Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. РОДНАСНЫЯ СЛОВЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. РОДНАСНЫЯ СЛОВЫ

 

Мэты: фарміраваць паняцце, што такое роднасныя словы; фарміраваць уменні і навыкі знаходзіць у тэксце роднасныя словы, падбіраць іх; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць шанаваць і паважаць старых людзей.

Ход урока

 

1. Арганізацыйны этап.

Паўтарыце з рознай інтанацыяй.

(Ціха.) Без працы не будзе шчасця!

(Мацней.) Без працы не будзе шчасця!

(Моцна.) Без працы не будзе шчасця!

Я ведаю, што без працы не будзе шчасця!   [2, с. 99, “Беларускія прыказкі…”].

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце загадку. Устаўце прапушчаныя літары і адгадайце загадку.

                                            Ід..е то ўгору, то ў даліну,

                                            То лесам, то полем,

                                            А сама не варушы..ца. (Дарога.)            [2, с. 358, “Беларускія прыказкі”].

                                                                       З народнага.

4. Чыстапісанне.        

Прачытайце.

Новы дом, маленькі домік.

Назавіце агульную частку ў словах “дом”, “домік”.

З якой літары пачынаецца слова "дом"? (д)

Напішам літару д на хвілінцы чыстапісання.

       Дд ад  д д

Каля дарогі стаіць прыгожы дом.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. У беларускай мове ёсць словы, якія маюць агульную частку. Сёння вы пазнаёміцеся з такімі словамі. Яны называюцца роднаснымі словамі.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Выкананне практыкавання.

Запішыце словы. Знайдзіце ў іх агульную частку, абазначце яе значком ∩.

Рыба -- рыбка -- рыбіна -- рыбак.

Праца з тэкстам.

Прачытайце тэкст.

АЛЕНКА. Якія падобныя словы! Усе пра рыбу, пра рыбалку.

МАКСІМ. Яны аднолькавыя.

АЛЕСЬ. Не, яны не аднолькавыя. Рыба -- істота, якая жыве ў вадзе. Рыбка -- маленькая рыба. Рыбіна -- вялікая рыба. Рыбак -- чалавек, які ловіць рыбу. Гэтыя словы блізкія па сэнсе, і ў іх ёсць агульная частка.

Праца з дэфармаваным сказам.

Устаўце патрэбныя словы.

Словы, якія маюць …  блізкае значэнне і ... частку, з'яўляюцца ... .

Словы для даведкі: агульную; роднаснымі; блізкае.

 Тэсты ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Вызначце "лішняе" слова ў кожным радзе.

Словы, якія не з'яўляюцца роднаснымі.

Самалёт, сасна, іголка, сасновы. (Самалёт, іголка.)

Словы, якія з'яўляюцца роднаснымі.

Працавіты, пенал, праца. (Працавіты, праца.)

Прадоўжыце тлумачэнне значэння слова "пенал".

Пенал -- гэта каробачка для хавання... (ручак, алоўкаў, пер'яў).

Пры напісанні слова "пенал" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Растлумачце напісанне е  ў  ненаціскным складзе.

Перакладзіце на рускую мову слова "пенал". (Пенал.)

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Пенал -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце е.

Праца са словам.

Прачытайце. Спішыце, абазначаючы ў роднасных словах агульную частку значком ∩.

Дуб -- дубок – дубовы.

Дрэва -- дрэўца – драўляны.

Асіна -- асінка -- асінавы.

Словы апошняга радка падзяліце на склады і для пераносу.

Лексічна-арфаграфічная праца.

Спішыце, уставіўшы прапушчаныя літары. Растлумачце, у якіх значэннях ужыта слова "зямля". Падбярыце роднасныя словы да слова "зямля".

1. Гіган..кі шар Зямлі можна ўбачыць праз ілюмінатар касмічнага карабля. (У значэнні “планета”.) 2. Міхась і Алеся сышлі з карабля, ступілі на бераг і радасна прамовілі: “Зямля!” (У значэнні “суша пад нагамі, родны дом.) 3. Мікола ўзяў з градкі жменю зямлі і з замілаваннем прагаварыў: “Урадлівая зямля!” (У значэнні “глеба, якая дасць добры ўраджай”.)

Вызначце значэнні слоў “гіганцкі” (вялікі), “ілюмінатар” (круглае акно ў борце касмічнага карабля).

Падбярыце роднаснае слова да слова “гіганцкі”. (Гігант.)

У слове “бераг” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару трэба напісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Беражок.)

Лексічная праца.

Прачытайце словы. Вусна падбярыце да іх роднасныя словы. Параўнайце іх значэнні.

Сын -- сынок, сыночак.

Дачка -- дачушка, дачушачка.

Тата -- ... .

Бабуля -- .

Дзядуля -- .

Сястра -- .

Брат -- ... .

Праца з тэкстам.

Прачытайце ўрывак з твора Віталія Біянкі і адкажыце на пытанне: "Чаму птушкі не забудуцца пра гэты домік?" Адказ запішыце.

 

Развітальная песенька

Сіратліва гайдаецца на голым ствале пакінуты гаспадарамі домік – шпакоўня.

Раптам – што такое? – падляцелі два шпакі. Самачка слізганула ў шпакоўню, дзелавіта корпаецца ў ёй. Самец сеў на галінку, пасядзеў. Паглядзеў па баках… і заспяваў! Але ціхенька заспяваў, быццам пра сябе.

Вось закончыў. Самачка вылецела са шпакоўні – хутчэй назад, да чарады. І ён за ёю. Пара, пара: не сёння-заўтра ў дарогу.

Развіталіся з домікам, дзе летам вывелі дзяцей.

Яны пра яго не забудуцца і вясною паселяцца ў ім [3, с. 255, “Лясная газета”], пераклад.

Падбярыце роднасныя словы да слоў "дом", "лета". Параўнайце іх значэнні.

Падлічыце, колькі літар і колькі гукаў у выдзеленым слове.

Самастойная праца.

Выразна прачытайце верш і назавіце роднасныя словы.

                                              Заціхаюць гоні і даліны,

                                              Павучкі наткалі павуціны

                                              Ды развесілі на сонцы

                                              Свае белыя красёнцы.

                                                                       Якуб Колас [5, с. 5, “Раніца ў нядзельку”].

Растлумачце сэнс слоў “гоні” (тут: палі), “кросны” (хатні ткацкі станок) [1, с. 175, “Тлумачальны слоўнік”].

Гульня “Адным словам”.

Устаўце ў кожны сказ па два патрэбныя словы (амографы), якія пішуцца аднолькава, а чытаюцца па-рознаму. Падбярыце да іх роднасныя словы і растлумачце іх значэнне.

1. “За … (марамі), за лясамі…” – так звычайна пачынаў расказваць сваю казку дзядуля Аляксей. Пятрусь слухаў дзядулю, а потым дзяліўся з ім сваімі … (марамі) аб будучым жыцці.  (Мараміад мора і за мараміу значэнні вельмі далёка. Мараяк вобраз; прывід, здань, напрыклад: Як мары, у начной цішыні на пагорачку ўзвышаюцца стройныя бярозкі. Марадумка пра жаданае.) 2. Міхась прывёў на балота буланага … (каня). У гэты час тут распачала сваю песню … (каня). (Каняптушка, разнавіднасць каршуна; адназначнае.) 3. Я старанна … (кашу) траву, а брат у гэты час варыць … (кашу), каб пачаставаць мяне.

Як вымаўляецца гук [ч] у слове “распачала”? (Цвёрда.)

Выразнае чытанне.

Н а с т а ў н і к. Цяпер пазнаёмімся з вершам Якуба Коласа пра вясновае поле.

Разаб’ёмся на два рады. Адзін рад скажа за мною: “Люблю я прыволле”. Другі рад паўторыць за мною (а першы памаўчыць): “Шырокіх палёў”. І гэтак далей, да канца. Бачыце, як цікава вы будзеце расказваць адзін аднаму пра вясновае поле.

                                                  Люблю я прыволле

                                                  Шырокіх палёў,

                                                  Зялёнае мора

                                                  Ржаных каласоў

 

                                                   І вузкія стужкі

                                                   Сялянскіх палос –

                                                   Люблю цябе, поле,

                                                   Люблю я твой плёс! [5, с. 89, “Раніца ў нядзельку”].

Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “ржаных”. (Жытніх, аржаных.)

Вызначце значэнне слова “плёс”. (Шырокі ціхі ўчастак рэчкі паміж перакатамі або астравамі.) [1, с. 254, “Тлумачальны слоўнік”].

Да якіх слоў, ужытых у вершы, можна падабраць роднасныя словы?  (Зялёнызеленьзелянець, мора марскі.)

У слове "стужка" напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна напісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Стужачка.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з такім тлумачэннем?

Лук -- выгіб берага, затока ў рацэ ці возеры, а лука -- старадаўняя зброя для пускання стрэл.

Запішыце сказ у выпраўленым варыянце.

Ці з'яўляюцца гэтыя словы роднаснымі? (Лука - выгіб пярэдняга або задняга краю сядла.) [1, с. 192, “Тлумачальны слоўнік”].

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

                                                    Прыбег  малы брацік,

                                                    Туліцца і кажа:

                                                   “Да мяне стралой ляцеў

                                                   Жук чорны, як … (сажа).

                                                                  Аляксей Якімовіч.

Падбярыце роднасныя словы да слоў “малы” (маленькі), “чорны” (чорненькі), “брацік” (брат).

Праца са словам.

Прачытайце дыялог.

-- Ужо дзевяць гадзін вечара, а ты яшчэ не вячэраў, сабак на вуліцы ганяў, -- кажа сыну мама.

-- Я іх не ганяў. Яны самі за мною бегалі, -- з гонарам заявіў сын (Аляксей Якімовіч) [6, с. 111, “Каб мама ўсміхалася”].

Растлумачце лексічнае значэнне слоў "вячэра", "вячэраць".

Назавіце роднасныя словы. Пастаўце да іх пытанні.

Перакладзіце на рускую мову словы "снеданне" (завтрак), "абед" (абед, полудзень), "вячэра" (ужин). Параўнайце гучанне і напісанне.

Прачытайце ўрывак з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля".

                                                    --  Ну, небажаты, будзем снедаць --

                                                    Ў людзей садзяцца ўжо абедаць.

                                                    Цягні мачанку, маці, з печы!

                                                    За стол, малы, за стол, старэчы! --

                                                    Гаворыць дзядзька, сам сядае

                                                    І стол абрусам засцілае.

                                                    Паміж дзвюх лаў пад абразамі

                                                    Туліўся стол з двума кастрамі

                                                    Аладак грэцкіх, як пампушак,

                                                    Ды хлеба з зайчыка краюшак.

                                                    Міхал з Антосем, як старыя,

                                                    Займалі месцы канцавыя… [4, с. 17, “Новая зямля”].

Як праходзіла снеданне ў даўняй беларускай сям'і?

Падбярыце роднасныя словы да слова "мачанка" (мачаць, мачэнне). Ці з'яўляюцца роднаснымі словы "старэчы", "старыя"? Пастаўце да іх пытанні.

Фізкультхвілінка.

Настаўнік. Па небе плывуць белыя хмаркі. Адна, другая, трэцяя… (Дзеці паказваюць іх.) Нам хацелася б да іх дакрануцца. (Дзеці робяць глыбокі ўдых і працяжны выдых.) Хмаркі плывуць адна за адной. (Дзеці паказваюць, як плывуць хмаркі, цягнуцца да іх.) Не, нам іх не дастаць. (Глыбокі ўдых і працяжны выдых.)

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць роднасныя словы і слова з разыходжаннем напісання і вымаўлення.

Узор. Няшчасны, н(е, я) ведаў, што шчасце неўзабаве ўсміхнецца мне. (Слова "не" перад націскным складам чытаецца як з літарай "я".)

Праца з практыкаваннем.

Прачытайце словы. Падбярыце да іх роднасныя, што адказваюць на пытанні які? і што рабіць? Запішыце.

што?           які?                 што рабіць?

цемра         цёмны            цямнець

гук              ...                     ...

святло        ...                     ...

смех           ...                     ...

Праца з тэкстам.

 Прачытайце і  скажыце, чаму Алесь не зразумеў маму. Выпішыце роднасныя словы. Вусна пастаўце да іх пытанні.

 Мама глядзіць на Алеся і кажа:

-- Бегма прабег дзянёк!

-- Хіба ён бягун? – здзіўляецца Алесь (Аляксей Якімовіч).

Назіранне над словам.

Ператварыце вялікія прадметы ў маленькія. Запішыце роднасныя словы. Абазначце ў іх агульную частку значком ∩.

стол -- столік             малаток -- малаточак             конь -- конік

кот  --  ...                    мост       --  ...                           лес   --  ...

ліст  --                        куст  --  ...                                 мяч  --  ...

Самастойная праца.

Запішыце ўрывак з верша Якуба Коласа “Грыбы” і скажыце, якія прадметы ў гэтым вершы можна ператварыць у вялікія.

                                                    Адышлі суніцы,

                                                    Выбралі чарніцы,

                                                    Перастала рыбка

                                                    Брацца на кручок.

                                                    Ідуць у брусніцы

                                                    Дзеўкі, маладзіцы,

                                                     А Міхася цягне

                                                     Бор і хвайнячок.           [5, с. 9, “Раніца ў нядзельку”].

Раскрыйце значэнне слова “хвайнячок”. (Сасновы лясок.)

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю лічылку, а ў канцы лічылкі вы прамовіце: “Адзін, два, тры”.

                                                           Адзін, два, тры…

                                                          З-за альшын высокіх

                                                          Выходзяць бабры.

                                                          Адзін, два, тры…

                                                                      Аляксей Якімовіч.

Ці ёсць у гэтым тэксце прадметы, якія можна ператварыць у маленькія або вялікія?

Праца са словам.

Растлумачце значэнні роднасных слоў. Спалучыце кожнае з назоўнікам, які падыходзіць па сэнсу, і запішыце словазлучэнні.

1. Адзінарная       дачка       2. Вадзяністы       павук

    адзіная              рама             вадзяны            пясок

   адзінокая          старасць       водны               спорт

Якое правіла вы прымянілі?  

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Зноў адправімся на сустрэчу са знаёмымі героямі.

Сядзелі ў хаце Сарока і Шпачок. Надакучыла ім проста так сядзець. Сарока ўзяла ліст паперы і напісала слова "бал". (Як адзінка вымярэння: вецер у пяць балаў і як лікавая ацэнка поспехаў: знізіць адзнаку на бал.)

Паказала Шпачку дый кажа:

- Давай лесвіцу пабудуем.

- Драўляную? - запытаўся Шпачок.

- Не. Давай пабудуем лесвіцу са слоў.

- Хіба ёсць такія лесвіцы? - здзівіўся Шпачок.

- З роднасных слоў пабудуем. Будзем падбіраць іх да слоў "чытаць", "школа", "зіма", "думка", "хмара", "вечар", "вада", "сад", "зямля", - стала тлумачыць Сарока, пішучы патрэбныя словы.

- Два роднасныя словы будуць у нас прыступкай? - здагадаўся Шпачок і, каб не адстаць ад Сарокі, напісаў "чытаць -- чытач".

 - Правільна! - кіўнула галавою Сарока.

Пачалі Сарока і Шпачок словы запісваць, свае лесвіцы будаваць.

У Сарокі выйшла вось якая лесвіца:

чытаць -- чытанне

школа -- школьны

думка -- думаць

вечар -- вечаровы

хмара -- хмарка

А ў Шпачка такая:

чытаць -- чытач

школа -- прышкольны

думка -- задумацца

вечар -- вячэраць

хмара -- бясхмарны

Хацелі яшчэ прыступкі-словы будаваць, ды Сініца прыляцела, на двор паклікала. Так і пакінулі.

Дапамажыце Сароцы і Шпачку, падбярыце роднасныя словы да слоў "зіма", "вада", "сад", "зямля".

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Злез дз(е, я)док старэнькі з печ(ы, і),

                                                           Сеў і лапцікі абуў,

                                                           Апрануў кажух старэч(ы, і),

                                                           Рукавіцы нацягнуў,

                                                           Ўзяў сякеру і мяшочак

                                                           І на лу(г, х) пашыбаваў.

                                                           Падаў мякенькі сняжочак,

                                                          Хола(т, д) злёгку прабіраў [5, с. 150, “Раніца ў нядзельку”. “Дзед і зайчык”].

Растлумачце значэнні слоў "лапцікі", "старэчы" (стары), "пашыбаваў".

Падбярыце роднасныя словы да слоў лапцікі (лапаць, лапцюжнік, лапцюжны), мяшочак (мяшок, мяшочнік, мяшочны), сняжочак.

Як трэба адносіцца да старых?

Як вы разумееце выраз "паважаць старасць"?

Тэст.

Падкрэсліце роднасныя словы.

Стол, сталь, настольнік.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Якія словы называюцца роднаснымі?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Бианки, В. В. Лесная газета. / Виталий Бианки. – Минск : Юнацтва, 1997. – 589 с. : ил.

4.  Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

5.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

6. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.