Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. СКАЗЫ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ, ІХ ІНТАНАЦЫЯ

 

Творчы ўрок у 4 класе. СКАЗЫ З АДНАРОДНЫМІ ЧЛЕНАМІ, ІХ ІНТАНАЦЫЯ

 

Мэты: пазнаёміць  з аднароднымі членамі; выпрацоўваць уменні і навыкі распазнаваць сказы з аднароднымі членамі, ставіць знакі прыпынку ў іх, вызначаць, якім членам сказа з'яўляюцца аднародныя члены, чытаць іх з правільнай інтанацыяй; вучыць выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі вусна  і пісьмова;  пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы;  выхоўваць любоў да працы.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Прачытайце прыказкі. Якую з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

Гэта не пальцам пераківаць.

З мора вады не выліць, з песні слова не выкінуць.

Добра вучыць паслухмянага [2, с. 163, 164, 176,  “Беларускія прыказкі…”].

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Вызначыце словы па іх значэнні:

а) чалавек, які мае аднолькавае з кім-небудзь імя (цёзка);

б) памяшканне для прыцэльнай стральбы (цір);

в) народны струнны музычны інструмент, на якім іграюць, б’ючы малаточкам па струнах (цымбалы);

г) рэзервуар для захоўвання і перавозкі вадкасцей (цыстэрна).

Сэнс якіх слоў вы вывучылі? (Цёзка, цір, цымбалы, цыстэрна.)

Прачытайце сказ. Назавіце прапушчаныя літары і растлумачце іх правапіс.

Сёння мы вывуч..лі сэнс слоў “цёзка”, “..ір”, “цымбалы”, “цыстэрна” [1, с. 351, 352, 353, “Тлумачальны слоўнік”].

4. Чыстапісанне.

З якой літары пачынаюцца словы “цёзка”, “цір”, “цымбалы”, “цыстэрна? (З літары ц .)

Запішыце гэту літару да канца радка, чаргуючы яе з літарай т.

     цт    тц    цт    тц

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Яны адносяць сябе да аднаго роду, хаця могуць быць і дзейнікамі, і выказнікамі, і даданымі членамі сказа. Іх назва -- аднародныя члены сказа.

Паслухайце казку, якая дапаможа вам вывучыць гэту цікавую тэму.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

-- Я сёння чуў, як дзяўчынка Насця вучыла правіла "Аднародныя члены сказа", -- сустрэўшы суседку Сароку, паведаміў Шпачок.

-- Ты яго, канешне, не запомніў, -- выказала здагадку Сарока.

-- Запомніў! Яно вельмі лёгкае. Хочаш паслухаць?

-- Хачу, -- адказала Сарока.

-- У сказе можа быць, -- урачыста пачаў Шпачок, -- некалькі дзейнікаў пры адным выказніку або некалькі выказнікаў пры адным дзейніку і некалькі даданых членаў сказа, якія адказваюць на адно і тое ж пытанне. Члены сказа, якія адказваюць на адно і тое ж пытанне, называюцца аднароднымі.

Сарока незадаволена пакруціла галавою.

-- І гэта ўсё?

-- Усё! -- цвёрда прамовіў Шпачок.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

-- Вы згодныя са Шпачком? Прачытайце ў вучэбным дапаможніку тэму "Сказы з аднароднымі членамі " і скажыце, пра  што не паведаміў Шпачок.

(Аднародныя члены сказа звязаны па сэнсе з адным і тым жа словам.)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Аднароднымі могуць быць і дзейнікі, і выказнікі, і даданыя члены сказа.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць аднародныя даданыя члены і слова з выбарам напісання галоснай літары ў прыстаўцы.

Узор. Дзень быў сонечны і б(я, е)зветраны.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы. Знайдзіце члены сказа, якія адказваюць на адно і тое ж пытанне і звязаны па сэнсе з адным і тым жа словам. Зрабіце вывад. (Гэтыя члены сказа з’яўляюцца аднароднымі.)                           

Каля нашай ракі

                                                        Раскрычаліся гракі:

                                                        -- Не драміце, рыбакі!

                                                        Ў вадзе плоткі, … (шчупакі)!

                                                                       Аляксей Якімовіч.

Падбярыце сінонім да слова “рака”. (Рэчка.)

Ля бярозак і дубкоў

                                                     Выраслі грыбочкі.

                                                     Паспрыялі ім

                                                     Дажджлівыя … (ночкі).

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Падбярыце сінонімы да слоў “выраслі”, “паспрыялі”. (З’явіліся; дапамаглі.)

Самастойная праца.

Дакажыце, што выдзеленыя словы з'яўляюцца аднароднымі членамі.

Насця, Алеся і Міхась падмяталі стружкі, якія ляжалі на падлозе.

Падкрэсліце гэтыя члены сказа.

У слове “стружкі” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, як патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Стружачкі.)

Якое правіла вы прымянілі?

Праца з практыкаваннем.

Запішыце сказы. Якімі членамі сказа з'яўляюцца выдзеленыя словы? Складзіце схемы гэтых сказаў.

Узор. Грушы, і яблыкі, і слівы даўно паспелі ў садах.

             , і            , і                              .

 

1. Бяроза і клён увосень скідаюць лісце. 2. Сонца нізка апусцілася і схавалася за полем. 3. Алесеў малодшы брат быў ціхі, спакойны. 4. Мой сябар Пятрусь купіў кепку і берэт.

Круглы мужчынскі і жаночы мяккі галаўны ўбор без казырка. Што гэта? Кепка ці берэт? (Берэт.)

Як вы лічыце: з якой мовы прыйшло да нас слова "берэт"? (З французскай.)

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка берэт.

Складзіце і запішыце словазлучэнне са словам “берэт”.

Пры напісанні  слова “берэт” у якім месцы вас падсцерагае нядобрая чараўніца  Памылка Памылкіна?

Вы можаце прымяніць вам вядомае правіла, каб растлумачыць правапіс каранёвых галосных е, э?

Перакладзіце на рускую мову слова "берэт". Параўнайце гучанне і напісанне.

Ведайце! Берэт -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце каранёвыя галосныя е, э [3, с. 51, “Слоўнік іншамоўных слоў”].

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! На пісьме паміж аднароднымі членамі сказа, якія звязаны пры дапамозе інтанацыі або інтанацыі і злучнікаў, звычайна ставіцца коска.

Коска не ставіцца, калі злучнік і ўжыты адзін раз.

Гульня "Лішняе" слова".

Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы  знакі прыпынку. Аднародныя члены і словы, да якіх яны адносяцца, падкрэсліце як члены сказа. У радзе аднародных членаў знайдзіце "лішняе " слова. Чаму яно "лішняе"?

1. У лесе жыве шмат звяроў. Да іх адносяцца во..к барсук за..ц сабка і ліс. (Сабакахатняя жывёла.)

2. Мой сябар Васілёк цікавіцца рознымі відамі спорту. Яму падабаюцца хакей, фу..бол, шашкі, ружы і шахматы. (Ружа -- садовая кветка.)

3. Не толькі днём але і ноччу на гарадскіх вуліцах можна ўбачыць шмат рознага транспарту. Аўтобусы трамваі камбайны тралейбусы -- добрыя сябры гара..жаніна. (Камбайн не "працуе"на гарадскіх вуліцах.)

У слове “гарадскіх” пішам дск. А як чытаем? (ц.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступнай думкай?

Кормяць і пояць чалавека не праца, а адпачынак.

Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. Складзіце схему гэтага сказа з аднароднымі членамі. Як яны звязаны: інтанацыяй ці інтанацыяй і злучнікамі?

Што дае праца чалавеку?

Праца са словам.

Прачытайце тэкст.

На беразе рэчкі стаяць Аленка і тата.

Аленка паварочваецца да таты, задзірае галаву і пытаецца:

-- Татка, куды хмаркі плывуць?

Тата моршчыцца, чухае патыліцу і нехаця адказвае:

-- Далёка, дачушка!

Падумаўшы нейкую хвілінку, Аленка выказвае здагадку:

-- Яны плывуць да сваёй мамы!

-- Напэўна!—ківае галавою, пагаджаецца тата.

Раптам налятае свежы ветрык. Хмаркі разыходзяцца па небе, плывуць хутчэй.

-- Татка, -- раптам паведамляе Аленка, -- хмаркіна мама ветрык прыслала!

Тата ад нечакасці ўздрыгвае.

-- Навошта?

-- Каб хмаркі хутчэй дамоў дабраліся!  (Аляксей Якімовіч «Каб мама ўсміхалася», стар. 107) [5, с. 107, “Каб мама ўсміхалася”].

Вы сцвярджаеце, што ў тэксце ёсць аднародныя члены сказа. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

Назавіце ў шостым сказе слова, якое абазначае прымету дзеяння налятае. (Раптам.)

Падбярыце сінонімы да слова «раптам». (Нечакана, неспадзявана).

Перакладзіце на рускую мову слова "раптам". Параўнайце гучанне і напісанне.

Складзіце словазлучэнні са словам «раптам».

Складзіце і запішыце сказ са словам «раптам».

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "галасы" пасля г пішам літару о. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "каласы” пасля к пішам літару о. (Вучні прысядаюць.)

3. У слове "гарады” пасля г пішам літару а. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Чытанне працягу казкі.

Паслухайце працяг казкі пра Шпачка і Сароку.

-- Сарока-белабока, -- звярнуўся да сяброўкі Шпачок, -- мне здаецца, што сказы з аднароднымі членамі трэба чытаць з асаблівай інтанацыяй.

-- Правільна табе здаецца, -- падхапіла Сарока. -- Гэта інтанацыя называецца інтанацыяй пералічэння.

Задумаўся Шпачок.

-- Сарока-белабока, я не зусім добра разумею, што такое інтанацыя пералічэння. Ёсць лікі. Адзін, два, тры, чатыры... Мы іх лічым, іх шмат.  А аднародныя члены?..

-- Аднародных членаў у сказе таксама можа быць шмат. І два, і тры, і чатыры...

-- Цікава! -- зрабіў для сябе новае адкрыццё Шпачок. -- Лічым і пасля кожнага аднароднага члена прыпыняемся, робім паўзу...

-- А на месцы гэтай паўзы звычайна ставім коску, -- дадала Сарока.

-- Выходзіць, аднародныя члены можна выдзеліць у сказе не толькі пісьмова, падкрэсліўшы іх, але і інтанацыяй, пры дапамозе голасу! -- яшчэ адно новае адкрыццё зрабіў Шпачок [6, с. 67 – 68, “Казкі-падказкі”].

Праца са сказамі.

У якіх сказах пералічэнне носіць закончаны характар, а ў якіх яго можна прадоўжыць?

1. На агародзе наша бабуля вырошчвае бульбу, буракі, капусту, агуркі. У заапарку можна ўбачыць зайца, воўка, дзіка, лісу.

2. У садзе раслі вішні, грушы, слівы і яблыні. У магазін прывезлі лімоны, мандарыны і апельсіны.

3. Вясною і летам дзяцей і дарослых вабяць і азёры, і рэкі, і лясы.

У якіх сказах аднародныя члены звязаны толькі інтанацыяй пералічэння?

У якім выпадку паміж аднароднымі членамі няма паўзы?

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.

Падбярыце сінонім да слова “вабяць”. (Захапляюць, зачароўваюць.)

Выразнае чытанне.

Вызначце аднародныя члены сказа, дакажыце, што яны з'яўляюцца аднароднымі. Прачытайце іх з інтанацыяй пералічэння.

Жураўлі, салаўі, зязюлі, ластаўкі, стрыжы – пералётныя птушкі. Яны баяцца суровай, марознай зімы. Таму восенню  адлятаюць у цёплыя краіны. Перад адлётам яны збіраюцца ў чароды, пералятаюць з месца на месца, трывожна крычаць. Потым ляцяць у Індыю, у Заходнюю Еўропу, у Афрыку, у Егіпет. Многія птушкі на зіму застаюцца дома. Не баяцца халадоў сініцы, вароны, вераб’і, попаўзні, сарокі, чыжы, дзятлы, шчыглы.

У якіх сказах: а) пяць дзейнікаў і адзін выказнік; б) адзін дзейнік і тры выказнікі; в) адзін выказнік і чатыры даданыя члены; г) адзін выказнік і восем дзейнікаў?

У слове “перад” на канцы пішам д. А як чытаем? (Звонкія зычныя ў канцы слова вымаўляюцца глуха.)

Вызначце тып тэксту. (Апавяданне, апісанне ці разважанне.)

Пісьмовыя адказы на пытанні.

Адкажыце (пісьмова) на пытанні так, каб у кожным сказе былі аднародныя члены, звязаныя толькі інтанацыяй пералічэння (без злучнікаў). Імкніцеся да таго, каб вашы адказы склалі звязны тэкст. Для даведкі выкарыстайце толькі што прачытаны вамі тэкст.

1. Якія птушкі восенню адлятаюць у цёплыя краіны?  2. Як вядуць сябе птушкі перад адлётам? 3. У якія краіны накіроўваюцца пералётныя птушкі? 4. Якія птушкі зімуюць дома? 5. Як школьнікі павінны адносіцца да птушак?

Праца з загадкамі.

Адгадайце загадкі. Прачытайце іх выразна, робячы, дзе патрэбна,  паўзы паміж аднароднымі членамі. Як гэтыя паўзы перадаюцца на пісьме?

                                               Не агонь, не ліхтар,

                                               А ярка ззяе,

                                               Пазірае з вышыні,

                                               Наваколле асвятляе.            (Сонца.)

                                                          Аляксей Якімовіч.

                                               Ён,бывае, моцна

                                               Свішча і гудзіць,                             

                                               Бліскавіцаю ляціць.

                                               Цяжка нам яго злавіць. (Вецер.)

                                                                Аляксей Якімовіч.

Якія члены сказа -- галоўныя ці даданыя -- з'яўляюцца аднароднымі ў тэкстах загадак?

Перакладчыкі.

Перакладзіце сказы на беларускую мову. Назавіце аднародныя члены. Скажыце, на якія пытанні яны адказваюць.

1. В деревне, в поле, в лесу в это время было тихо. 2. В саду на деревьях сидели скворцы, воробьи, сороки. 3. Настойчивости, выдержки, усидчивости требует от ученика учёба. 4. Пламя огня извивалось, тянулось вверх. 5. Пишут не пером, а умом.

Слоўнік: скворец – шпак; выдержка – вытрымка; усидчивость – уседлівасць; извиваться – выгінацца, выкручвацца.

Дыктант "Правяраю сябе".

Запішыце.

Колы павольна перамолваюць сухую, выезджаную каляіну.

Усё жывое зашылася ў цень, толькі авадні не даюць спакою. Як ашалелыя, носяцца ў паветры, хмараю апускаюцца на бліскучую спіну Гнядога, на ногі, лезуць у вочы.

Дзяніска сядзіць высока на сене. Яму добра відаць, як конь у адчаі адмахваецца хвастом, касавурыць слязлівыя вочы (Аляксей Якімовіч “Каб мама ўсміхалася”, апавяданне “Цяпло суніц”, стар. 37) [5, с. 37, “Каб мама ўсміхалася”].

Вызначце сказы з аднароднымі членамі, падкрэсліце іх.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – Вух! Вух! Вух!  – потым прамовіце і вы.

   “Вух! Вух! Вух!” --

                                                       Грыміць, нясецца.

                                                       Лес гудзіць,

                                                       Стогне, трасецца.

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Цяпер пакажам, як грыміць гром, прамовім разам: “Вух! Вух!  Вух!”

Ці ёсць у тэксце аднародныя члены сказа? Дакажыце гэта.

Хвілінка адкрыцця.

Дапоўніце сказы з аднароднымі членамі словамі па пытаннях.

Жыў на свеце кот Барсік. Выйшаў ён (адкуль?) і гуляе (дзе?). Убачыў Барсіка сабака Барбос і (што зрабіў?) за ім. Кот спалохаўся Барбоса і заскочыў (куды?). Сядзіць Барсік (дзе?), пазірае на сабаку і калоціцца (з якой прычыны? ад чаго?).

Для даведкі настаўніку: з хаты, на дварэ, пагнаўся, на дрэва, на дрэве, ад страху.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                               Агнявыя валаконцы

                                               Тку(ц, цц)а ў шоўк чырвоны --

                                               Гэта хмаркі ла(д, дз)яць сонцу

                                               І дзяньку кароны.

 

                                               Як прыемна пахне збо(ж, жж)а!

                                               А вакол -- спакойна!

                                               Эх, як слаўна, як пр(і, ы)гожа,

                                               Хораша, прыстойна!

 

                                               І сабрала неба фарбы

                                               Колераў (д, дз)івосных...

                                               І дзе ёсць такія скарбы

                                               Гожства, сугало(с, сс)я?! [4, с. 127 -- 128, “Раніца ў нядзельку”].

Назавіце аднародныя члены сказа.

Раскрыйце значэнне слоў “валаконцы” (тут: ніткі), ладзіць (тут: спакойна, добра рабіць), “прыстойна” (адпавядае правілам ветлівасці, добрых паводзін, тут: добра), [1, с. 273, “Тлумачальны слоўнік”], “гожства” (прыгажосці).

У слове “гожства” пішам  жс. А як чытаем? (сс.)

Тэст.

Адзначце сказ з аднароднымі членамі.

1. Прыгожа ў нашай вёсцы вясною.

2. У нашым лесе растуць дубы, бярозы, сосны, елкі.

3. Мы прыйшлі на луг, які знаходзіўся каля нашай школы.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На якія пытанні адказваюць дзейнік і выказнік?

На якія пытанні могуць адказваць даданыя члены сказа?

Якія члены сказа называюцца аднароднымі?

Пры дапамозе чаго звязваюцца аднародныя члены сказа?

З якой інтанацыяй чытаюцца сказы з аднароднымі членамі?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў. / А. М. Булыка, Мінск : Нар. асвета, 1993. – 398 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

5. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. 

6. Якімовіч, Аляксей. Казкі-падказкі / А. М. Якімовіч. -- Мінск  : Нар. асвета, 2012. – 104 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.