Поиск по этому блогу

Як мы хадзілі ў гарвыканкам


Як мы хадзілі ў гарвыканкам
                                                                                                            
                                                                                                             Аляксей Якімовіч
Гэта здарылася ў чэрвені 1996 года. Слонімцы атрымалі ад начальства чарговы “падарунак”: дадатковую аплату за ацяпленне кватэраў. Яно, начальства, гэта тлумачыла прыкладна так: маўляў, зіма выдалася халодная, адбыўся перарасход паліва, таму плаціце!
Людзі абураліся, бо зразумелі, што іх ашукваюць: выдаткі ўласнай безгаспадарчасці хочуць пакрыць за іхні кошт. Тады ў мяне з’явілася такая думка: сабраць як мага больш людзей, незадаволеных такім рашэннем слонімскіх уладаў, і разам з імі схадзіць у Слонімскі гарвыканкам да яго старшыні.
Я пачаў рыхтаваць гэтую незвычайную акцыю. Знайшоў ініцыятыўных людзей і з іх дапамогай у мікрараёне вуліцы Яршова на дзвярах пад’ездаў парасклейваў аб’явы. Яны заклікалі жыхароў у вызначаны час сабрацца каля дома нумар 38, каб потым адправіцца ў гарвыканкам і выказаць там нязгоду з дадатковай аплатай за ацяпленне.
Нягледзячы на тое, што быў рабочы дзень, сабралася каля 60 чалавек: шмат жанчын, нямала пенсіянераў. Я яшчэ раз напомніў ім аб мэце нашага збору, і мы купкамі рушылі ў гарвыканкам. Прыйшлі туды адразу пасля абеду, каб знянацку застаць начальства, бо ведалі: яно такую дэлегацыю не чакае.
Так яно і здарылася. У прыёмнай нас сустрэў крыкам узлаваны старшыня гарвыканкама. Яму не спадабалася, што мы прыйшлі да яго без папярэджання (маўляў, на прыём трэба запісацца загадзя).
Тады сталі ціснуць на пярэднія шэрагі людзі, якія стаялі ў калідоры. Пачуліся незадаволеныя выкрыкі:
-- Да цябе прыйшоў народ, а ты не жадаеш яго выслухаць?
-- Мы не пакінем будынак гарвыканкама!
Кал ж прагучалі пагрозы ў мой адрас, людзі заступіліся за мяне.
Старшыня мусіў пайсці на перамовы, якія вяліся ў калідоры. Супрацоўнікі гарвыканкама стараліся не высоўвацца з кабінетаў.
Выступаў не толькі я. Знайшлося яшчэ некалькі мужчын і жанчын, якія даказалі старшыні, што прынятае рашэнне аб дадатковай аплаце незаконнае. Ён паабяцаў яго адмяніць, аб чым слонімцы неўзабаве прачыталі ў раённай газеце. А я прыйшоў да высновы, што разам, пераадолеўшы страх перад начальствам, мы можам перамагчы.