Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Бос"

 

Быў выпадак

 

Бос

 

Калісьці (тады быў малады) працаваў настаўнікам у Жыровіцкай сярэдняй школе, якая размяшчаецца на тэрыторыі Слонімскага раёна. Там, дарэчы, знаходзіцца вядомы многім праваслаўны манастыр.

Аднаго дня купіў сабе світэр, на грудзях якога па-англійску было напісана: “Бос”. Шчыра скажу, на гэты надпіс я не звярнуў увагі, не прыдаў яму значэння. Мне спадабаўся гэты світэр.

Мае выхаванцы адразу ж заўважылі надпіс “бос”. Некаторыя з іх нават уголас прачыталі яго, пазіраючы на мяне. Так было ў першыя дні. А потым ніхто не звяртаў на яго ўвагі.

Неяк прыйшоў у школу і заўважыў, што вучні з усмешкаю пазіраюць на мяне. Гэта асабліва заўважалася тады, калі выходзіў на калідор. “Чаму ж яны такія ўзбуджаныя? Што іх так зацікавіла?” -- падумаў я і ў чарговы раз пасля ўрока выйшаў на калідор. Да мяне наблізілася адна са старшакласніц і ціха сказала: “Аляксей Мікалаевіч, вы світэр не так надзелі, перадам на зад”.

“Надпіс “бос” неспадзявана на спіне апынуўся!” – тахнула мне ў галаву. Падзякаваўшы дзяўчынцы, я забег у кабінет (там якраз нікога не было) і, хуценька скінуўшы світэр, надзеў яго так, як трэба.

З таго часу заўжды ўважліва глядзеў, ці правільна надзяваю яго.

                                                                                       Аляксей Якімовіч