Поиск по этому блогу

Час хамства


З напісанага даўней

Час хамства

Гэтая гісторыя здарылася ў канцы лета і забрала ў мяне нямала сіл і здароўя.
Пачалося з таго, што сусед, які жыве над маёй кватэрай (ён вялікі аматар зялёнага змея), стаў рэгулярна затапляць мяне вадою. Не вытрываўшы, параіў яму звярнуцца ў “Аварыйную”.
-- У мяне няма грошай, -- пачуў у адказ.
-- А на віно хапае? – з’едліва кажу яму.
-- І на віно ўжо няма, -- панурыўся аматар зялёнага змея і паабяцаў, што перастане карыстацца туалетам. Менавіта ў туалеце была няспраўная сантэхніка.
Як кажуць? Абяцанка – цацанка… Так і тут. Праз нейкі час па маіх сценах і столі зноў папаўзла брудная вада. Адчаяўшыся, вырашыў сам звярнуцца ў “Аварыйную”. Жаночы галасок на другім канцы тэлефоннага кабеля строга паведаміў: “Патрэбна аплата”. Тлумачу, што няспраўнасць у іншай кватэры, што там жыве чалавек, які не можа заплаціць.
-- Мы туды не паедзем. Самі разбірайцеся, -- на развітанне раіць жаночы галасок.
Куды ні кінь, усюды клін. Да падобнай сітуацыі, як у дадзеным выпадку, нас давяла дзяржава, увёўшы дадатковую аплату за выклік слесараў з “Аварыйнай”. Па сутнасці, яна без усякіх тлумачэнняў заявіла сваім грамадзянам: “Як хочаце, так і разбірайцеся”. Можна было б заплаціць за суседа і за кароткі час вырашыць гэтую праблему. Але калі заплаціў сёння, то будзеш плаціць і заўтра, і паслязаўтра, і так да канца.
Вырашыў звярнуцца ў домакіраўніцтва. Яно ж абслугоўвае жыллёвы фонд. Начальнік домакіраўніцтва мае пакуты, звязаныя з суседавым няспраўным туалетам, коратка ахарактарызаваў так: “Кашмар!” Ён параіў мне звярнуцца ў суд, каб той выселіў аматара зялёнага змея, дарэчы, інваліда, чарнобыльца.
“Вось табе і на! Няхай гэтая брудная вада цячэ па сценах, “ – думаю сам сабе, але ўпартасць і ўспамін пра брудную ваду бярэ верх.
-- Іншага выйсця няма? – цікаўлюся.
Не буду стамляць чытача рознымі падрабязнасцямі. Скажу толькі, што якраз шаноўны начальнік шмат у чым мне дапамог. Аказваецца, мы, грамадзяне, выклікаючы “Аварыйную”, не павінны плаціць за ўсё, як часта патрабуюць ад нас. Ёсць паслугі, не звязаныя з дадатковай аплатай. Але ці многія простыя людзі пра гэта ведаюць? Дайшло да таго, што некаторыя слонімцы (а іх нямала) баяцца выклікаць аварыйную службу, як-небудзь абыходзяцца без яе. А вада тым часам у падвалах залівае трубы, якія іржавеюць, дачасна зношваюцца.
Ды вернемся да маёй гістрыі. Разам з тым начальнікам выйшлі на іншае начальства, і яно нарэшце прыслала ў кватэру суседа  зверху брыгаду слесараў з “Аварыйнай”. Вы думаеце, яны ліквідавалі няспраўнасць, за якую, як потым выйшла, зусім не трэба было плаціць? Адмовіліся, калі пачулі ад гаспадара: “У мяне няма грошай”. Зноў падымалі на ногі міліцыю, домакіраўніцтва, тую ж самую “Аварыйную”. Зноў прыехалі, пастаялі, паўзіраліся на мяне, маўляў, плаці, калі такі разумны, і паехалі расчараваныя, не атрымаўшы грошай.
Міжволі ўзнікаюць новыя пытанні. Дзе мы жывём? У якой дзяржаве? Чым займаюцца органы дзяржаўнай улады і дэпутаты? Чаму я павінен рамантаваць чужую кватэру? Чаму законы могуць прымацца на ўзроўні дыспетчара, майстра, дырэктара прадпрыемства?..
Урэшце, майму суседу адрамантавалі туалет. Ён падзякаваў мне, але мая шматпакутная гісторыя на гэтым не скончылася. Нядаўна зноў выклікаў “Аварыйную”. І зноў пачуў у трубцы жаночы галасок:
-- Патрэбна аплата.
-- Да першага венціля заказчык не плаціць, -- кажу, навучаны горкім вопытам. – А мне якраз венціль трэба адрамантаваць: гарачую ваду на кухні і ў ванным пакоі кран не перакрывае.
-- Чакайце слесараў на наступны дзень. З 12 да 13 гадзін вас задавальняе?
-- Задавальняе, -- з палёгкаю ўздыхаю.
На наступны дзень з 12 да 13 гадзін слесары не з’явіліся. Зноў тэлефаную і турбую дыспетчара ўсё той жа “Аварыйнай”. А тая камандным голасам заяўляе, што я “должен подстроиться под них, а они под меня подстраиваться не будут».
Напамінаю, што не я, а іх супрацоўніца ўстанавіла час, калі прыйдуць слесары: з 12 да 13 гадзін. У адказ жанчына абражае мяне і кідае тэлефонную трубку.
Прыйшлося патэлефанаваць да намесніка старшыні райвыканкама, які папрасіў у мяне прабачэння і за нявыхаванага дыспетчара, і за кіраўнікоў. Што ж, намеснік – чалавек культурны, адказны. Ён адразу зразумеў сітуацыю. Але ці зменіць гэта ў лепшы бок працу тых, хто нас абслугоўвае? Як мне здаецца, дыспетчарамі ў “Аварыйную службу” трэба браць такіх людзей, якія валодаюць асновамі псіхалогіі ці маюць прафесію псіхолага, адным словам, людзей вытрыманых і падрыхтаваных. Часта бывае так, што слесар не можа своечасова прыйсці да заказчыка. Дык загадзя патэлефануйце яму, папрасіце прабачэння, і ён, упэўнены, з разуменнем аднясецца да вас. А хамства не ўпрыгожвае.
                                                                     Аляксей Якімовіч,          
                                                                     17 кастрычніка 2002 года.