Поиск по этому блогу

Дачны сезон


З напісанага даўней

Дачны сезон

Хутка распачнецца дачны сезон, а значыць людзей чакаюць новыя клопаты і турботы. Добра ведаю гэта як уладальнік дачнага ўчастка. Сённяшнія дачнікі – своеасаблівы добраахвотны працоўны атрад, які з ранку да вечара працуе на сваіх агародах. Асноўны яго касцяк складаюць людзі сталага і пенсіённага ўзросту. Няўдобіцы, якія ўлада адвяла пад дачныя ўчасткі, не даюць добрага ўраджаю. Нездарма дачнікі часам з сумам жартуюць: “Ад дачы няма аддачы”. А адзін мой знаёмы сказаў: “Пасля нас нашы дачы нашым дзецям будуць непатрэбныя”. Яны становяцца непатрэбнымі і многім сённяшнім дачнікам. Шмат дачных участкаў не апрацоўваецца, зарастае пустазеллем.
Адна з галоўных праблем – транспартная. Балюча бачыць, як у дачны сезон і пенсіянеры, і маладзейшыя з клункамі на плячах цягнуцца паўз дарогі на свае дзялкі. Мяне, шчыра кажучы, іншы раз здзіўляе цярплівасць і самаахвярнасць гэтых людзей. Ведаю жанчыну, якая адразу ж з працы вечарам за 15 – 20 кіламетраў едзе на дачу, каб прапалоць і паліць грады. А потым дома ноччу яе, увапрэлую, чакае кухня. Убогасць нашага жыцця знясільвае людзей, якім хочацца, каб дзеці і ўнукі паласаваліся свежымі ягадамі ці агароднінай, а мы, дарослыя, як адзначыў адзін знаёмы, і на таблетках пражывём.
Другая праблема – праблема вады. Ведаю многіх гаспадароў дачных участкаў, якія працуюць толькі на зелле, бо без дастатковага паліву на іх участках, акрамя травы, анічога не расце. Ваду возяць тачкамі ў бідонах, каністрамі ў машынах, носяць вёдрамі… Пашанцавала тым дачнікам, дзе ўчасткі маюць кіраўнікі прадпрыемстваў. Там падведзена вада, электрычнасць, ёсць і іншыя зручнасці. А астатнім, выходзіць, як Бог дасць.
Немагчыма пералічыць усе праблемы. Іх у дачнікаў шмат.
                                                                   Аляксей Якімовіч, красавік 1998 г.