поўсцю дзік. Віскнуўшы, ён кінуўся ўбок і пабег, ломячы вострымі капытамі сухое галлё.

Сцяпан павярнуўся і таксама пабег, не азіраючыся.

-- Стой! Куды нясешся? – спыніў свайго сябра Янка.

Сцяпан спыніўся.

-- Бачыў?

-- Дзіка?

-- Ага!

-- Бачыў, -- адказаў Янка. І яму стала не па сабе, калі дзік з пад-кустоў ядлоўцу выскачыў.

Сцяпан азірнуўся і паказаў на кусты ядлоўцу.

-- Ён там спаў!

-- Давай праверым, -- загарэўся Янка. “Няўжо дзік не пачуў, што мы тут ходзім і размаўляем?” – падумалася яму.

Сцяпан пакруціў галавою. Яму зусім не хацелася зноў набліжацца да таго небяспечнага месцейка.

-- Адзін пайду! – заявіў Янка і накіраваўся да кустоў ядлоўцу.

Сцяпан пацягнуўся за ім.

Ён не памыліўся. Сапраўды, дзік адпачываў, спаў пад зялёным кусцікам. Выляжаная мясцінка засталася пасля яго.

-- Ён спаў, а я яго спалохаў! -- пахваліўся Сцяпан. – Без аглядкі пабег.

“Як і ты”, -- адзначыў пра сябе Янка, але не сказаў пра гэта сябру. Не захацеў яго крыўдзіць.

З таго дня беларусы сталі ўжываць выраз без аглядкі. Так яны звычайна кажуць пра таго, хто паспешліва бяжыць, уцякае.

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.