Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. АНТОНІМЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. АНТОНІМЫ

 

Мэты: фарміраваць паняцце, што такое антонімы; выпрацоўваць уменні і навыкі падбіраць антонімы з шэрагу прапанаваных слоў і выкарыстоўваць іх у вуснай і пісьмовай мове; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць любоў да роднай школы.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Хуткі, марудны,

                                                          Імклівы, кляновы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаэпічная размінка.

Прачытайце загадку.

Сястра да брата

                                                     Ў госці едзе,

                                                     А брат ад яе

                                                     Хаваецца. (Ноч і дзень.) [2, с. 363, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                          З народнага.

• Прачытайце вершаваную загадку а) з  сумам, б) са здзіўленнем, в) з радасцю.

• Які з варыянтаў чытання найбольш адпавядае зместу загадкі?

4. Чыстапісанне.

                     І   іі  ні  ім

                     ігліца   зрабі

Пісьмо па памяці.

Малады гадамі, а сэрцам стары (з народнага) [2, с. 166, “Беларускія прыказкі…”].

• Назавіце ў прымаўцы словы з процілеглым значэннем. (Малады, стары.)

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к.  У нашай мове шмат, безліч шчырых і ветлівых слоў: сінонімаў, антонімаў... Антонімы -- нашы  сябры, суседзі. Яны даўно жывуць побач з намі. Але мы амаль нічога не ведаем пра іх: сустрэўшыся,  мінаемся, як з чужымі. А антонімы даўно мараць бліжэй пазнаёміцца  з намі, расказаць пра сябе, падзяліцца патаемным. Вось чаму яны сёння прыйшлі да нас разам з казкай.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі.

У лясок да Шпачка прыбег сабака Мурзік і прапанаваў:

- Давай у футбол пагуляем!

Мурзік падскочыў высока ўгору і адчайна забрахаў, каб паказаць Шпачку, які вялікі ён футбаліст.

- Я не супраць, пагуляў бы з табою, але ў нас няма мяча, - адказаў Шпачок.

- А мы шышку сарвем і шышкай пагуляем. - Мурзік зноў падскочыў угору, імкнучыся сарваць яловую шышку.

- Не трэба, не! - спыніў яго Шпачок. - Шышка калючая.

- Дык што? Цэлы дзень будзем сядзець і на сонца глядзець? - спахмурнеў Мурзік.

- Іншую гульню можна прыдумаць, - сказаў Шпачок. Ён толькі што вярнуўся ад Сарокі, разам з ёю чытаў вучэбны дапаможнік па беларускай мове і цяпер, як гаворыцца, вырашыў паказаць сябе.

- Што ж ты прыдумаў? - ажывіўся Мурзік.

- Загадкі будзем адгадваць.

Мурзік завіляў хвастом, быццам гаспадара ўбачыў.

-  Я слухаю цябе, Шпачок.

- Вечарам прыляціць,

А раніцай на неба падымаецца.

Што гэта?

- Вечарам... Раніцай... Я дзесьці чуў такія словы... Якое ж у іх значэнне?.. Круціцца ў галаве, а не ўспомню, - думаючы, аж затрос доўгімі абвіслымі вушамі Мурзік.

- Яны з процілеглым значэннем, - не вытрымаў, падказаў Шпачок.

- Ага, з процілеглым, як яшчэ і тыя...Тыя!.. Здаецца, яны пачынаюцца з літары "а", а заканчваюцца літарай "ы"… Дай успомніць!..

Гутарка.

Дапамажыце Мурзіку, назавіце словы з процілеглым значэннем. Як яны называюцца? (Антонімы.)

• Адгадайце загадку, выкарыстаную ў казцы. (Раса.) [2, с. 356, “Беларускія прыказкі…”]. 

• Адгадайце загадкі па іх прыметах. Назавіце ў гэтых прыметах антонімы.

Загадка першая.

1. Ён ёсць і ў дарослых, і ў дзяцей.

3. З яго дапамогай можна адчуваць розныя пахі.

4. У час марозу ён можа пачырванець. (Нос.)

Загадка другая.

1. У сонечны дзень ён звычайна знаходзіцца дома.

2. У дажджлівы дзень мы бяром яго з сабою. (Парасон.)

            Загадка трэцяя.

1. Гэты будынак нагадвае сабою дом.

2. Раніцаю і днём гэты дом поўніцца галасамі, гудзіць.

3. Вечарам і ноччу галасы ў доме заціхаюць, дом маўчыць.  (Школа.)

• Як трэба адносіцца да роднай школы?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Гэты верш  прачытаю я, а скрыпенне ботаў – скрып, скрып, скрып – потым перадасце і вы.

                                               “Скрып, скрып, скрып”, --

                                               Боцікі скрыпяць.

                                               Бусел і бусліха

                                               Сталі танцаваць.

                                               “Скрып, скрып, скрып”, --

                                               Гучна скрыпяць.

                                               Бусел і бусліха

                                               Любяць танцаваць.

                                                           Аляксей Якімовіч.

• Прамовім разам, пакажам, як скрыпяць боты: “Скрып, скрып, скрып!”

• Падбярыце антонім да слова  “гучна”. (Ціха.)

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к.  Паслухайце працяг нашай казкі.

- Ты адгадаў маю загадку пра з’яву, якая лятае вечарам і раніцай? – не сцярпеў, запытаўся ў Мурзіка  Шпачок.

Мурзік выцер лапай узмакрэлы лоб.

- Здаецца, гэта раса… Але, раса…  Шпачок, якую-небудзь лягчэйшую гульню мне прапануй.

- Можна і лягчэйшую. Давай падбіраць антонімы.

- Якія антонімы? Дзе падбіраць?

- Тут! Словы з процілеглым значэннем! Мы ўжо ўспаміналі пра іх! Вечарам – раніцай, белае – чорнае.

- А, словы! Першы называй.

- Лета, - назваў слова Шпачок.

- Зіма! -  адразу ж падабраў да яго антонім  Мурзік.

Лато сінонімаў і антонімаў.

Н а с т а ў н і к. Паўдзельнічайце ў гульні разам з казачнымі героямі: да двух сінонімаў падбярыце адзін антонім.

Узор. Сябар,прыяцель – вораг.

Блізкі, суседні – (далёкі); гаманіць, размаўляць – (маўчаць); будаваць, узводзіць – (разбураць); павольны, цяжкі – (лёгкі).

Лато антонімаў і сінонімаў.

Падабраць антонім, а потым да яго – сінонімы.

Узор. Жарт смешны – нясмешны, кепскі, дрэнны, недарэчны, благі, паганы, нядобры, няўдалы.

Артыст вясёлы; чалавек злы; герой смелы; пакой светлы; лёд цвёрды; сусед праўдзівы.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                У цяністым скверыку

                                                Прыгожая лаўка.

                                                Побач з гэтай лаўкай

                                                Падрастае … (траўка).

                                                            Аляксей Якімовіч.

• Падбярыце антонім да слова “прыгожая”.  (Непрыгожая.) 

Праца над слоўнікавымі словамі.       

Адгадайце загадку.

                                         У адным доме сотні жыхароў,

                                         А сям'я адна. (Вулей.) [2, с. 351, “Беларускія прыказкі…”].

                                                              З народнага.

• Растлумачце сэнс выразу "звіняць, як у вуллі".

• Як узаемазвязаны словы "вулей", "звінець"? Якое слова іх аб'ядноўвае? (Пчала.)

• Адгадайце загадку па прыметах:

1) у цёплы час бачым яе на кветках;

2) яна лятае;

3) корміць салодкім;

4) балюча джаліць. (Пчала.)

• Падбярыце антонім да слова "звінець".

• Складзіце і запішыце сказ са словам "звінець".

• Пры напісанні слова "звінець" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

• Перакладзіце на рускую мову слова "звінець". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Звінець -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце "і".

Фізкультхвілінка.

   Настаўнік.  Нашы пальцы на руцэ -- пчолкі. Сонейка свеціць. Яны радуюцца, лятаюць. (Вучні паказваюць, як пчолкі радуюцца, лятаюць.) Апускаецца сонейка. Пчолкі спяшаюцца ў вулей і сядзяць там, сцішыўшыся. (Вучні паказваюць гэта). Так паўтараецца некалькі разоў. 

Назіранне за словам.

Паспрабуйце падабраць антонімы да выдзеленых слоў:

маўклівы лес                       маўклівы госць

чэрствая булка                    чэрствая душа

кароткая нітка                   кароткая памяць

Вучням паведамляецца, што ў другім слупку прыметнікі выступаюць як мастацкі вобраз.

Праца з практыкаваннем.

Падбярыце да прыведзеных слоў сінонімы і антонімы.

Слова                        Антонімы                 Сінонімы

смеласць

смутак

вялікі

светлы

плакаць

мала

Чытанне працягу казкі  ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Цяпер адправімся ў госці да нашых казачных герояў -- Сарокі і Шпачка. Чым жа яны займаюцца?

Мурзіку спадабалася другая гульня і ён папрасіў Шпачка:

- Давай яшчэ пагуляем. Усё роўна да вечара далёка.

Шпачок дастаў з блішчастай папкі белы ліст паперы і прапанаваў Мурзіку:

- Спішы прыказкі, устаўляючы словы-антонімы, што адпавядаюць сэнсу.

Мурзік глянуў на лісток і пазяхнуў, шырока адкрыўшы рот.

- Іх тут так шмат, а мне ўжо спаць захацелася!

- Не будзеш пісаць!? - усклікнуў Шпачок.

- Не, - адказаў Мурзік і павалокся ў будку.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Выканайце заданне Шпачка, устаўце прапушчаныя літары і антонімы, што адпавядаюць сэнсу.

1. Добра.. чуваць далёка, а ... яшчэ далей. 2. Хто не бачыў вялікага, той з … дзівіцца. 3. Аднаму шчасце ракою плыве, а другі ў ... цэлы век жыве. 4. Чые б цяляты мычалі, а твае б … . 5. Разумны гаворы..ь справамі, а … языком        [2, с. 37, 152, 234, 270,  272, “Беларускія прыказкі…”].  

• Чаму вучаць гэтыя прыказкі?

• Якое значэнне яны маюць у жыцці чалавека?

Для даведкі: благое, дурань, няшчасці, малога, маўчалі.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Было ўсё тут параскідана:

                                   І праслы ні(с,з)кія паркана

                                   З трухлявых шул павы(е,я)зджалі,

                                   І тр(е, э)скі кучамі ляжалі

                                   Па ўсім двары і на дрывотні...    [3, с. 42, “Новая зямля”].

• Растлумачце значэнні слоў "праслы", "паркан" (драўляная агароджа; плот), "шула", "дрывотня" (месца, памяшканне, дзе сякуць і складваюць дровы)    [1, с. 107, 239,  “Тлумачальны слоўнік”].

• Падбярыце сінонім да слова "шула". (Слуп).

• Падбярыце антонімы да слоў "нізкі", "трухлявы" (здаровы).

Тэст.

Падкрэсліце словы, якія з'яўляюцца антонімамі:

1) поўдзень, поўнач, усход;

2) высокі, круты, нізкі;

3) закрыць, адарваць, адкрыць.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Якія словы называюцца антонімамі?

• Прывядзіце прыклады антонімаў.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.