Поиск по этому блогу

Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам

 

ВЫВУЧАЕМ ПУНКТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.

Псіхалагічны настрой.

Назавіце слова па яго мовазнаўчых прыметах.

Гэта прыметнік, адносны, ужываецца ў форме мужчынскага роду, адзіночнага ліку.

Абазначае прымету, якая паказвае на адносіны да матэрыялу, з якога зроблены прадмет, пачынаецца з дваццаць пятай літары алфавіта і заканчваецца дваццаць восьмай.

• Устаўце літары ў клетачкі, запісаўшы патрэбнае нам слова.

                                                            

                                                           (цагляны)

• Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Паведамленне тэмы ўрока.

Разгледзьце прапанаваную схему.

[дзейнік -- выказнік].

• Пра якую сінтаксічную адзінку (канструкцыю) яна нам паведамляе?

(Пра просты сказ з працяжнікам паміж дзейнікам і выказнікам.)

Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.          

Успамінаем.

Дзейнік і выказнік, як вядома, з’яўляюцца галоўнымі членамі сказа.

Ствараем праблемную сітуацыю.          

Як пішам?                                                    

1.  Мінск – прыгожы горад Беларусі. 2. Мінск прыгожы горад Беларусі.

• Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Калі ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам пры нулявой звязцы?

• Замест кропак устаўце патрэбнае.

Калі дзейнік і выказнік выражаны … (назоўнікамі) ў … (назоўным) склоне.

Тлумачэнне.         

У гэтым сказе пры нулявой звязцы дзейнік Мінск і выказнік горад выражаны назоўнікамі ў назоўным склоне.         

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Мінск – прыгожы горад Беларусі.

Успамінаем вывучанае.          

Запішыце сказ, дапоўніўшы яго аднароднымі членамі.

 … і … --  значымыя часткі асновы слова.  (Прыстаўка, суфікс.)

• Назавіце дзейнік і выказнік у сказе і растлумачце ўмову пастаноўкі коскі пры іх.

Хвілінка кемлівасці.

Ці ставіцца працяжнік, калі пры выказніку, які выражаны назоўнікам, ёсць адмоўная часціца не або параўнальныя злучнікі як, нібы, нібыта, быццам і інш.?

• Прачытайце сказ і зрабіце вывад.

Спелыя яблыкі нібы падарункі восені. (Працяжнік не ставіцца.)

Скорагаворка.

Наша жыццё як плынь ракі (Аляксей Якімовіч).        

• Назавіце дзейнік і выказнік у сказе і растлумачце, чаму паміж імі не ставіцца працяжнік.

Ствараем праблемную сітуацыю.          

Як пішам?                                                    

1.  Спяваць – настрой сабе падвышаць. 2. Спяваць настрой сабе падвышаць.

Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Калі ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам пры нулявой звязцы?

Замест кропак устаўце патрэбнае.

Калі і дзейнік, і … (выказнік) выражаны … (неазначальнай) формай дзеяслова (інфінітывам).

Тлумачэнне.         

У гэтым сказе пры нулявой звязцы дзейнік спяваць і выказнік павышаць выражаны неазначальнай формай дзеяслова.    

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Спяваць – настрой сабе падвышаць.

Хвілінка кемлівасці.

Ці ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам з нулявой звязкай, калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам?

• Прачытайце сказ і зрабіце вывад.

Яны брат і сястра.

(Не ставіцца.)

Праца са сказам.        

Складзіце скорагаворку са слоў.

Класа, вучань, ён, восьмага, а, сёмага, яна, вучаніца. (Ён вучань восьмага класа, а яна – вучаніца сёмага.)

  Дзе ў гэтым складаным сказе неабходна паставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам?

Ствараем праблемную сітуацыю.          

Як пішам?                                                    

1.  Наша жаданне – настрой сабе падвышаць. 2. Наша жаданне настрой сабе падвышаць.

Што трэба ведаць, каб адказаць на пастаўленае пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Калі ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам з нулявой звязкай?

Замест кропак устаўце патрэбнае.

Калі адзін галоўны член выражаны … (неазначальнай) формай дзеяслова (інфінітывам), а другі – … (назоўнікам) у … (назоўным) склоне.

Тлумачэнне.         

У гэтым сказе пры нулявой звязцы дзейнік жаданне выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а выказнік падвышаць – неазначальнай формай дзеяслова.        

Вырашэнне праблемнай сітуацыі, вывад.

Пішам.

Наша жаданне – настрой сабе падвышаць.

Хвілінка кемлівасці.

Ці ставіцца працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам з нулявой звязкай, калі пры выказніку, выражаным неазначальнай формай дзеяслова, стаіць адмоўная часціца не?

• Прачытайце сказ і зрабіце вывад.

Гасцяваць – не на полі працаваць.

(Ставіцца.)

Праца са сказам.

Прачытайце.

Працаваць – не ў цянёчку ляжаць.

• Ці правільна запісаны сказ, ці трэба ў ім ставіць працяжнік?

Працуем з сінонімамі і фразеалагізмамі.

Замест кропак устаўце прапушчаны сінонім (аднародны член сказа).

Запаветнае жаданне Міхася – адкрыта,  … расказаць пра набалелае. (Шчыра.)

• Вы лічыце, што паміж дзейнікам і выказнікам … (трэба ставіць працяжнік). Абгрунтуйце сваю думку.

• Якім фразеалагічным зваротам можна замяніць спалучэнне слоў “адкрыта, шчыра расказаць пра свае думкі, перажыванні”? (Адкрыць сэрца.)

• Вызначце прыстаўкі ў словах “расказаць”, “набалелае” [4, стар. 13, “Фразеалагічны слоўнік”].

Прыказкі, прымаўкі.

Прачытайце.

1. Багаты з багатым – свае людзі. 2. Свая хатка як родная матка. 3. Цяснота не крывота. 4. Канец – справе вянец. 5. Дачка – гарачая слёзка. 6. Малыя дзеці – малы клопат, большыя дзеці – большы клопат [3, стар. 50, 81,  94, 136, 141, 532, “Беларускія прыказкі…”].

• Вызначце дзейнікі і выказнікі. Якімі часцінамі мовы яны выражаны?

• Ці правільна пастаўлены знакі прыпынку ў сказах?

• Вызначце суфіксы ў словах “хатка”, “матка”.

Для даведкі.

Крывота – крывадушнасць, нялюдскае пажаданне другому няшчасця, няўдачы, усякага кепскага.

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску, паставіўшы, дзе трэба, коскі.

Человек (--) дополнение природы (Цэцылій Стацый).

Хороший сосед (--) огромное благо (Праперцый).

Родина (--) общая мать (для всех) граждан (Цыцэрон).

Настоящий друг – редкая птица (Цыцэрон).

Слоўнік.

Дополнение --  дапаўненне, дадатак; благо –  дабро, шчасце; огромный – вялікі, велізарны, вялізны, велічэзны.

Для даведкі.

Цэцылій Стацый (3 – 2 ст. ст. да н. э.) – рымскі камедыёграф.

Праперцый Секст  (каля 50 да н. э. – каля 15 да н. э.) – рымскі паэт.   

Цыцэрон Марк Тулій (106 – 43 да н. э.) – рымскі аратар, філосаф і дзяржаўны дзеяч.

• Падкрэсліце дзейнік і выказнік як члены сказа.

                  [5, стар. 18, 20, 31, 34, “Античные афоризмы”] 

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце беларускае слова “працяжнік” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да назоўніка "арэол". (Светлы круг, ззянне вакол сонца, зорак і іншых яркіх прадметаў.)

Узор. Глыба, -ы, ж. – вялікі бясформенны абломак цвёрдага рэчыва [1, стар. 41, 88, “Тлумачальны слоўнік”].

Ці трэба ў сказе, які ў вас атрымаўся, ставіць працяжнік? Абгрунтуйце сваю думку.

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Арэол, безгустоўнасць, незваротны, непісьменны, бязмежны (бясконцы), гультай (лодар), бесклапотны (бестурботны).    

Адказ. Арэол, безгустоўнасць, незваротны, непісьменны, бязмежны (бясконцы), гультай (лодар), бесклапотны (бестурботны).  

Для даведкі.

Ареол (1), безвкусица (2), безвозвратный (3), безграмотный (4), безграничный (5), бездельник (6), беззаботный (7).

Сустрэча з беларускай народнай казкай.

Прачытайце ўрывак паводле казкі “Казачнік і песеннік”.

Жылі ў адной вёсцы два мужыкі. Адзін з іх любіў песні, а другі – казкі. Неяк заспрачаліся яны.

-- Казка лепшая, чым песня. Казка – гэта дзіва, -- сказаў казачнік.

-- Песня лепшая, чым казка. Песня – гэта весялосць, -- не пагадзіўся песеннік.

-- А што, па-твойму, казка? – запытаўся казачнік.

-- Казка – пастаянная брахня, -- адказаў песеннік (урывак паводле казкі “Казачнік і песеннік”)  [2, стар. 328 -- 329, “Беларускія народныя казкі”].

Ці згодны вы з песеннікам?

Як вы рассудзілі б герояў казкі, калі б былі разам з імі?

  Ці правільна пастаўлены працяжнікі паміж дзейнікам і выказнікам?

• Калі перад выказнікам стаіць указальная часціца гэта або вось, то дзе ставіцца працяжнік? Як вы лічыце? (Перад часціцай.)

Назавіце слова.

 Жыхар поля --

                                                                  Жаваранак палявы.

                                                                  Яго гняздзечка там,

                                                                  Дзе шмат … (травы).

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць у гэтым вершаваным тэксце пунктаграма на вывучанае правіла?

• Што сабою ўяўляе гняздзечка жаваранка? Паведаміце пра гэта, выкарыстаўшы сказ з нулявой звязкай паміж дзейнікам і выказнікам. (Гняздзечка жаваранка палявогагэта ямка ў зямлі, якая выслана сухімі сцяблінамі.)

Сустрэча з народным параўнаннем.                 

Назавіце народнае параўнанне ў вершы Аляксея Якімовіча, якое складаецца з трох слоў (першая яго частка “гарачы”).

Мая цацка (--)

                                                                  Гэта конь.

                                                                  Ён гарачы

                                                                  … .

                                                          Аляксей Якімовіч.

• Пастаўце працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам. Назавіце іх. Якімі часцінамі мовы яны выражаны?

Другая частка народнага параўнання, напісаная наадварот: кя ьнога [3, стар. 401, “Беларускія прыказкі…”].

Праца са сказамі.

Запішыце сказы ў адпаведнасці з пуктуацыйнымі нормамі і выберыце патрэбнае тлумачэнне для кожнага.

1. Пры нулявой звязцы адзін галоўны член выражаны неазначальнай формай дзеяслова, а другі – назоўнікам.

2. Пры нулявой звязцы адзін галоўны член выражаны лічэбнікам у назоўным склоне, а другі – назоўнікам.

Васемнаццаць гадоў – час юнацтва і надзеі.

Мая мэта – закончыць школу з добрымі адзнакамі і паступіць вучыцца далей.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

Я насыплю горку

                                                       Жо(ў, у)тага пясочку;

                                                       Правяду разорку

                                                       Беленькім кіёчкам.

                                                       Шу-шу-шу! – пясочак

                                                       Шурхнуў залаценькі.

                                                       П(е, я)сок – мой дружочак,

                                                      Дробненькі-драбненькі [6, стар. 267, “Паэмы Я. Коласа”].

• У якім месцы ва ўрыўку з паэмы Якуба Коласа пастаўлены працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам? Чаму?

• Падбярыце сінонімы да слова “шурхнуць”. (Абваліцца, разваліцца, рассыпацца.)

Адказы на пытанні.

  Калі паміж дзейнікам і выказнікам пры нулявой звязцы ставіцца працяжнік?

• Калі паміж дзейнікам і выказнікам пры нулявой звязцы працяжнік не ставіцца?

Тэст.

Назавіце сказы, запісаныя без парушэння пунктуацыйных норм.

1. Гармонь – цудоўны музычны інструмент.

2. Дажджавыя кропелькі – пасланцы хмаркі.

3. Сустрэць надзейнага сябра – сапраўднае шчасце.

4. Наша хата – як вяночак.

5. Наш класны калектыў – мая другая сям’я.

Адказ: 1, 2, 3, 5.

                                                                                                            

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія народныя казкі / Склад. Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў – Мн. : Навука і тэхніка, 1981. – 480 с.

3. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы  / склаў Ф. Янкоўскі. – 2-е выд., дап. -- Мінск : Выд-ва АН БССР, 1962. – 556 с.

4. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

5. Казачёнок Т. Г., Громыко И. Н. Античные афоризмы : Темат. сб. – Мн. : Выш. шк., 1987. – 318 с.  

6. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.         

7. Бадзевіч, З. І. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання  / З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2020. – 256 с.

Урок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 1, студзень 2023 г.