Поиск по этому блогу

Як узнік фразеалагізм "Валіцца з ног"

 

                                                                                               Аляксей Якімовіч

Валіцца з ног

                                          (як  узнік фразеалагізм)

 

Заканчвалася лета. У садах спелі яблыкі, грушы, слівы. Шэры туман вечарамі апускаўся на зямлю, як сеткаю, накрываючы наваколле.

-- У лесе баравікі з’явіліся! – паведаміў Кастусю яго старэйшы дванаццацігадовы брат Піліп.

-- Давай сходзім у лес. Назбіраем грыбоў, дамоў прынясём, -- загарэўся дзевяцігадовы Кастусь. Ён ужо не раз і не два збіраў грыбы і з бацькам, і з маці, і з Піліпам.

-- Заўтра сходзім, -- паабяцаў брат.

На другі дзень Кастусь і Піліп усталі рана-раненька, яшчэ да ўсходу сонца, і адправіліся ў лес.

Яны няспешна ішлі па лясной дарозе, пратаптанай не толькі людзьмі, але і ляснымі звярамі. На кустах, на галінках дрэў блішчалі буйныя кроплі расы. Пры дарозе ў густой, высокай траве хаваліся важкія, налітыя сокам чарніцы.

-- Чорныя ягады ёсць, а грыбоў няма, -- з разачараваннем прагаварыў Кастусь. “Дарма мы прыцягнуліся сёння ў лес, вернемся без баравікоў”, -- прамільгнула ў яго галаве.

-- Тут няма – далей будуць, -- абнадзеіў малодшага брата Піліп.

Выйшлі на пясчаную дарогу, пабітую вострымі капытамі дзікоў. У некаторых мясцінах метраў на дзесяць у даўжыню яна ўся патаптаная, здратаваная імі. Напэўна, вялікі статак пераходзіў там.

-- Глянь! – усклікнуў Піліп.

Кастусь зірнуў уперад і ўбачыў  буравата-рыжую цяцерку. Усё яе апярэнне было пакрыта чорным рабаціннем. Яна ішла па дарозе, крыху перавальваючыся з боку на бок.

Хлапукі, як па камандзе, прыгнуліся, намерваючыся наблізіцца і лепей разгледзець лясную прыгажуню. А яна ўзмахнула крыламі, залапатала, пырхнула, падняўшыся ўверх, і схавалася з вачэй.

-- Паляцела! – адзначыў Кастусь.

-- Няхай ляціць, -- сказаў Піліп. – Нам не яна, а грыбы патрэбны.

-- А я мінулым летам гняздо цецерукоў знайшоў, -- пахваліўся Кастусь.

-- Пустое? – пацікавіўся брат.

-- Не. Там ляжалі жаўтаватыя яечкі, пакрытыя карычневымі плямамі.

Пясчаная дарога павярнула ўлева. Абапал яе раслі дубкі, елачкі, бярозы.

-- Дзе ж нашы грыбы? – зноў занепакоіўся Кастусь.

-- На дарогу глядзі, не падбівай нагамі, -- прагаварыў Піліп.

І праўда, Кастусь ледзь не збіў тоўсценькага баравічка. Грыбы тут раслі і на дарозе, і пры дарозе. Некаторыя, зусім маленькія, толькі што вылезлі з зямлі, схаваўшыся пад лісточкам ці пад галінкай елачкі. Былі і веліканы з цёмнымі альбо карычневымі капелюшамі. Яны стаялі, нібыта незвычайныя лясныя асілачкі.

-- Во колькі іх тут! – узрадаваўся Кастусь.

-- Напэўна, толькі ўчора з’явіліся, -- заўважыў Піліп. Ён ведаў, што баравікі растуць хутка, асабліва пасля спорнага дожджыку.

                                               Цёплы летні дожджык

                                               Зямлю палівае.

                                               Баравік пад елачкай

                                               Сілу набірае.

Пераходзячы ад дубка да дубка, ад бярозы да бярозы, ад елачкі да елачкі, Піліп і Кастусь аддаляліся ад знаёмай дарогі.

Непрыкметна зайшло сонца. У лесе пацямнела, стала няўтульна. Прыбег вецер, загайдаў тонкія вершаліны дрэў.

-- Братка, сонца схавалася! -- падаў голас Кастусь. Ён трымаўся каля старэйшага брата, стараўся далёка не адыходзіцца ад яго.

Задраўшы галаву, Піліп зірнуў угору.

-- Хмары наплылі.

Удалечыні глуха прагрымела. Гул пайшоў па лесе.

Кастусь страсянуўся. Халадок прабег па спіне.

-- Дождж будзе!             

-- Магчыма, вецер аднясе або разгоніць хмары, -- вырашыў супакоіць брата Піліп.

А вецер бяжыць, гудзіць, гне вершаліны дрэў.

-- Давай пад старую яліну схаваемся, -- прапанаваў Кастусь. – Яна густая. Дождж там нас не намочыць.

“Дождж не намочыць, а маланка дастане, жахне па вачах”, -- падумаў Піліп і пакруціў галавою.

-- Пярун па высокіх дрэвах б’е, страляе.

-- Пад высокімі дрэвамі небяспечна? – скрывіўся Кастусь.

-- Небяспечна. З лесу трэба выбірацца.

-- А ў якім баку наша вёска?

Піліп азірнуўся. Ходзячы па лесе, збіўся з дарогі. Вакол усё незнаёмае, чужое. Калі б было сонца, то ён здагадаўся б, як з лесу выбрацца. Сонца паказала б. Яны ідуць, і яно ідзе, спачатку паднімаецца, а потым апускаецца на небе.

Непадалёку з трэскам, з грукатам упала тоўстая сухая яліна. Не вытрымала напору ветру.

-- У якім баку вёска? – паўтарыў Кастусь.

Піліп выцягнуў перад сабою руку.

-- Там!

Пакрочылі, час ад часу пазіраючы на вершаліны векавых дрэў, на неба. Увайшлі ў незнаёмы малады асіннік, парослы крапівою. Тоўстая, высокая крапіва апякала рукі, твар. А над галавою час ад часу бліскала маланка і грымеў гром. Неўзабаве па лісцях дрэў застукалі вялікія кроплі дажджу.

-- Дождж! – пацепнуў худымі плечукамі Кастусь.

Нарэшце яны выйшлі з пякучага асінніку.

Зняможаны, Кастусь апусціўся на мокры зялёны мох, які тоўстай коўдрай разаслаўся каля асінніка.

-- Ногі моцна забалелі? – запытаўся Піліп.

Кастусь заківаў галавою.

-- Яшчэ як забалелі! Ішоў, ішоў і зваліўся з ног!

                                                     Адолела стома.

                                                     Больш ісці не змог.

                                                     Ох, ох, ох!

                                                     Які мяккі мох!

Дождж сыпнуў густымі кроплямі, прабег, прашапацеў па асінніку і скончыўся,  згінуў, нібыта з ветрам паляцеў. Сонца заззяла над галавою.

 Піліп задраў галаву, падзівіўся на сонца і ўсміхнуўся. Цяпер ён ведае, як ім дабрацца дамоў. Іх вёска там, дзе сонца ўзыходзіла.

-- Братка, табе смешна? – здзівіўся Кастусь.

-- Я ведаю, як дамоў дабрацца. Сонца мне падказала. Яго нам сам Бог паслаў, -- сказаў Піліп.

Пасля паўдня Піліп і Кастусь з грыбамі прыйшлі дамоў.

А Кастусёў выраз валіцца з ног прыжыўся сярод людзей. Так нашы людзі сталі казаць пра слабых, знясіленых, змораных.

 

Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.

Якімовіч, А. М. Нязваныя госці : прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.