ВЫВУЧАЕМ
БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ
Тэма: правапіс
суфіксаў дзеясловаў.
Псіхалагічны настрой.
Каліва, рэчка,
Дзяцел, шчупаковы --
Гэта словы нашай мовы.
Аляксей Якімовіч.
• Якія
словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?
Хвілінка
кемлівасці.
• Выдзеліце суфіксы дзеясловаў у неазначальнай форме і ў прошлым часе,
якія ў першай асобе адзіночнага ліку заканчваюцца на –ую (-юю), у неазначальнай
форме і ў прошлым часе: гатую – гатаваць,
гатаваў; гандлюю – гандляваць – гандляваў.
• Які вывад можна зрабіць?
Калі дзеясловы ў першай асобе
адзіночнага ліку заканчваюцца на –ую (-юю), то ў неазначальнай
форме і ў прошлым часе пішацца суфікс –ава- (-ява-) [4, стар. 49,
“Беларуская мова”].
Назавіце
слова.
Пішам без памылак
Мама прасавала,
Тата будаваў,
Прырода … (красавала).
Аляксей Якімовіч.
• Абазначце суфіксы дзеясловаў і растлумачце іх правапіс.
Праца са сказам.
Складзіце скорагаворку са слоў.
Папрацую, старанна, пасвяткую, а, потым. (Старанна папрацую, а потым пасвяткую.)
• Якая
арфаграма паўтараецца ў словах скорагаворкі?
Хвілінка
кемлівасці.
• Выдзеліце суфіксы дзеясловаў у неазначальнай форме і ў прошлым часе,
якія ў першай асобе адзіночнага ліку заканчваюцца на –ваю: закручваю – закручваць,
закручваў.
• Які вывад можна зрабіць?
Калі дзеясловы ў першай асобе
адзіночнага ліку заканчваюцца на –ваю, то ў неазначальнай форме і ў
прошлым часе пішацца суфікс –ва- (не як у рускай мове: закручиваю
– закручивать, закручивал) [4, стар. 49, “Беларуская мова”].
Назавіце
слова.
Пішам без памылак
Загадваць байцам,
Падпісваць паперу,
Расказваць … (сынам).
Аляксей Якімовіч.
• Вызначце дзеясловы і абазначце іх суфіксы.
Помніце! Калі перад суфіксам утвараецца спалучэнне зычных, апошнімі з якіх
стаяць л, н, р, то пішацца суфікс –ыва- (-іва-): праветрываю – праветрываць, праветрываў,
затрымліваю – затрымліваць, затрымліваў [4, стар. 49, “Беларуская мова”].
[3, стар. 47, “Беларуская
мова”]
Скорагаворка.
Вучуся адрозніваць назоўнік ад дзеяслова (Аляксей
Якімовіч).
• Растлумачце
правапіс выдзеленых літар.
Фізкультхвілінка.
На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя спалучэнні
літар ваю, ва, потым напішыце беларускае слова
“даглядаць” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.
Праца з вершам.
Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея
Якімовіча.
Заўтра павіншую.
Сёння пастараюся:
І мамачку са святам
Сад наш намалюю
Адказ: 1 – 2, 2 – 4, 3 – 3, 4 – 1.
• Дзеясловы
намалюю,
павіншую пастаўце ў неазначальнай форме і растлумачце правапіс іх
суфіксаў.
Сустрэча з
фразеалагізмам.
Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які
абазначае “не з’яўляцца, не прыходзіць,
не прыязджаць да каго-небудзь, куды”.
Сядзіць бабуля,
Жаліцца, расказвае:
-- Не едзе сыночак,
… .
• Абазначце
суфіксы дзеясловаў расказвае, паказвае і растлумачце іх правапіс.
Словы
фразеалагізма, напісаныя наадварот: йэчав ен еавзакап
[1, стар. 41, “Фразеалагічны слоўнік”].
Працуем са спалучэннямі слоў.
• Са
словамі “атрымаць”, “падтрымаць” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з
пераносным значэннем.
• Ці
з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?
• Ці згодны
вы з тым, што ў неазначальнай форме і ў прошлым часе дзеясловы атрымаць,
падтрымаць маюць суфікс –іва-?
Для даведкі: атрымаць пісьмо – атрымаць па заслугах; падтрымаць драбіны –
падтрымаць прапанову.
Узбагачаем мову словам Якуба
Коласа.
Раскрываючы дужкі,
запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба
Коласа.
У іскрах змярка(н, нн)я
Ружовага ззя(нн, н)я
Дзянёк на спакой адплывае,
Дзянёк замірае,
Дзянёк спачывае
З усмехам ясным кахання [2, стар. 428, “Паэмы Я. Коласа”].
• Вызначце ў вершаваным
тэксце дзеясловы, абазначце вывучаныя суфіксы і растлумачце іх правапіс.
Адказы
на пытанні.
• Калі ў неазначальнай форме і ў прошлым часе
пішацца суфікс –ава- (-ява-)?
• Калі ў
неазначальнай форме і ў прошлым часе пішацца суфікс –ва- ?
• Калі ў неазначальнай форме і ў прошлым часе
пішацца суфікс –ыва- (-іва-)?
Тэст.
• Адзначце
дзеясловы з суфіксам –ва- ў неазначальнай форме і ў прошлым часе.
1. Прывязваю.
2. Абклейваю.
3. Фатаграфую.
4. Распытваю.
5. Габлюю.
6. Выслухоўваю.
7. Праветрываю.
Адказ: 1, 2, 4, 6.
Выкарыстаная
літаратура
1. Гаўрош,
Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара
філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага. –
Мн., “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.
Перад загал. аўт. : Н. В.
Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.
2. Колас, Я.
Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448
с.
3. Малажай, Г. М. і
інш. Беларуская мова : Падруч. для 6-га кл. шк. з рус. мовай навучання. /
Г. М. Малажай, З. М. Кавалевіч, С. Р. Рачэўскі. – Мн. : Нар. асвета, 1996.
-- 238 с., [4] л. іл.: іл.
4. Валочка Г. М. Беларуская
мова : вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус.
мовамі навучання / Г. М. Валочка, В. У. Зелянко, С. А. Язерская. – Мінск : Нац.
ін-т адукацыі, 2020. -- 240 с.
Гэты ўрок (у ім
могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і
літаратура”, красавік 2022 года, № 4.