Поиск по этому блогу

Вывучаем часціны мовы. Прыметнік

 

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

6 клас

              Тэма: Прыметнік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады ты, жоў; таў, бра

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          З іх прыметнікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце словы (прыметнікі), у якія ўваходзяць склады ты, жоў; таў, бра. (Жоўты, братаў.) Запішыце іх.

Якую тэму ўрока мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Запішыце словазлучэнні з прыметнікамі жоўты, братаў: жоўты памідор, братаў аловак.

Да прыметнікаў жоўты, братаў пастаўце пытанні ад слоў, да якіх яны адносяцца.

Выберыце патрэбнае:

а) прыметнікі абазначаюць прымету прадмета;

б) прыметнікі абазначаюць прадмет.

А д к а з: а.                                                                                    

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 6-га класа (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 43 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Бяжыць – скрыпіць,

                                                    Стаіць -- маўчыць. (Новы бот.)

                                                                     З народнага.      [1, с. 317, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

Назавіце слова, якое рыфмуецца з прыметнікам новы.

Светлы, сталёвы, ганаровы, нізкім, далёкі. (Сталёвы.)

         Якой часцінай мовы з'яўляюцца ўсе гэтыя словы? (Прыметнікамі.) Абгрунтуйце сваю думку.

Ці ўсе яны стаяць у пачатковай форме?

Складзіце і запішыце сказ з прыметнікам новы.

     Д л я  д а в е д к і.

   Пачатковая форма прыметніка – форма мужчынскага роду, адзіночнага ліку, назоўнага склону.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што прыметнік паведамляе пра сябе:

                                                    Ад назоўніка залежу,

                                                    Разам з ім змяняюся.

                                                    Ужывайце ў сваіх сказах.

                                                    Я вам спадабаюся.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Падбярыце прыметнікі да назоўніка “сказах”. Вызначце іх склон.

Праца са словам.

Складзіце прыметнік з першых літар наступных слоў: бурак, разам, адзнака, тлумачыць, адмовіцца, вобласць, адтаць. (Братава.)

Складзіце словазлучэнне з прыметнікам братава.

Назавіце зацвярдзелы зычны гук у слове “братава”. (Гук [р].)

Назавіце словы.

                                             Снег іскрысты,

                                             Колас … (залацісты).

                                             Вечары зімовыя, 

                                             Хаты … (новыя).

                                                      Аляксей Якімовіч.

                                             Драўляны стол,

                                             Востры … (кол).

                                             Шырокі двор,

                                             Сасновы … (бор).

                                                       Аляксей Якімовіч.

Якімі членамі сказа бываюць прыметнікі? (Азначэннямі і выказнікамі.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца прыметнікі ў вершаваных тэкстах.

У слове “ружовы”  пасля ж пішам о.  А як чытаем? (Цвёрда.) 

Д л я  д а в е д к і.

Прыметнік бывае выказнікам тады, калі паміж ім і назоўнікам, да якога ён адносіцца, ёсць або прапушчана звязка (дзеяслоў). Напрыклад. Вада была халодная. Вада халодная. У такім выпадку прыметнік стаіць пасля назоўніка, да якога адносіцца.

   Хвілінка кемлівасці.

   Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з   прапанаваных.

              1. Вялікая дзірка, …(ды малая накрыўка ). 2. За старую анучу … (узнялі    

  такую бучу). 3. І благому рабі добра, … (дык апамятаецца). 4. І ў старой печы

   … (агонь гарыць). 5. І чорная хмара … (белым воблакам павернецца) [1, с. 244, 248, 249, 250, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].  

П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: белым воблакам павернецца; узнялі  

     такую бучу; дык апамятаецца; ды малая накрыўка; агонь гарыць.

   Назавіце прыметнікі і вызначце іх склон. Як вы гэта зрабілі?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў руплівы вучань падбярыце спалучэнне з сінонімам, які з’яўляецца прыметнікам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Вызначце лік прыметнікаў: адзіночны ці множны. Як вы гэта зрабілі?

Што вам вядома пра напісанне слова “вучань”? (Перад каранёвым націскным у пішацца прыстаўное в.)

Д л я  д а в е д к і: руплівы вучань – старанны вучань.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Зіма дажджлівая – лета снежнае.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Зіма снежная – лета дажджлівае.) [1, с. 219, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].

         Назавіце ў сказе прыметнікі і вызначце іх род. Як вы гэта зрабілі?

Якія народныя прыметы вы ведаеце?

Гульня “Шукаю сябра”.

Да прыметніка белым, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце прыметнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы (прыметнікі) вы запісалі ў пачатку ўрока. (Жоўты, братаў.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: корань, як у слове “хмара”, суфікс, як у слове “начны”.

Так, гэта слова “хмарны”. Дзякуючы кораню і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта прыметнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Мужчына убачыў вераб’інае пер’е (Аляксей Якімовіч).

Вызначце прыметнік і пастаўце яго ў форму роднага склону.

Як вымаўляюцца спалучэнні зычных у слове “мужчына”?

Запомнім! Пішам мужчына, а вымаўляем [мушчына].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы прыметнікі ў форме жаночага роду, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Васілёк, якога колеру трава. (Трава звычайна зялёная.)

         -- А калі яна бывае жаўтаватая, рыж..ватая?  (-- Жаўтаватая, рыжаватая яна бывае восенню.)

         -- А якой трава бывае ў маі? (У маі трава густая і сакавітая.)

Вучаніца сказала: “Прыметнікі змяняюцца па ліках, склонах і родах”. Удакладніце яе адказ. (Прыметнікі змяняюцца па ліках і склонах, а ў адзіночным ліку – і па родах.)

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па аднаму складу з кожнага і ўтварыце прыметнік у форме назоўнага склону множнага ліку.

Смачна, паны, новыя. (Смачныя.)

Пастаўце прыметнік смачныя ў форму адзіночнага ліку. (Смачны.)

Выберыце патрэбнае.

Смачны (хлеб, торт, снег, яблык).

Падбярыце аднакаранёвае слова да прыметніка смачны. (Смак.)

Перакладзіце прыметнік смачны на рускую мову. (Вкусный.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне.

Назавіце слова.

-- Смачная вячэра, --

                                              Пахваліла… (Вера).

                                                       Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца прыметнік смачны.

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

Воробьи бывают разные: домовой и полевой. Тёмно-серого воробья домового мы можем часто увидеть возле своего дома. А буровато-коричневого воробья полевого можно встретить в небольших парках и садах (Аляксей Якімовіч).

Назавіце прыметнікі ў тэксце.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Карп у футры” на месца пропускаў устаўце патрэбныя літары.

На перапынку Ён [Сямён] пачуў, як Ніна пахвалілася сябро..кам, што бабуля купіла ёй прыгожую норкавую шапку, а на ўроку матэматыкі напісаў запіску: “Нінка, сёння ў кінатэатры “Раніца” паказваюць цікавы фільм. Запрашаю цябе на апошні сеанс, які пачнецца ў дваццаць адну гадзіну”. Калі Ніна прач..тала запіску, яе чорныя падкоўкі-бровы прыўзняліся, а смуглявыя шчокі пачырванелі. Затым яна ўзяла ручку і на гэтай жа паперцы вывела прыгож..мі літарамі: “Я прыйду!”

Ён усміхнуўся, задаволены (Аляксей Якімовіч) [2, с. 29, “Карп у футры”].

Падбярыце сінонім да слова “пахвалілася”. (Тут: паведаміла.)

Падкрэсіце прыметнікі як члены сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

Да прыметніка прыгожую, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце прыметнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.

Падбярыце патрэбнае.

З двух прапанаваных у дужках назоўнікаў выберыце той, які падыходзіць да прыметніка па сэнсе.

Бардовы (дуб, колер).

Якім словам можна замяніць прыметнік “бардовы”? Выберыце патрэбнае. (Зялёны, цёмна-чырвоны.)

                                                  Я зімой не мерзну.

                                                  Маю світэр новы.

                                                  Ён вельмі прыгожы:

                                                  Як бурак, бардовы.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць аб прыметніку “бардовы”, выкарыстаным у вершаваным тэксце?

Падбярыце сінонім да слова “маю”.

Адказы (словы напісаны наадварот): релок, ыноврыч-анмёц; ьцсё.

               Праца са сказамі. 

Прачытайце.

1. Высокая … трава незвычайным дываном рассцілалася на лузе (Аляксей Якімовіч). 2. Беларускі лес, лічу я, … і летам, і восенню, і зімою, і вясною (Аляксей Якімовіч). 3. Сабака, так мне падумалася ў той час, … за ката (Аляксей Якімовіч). 4. Я з’еў спачатку зялёны яблык, а потым чырвоны. Чырвоны яблык быў … (Аляксей Якімовіч). 5. … падарунак атрымаў мой сябар Змітрок (Аляксей Якімовіч). 6. Настаўнік беларускай мовы Сымон Рыгоравіч быў для мяне … (Аляксей Якімовіч). 7. Пасярод вёскі ўзвышаўся прыгожы … дом, які нядаўна пабудаваў мой дзядзька Антон (Аляксей Якімовіч). 8. На высокай разгалістай бярозе я адразу ж заўважыў … гняздо (Аляксей Якімовіч). 9. Невысокі … хлапчук, убачыўшы мяне, здалёку прывітаўся (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы наступныя прыметнікі: у пачатковай форме (1), якасны (2), у простай вышэйшай ступені параўнання (3), у складанай вышэйшай ступені параўнання (4), у простай форме найвышэйшай ступені параўнання (5), у складанай форме найвышэйшай ступені параўнання (6), адносны (7), прыналежны (8), складаны прыметнік (9).

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): яатсівакўаш, ыжогырп, ышйенмузар,  ікдолас шьлоб,  ышьлобйан, ырбод ымас,  ынялгац, авалсуб, іковарэш.

Творчая хвілінка.

Якія прыметнікі тут рыфмуюцца?

                                      1. З прыметнікам у пачатковай форме белы

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік с.. .

                                      2. З адносным прыметнікам сталёвы

                                      Рыфмуецца якасны прыметнік н.. .

                                      3. З адносным прыметнікам пясчаны

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік ба.. .

                                      4. З прыналежным прыметнікам пчаліны

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік л.. .

                                      5. З прыналежным прыметнікам баброва

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік л.. .

                                      6. З якасным прыметнікам ярчэйшы

                                      Рыфмуецца якасны прыметнік др.. .

                                      7. З якасным прыметнікам самы маленькі

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік с.. ма.. .

                                      8. З якасным прыметнікам найбагацейшы

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік найд.. .

                                      9. З якасным прыметнікам найбольш  рухавы

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік н.. ц.. .

                                      10. Са складаным прыметнікам двухпавярховы

                                      Рыфмуецца такі ж прыметнік п.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): ылемс, ывон, ынянўаваб, ынісіл, авокінсел, ышйенбард, ікьнездалам ымас, ышйэрбадйан, ывакіц шьлобйан, ыводагіцяп.                                  

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падабраў антонім да слова “сумны”.

На якое пытанне адказвае слова “сумны”? (Які?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Прыметнікам.)

Што абазначае прыметнік і на якія пытанні ён адказвае?

Як вызначаецца род, лік і склон прыметнікаў?

Якімі членамі сказа бываюць прыметнікі?

Падбярыце антонім да прыметніка сумны. (Вясёлы.)

8. Тэст.

Адзначце прыметнікі.

1) Цяжкі;

2) шарсцяны;

3) думка;

4) сцюдзёны;

5) духмяны;

6) тлусты;

7) скураны.

Адказы: 1, 2, 4, 5, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Якімовіч, А. М. Карп у футры : апавяданні, вершы, прыпеўкі  / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 167 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 7, 2024 год.