Поиск по этому блогу

Вывучаем часціны мовы. Дзеяслоў

 

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

6 клас

              Тэма: Дзеяслоў як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады таць, чы; зяць, у

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          Дзеясловы з іх складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце дзеясловы, у якія ўваходзяць склады таць, чы; зяць, у. (Чытаць, узяць.) Запішыце іх.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Пастаўце пытанні да дзеясловаў чытаць, узяць.

Выберыце патрэбнае:

а) дзеясловы абазначаюць дзеянне прадмета;

б) дзеясловы абазначаюць прымету прадмета.

А д к а з: а.                                                                                    

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 7-га класа (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 7 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.         

Адгадайце загадку.

                                                    Зямля белая,

                                                    Насенне чорнае,

                                                    Пяцёра аруць,

                                                    Двое глядзяць,

                                                    Адзін кіруе. (Чалавек піша.)

                                                                     З народнага  [1, с. 319, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

Назавіце слова, якое рыфмуецца з дзеясловам піша.

Бяжыць, прыбяжыць, калыша, працуе, частуе. (Калыша.)

         Усе гэтыя словы абазначаюць … (дзеянне прадмета) і з'яўляюцца… (дзеясловамі.) Дакажыце гэта.

Ці ўсе яны адказваюць на адно і тое ж пытанне?

Складзіце і запішыце сказ з дзеясловам піша.

Назавіце слова.

Ў лясок вецер прыляцеў,

                                          Дрэўцы нагінае.

                                          Зайчык шэранькі прысеў, 

                                          Але не … (ўцякае).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Якімі членамі сказа бываюць дзеясловы? (Звычайна выконваюць ролю выказніка.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца дзеясловы ў вершаваным тэксце.

У слове “шэранькі” пасля ш пішам э.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з  

      прапанаваных.

              1. Адны вочы …(і плачуць, і смяюцца). 2. Без прычыны і сабака … (не

     брэша). 3. Вецер падзьме -- … (сляды замяце). 4. Вылез, … (як мыш з 

     дражджэй). 5.   Дзень … (хваліцца вечарам) [1, с. 242, 243, 244, 246, “Беларускія прыказкі” Я.  Рапановіча].  

            П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: сляды замяце; хваліцца вечарам;   

  не брэша; і плачуць, і смяюцца; як мыш з дражджэй.

   Назавіце дзеясловы і вызначце іх час. Як вы гэта зрабілі?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў неспадзявана ўбачыў падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца дзеясловам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Вызначце асобу дзеясловаў: 1-ю, 2-ю ці 3-ю. Як вы гэта зрабілі?

Што вам вядома пра напісанне дзеяслова ўбачыў? (Пасля зацвярдзелай зычнай ч пішам галосную ы.)

Д л я  д а в е д к і: неспадзявана ўбачыў – неспадзявана заўважыў. 

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступнай думкай?

Вясной збярэш – увосень пасееш.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Вясной пасееш – увосень збярэш.) [1, с. 216, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Назавіце ў сказе дзеясловы і вызначце іх лік. Як вы гэта зрабілі? Дзеясловы якога часу змяняюцца па ліках?

Што дае праца чалавеку?

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце слова з такімі ж марфалагічнымі прыметамі, як і ў дзеяслова вылез, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы-дзеясловы вы запісалі ў пачатку ўрока. (Чытаць, узяць.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: корань, як у слове “вучань”, канчатак, як у слове “кручу”.

Так, гэта слова “вучу”. Дзякуючы кораню і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта дзеяслоў.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Ты яшчэ вучышся ў школе (Аляксей Якімовіч).

Вызначце дзеяслоў і пастаўце яго ў форму будучага часу. 

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “вучышся”?

Запомніце! Пішам вучышся, а вымаўляем [вучы‾с′а].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы дзеясловы ў форме цяперашняга часу, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Алесь, дзе працу.. твой тата? (Мой тата працуе ў школе настаўнікам.)

         -- Тату падабаецца яго праца?  (-- Тату вельмі падабаецца яго праца.)

         -- Які прадмет ён выкладае? (Тата выкладае матэматыку.)

         Назавіце ў дыялогу зваротак. 

        Вучаніца сказала: “Дзеясловы прошлага часу змяняюцца па родах”. Удакладніце яе сцверджанне.

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце дзеяслоў у форме цяперашняга часу множнага ліку.

Карасём, няроўны. (Нясём.)

Пастаўце дзеяслоў нясём у форму адзіночнага ліку. (Нясу.)

Выберыце патрэбнае.

Нясём (дровы, суп, рэха, сена).

Падбярыце аднакаранёвае слова да дзеяслова нясём. (Паднясём.)

Перакладзіце дзеяслоў нясём на рускую мову. (Несём.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

Мы ідзём з поўным вядром,

                                        У вядры ваду… (нясём).

                                                            Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца дзеяслоў нясём.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску.

В Беларуси весной и осенью можно увидеть перелётную птицу омелушку. У нас она зимует редко, населяет северные таёжные леса. Её голову украшает большой серо-розовый хохол (Аляксей Якімовіч).

С л о ў н і к: розовый – ружовы, хохол – чуб.

Назавіце дзеясловы ў тэксце.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” ўстаўце патрэбныя літары.

На прасторнай паляне за сталом на высокай калод..е сядзеў Барсук. Перад ім на доўгай лаве, зробленай з бервяна, прымасціліся Вожык, Воўк і Ліса. Непадалёку стаялі два чорны.. з металічным адлівам Крумкачы. Яны сачылі за парадкам на паляне.

Барсук падняў угору драўляны малаток.

На паляце стала ціха-ціха. Усе замоўклі, нават пч..лы, якія зусім нядаўна гудзелі тут, збіраючы з кветак салодкі нектар (Аляксей Якімовіч) [2, с. 4, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

Падбярыце сінонім да слова “лава”. (Услон.)

Падкрэсіце дзеясловы як члены сказа.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што дзеяслоў паведамляе пра сябе:

                                                    Магу нешта папрасіць,

                                                    А магу і загадаць.

                                                    Пазнаёмцеся са мною.

                                                    Дзеясловам мяне зваць.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Вызначце лад дзеяслова пазнаёмцеся. Як вы гэта зрабілі?

Праца са словам.

Складзіце дзеяслоў з першых літар наступных слоў: шлях, экалогія, пачатковы, чароўны, ахутаны. (Шэпча.)

Ці можна ад дзеяслова абвеснага ладу шэпча ўтварыць дзеясловы ўмоўнага і загаднага ладу? Як вы лічыце?

Назавіце шыпячыя зычныя гукі ў слове “шэпча”. ([ш], [ч].)

Гульня “Шукаю сябра”.

Падбярыце слова з тымі ж марфалагічнымі прыметамі, што і ў дзеяслова сачылі, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, з двух прапанаваных у дужках варыянтаў выберыце той, які падыходзіць да першага слова па сэнсе..

Бавіцца (на дварэ, на працы).

Якім словам можна замяніць дзеяслоў “бавіцца”? Выберыце патрэбнае. (Спяваць, гуляць.)

                                                   У нашым класе пеўнік

                                                   Вельмі любіць бавіцца.

                                                   Часта ўрокі прапускае,

                                                    На ўсю школу славіцца.

                                                                     Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць пра дзеяслоў “бавіцца”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?                                                                                                                                                                                                                                                                                                            

Што можце сказаць пра пеўніка, які любіць прапускаць урокі? Якая ў яго слава: добрая ці нядобрая?

Падбярыце сінонім да слова “вельмі”.

Адказы (словы напісаны наадварот):  эравд ан; ьцялуг; атдан.  

Праца са сказамі.

Прачытайце.

1. Каб … добрае сачыненне, трэба добра пастарацца (Аляксей Якімовіч). 2. Спяваюць дзяўчаты, … наша родная песня (Аляксей Якімовіч). 3. Скалануўшы зямлю і паветра, над полем … самалёт (Аляксей Якімовіч). 4. Прыйдзе вясна, прынясе цяпло, і ажыве зямля, … (Аляксей Якімовіч). 5. Многія людзі здзяйсняюць добрыя ўчынкі, але маўчаць, не … (Аляксей Якімовіч). 6. Свежым хлебам на полі ўлетку … каласістае жыта (Аляксей Якімовіч). 7. …, з-за лесу павольна выплывае вогненнае сонца (Аляксей Якімовіч). 8. Прайшоў дождж, і …, пабеглі да ракі жвавыя ручаёчкі (Аляксей Якімовіч). 9. … халодны вецер, кідае мне ў твар колкія сняжынкі (Аляксей Якімовіч). 10. Ляцяць з неба, усё жывое … жоўтыя бліскавіцы (Аляксей Якімовіч). 11. Чарэшанька ўжо …, увабралася б белымі кветкамі, калі б была цёплая вясна (Аляксей Якімовіч). 12. …, дожджык, прамачы маці-зямельку (Аляксей Якімовіч). 13. Спеюць яблыкі ў садах, … тонкія галінкі (Аляксей Якімовіч). 14. Васіль моўчкі пасядзеў, паразважаў, падумаў і … напісаныя сказы (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы дзеяслоў у пачатковай форме (1), дзеяслоў цяперашняга (2), прошлага (3), будучага часу (4), зваротны (5), асабовы (6), безасабовы дзеяслоў (7), дзеяслоў закончанага (8), незакончанага трывання (9), дзеяслоў абвеснага (10), умоўнага (11), загаднага ладу (12), дзеяслоў першага(13), другога спражэння (14).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ьцасіпан, ьцінівз, яссёнарп, еусарказ, аццялавх, енхап, еатівс, ілачруцаз, емьзд, ьцюахолап, б алівцсар, інпыс, ьцюанігз, ўілсэрказ.

Творчая хвілінка.

Якія дзеясловы тут рыфмуюцца?

                                      1. З дзеясловам у пачатковай форме сцерагчы

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў да.. .

                                      2. Са зваротным дзеясловам трымаюся

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў здз.. .

                                      3. З дзеясловам першага спражэння чуюць

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў п.. .

                                      4. З дзеясловам другога спражэння нашкодзяць

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў пры.. .

                                      5. З дзеясловам прошлага часу даглядала

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў га.. .

                                      6. З дзеясловам цяперашняга часу пазіраю

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў з.. .

                                      7. З дзеясловам закончанага трывання гукнуць

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў шт.. .

                                      8. З дзеясловам незакончанага трывання абвяшчаю

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў ад.. .

                                      9. З дзеясловам умоўнага ладу сказаў бы

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў ад.. б.. .

                                      10. З дзеясловам загаднага ладу вучыся

                                      Рыфмуецца такі ж дзеяслоў рас.. .                 

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ычгамапад, ясюялўіздз, ьцюуцарп, ьцяздохырп, алавадаг, юарібз, ьцунхрутш, юавычапда, ыб ўадда, ясінарпсар.                                 

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падабраў амонім да слова “палячу”, якое ўжываецца ў словазлучэнні палячу ў космас.

На якое пытанне адказвае слова “палячу”? (Што зраблю?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Дзеясловам.)

Што абазначае дзеяслоў і на якія пытанні ён адказвае?

Як змяняецца дзеяслоў?

Якімі членамі сказа бываюць дзеясловы?

Выкарыстаўшы словазлучэнне, падбярыце амонім да дзеяслова палячу. (Палячу дзяцей.)

8. Тэст.

Адзначце дзеясловы.

1) Прымушаць;

2) рухацца;

3) клапаціцца;

4) палуднаваць;

5) прыемны;

6) снедаць;

7) вячэраць.

Адказы: 1, 2, 3, 4, 6, 7.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 9, 2024 год.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.