Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ПАЎТАРЭННЕ ВЫВУЧАНАГА Ў 4 КЛАСЕ. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў СКАЗАХ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ

 

Творчы ўрок у 4 класе. ПАЎТАРЭННЕ ВЫВУЧАНАГА Ў 4 КЛАСЕ. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў СКАЗАХ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ

 

Мэты: актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды вучняў аб знаках прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі; выпрацоўваць уменні і навыкі ставіць знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі  ў адпаведнасці з вывучанымі правіламі; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць у іх цікавасць да беларускай мовы,  да вуснай народнай творчасці.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Паўтараем з рознай інтанацыяй і сілай голасу:

(Ціха.) Беларуская мова – наш здабытак, наша багацце!

(Мацней.) Беларуская мова – наш здабытак, наша багацце!

(Моцна.) Беларуская мова – наш здабытак, наша багацце!                              

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

У пісьме гукі перадаюцца літарамі, а інтанацыя -- знакамі прыпынку. Прачытайце і з дапамогай слова “як” перадайце пытанне і выразіце пачуццё радасці. (Як ты жывеш? Як хораша вакол!)

Пры дапамозе чаго перадаюцца пытанне і пачуццё ў пісьме? (Пры дапамозе знакаў прыпынкупытальнага і клічнага знака.)

Пастаўце знакі прыпынку і прачытайце з патрэбнай інтанацыяй.

Нядаўна мы з мамай былі на лузе Як там прыгожа вясною А ты быў на лузе Табе падабаецца там

4. Чыстапісанне.

Якая літара прапушчана ў словах?

Р..чка, р..мень, р..корд, р..ха. (Э.)

Растлумачце, як будзеце пісаць яе.

       ЭэЭ     эЭэ

На другім радку злучыце э з зычнымі м, л, ш, р, ж, х, т. Запішыце атрыманыя склады. Праверце.

     мэ   лэ   шэ   рэ   жэ   хэ   тэ

Раскрыйце значэнне слова “рэкорд”. (Найлепшы вынік, дасягнуты пры выкананні задання, у якім –небудзь спартыўным спаборніцтве.) [1, с. 291, “Тлумачальны слоўнік”].

Складзіце і запішыце сказ са словам “рэкорд”.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Добра, калі ўмееш чытаць. Але чытаць трэба ўмець, асабліва калі ў тэксце ёсць такія знакі прыпынку, як коскі.

Паслухайце казачных герояў Сароку і Шпачка, якія раскажуць вам і пра ролю знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа і розных злучніках, і пра ўменне чытаць.

6. Актуалізацыя ведаў па асноўных пытаннях вывучанага.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго разу Сарока сустрэла Шпачка і ўбачыла ў яго вялікі ліст паперы, увесь спісаны літарамі.

-- Братка Салавей пісьмо прыслаў? -- здагадалася Сарока.

-- Але! -- важна кіўнуў галавою Шпачок. -- Чытаю і начытацца не магу! Вельмі ж добра напісана!

-- А мне можна пачытаць? -- пацікавілася Сарока.

-- Калі ласка! -- усклікнуў Шпачок.

Сарока ўзяла ў суседа ліст, прачытала тэкст і нахмурылася.

-- Змест табе не падабаецца? -- заўважыў незадаволенне сяброўкі Шпачок.

-- Змест цудоўны! Але чамусьці знакаў прыпынку ў тэксце няма! -- прамовіла Сарока.

-- Прачытайце пісьмо Салаўя. Пастаўце знакі прыпынку, а ў канцы ўрока праверыце, ці правільна вы гэта зрабілі.

Як добра ў лесе летам! Там можна назбіраць і суніцаў і чарніцаў і малінаў. А колькі грыбоў хаваецца каля лясных сцяжынак! Вопытныя грыбнікі нясуць з лесу баравікі маслякі лісічкі. У лесе растуць не толькі дрэвы але і кусты. Яны даюць прытулак і прахалоду і птушкам і звярам.

Чытанне працягу казкі.

Паслухайце працяг нашай казкі.

Сядзяць на ўзлеску Сарока і Шпачок, няспешна вядуць гаворку.

-- Знакі прыпынку даўно прыдуманы, --  распачала Сарока. -- Першым і асноўным знакам прыпынку была кропка. А потым з'явіліся коска, пытальнік, клічнік...

-- Можа, знакі прыпынку зусім не патрэбныя? Можа, яны ствараюць для ўсіх нас толькі лішнія праблемы? -- ужыў новае слоўца Шпачок.

(Праблема -- складанае пытанне, якое патрабуе вырашэння, даследавання.) [1, с. 257, “Тлумачальны слоўнік”].

-- Без клічнікаў, пытальнікаў і косак ты змог бы, напрыклад, прачытаць верш выразна, каб усім ён спадабаўся? Змог бы хутка зразумець яго змест? -- запыталася Сарока.

-- Без гэтых знакаў прыпынку было б цяжка разабрацца і ў змесце, і ў інтанацыі верша, -- падумаўшы, пагадзіўся Шпачок.

Хвілінка адкрыццяў.

Разгледзьце прыклад вершаванага тэксту са знакамі прыпынку і з прапушчанымі знакамі прыпынку. Які з іх вам чытаць лягчэй? Які вы зразумелі хутчэй?

                                               На траве блішчыць раса(,)

                                               На сонейку ззяе(,).

                                               З вулля вылецела пчолка(,)

                                               Мёд з кветак збірае.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Назавіце ў тэксце аднародныя члены сказа.

У слове “мёд” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Мядок.)

Якое правіла вы прымянілі?

Канструяванне сказаў.

Замест кропак устаўце патрэбныя злучнікі.

Аднародныя члены сказа могуць быць звязаны паміж сабой з дапамогай злучнікаў ... ( а, але, і).

Коска ставіцца перад злучнікамі ..., ... (а, але).

Калі злучнік ... (і ) ужываецца ў сказе адзін раз, коска перад ім не ставіцца.

Калі злучнік ,..., ... , ... , (і )  паўтараецца ў сказе некалькі разоў, коска перад ім ставіцца.

Замест кропак устаўце патрэбнае слова.

Коска паміж аднароднымі членамі сказа не … (ставіцца), калі яны звязваюцца без злучнікаў, з дапамогай інтанацыі.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! У сказе, дзе ёсць пералічэнне аднародных членаў, ужываецца злучнік і.

З дапамогай злучнікаў а, але ў сказах выражаецца супрацьпастаўленне.

Узнаўленне ўбачанага і пачутага.

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры аднародных членах сказа ў вершы Аляксея Якімовіча.

                                                Над лужком бусел ляціць,

                                                Крыламі махае.

                                                Сонца выплыла з-за хмаркі,

                                                Свеціць, прыгравае.

                                                           Аляксей Якімовіч.

Праца з практыкаваннем.

Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

1. І над пясчанай дарогай і над шырокім полем і над зялёным балотам слаўся густы туман. 2. Журавы гусі качкі буслы ўжо паляцелі ў вырай.  3. Зімою сонца свеціць але амаль не грэе. 4. Міхась прыйшоў з лесу а грыбоў не прынёс. 5. Гараджане прыехалі ў вёску, каб адпачыць пазагараць на прыродзе. 6. Міхась адбегся азірнуўся назад і гучна ўсклікнуў.

Растлумачце правапіс прыстаўкі ў слове “адбегся”. ( Прыстаўка ад- пішацца нязменна.)

Растлумачце значэнне слова “гараджане”.

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка гараджане.

Складзіце і запішыце словазлучэнне са словам “гараджане”.

Пры напісанні слова “гараджане” ў якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Выдзеліце арфаграму ў слове “гараджане”. Растлумачце яе правапіс.

Перакладзіце на рускую мову слова "гараджане". Параўнайце гучанне і напісанне.

Назавіце складаны сказ.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Гараджане -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце літару дж.

Канструяванне сказаў.

Закончыце думкі сказаў.

Складаны сказ мае некалькі… (частак). Кожная з іх -- сваю граматычную… (аснову). Часткі складанага сказа звычайна аддзяляюцца ... (адзін ад аднаго коскай.) Яны могуць злучацца пры дапамозе злучнікаў ... (а, але, і, каб, дзе і іншых).

Словы і выразы для даведкі: аснову; частак; а, але, і, каб, дзе і іншых; адзін ад аднаго коскай.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з такім тлумачэннем?

Касавіца -- закрыты з усіх бакоў чатырохколы экіпаж на рысорах, а карэта -- перыяд касьбы, сенакос.

Запішыце сказ у выпраўленым варыянце.

Які гэта сказ: просты ці складаны?

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

З татам мы прыйшлі ў лясок.

                                             Тут растуць дубкі, ялінкі,

                                             Беластволыя бярозкі

                                             І высокія … (асінкі).

                                                             Аляксей Якімовіч.

Дакажыце, што ў вершаваным тэксце ёсць аднародныя члены сказа. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры іх.

Праца са словам.

З прапанаваных слоў выберыце і запішыце антонімы.

Шчаслівы, буйны, цікавы, чырвоны, дробны, гарадскі, прывабны. (Буйны, дробны.)

Па якіх прыметах вы вызначылі, што словы “буйны” і “дробны” з'яўляюцца антонімамі?

Падбярыце сінонімы да слоў “буйны” (вялікі), “дробны” (малы).

Ці могуць быць буйныя (дробныя) ягады, вугалькі, арэхі, яблыкі, сняжынкі? Адкажыце.

Складзіце і запішыце словазлучэнні са словамі “буйны”, “дробны”.

Прачытайце верш.

                                               Летам неба прысылае

                                               Цёплыя дажджынкі.

                                               Зімой падаюць, кладуцца

                                               Белыя сняжынкі.

                                               Дождж нам градкі палівае,

                                               Снег зямельку уцяпляе.

                                                            Аляксей Якімовіч.

Прачытайце. Якія прыметнікі вы падабралі б да слоў “дождж” і “ дожджык”? (Буйны дождж, дробны дожджык.)

Назавіце аднародныя члены сказа і растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры іх.

А цяпер адкажыце, калі ласка: вашы бабуля і мама рады, калі вы працуеце, дапамагаеце ім на агародзе? Паслухайце такія прыказкі:

Без працы не будзе шчасця.

Вачам страшна, а рукі возьмуцца і зробяць [2, с. 99, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Чаму нас вучаць гэтыя прыказкі?

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "лыжка" пасля ы пішам літару ш. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "ножка” пасля о пішам літару ш. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "дарожка” пасля р пішам літару ж. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Самастойная праца.

Прачытайце тэкст з патрэбнай інтанацыяй. Назавіце злучнікі. Што яны звязваюць? Часткі складанага сказа ці аднародныя члены?

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Зімою і летам, вясною і восенню назірайце за прыродай.

Чаму я раю вам гэта зрабіць?

Назіраючы за прыродай, вы будзеце назіраць і за тым жыццём, якое ідзе, мяняецца вакол. Вас чакаюць новыя неспадзяванасці, адкрыцці, якія прынясуць вам нямала радасці, задавальнення.

Прырода шматлікая, разнастайная і непаўторная. Яе  трэба берагчы, як берагуць самае важнае, самае дарагое. Той чалавек, які сябруе з прыродай, становіцца не толькі ўважлівым, але і добрым. Прырода спрыяе гэтаму, выхоўвае яго, як мудры настаўнік (Аляксей Якімовіч).

Хвілінка кемлівасці.

Дапішыце сказы. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Настаўніца казала нам, каб ... . Міхась сказаў, што ... . Дзеці прыйшлі на луг, дзе ... . Алесь убачыў шпака і вераб’я, якія... .

Для даведкі: кружыліся матылькі, чмялі, пчолы; добра вучыліся і слухаліся бацькоў; сядзелі, калыхаліся на тонкай галінцы вішанькі; Алеся, Ніна і Пятрусь застануцца ў класе.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Зноў запрашаю вас на сустрэчу з Сарокай і Шпачком.

-- Зараз я раскажу табе адну гісторыю, звязаную з коскай, -- прапанавала Шпачку Сарока.

-- Калі ласка! -- узрадаваўся Шпачок.

Вось якую гісторыю пачуў ён ад сваёй сяброўкі.

Заблудзіўся ў лесе хлопчык Алесь. Два дні ён блукаў па цёмных лясных зарасніках, падобных на страшны казачны малюнак. Раптам бачыць: мосцік над ручайком вісіць! Значыць, людзі блізка!

--  А-у-у!.. – што ёсць сілы гукнуў Алесь і… убачыў перад сабою коску.

-- А я цябе ведаю, -- распачала размову коска.

-- Здаецца, да гэтага я не сустракаўся з табою, -- разгубіўся хлопчык.

-- У школе і дома сустракаўся, калі сказы пісаў. А ў гэтых сказах я стаяла і непрыкметна ўсміхалася, бо ты заўжды ў патрэбным месцы мяне ставіў.

-- Я заблудзіўся, не ведаю, у якім баку мая вёсачка знаходзіцца, -- прызнаўся Алесь.

Коска кіўнула галавою, паказаўшы направа.

-- Бяжы па гэтай утравелай сцяжынцы і неўзабаве ўбачыш сваю родную вёсачку.

Алесь падзякаваў косцы і пакрочыў па ўтравелай сцяжынцы.

Вось так коска дапамагла хлопчыку Алесю.

Самастойная праца.

Дзе можна паставіць коску, якая б раздзяліла аднародныя члены сказа? Як адрозніваецца інтанацыя сказаў у першым і другім выпадку?

Учора ў Алеся былі брат старэйшы(,) сябар.

Алесь малюе(,) добра чытае(,) прыгожа піша(,) хутка рашае задачы.

Пытанне віктарыны.

Як можна з дапамогай коскі паменшыць у дзесяць разоў наступныя лікі: 11, 17, 35?

( Паставіць паміж імі  коску.)

Выразнае чытанне.

Прачытайце з патрэбнай інтанацыяй казку Аляксея Якімовіча. Звярніце ўвагу на знакі прыпынку. Растлумачце іх пастаноўку.

Чаму нахмурылася Сарока?

 

Аднойчы Сарока сустрэла Шпачка і ўбачыла ў яго вялікі ліст паперы, увесь спісаны літарамі.

-- Братка Салавей пісьмо прыслаў? -- здагадалася Сарока.

-- Але! -- важна кіўнуў галавою Шпачок. -- Чытаю і начытацца не магу! Вельмі ж добра напісана!

-- А мне можна пачытаць? -- пацікавілася Сарока.

-- Калі ласка! -- усклікнуў Шпачок.

Сарока ўзяла ў суседа ліст, прачытала тэкст і нахмурылася.

-- Змест табе не падабаецца? -- заўважыў незадаволенне сяброўкі Шпачок.

-- Змест цудоўны! Але чамусьці знакаў прыпынку ў тэксце няма! -- прамовіла Сарока.

Прачытайце пісьмо Салаўя і пастаўце знакі прыпынку.

Вельмі добра летам з самага ранку свеціць ласкавае сонейка яно быццам запрашае цябе, каб выйшаў з хаты на двор там, на дварэ, цябе сустрэнуць вясёлай песенькай шпакі яны сядзяць каля сваіх дашчаных хатак і з цікаўнасцю глядзяць на цябе а высока ў небе дружнай чародкай плывуць, усё кудысьці спяшаюцца белыя хмаркі.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Спішыце, ставячы прапушчаныя коскі і літары. Якімі правіламі вы кіраваліся?

Спяць(,) заснулі луг і лес.

                                                Спіць у полі к..ласок.

                                                Разам з імі засынай,

                                                Дараж..нькі мой сынок.

 

                                                Спяць і зайцы(,) і лісіцы,

                                                У нары спіць барсучок.

                                                 Разам з імі засынай,

                                                 Мая радасц..(,) мой сынок.

 

                                                 Люлі-люлі-люлі…

                                                 Не гуляюць гулі.

                                                 Люлі-люлі-люлі…

                                                 Спаць па..шлі(,) заснулі.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце складаны сказ з аднароднымі членамі, у якім ёсць слова з выбарам напісання літар с, з у прыстаўцы.

Узор. Алесь (с, з)бегаў дамоў, каб узяць вудачку і кепку.

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – жур-жур-жур  – потым прамовіце і вы.

“Жур-жур-жур”, --

                                                      Вада журчыць,

                                                      Ад пагорка у нізінку

                                                      Усю раніцу бяжыць.

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Вызначце аднародныя выказнікі ў тэксце.

Які знак прыпынку вы паставілі б у гэтым вершы?

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Человекообразные

 

Человекообразные обезьяны – это группа млекопитающих, которая включает арангутанов, горилл, шимпанзе и гиббонов. Гориллы живут семейными группами. Глава каждой группы – крупный старый самец. Чтобы другие самцы держались на расстоянии от его самок и детёнышей, он встаёт на задние ноги, ревёт и стучит кулаком по груди (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 12 -- 13) [4, с. 12 – 13, «Животные»].

Слоўнік: человекообразный – чалавекападобны; включает – уключае; крупный – буйны; самец – самец; грудь – грудзі.

Праца з тэкстам.

Пастаўце патрэбныя знакі прыпынку. Як вы будзеце разважаць, тлумачачы  іх пастаноўку? Прыдумайце назву для казкі.

Стаіць заяц Белячок на ўзлеску і ўсё паўтарае:

-- Сыроватка з-пад прастаквашы… Сыроватка з-пад прастаквашы… Сыроватка з-пад прастаквашы…

Падышоў да яго заяц Шарачок і пацікавіўся:

-- Верш на памяць вучыш, Белячок?

-- Гэта не верш(,) а скорагаворка. Хачу сказаць скора(,) а не атрымліваецца, --растлумачыў Белячок і прамовіў: -- Сыроватка з-пад кашы…

-- Зноў не атрымался? – усміхнуўся Шарачок.

            Белячок апусціў галаву і развёў лапамі.

-- Галоўнае ў скорагаворцы не ў тым(,) каб сказаць скора, -- пачаў Шарачок.

-- А што галоўнае? – не сцярпеў(,) перапыніў яго Белячок.

-- Галоўнае – правільна(,) выразна і прыгожа вымавіць кожнае слова.

-- Сыроватка з-пад прастаквашы, -- на адным дыханні прагаварыў Белячок і з гонарам паглядзеў на сябра.

-- Цяпер ты вымавіў скора(,) правільна(,) выразна і прыгожа, -- пахваліў Белячка Шарачок і такую скорагаворку яму прапанаваў: -- Гаварыў(,) гаварыў(,) не дагаварыў(,) дагаворваў(,) дагаворваў(,) ды загаварыўся.

Лагодна свеціць вясенняе сонца(,) свежы ветрык прабягае па ўзлеску. Стаяць Белячок і Шарачок і вымаўляюць выразна і прыгожа:

-- Гаварыў(,) гаварыў(,) не дагаварыў(,) дагаворваў(,) дагаворваў(,) ды загаварыўся (Аляксей Якімовіч “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”, казка “Гаварыў, гаварыў, не дагаварыў…”, стар. 23 – 24) [6, с. 23 – 24, “Сем гісторый…”]

Вызначце тып тэксту.

Дыктант "Правяраю сябе".

Спішыце тэкст. Праверце, ці напісалі правільна.

На ўсходзе неба чыстае, светлае, як у бязгрэшным храме. Толькі зрэдку з’яўляюцца хмаркі, дзіўнымі белымі караблямі самай рознай формы праплываюць па ім. А на захадзе хмарак шмат. Яны ціснуцца, стаяць на небе. Адтуль прылятае лёгкі вецярок, лашчыць, абдымае, хоча падтрымаць, даць сілы ў гэты гарачы вераснёўскі дзень (Аляксей Якімовіч “Белакрылая птушка” , стар. 15) [5, с. 18, “Белакрылая птушка”].

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрыйце дужкі, устаўце патрэбныя літары, выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                     Эх, зараслі вы, пуцявіны,

                                                     У гэты мілы мой куточак,

                                                     Дзе ны(е, я) жоўценькі пясочак

                                                     Пад летнім сонцам, пад спякотай

                                                     І ззя(е, я) смутнай пазалотай

                                                     Над самым Нёмнам срэбраводным,

                                                     Так сэрцу блізкім-блізкім, родным.

                                                      І зараслі не палынамі,

                                                      Не крапівой, не драсянамі,

                                                      Не ч(а, я)ратом, не лебядою, --

                                                      А беларускаю бядою.

                                                      Ды покі будзе сэрца біцца,

                                                      Яно не зможа пагадзіцца

                                                      Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою

                                                      Над нашай роднаю з(я, е)млёю...   [3, с. 126, “Новая зямля”].

-- Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

-- Раскрыйце значэнне слова “покі”. (Пакуль.)

Тэст.

      З дапамогай знака "+" абазначце сказ, у якім знакі прыпынку пастаўлены няправільна.

1. Вясна прынесла людзям траву, кветкі цяпло.

2. Дарога была не шырокая, а вузкая.

3. Дождж прайшоў, але бурачкі, цыбульку моркву не напаіў.                                                                                                                      

   7. Падвядзенне вынікаў урока.

Якія знакі прыпынку вы ведаеце? У якіх выпадках іх выкарыстоўвалі?

У чым трэба пераканацца, перш чым выкарыстаць правіла аб знаках прыпынку пры аднародных членах сказа?

Назавіце злучнікі, якімі могуць быць звязаны аднародныя члены сказа; часткі складанага сказа.

Раскажыце пра знакі прыпынку пры аднародных членах сказа.

Ці можна абысціся без знакаў прыпынку?

Праверце, ці правільна паставілі знакі прыпынку ў пісьме Салаўя.

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

5. Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.

6. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.                                                                              

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 23 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.