Поиск по этому блогу

Злучнік як службовая часціна мовы

 

              Тэма: Злучнік як службовая часціна мовы.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады ле, а; лі, ка

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Злучнікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце злучнікі, у якія ўваходзяць склады ле, а; лі, ка. (Але, калі.) Запішыце іх.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце сказы са злучнікамі але, калі. 

Елачкі былі невялікія, але густыя (Аляксей Якімовіч). Калі пачаўся дождж, мы пабеглі дамоў (Аляксей Якімовіч.)

Прааналізаваўшы запісаныя сказы, выберыце патрэбнае:

а) злучнік звязвае аднародныя члены сказа;

б) злучнік звязвае часткі складанага сказа;

в) злучнік звязвае словы ў словазлучэнні.        

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га кл. (2020) тэарэтычны матэрыял параграфа 47 і праверце, ці правільна вы разважалі.      

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Як халодная іскрынка,

                                                    З неба падае … (сняжынка).

                                                                         Аляксей Якімовіч.

Назавіце словы, якія рыфмуюцца са злучнікам як.             

               Аднак, ці, мастак, таму што,  стог. (Мастак, аднак.)

         Ці ўсе гэтыя словы з'яўляюцца злучнікамі? Абгрунтуйце сваю думку.

Ці можна змяніць форму гэтых злучнікаў? (Злучнік не змяняецца.)

Складзіце і запішыце сказ са злучнікам як.

Назавіце слова.                                  

Лета, прыбяжы хутчэй,

                                            Прынясі нам шмат падзей:

                                            Незвычайных і яскравых,  

                                            І карысных, і … (цікавых).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Вызначце злучнік. Ці з’яўляецца ён членам сказа? (Злучнік не з’яўляецца членам сказа.)  

У слове “цікавых”  пішам ц.  А як чытаем? (Мякка.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

  1. Не вялікі грэх украсці арэх, …(ды за арэхам конь ідзе). 2. Хто парася ўкраў, … (у таго ў вушах пішчыць). 3. Дзе не пераскочыць, … (там пралезе). 4. Галава не толькі для таго, … (каб на ёй шапку насіць). 5. Праверыць люты, … (хто блага    абуты) [1, с.131, 135, 141, 216, 227, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: у таго ў вушах пішчыць; каб на ёй   

      шапку  насіць; ды за арэхам конь ідзе; хто блага абуты; там пралезе.

               Падбярыце сінонім да слова “блага”. (Кепска.)

   Назавіце злучнікі. Яны звязваюць часткі складанага сказа ці аднародныя члены сказа?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў колькасны ды парадкавы  падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца злучнікам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Пры дапамозе якіх слоў звязваюцца аднародныя члены сказа? Абгрунтуйце сваю думку.

Што вам вядома пра напісанне слова “колькасны”? (У беларускай мове вымаўляецца і пішацца спалучэнне сн.)

Д л я  д а в е д к і: колькасны ды парадкавы – колькасны і парадкавы.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступнай думкай?

Лета праядае, а зіма збірае.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Лета збірае, а зіма праядае.) [1, с. 223, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Назавіце ў сказе злучнік. Якія члены сказа ён звязвае?

Чаму лета збірае?

Гульня “Шукаю сябра”.

Да злучніка хто, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце злучнік, які адрозніваецца ад яго адной літарай.  Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка. (Што.)                                  

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы (злучнікі) вы запісалі ў пачатку ўрока. (Але, калі.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: складаецца з шасці літар і пяці гукаў, пачынаецца з другой літары алфавіта, а заканчваецца – чатырнаццатай, ужываецца пры параўнаннях, мае падоўжаны [ц‾]. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Так, гэта слова “быццам”. Дзякуючы яго прыметам мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта злучнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Ці то гарадскія, ці то вясковыя людзі сустракаліся на дарозе (Аляксей Якімовіч).

Назавіце злучнік, які паўтараецца ў скорагаворцы. Ці можа ён звязваць часткі складанага сказа?

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “гарадскія”?

Запомніце! Пішам гарадскія, а вымаўляем [гарацк′ій′а]. 

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы злучнікі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Насця, ты ўжо вывучыла ўрокі? (Вывучыла, а цяпер да сяброўкі Ніны схаджу.)

         -- Неўзабав.. звечарэе.  (-- Пакуль звечарэе, дамоў вярнуся.)

         -- Калі ўбачыш Нініну маму Ганну, скажы ёй, каб заўтра да мяне зайшла. (Альбо цётцы Ганне скажу, альбо Ніну папрашу, каб ёй перадала.)

         Выпішыце злучнікі.

         Вучаніца сказала: “Злучнік звязвае аднародныя члены сказа”. Удакладніце сцверджанне вучаніцы. 

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце злучнік.

Нізенькі, набылі, вата. (Нібыта.)

Выберыце патрэбнае.

Нібыта (парашуцік, люстэрка, пчала, адпачываць, страла).

Перакладзіце злучнік нібыта на рускую мову. (Будто.)   Параўнайце  

      гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

Нібыта срэбра, блішчаць расінкі.

                                   Трымаюць іх дубкі, … (асінкі)!

                                                               Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца злучнік нібыта.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску.

1. Не то выстрел раздался, не то гром прогремел (Аляксей Якімовіч). 2. Мы остановились на берегу реки, для того чтобы поставить здесь палатку (Аляксей Якімовіч). 3. Мы шутили, громко разговаривали и даже запели, хотя и устали (Аляксей Якімовіч).

Назавіце ў тэксце злучнікі.

С л о ў н і к: раздался --  прагучаў, пачуўся.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Пан” раскрыйце дужкі і выберыце патрэбны злучнік. Устаўце прапушчаныя літары.

Да Пана данеслася гучная музыка … (і, а) неразборлівыя людскія галасы.

Пан мацней сціснуў губы. Ён ведаў, … (як, што) людскія галасы даносяцца з санаторыя, … (які, бо) ра..мясціўся на ў..крайку гэтага лесу. Увесь год у санаторыі збіраецца шмат людзей. Людзі часта прыходзяць і сюды, на палянку, сядзяць за блакітным столікам, бавячы час. …(А, раз) потым а..праўляюцца у свой утульны цагляны дом, пакінуўшы на палянцы рознае смецце.

Лес пазірае на гэтае смецце … (і, але) шуміць, у..дыхае. Скаргу чуе ў яго голасе Пан.

Не раз … (і, а) не два Пану хацелася падысці да людзей … (і, або) сказаць ім, … (каб, калі б) бераглі лес … (і, ці) паважалі, … (як, быццам) паважаюць самае святое на зямлі (Аляксей Якімовіч) [2, с. 3, “Пан”].

Падкрэсіце аднародныя члены сказа, звязаныя злучнікамі, а таксама граматычныя асновы складаных сказаў.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што злучнік паведамляе пра сябе:

                                                     Я бываю адзіночны,

                                                     Парны і паўторны.

                                                     У сказе я магу злучыць

                                                     Словы “белы”, “чорны”.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Якімі злучнікамі вы можце злучыць словы “белы”, “чорны”?

Праца са словам.

Складзіце злучнік з першых літар наступных слоў: трапіць, абноўка, мастак, уцячы, шанаваць, танклявы, ох. (Таму што.)

Злучнікі таму што і што. Які з іх прычынны, а які – тлумачальны?  (Злучнік таму што прычынны.)

Якіх літар больш у злучніку таму што: зычных ці галосных?

Гульня “Шукаю сябра”.

         Да злучніка які, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце злучнік, які таксама звязвае часткі складанага сказа.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, з двух прапанаваных у дужках варыянтаў выберыце той, які падыходзіць да першага слова па сэнсе.

Замінаць (у размове, весела).

Якім словам можна замяніць дзеяслоў “замінаць”? Выберыце патрэбнае. (Спяваць, перашкаджаць.)

                                                  Круціцца ля таты

                                                  Зайчык, замінае.

                                                  Зайчыку здаецца,

                                                  Што дапамагае.

                                                          Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць пра злучнік “што”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?

Адказы (словы напісаны наадварот): евомзар у; ьцаждакшареп.

         Праца са сказамі.

1. Лісты на дубе пажаўцелі, … яшчэ не апалі (Аляксей Якімовіч). 2. … загрымела, хлапчукі схапілі адзенне і пабеглі ў вёску (Аляксей Якімовіч). 3. Васілёк у той цёплы летні дзень не пайшоў у грыбы, … праспаў. (Аляксей Якімовіч). 4.  … мужчыны, … жанчыны рана-раненька выйшлі на зялёны, пакрыты сярэбранаю расою луг (Аляксей Якімовіч). 5. … вясна яшчэ не наступіла, .. цёплае сонца ўжо радавала людзей (Аляксей Якімовіч). 6. Мы пайшлі ў вёску, … Міхась заўпарціўся, застаўся ў ляску (Аляксей Якімовіч). 7. Пятрусь і Алеся вельмі ўзрадаваліся, … калі ўбачылі знаёмую лясную дарогу (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы просты (1), састаўны (2), адзіночны (3), паўторны (4), парны (5), злучальны (6), падпарадкавальны злучнік (7).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ела, ікьлот кя, об, і – і, ела -- ьцох, а, ілак.

Хвілінка творчасці.

Якія злучнікі тут рыфмуюцца?

                                                   1. З дзеясловам ісці

                                                   Рыфмуецца злучнік ц.. .

                                                   2. З назоўнікам бак

                                                   Рыфмуецца злучнік я.. т.. .

                                                   3. З назоўнікам гарады

                                                   Рыфмуецца злучнік д.. .

                                                   4. З займеннікам ніхто

                                                   Рыфмуецца злучнік т..-т.. .

                                                   5. З назоўнікам  пчале

                                                   Рыфмуецца злучнік х.. і – а.. .

                                                   6. З прыметнікам залатое

                                                   Рыфмуецца злучнік з.. .

                                                   7. З назоўнікам мастак

                                                   Рыфмуецца злучнік я.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): іц, кат кя, ыд, от – от, ела – і ьцох, еотаз, кя.                                   

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падкрэсліў мяккую зычную ў слове “хоць”.

Якой часцінай мовы з'яўляецца слова “хоць”? Яно можа ўжывацца ў сказе Я працягваў працаваць, хоць і стаміўся. (Злучнікам.)

Што называецца злучнікам?

Ці змяняюцца злучнікі?

Назавіце мяккую зычную ў злучніку хоць. (Ц′.)

8. Тэст.

Адзначце злучнікі.

1) Аднак;

2) не толькі – але і;

3) хоць і;

4) ці;

5) з-пад;

6) каб;

7) бы.

Адказы: 1, 2, 3, 4, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Якімовіч А. М.. Пан : аповесць і апавяданні  / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 135 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 11, 2024 год.