Поиск по этому блогу

Апісанне “Неба раніцай”

 

Апісанне “Неба раніцай”

 

Раніца. На ўсходзе камякамі, якія нагадваюць вялікую шэрую вату, вісяць хмары, павольна рухаюцца кудысьці. Паміж гэтымі ватнымі камякамі – светлыя акенцы, але яны паступова прападаюць, затуляюцца хмарамі. Адно з акенцаў шырокае. Нядаўна з яго выглядвала сонца, мабыць, вельмі захацелася яму зірнуць на маці-зямлю.

З захаду выплыла цёмная хмарка. Да яе ўпэўнена набліжаюцца іншыя: цёмна-шэрыя, дымныя. Яны сыходзяцца і паступова зліваюцца ў адну цёмна-шэрую масу. А далей, на самым захадзе, неба светлае. Светла-шэрыя кучаравыя хмаркі, падобныя да статку ягнятак, ланцужком цягнуцца над маўклівымі, няроўнымі вершалінамі далёкага лесу.

З неба, высокага, таемнага, магутнага, падаюць рэдкія кроплі дажджынак.

Ці будзе дождж? Невядома. Заўважаю, што светлыя палосы неба шырацца, выцясняючы шэрае, цёмнае.

Кроплі перастаюць падаць. Быццам чагосьці ці кагосьці спалохаліся яны. Магчыма, той невядомай магутнай нябеснай сілы.

Неба паяснела, стала выплываць сонца, паказаўшы сваё яркае вока з шырокага акенца. Яно шырыцца, расце, круглее. Да яго цягнецца цёмная рука хмаркі. Сонца нечакана заморгала, замігацела, задрыжала. Чырвоныя водсветы, падобныя на пякельны агонь, забегалі па ім, узяўшы ў незвычайную няроўную рамку. Неўзабаве гэтая рамка стала жаўтавата-аранжавай, і зноў шэрая хмарка затуліла сонца. Яно ўздрыгнула і прапала, а ў тым акенцы з’явілася жаўтавата-аранжавая хмарка. Яна павялічылася, упрыгожыўшы край суседняй шэрай хмары.

Зноў ўпалі рэдкія дажджынкі. І зноў прапалі, быццам расталі ў прасторы: паміж небам і зямлёю.

А шэрая хмара, упэўненая ў сабе, затуліла жоўта-аранжавую хмарку.

Сонца, круглае, як кола, неўзабаве ўсё-ткі прарвалася праз гэтую шэрую хмару, засвяціла і паплыло насустрач новай цёмнай хмары, каб у каторы раз затуліцца там, адкрыўшы шлях на зямлю дажджынкам.  Панесліся яны з вышыні, зліваючыся ў доўгія вадзяныя пугі (Аляксей Якімовіч).

[Урывак з аповесці “Белакрылая птушка”, с. 59 -- 60] 

Зборнік выйшаў у выдавецтве “Беларусь”

Якімовіч, А. М. Белакрылая птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199 с.     .

                     Дача. Ваколіца вёскі Чамяры Слонімскага раёна. 4. 09. 2018 г.