Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. АДРОЗНЕННЕ ПРЫСТАЎКІ АД ПРЫНАЗОЎНІКА

 

Творчы ўрок у 3 класе. АДРОЗНЕННЕ ПРЫСТАЎКІ АД ПРЫНАЗОЎНІКА

 

Мэты: паказаць адрозненне прыстаўкі ад прыназоўніка; фарміраваць уменні адрозніваць прыстаўку ад прыназоўніка; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы, выхоўваць любоў да сваёй зямлі, да Бацькаўшчыны.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Старанны, працавіты,

                                                          Незвычайны, адмысловы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і растлумачце напісанне прапушчаных арфаграм. Адгадайце загадку.

Без акон і без дзв..рэй --

                                              Поўна хата лю..зей. (Агурок.) [3, с. 363, “Беларускія прыказкі”].

                                                                           З народнага.

• Ці ёсць у тэксце загадкі словы з прыстаўкамі?

• Падкрэсліце слова, якое стаіць злева ад назоўніка “дзвярэй”.

4. Чыстапісанне.

                      Ал  аб  ад  ам  ма  ааа

                     агурок агрэст аса

                     Аса злосна загудзела і паляцела

• Выдзеліце ў словах прыстаўкі.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Вядомы дацкі казачнік Андэрсэн пісаў: “Якіх толькі казак не расказваюць сваім дзецям буслы – і ўсё пра балота, ды пра багны. Маленькім – казкі просценькія, узмужнелым птушанятам – больш забаўныя. А разважлівым птушанятам давай казку і пра сям’ю і пра іх балотных сваякоў…”

А якую казку хацелі б пачуць вы: зусім просценькую ці больш складаную? Больш складаную?.. Тады паслухайце разумную казку, якая дапаможа нам вывучыць тэму «Адрозненне прыстаўкі ад прыназоўніка».

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Ляцела Сарока, бачыць: у садку каля хаты Шпачок сядзіць, трымае перад сабою два лісты паперы.

Сарока апусцілася каля яго і засакатала:

- Добры дзень, Шпачок. Даўно не бачыліся мы. Табе, напэўна, братка Салавей пісьмо прыслаў?

-  Прыслаў. На двух вялікіх лістах такое панапісваў, такое!.. Адным словам, не магу разабрацца. Глянь ты! – Шпачок працягнуў суседцы ліст паперы.

Сарока ўзяла яго і прачытала:

-  Кот пабег замышкамі.

- Не разумею, што азначае слова «замышкамі»! – у роспачы ўсклікнуў Шпачок.

- Сусед, твой сваяк Салавей тваю кемлівасць правярае, - растлумачыла Сарока.

Шпачок на хвілінку задумаўся.

- Выходзіць, ён гэтае слова напісаў няправільна?

- Так, - кіўнула галавою Сарока.

- Але ж у  слове “замышкамі” «за» з'яўляецца прыстаўкай і таму пішацца разам, - не пагадзіўся Шпачок.

- Паспрабуй уставіць пытанне паміж «за» і мышкамі. 

-  За кім? За мышкамі.

-  А ў слове з прыстаўкай хіба можна так зрабіць? Успомні, Шпачок!

- Я ўспомніў! Пытанне можна ўставіць  паміж прыназоўнікам і наступным словам, якое пішацца асобна! Значыць, тут «за» з'яўляецца прыназоўнікам і пішацца асобна з назоўнікам “мышкамі”, - зрабіў для сябе нечаканае адкрыццё Шпачок.

- Так, - пацвердзіла Сарока. -  Прыназоўнікі звязваюць словы ў словазлучэнні. З іншымі словамі яны пішуцца асобна. Паміж прыназоўнікам і наступным словам можна ўставіць…

- Пытанне! Я ж казаў! – не сцярпеў, перапыніў Сароку Шпачок.

- Не толькі пытанне, але і якое-небудзь слова. Напрыклад: за (шэрымі) мышкамі, -сказала Сарока.

Пераказ у ролях.

Раскажыце аб прыстаўках і прыназоўніках у двух ролях: Сарока задае пытанні, а Шпачок адказвае на іх. Пры неабходнасці выкарыстайце наступную незакончаную запіску-«дапамагатку».

Прыстаўкі пішуцца са словамі… , а прыназоўнікі… .

Прыназоўнікі служаць для сувязі слоў … .

Паміж прыназоўнікам і наступным словам можна… .

Паміж прыназоўнікам і наступным словам можна… .

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Раскрываючы дужкі, спішыце пары слоў. Змяніце канчаткі так, як патрабуе сэнс словазлучэнняў. Пакажыце пісьмова, як можна адрозніць прыназоўнікі.

Узор: на (чым?) стале, на (кухонным) стале.

Стол з (дуб), мокрая ад (раса), выйсці са (школа), гаварыць з (бацька), завязаць (хустка), атрымаць (пошта), букет з (руж).

• У слове “руж” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Ружачак.)

• Растлумачце сэнс словазлучэнняў “схадзіць на пошту”, “адправіць поштай”, “атрымаць пошту”.

• Ці можна падабраць роднасныя (аднакаранёвыя) словы да назоўніка “пошта”?

• Складзіце і запішыце сказы са словам “пошта” ў розных значэннях з прыназоўнікамі.

• Пры напісанні слова “пошта” ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пошта – слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце ш.

Праца з тэкстам.

Раскрыйце дужкі, напішыце разам або асобна.  Назавіце прыстаўкі і прыназоўнікі. Якія словы прыназоўнікі звязваюць у сказах?

(У)адной вёсцы жылі тры неразлучныя сябры. Усе яны былі паэты. Аднаго разу яны падняліся (на)вяршыню самай высокай гары. (З)гэтай гары была відаць уся Зямля. (Па)глядзелі сябры на сваю планету і пачалі марыць.

• Як вы думаеце: аб чым марылі сябры?

• А якія думкі ўзніклі б у вас, калі б вы раптам падняліся на вяршыню самай высокай гары?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я прачытаю верш, а гудзенне жучка  – ж, ж-ж-ж – потым перадасце і вы.

                                                               “Ж, ж-ж-ж”, --

                                                              Жучок гудзіць.

                                                              Да камарыка у госці

                                                              Вечарком ляціць.

                                                                      Аляксей Якімовіч.                                                

• Назавіце прыназоўнікі ў вершы. 

• Цяпер пакажам, як гудзіць жучок, прамовім разам: “Ж, ж-ж-ж”.

Гукавая гульня “Назавіце слова”.

Прачытайце калыханку і назавіце патрэбнае слова.

                                             Месяц свеціць за акном.

                                             Ціха-ціха сядзяць мышы.

                                             Коцік шэры уздыхае.

                                             Ён даўно дзіця… (калыша).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

• Вучні сцвярджаюць, што ў тэксце а) ёсць слова з прыстаўкай, б) няма слова з прыстаўкай. З якім сцвярджэннем вы згодны?

Праца са словам.

Прачытайце словы, якія называюць колеры вясёлкі.

Чырвоны.

Аранжавы.

Жоўты.

 Зялёны.

 Блакітны.

Сіні.

Фіялетавы.

• Калі звычайна на небе з'яўляецца вясёлка? (Пасля навальніцы.)

• Што мы чуем і бачым у час навальніцы? (Чуем, як грукоча гром і блішчыць маланка.)

• Адгадайце загадку па прыметах.

Ён бывае:

1) аддалены, раскацісты, грозны;

2) палохае не толькі людзей, але і птушак;

3) жыццё замірае, калі чуе яго голас.

• Запішыце словы “аддалены”, “раскацісты”, “замірае” і абазначце прыстаўкі.

• Ёсць такая народная загадка:

                                                       Крыкнуў вол

                                                       На сто азёр,

                                                       На сто міль,

                                                       На ўвесь свет. (Гром.) [3, с. 359, “Беларускія прыказкі”]. 

• Што гэта?

• Назавіце прыназоўнік у тэксце загадкі.

• Падбярыце прыназоўнік да слова "гром". Складзіце і запішыце сказ са словам "гром". Выкарыстайце ў гэтым сказе прыназоўнікі.

• Словы "навальніца", "маланка", "гром" перакладзіце на рускую мову. Параўнайце іх гучанне і напісанне.

• Раскрыйце сэнс слова “міля”.  (Дарожная мера даўжыні, неаднолькавая ў розных краінах: напр., нямецкая, або геаграфічная, міля 7420 м, італьянская, або марская, -- 1852 м, руская – 7467 м. )  [2, с. 212, “Тлумачальны слоўнік”].

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Пачулі пальцы грукат грому, спалохаліся і сталі ўцякаць, хавацца. (Пальцы па чарзе “уцякаюць”, “хаваюцца”. Калі гром перастае грукатаць, супакойваюцца і радуюцца, гуляюць.)

Праца з дэфармаваным тэкстам.

З прыведзеных слоў узнавіце і запішыце сказ-загадку. Абазначце канчаткі ў словах. Растлумачце ролю прыназоўнікаў у сказе.

У, ботах, чырвоных, па, ходзіць, балоце [4, с. 353, “Беларускія прыказкі”].  

Хвілінка адкрыцця.

 Прачытайце тэкст. Раскрываючы дужкі, устаўце патрэбныя прыстаўкі і прыназоўнікі. Вызначце яго асноўную думку. Якімі словамі з тэксту яе можна выказаць? Падбярыце сінонім да слова "паданні” (легенды).

(Уз)рост старажытных гарадоў лічаць (з)таго года, калі (пра)горад (у)першыню (па)ведамляе летапіс.

Летапіс – гэта кніга, (у)якую адукаваныя людзі (за)пісвалі галоўныя падзеі: калі пачалася вайна, калі (з)дарыўся вялікі пажар, калі быў добры ўраджай, а калі – голад… Гэтых адукаваных людзей звалі летапісцамі. Не думайце, быццам яны пісалі толькі (пра)тое, што (з)дарылася (у)летку. Словам “лета” тады (на)зывалі цэлы год (Уладзімір Арлоў, “Адкуль наш род”)  [1, с. 10, Уладзімір Арлоў, “Адкуль наш род”].           

Рэдагаванне тэксту.

Спішыце, выправіўшы ў тэксце памылкі. Абазначце прыстаўкі ў словах. Ахарактарызуйце прыназоўнікі.

Па дарожцы купаў  (тупаў) кошык (вожык). Ён нёс вожык (кошык)  з яблыкамі. Замарыўся кошык (вожык),  прысеў на цень (пень), каб адпачыць.

Гульня "Сказы-жартаўнікі".

Выправіце памылку ў сказе з парушанымі сэнсавымі сувязямі. Падкрэсліце прыназоўнік.

Каля куста шыпшыны расце калодзеж.

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову, абазначце прыстаўкі і падкрэсліце прыназоўнікі.

Всё в природе из чего-то состоит. Так, вода состоит из капелек, дерево – из ствола, коры, веток, листьев, а слова – из необычных кирпичиков: приставки, корня, суффикса, окончания.

Слоўнік: из чего-то - з нечага, з чагосьці; капелька - кропелька; кирпичик - цаглінка.

Творчая праца.

Складзіце і запішыце тэкст. Дайце яму загаловак. (Дапамога.)

План

1. Міколка і яго сябры.

2. На лаўцы каля пад'езда разам з сябрамі.

3. Бабуля з кіёчкам.

4. Дапамога Міколкі.

5. Падзяка бабулі.

Апорныя словы: Алесь і Пятрусь, цёплы летні дзень, размаўлялі, убачылі бабулю, згубіла кіёчак, цяжка падняць, Міколка ўсхапіўся і падбег.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы. Выразна прычытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                          (Пад)іншы год (у)холад люты,

                                          Калі ўсе рэчкі лёдам (с)куты

                                          І ўсё (пад)снегам качанее,

                                          Глядзіш – цяплом табе (па)вее,

                                          І (з)поўдня вецер хмары гоніць,

                                          (У)вокны дождж буйны (за)звоніць… [4, с. 6, “Новая зямля”].

• Падбярыце сінонімы да слоў “качанее” (замярзае), “буйны” (вялікі).  

Тэст.

Абазначце патрэбнае знакам "+".

Пішуцца са словамі разам:

1) прыназоўнікі; 2)прыстаўкі.

Звязваюць назоўнікі з другімі словамі:

1) прыназоўнікі; 2) прыстаўкі.

Утвараюць словы з новым значэннем:

1) прыназоўнікі; 2) прыстаўкі.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Запоўніце табліцу.

                                         Прыназоўнікі і прыстаўкі

--------------------------------------------------------------------------------------------------

                                                        Прыметы

--------------------------------------------------------------------------------------------------

                              як пішуцца                       служаць                     як адрозніць

--------------------------------------------------------------------------------------------------

 Прыназоўнікі

 

--------------------------------------------------------------------------------------------------

 Прыстаўкі

 

--------------------------------------------------------------------------------------------------

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Арлоў, У. Адкуль наш род : апавяданні па гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў / Уладзімір Арлоў. – Мінск : ВЦ “Бацькаўшчына”, 1996. – 106 с.

2. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

3. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

4.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.