Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. КАНЧАТКІ - Е, - Э, - Ы НАЗОЎНІКАЎ ЖАНОЧАГА РОДУ Ў ДАВАЛЬНЫМ І МЕСНЫМ СКЛОНАХ АДЗІНОЧНАГА ЛІКУ

 

Творчы ўрок у 4 класе. КАНЧАТКІ - Е, - Э, - Ы НАЗОЎНІКАЎ ЖАНОЧАГА РОДУ Ў  ДАВАЛЬНЫМ І МЕСНЫМ СКЛОНАХ АДЗІНОЧНАГА ЛІКУ

Мэты: засяродзіць увагу вучняў на асаблівасцях правапісу канчаткаў -е, -э, -ы назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах, вучыць вылучаць гэтыя канчаткі назоўнікаў; выпрацоўваць уменні і навыкі абгрунтоўваць напісанне канчаткаў -е, -э, -ы на аснове вывучанага правіла; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць беражліва адносіцца да мам, дапамагаць ім у хатніх справах.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Растлумачце прыказкі. Якую з іх вы возьмеце з сабою на ўрок. Чаму?

Просіць, у сабакі вачэй пазычыўшы.

Ад людзей схаваешся, ад сумлення – не.

Добраму ўсюды добра [2, с. 132, 186, 192, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Адгадайце загадку.

Касцяную хатку

                                                        На сабе ён носіць.

                                                        Каб дапамаглі,

                                                        Нікога не просіць. (Смоўж.)

                 Аляксей Якімовіч.

• Слова “хатка” запішыце ў давальным і месным склонах. Якая зычная  змянілася ў яго аснове? Ці змяніўся разам з зычнай канчатак?

4.Чыстапісанне.

Прачытайце народныя параўнанні і растлумачце іх значэнне.

Хлопец як дуб.

Ходзіць як па брытвах.

Ходзіць як чорная хмара.                          

• На хвілінцы чыстапісання мы будзем пісаць літару, з якой пачынаюцца параўнанні.

Здагадаліся, якая гэта літара?.. Так, літара х.

       Х х    Хх       хт       хо       ха

• Якой часцінай мовы з’яўляюцца словы “брытва”, “хмара”? Вызначце іх род.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Назоўнікі жаночага роду заўжды клапоцяцца аб сваёй знешнасці. Каб выглядаць прыгажэй, у давальным і месным склонах змяняюць у аснове свае зычныя і вельмі ганарацца гэтым. Паслухаем, што скажуць пра іх нашы даўнія знаёмыя Сарока і Шпачок.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў. Стварэнне праблемнай сітуацыі.

-- А я ўмею змяняць па склонах назоўнікі жаночага роду. Я іх у сшытку запісаў, -- аднаго разу пахваліўся Шпачок Сароцы.

-- Калі ласка, пакажы, -- зацікавілася Сарока.

Шпачок разгарнуў сшытак.

-- Глядзі. Гэтыя назоўнікі я паставіў у давальным і месным склонах. Вучыся!

-- Нага -- наге, мука -- муке, страха -- страхе, -- прачытала Сарока і ўсклікнула: -- Я не хачу так вучыцца!

-- Хіба я запісаў гэтыя назоўнікі няправільна? -- абурыўся Шпачок.

-- Канешне, няправільна. Ты іх зрабіў непрыгожымі, -- сказала Сарока.

-- Такога не можа быць! -- запярэчыў Шпачок. -- Я вельмі стараўся.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Ці правільна запісаў Шпачок назоўнікі? Пастаўце  іх у давальным і месным склонах як патрабуе правіла. Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага  дапаможніка, прачытайце правіла аб правапісе канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

Крыкнуў драч

                                                          Ў густой лазе:

                                                          -- Іду па сцяжынцы

                                                          На адной … (назе)!

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Вызначце склон выдзеленых назоўнікаў жаночага роду. Ці супадаюць у іх зычныя ў назоўным і месным склонах?

• Абазначце асновы і канчаткі выдзеленых назоўнікаў.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! У давальным і месным склонах назоўнікі жаночага роду адзіночнага ліку з асновай на цвёрды зычны і на [г], [х], калі ёсць чаргаванне,  маюць канчатак -е.

Праца з загадкай.

Адгадайце загадку.

                                                           Яго цэняць

                                                           Ва ўсім свеце

                                                           І дарослыя,

                                                           І дзеці. (Мір.)

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Вызначце назоўнікі. Ці адносяцца яны да жаночага роду?

• Падбярыце слова, якое рыфмуецца са словам “свеце”. Яно пачынаецца са склада пла. (Планеце.)

• Ці супадаюць зычныя ў назоўным і месным склонах у назоўніку планеце? Абазначце аснову і канчатак гэтага назоўніка.

• Колькі складоў у слове “дзеці”?

Самастойная праца.

Раскрыйце дужкі. Запішыце назоўнікі ў давальным і месным склонах. Ці супадаюць зычныя ў назоўным і давальным, у назоўным і месным склонах у выдзеленых назоўнікаў? Абазначце асновы і канчаткі назоўнікаў.

(Вялікі) шафа,  (шырокая) дарога, (смачны) цукерка, (драўляная) дуга, (прыгожая) табурэтка, (пясчаная) дарога.

• У слове “пясчаная” пішам сч. А як чытаем? (шч)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Калі ёсць чаргаванне, назоўнікі жаночага роду адзіночнага ліку з асновай на [к] пад націскам у давальным і месным склонах маюць канчатак -э.

Хвілінка адкрыцця.

Прачытайце сказы і скажыце, якое з выдзеленых слоў з'яўляецца назоўнікам. Абгрунтуйце сваю думку, выкарыстаўшы ўзор разважання.

Узор разважання. Слова “дзень” адказвае на пытанне што?, а значыць, абазначае прадмет. Такім чынам, слова “дзень” -- назоўнік.

За агародам на балоце расце горкі палын. Вакол нашай вёскі ўзвышаюцца горкі.

• Пастаўце  назоўнік горкі ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку. Растлумачце правапіс канчатка.

• У слове “расце” пішам с. А як чытаем? (У беларускай мове свісцячыя перад мяккімі зычнымі вымаўляюцца мякка.)

Праца з загадкай.

Адгадайце загадку.

                                           На вялікіх пнях,

                                           Дзе лес маладзенькі,

                                           Нядаўна выраслі

                                           Прыгожыя ... (апенькі).

                                                       Аляксей Якімовіч.

• Што абазначае назоўнік апенька? (Назву грыба.)

• Ад якога слова ўтварыўся назоўнік апенька?

• Пры напісанні слова “апенька” ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

• Растлумачце правапіс літары ь у слове “апенька”.

• Пастаўце назоўнік апенька ў давальным і месным склонах. Абазначце яго аснову і канчатак.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

У гэтым сказе па волі нядобрай чараўніцы Памылкі Памылкаўны дапушчана памылка. Выпраўце яе.

Усе пакупкі мама прынесла ў вялікай думцы. (Сумцы.)

• Запішыце назоўнікі жаночага роду, ужытыя ў сказе, у давальным і месным склонах. Абазначце іх аснову і канчатак.

Праца са словам.

Прачытайце тэкст.

Міхась і Алеся палівалі ў садзе маладзенькую грушу. Да іх прыбег Антось і прапанаваў:

-- Я хачу дапамагчы вам! Можна?

-- Мы не супраць, -- разам прамовілі Міхась і Алеся.

• Колькі дзяцей сабралася ў садзе?

• Назавіце ў тэксце назоўнік у месным склоне і выдзеліце яго аснову і канчатак.

• Якім словам можна замяніць дзеяслоў прапанавалі? (Сказалі.)

• Перакладзіце на рускую мову слова «прапанаваць». Параўнайце гучанне і напісанне.

• Я прапанаваў маме пачытаць разам са мною беларускія вершы. А што прапанавалі вы сваёй маме альбо іншым блізкім ці знаёмым? Скажыце, калі ласка.

• Складзіце і запішыце сказ са словам «прапанаваць».

• Назоўнік груша пастаўце ў давальным і месным склонах і абазначце яго аснову і канчатак.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Помніце! У давальным і месным склонах назоўнікі жаночага роду адзіночнага ліку з асновай на зацвярдзелы зычны і на [к] не пад націскам, калі ёсць чаргаванне, маюць канчатак -ы.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. Слова “прыгажосць” з’яўляецца прыметнікам. (Вучні прысядаюць.)

2. Слова “адпачынак” з’яўляецца дзеясловам. (Вучні прысядаюць.)

3. Слова “бацька” з’яўляецца назоўнікам. (Вучні пляскаюць у далоні.)          

Чытанне працягу казкі.

Паслухайце працяг нашай казкі.

-- Цяжка мне даецца тэма "Правапіс канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку", -- паскардзіўся Сароцы Шпачок.

-- Ты хочаш, каб я табе дапамагла? -- запыталася Сарока.

-- Я ўжо Салаўя прасіў, каб запіску-"дапамагатку" мне прыслаў, -- паведаміў Шпачок.

-- Уважыў тваю просьбу братка Салавей?

-- Уважыў, але не зусім.

-- Шпачок, я цябе не разумею! -- разгубілася Сарока.

-- Братка Салавей прыслаў незакончаную запіску-"дапамагатку", -- сказаў Шпачок і працягнуў сяброўцы ліст паперы.

Сарока ўзяла ў Шпачка ліст і ўбачыла вось якую запіску-"дапамагатку", складзеную Салаўём.

Правапіс канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў Д. і М. склонах адзіночнага ліку

1. Н. рама, нага, муха    -- калі чаргуюцца [г] – [з´] і [х] -- [с´] назоўнікі з асновай на цвёрды зычны і на [г], [х]  у Д. і М. склонах маюць канчатак …  (–е.)

Д., М. (раме, назе, мусе,  на раме, на назе, аб мусе).

2. Н. шчака – калі чаргуюцца [к] – [ц] пад націскам назоўнікі з асновай на [к]  у Д. і М. склонах маюць канчатак…  (–э).

Д., М. (шчацэ, на шчацэ).

3. Н. душа, лейка – калі чаргуюцца [к] – [ц]  не пад націскам назоўнікі з асновай на зацвярдзелы зычны і на [к]  у Д. і М. склонах маюць канчатак… (–ы).

Д., М. (душы, лейцы, аб душы, аб лейцы).

4. Н. зямля -- ў Д. і М. склонах назоўнікі з асновай на мяккі зычны  маюць канчатак…  (–і).

Д., М. (зямлі, на зямлі).

Сарока перад дзюбкай Шпачка патрэсла лістком.

-- Салавей амаль усё зрабіў! Табе засталося толькі назваць канчаткі і паставіць гэтыя назоўнікі ў давальным і месным склонах.

-- Не выходзіць! -- скрывіўся Шпачок.

-- Калі падумаеш, то выйдзе.

-- Мне сёння чамусьці зусім не думаецца, -- зусім зажурыўся Шпачок.

-- Дапамажыце Шпачку, назавіце патрэбныя канчаткі і пастаўце дадзеныя назоўнікі ў давальным і месным склонах.

Праца з практыкаваннем.

Спішыце, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс канчаткаў, выкарыстоўваючы запіску-"дапамагатку". Якое словазлучэнне лішняе?

Узор разважання. Сядзіць на (бяроза). Бяроза -- перад канчаткам стаіць цвёрды зычны; на чым? -- месны склон. Калі ў месным склоне перад канчаткам стаіць цвёрды зычны, то назоўнік мае канчатак -е.

Сядзець (на трава), думаць (аб Радзіма), у бацькоўскай (хата), узяў (лыжка).

• У слове “лыжка” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Лыжачка.)

• Якое правіла вы прымянілі?

Лішняе словазлучэнне: узяў (лыжка).

Праца з прыказкай.

Закончыце прыказку. Вызначце склон назоўнікаў. Растлумачце правапіс канчаткаў. Пры неабходнасці звярніцеся да запіскі-"дапамагаткі".

Рыба ў рацэ, ды не... . (ў   руцэ) [2, с. 264, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

Перакладчыкі.

Перакладзіце тэкст на беларускую мову. Вызначце склон назоўнікаў.

 

Лягушки

 

Лягушки относятся к классу земноводных. Они проводят часть жизни в воде, а часть – на суше. Лягушки откладывают яйца (икру) в воду. Из икринок вылупляются головастики с хвостом и жабрами, но без ног. По мере роста и развития они теряют хвот и приобретают ноги (Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт «Животные», стр. 40) [4, с. 40, «Животные»].

Слоўнік: лягушка – жаба; класс земноводных – клас земнаводных; вылупиться – вылупіцца; головастик – апалонік; терять – губляць; приобретать – набываць.

Праца з дэфармаваным тэкстам у спалучэнні са слоўнікавай працай.

Спішыце. Раскрываючы дужкі, пастаўце словы ў патрэбным склоне. Устаўце прапушчаныя літары. Як вы будзеце разважаць, тлумачачы правапіс канчаткаў назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах?

1. Вучні адпачывалі на вялікай сонечнай (паляна). 2. Бабуля Міхася жыве ў звычайнай вясковай (хата). 3. Настаўнік расказаў дзецям легендарную гісторыю аб старой (ліпа), якая ўзвышалася ў цэнтры вёскі. 4. На (стол) ляжаў свежы пірог, накрыты белым ручніком.

• Растлумачце правапіс у, ў.

• Растлумачце значэнне слова “легенда”. (Вуснае апвяданнне (не пацверджанае гістарычнымі дакументамі) аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку.)  [1, с. 186, “Тлумачальны слоўнік”].

• Параўнайце два выразы: легенда пра разбойніка Машэку і легендарны герой.

• Які з гэтых выразаў ужыты ў пераносным значэнні? (Легендарны герой.)

• Прадоўжыце радок.

Легендарны - небывалы... (незвычайны, казачны).

• Падбярыце сінонім да слова “легенда”. (Паданне.)

• Пры напісанні слова “легенда”  ў якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Легенда -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца і вымаўляецца.

Складанне сказаў.

Ужываючы выдзеленыя назоўнікі ў патрэбным склоне, складзіце сказы са слоў. Пры неабходнасці звярніцеся да запіскі-"дапамагаткі".

1. Падарыць, сятрычка, Васілёк, ружа, прыгожая.  2. Купіць, мама, паліто, дачка, цёплае, Света. 3. Спаць, Антосік, каляска, маленькі, у. 4. Розныя, адбывацца, казка, у, цуды. 5. Васілёк, падлога, хаце, у падмятаць.

• Ці дапамагаеце вы сваёй маме?  

• Што вы робіце для таго, каб ваша мама заўсёды была маладой і шчаслівай?

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – ціп-ціп-ціп  – потым прамовіце і вы.

                                                 Дзяўбе курачка зярняты.

                                                 Янка сыпле каля хаты.

                                                 -- Ціп-ціп-ціп, -- ён вымаўляе.

                                                 Яшчэ пеўня падклікае.

                                                                        Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць у гэтым вершаваным тэксце назоўнік жаночага роду, у якім у давальным або месным склоне пішам вывучаныя на ўроку канчаткі? (Курачка.)

• Цяпер прамовім разам, пакажам, як вымаўляе Янка: “Ціп-ціп-ціп”.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Ярка на камінку

                                                           Смольны корч палае,

                                                           Бацька на кало(д, т)цы

                                                           Лапці выпл(е, я)тае.

 

                                                           Латае хала(ц, т)ік

                                                           На услоне матка:

                                                           Ў школку заўтра пойдзе

                                                           Іх сынок Ігнатка! [3, стар. 20, “Раніца ў нядзельку”, “У школку”].

• Назавіце назоўнікі жаночага роду адзіночнага ліку. Пастаўце іх у давальным і месным склонах. Растлумачце правапіс канчаткаў. Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-"дапамагатку".

• Раскрыйце лексічныя значэнні слоў “камінак” (невялікая выемка ў печы побач з прыпечкам, у якой палілі лучыну, смалякі для асвятлення хаты) [1, с. 149, “Тлумачальны слоўнік”], “латаць” ( ставіць латку), “услон” (прыстасаванне для сядзення). 

Тэсты.

Вызначце назоўнікі жаночага роду адзіночнага ліку. Патрэбнае падкрэсліце.

1. Каса.

2. Сонца.

 3. Палі.

• Падкрэсліце назоўнікі ў давальным склоне.

1. Папцы.

2. Кнізе.

3. Ракі.

• Знайдзіце "лішняе" слова. Патрэбнае падкрэсліце.

1. (У) траве.

2. Дарожкай.

3. (Па) рацэ.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Раскажыце аб правапісе склонавых канчаткаў -е, -э, -ы назоўнікаў жаночага роду ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку.

8. Заданне на дом.               

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

4. Райан Д., Куп Р., Флинт Х. Животные. Моя первая энциклопедия / Д. Райан, Р. Куп, Х. Флинт, пер. с англ. И. М. Песковой. – Ж 67 М. : АСТ : Астрель, 2011. – 48 с.).

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 22 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.