Поиск по этому блогу

Прыйшлося адбівацца


З напісанага даўней

Прыйшлося адбівацца

Хто вы, Віктар Згомля?

У 43-м нумары “Газеты Слонімскай” быў надрукаваны мой артыкул “Гісторыя паўтараецца?”, у якім напісаў аб тым, як нашай сённяшняй уладай пры маўклівай згодзе слонімцаў знішчаецца беларуская мова. У прыватнасці, узгадваю такі факт: сёлета ў Слоніме  няма ніводнага першага беларускамоўнага класа.
Неўзабаве ў гэтай жа газеце з’явіўся артыкул нейкага Віктара Згомлі “Наш вораг – наша невуцтва”. Чаму ўжываю слова “нейкага”? Справа ў тым, што ніводзін супрацоўнік “Газеты Слонімскай” так і не назваў мне сапраўднае прозвішча гэтага Згомлі, не сказаў, чым ён займаецца. А хацелася б ведаць, хто ён і хто даў яму права публічна, праз друк, абліваць мяне брудам і хлусіць чытачам ад пачатку да канца.
Як ні дзіўна, гэты Згомля абвінавачвае мяне ў хлусні, пішучы, што я крыўдую на камуністычную ўладу, што, маўляў, дзякуючы ёй беларуская мова жыве. Ён прыводзіць прыклад, што беларускі тэатр оперы і балета ставіў оперу “Чыо Чыо Сан” на беларускай мове. Што мне хацелася б сказаць знаўцу опернага мастацтва?
У прыватнасці, яшчэ раз нагадаю, што менавіта камуністычныя ўлады некалі беларускую школу № 1 горада Слоніма ператварылі ў рускамоўную, як і ва ўсіх гарадах Беларусі. Потым сталі дабірацца да вёскі. Ды не паспелі. Цяпер зноў бяруцца за сваё. У выніку, беларуская мова апынулася ў поўным заняпадзе.
Далей вы абвінавачваеце мяне ў тым, што ў даваеннай і пасляваеннай Беларусі “ў многіх гарадках і мястэчках нельга было знайсці рускамоўную школу…”. Пры чым тут рускамоўная, калі я заступаюся за беларускамоўную? Больш таго, я згадваю і пра даваенную Беларусь, калі белапольскімі акупантамі таксама знішчалася беларуская мова.
Шаноўны Згомля, дазвольце прывесці вашу цытату: “Хопіць ужо з году ў год казаць, што вінаватыя ў тым, што беларуская мова перажывае заняпад, рускія і Расія”. Дарэчы, так прама пытанне я не ставіў. А яшчэ вы, Віктар Згомля, робіце незвычайнае і для мяне адкрыццё: “… вясковы хлопец Алёша Якімовіч кінуў родны кут, паступіў у педагагічны інстытут, скончыў яго з кваліфікацыяй настаўніка рускай мовы і літаратуры…”.
Па-першае, не называйце мяне Алёшам, мне непрыемнае гэтае панібрацтва, не трэба набівацца да мяне ў сябры. Па-другое, я скончыў не педагагічны інстытут, а Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, на той час адзіны ўніверсітэт у Беларусі, беларускае аддзяленне яго філалагічнага факультэта з наступнай кваліфікацыяй: выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры. І не кінуў я родны кут. Ужо 27 гадоў настаўнічаю ў Слонімскім раёне, дабіраюся ў школу і пяшком, і на веласіпедзе. А вось вы, які называе сябе рускім, мабыць, кінулі свой родны кут, каб жыць ва ўтульным Слоніме.
Напрыканцы хачу сказаць, што беларуская мова будзе жыць. Мы, беларусы, захаваем яе!
                                                               Аляксей Якімовіч, снежань 1998 года.